Падчас візыту дзяржаўнага сакратара ЗША Майка Пампэо мы пацікавіліся ў амэрыканскіх экспэртаў, адмыслоўцаў у амэрыкана-беларускіх адносінах, як ім бачыцца пазыцыя Вашынгтону наконт ключавых пытаньняў двухбаковых дачыненьняў..
Нашымі суразмоўцамі былі Брайн Уітмар, дырэктар праграмы Расеі вашынгтонскага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі, і Грыгоры Ёфэ, прафэсар Рэдфардзкага ўнівэрсытэту, аўтар кнігі «Пераацэньваючы Лукашэнку: Беларусь у культурным і геапалітычным кантэксьце».
— У сьнежні прэзыдэнт Лукашэнка зрабіў заяву: калі Расея адважыцца парушыць сувэрэнітэт Беларусі, гэта можа распаліць вайну. Калі б гэта адбылося, ці маглі б ЗША дапамагчы Беларусі абараняць свой сувэрэнітэт супраць Расеі?
Уітмар: Калі я ў лістападзе выступаў у Гэльсінскай камісіі ЗША, я казаў, што незалежна ад таго, наколькі непрыемны нам аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі, для нацыянальных інтарэсаў ЗША жыцьцёва важна, каб Беларусь захавала свой сувэрэнітэт і незалежнасьць.
Расейская ўзброеная агрэсія ў Беларусі можа прывесьці расейскую вайсковую сілу да межаў саюзьнікаў па NATO — Літвы, Латвіі і Польшчы, што, відавочна, непрыймальна.
Пры гэтым я не чакаю, што ЗША будуць вайсковай сілай супрацьстаяць Расеі. Чакаю, што гэта будзе новы раунд санкцый, магчыма, так званыя блякуючыя санкцыі, аналягічных санкцыям, якія ўводзяцца адносна Ірану.
Я таксама не выключаў магчымасьці таго, што ў выпадку ўварваньня Расеі ЗША могуць аказаць вайсковую дапамогу ў выглядзе забесьпячэньня абарончай і, магчыма, наступальнай зброяй.
Ёфэ: На чыста дэкляратыўным узроўні гэта можа быць зроблена. Дэклярацыі таксама зьяўляюцца падтрымкай, ён не з’яўляюцца зусім ужо пустым гукам.
Што ж тычыцца дапамогі зброяй, кшталту той, якая аказваецца Ўкраіне, у тым ліку і лятальнай зброяй, то я не ўяўляю сабе, што гэта магчыма адносна Беларусі.
Толькі дэкляратыўная дапамога, мабілізацыя грамадзкай думкі на карысьць новай ахвяры агрэсіі.
— Калі можна чакаць сустрэчы прэзыдэнтаў Дональда Трампа і Аляксандра Лукашэнкі?
Уітмар: Я думаю, што па розных прычынах у агляднай будучыні такая сустрэча малаверагодная.
Ёфэ: Няма ніякіх падставаў чакаць гэтай сустрэчы ў агляднай будучыні. Нешта экстраардынарнае павінна здарыцца, каб гэта адбылося.
Пазнавальнасьць Беларусі падвысілася ў параўнаньні з тым, што было раней. Але яна не павялічылася да таго ўзроўні, які зрабіў бы такую сустрэчу магчымай.
Зараз Дональд Трамп дзейнічае на многіх франтах. Сэнат разглядае пытаньне аб імпічмэнце, у Трампа — выбарчая кампанія, яго каманда актыўна зьбірае грошы на кампанію. Трамп выступіў са сваёй ініцыятывай па Блізкім Усходзе. Ён займаецца гандлёвымі перамовы. Я не ўяўляю сабе, што ў гэтай сытуацыі можа знайсьціся месца для сустрэчы з Лукашэнкам.
— Што беларускія ўлады павінны зрабіць, каб ЗША адмянілі санкцыі супраць Беларусі?
Уітмар: Галоўныя крытэрыі — паляпшэньне стану правоў чалавека ў Беларусі і прагрэс у галіне дэмакратычных рэформаў. Шмат хто разглядаў нядаўнія парлямэнцкія выбары як няўдачу ў гэтым пляне.
Ёфэ: Санкцыі, як правіла, лёгка ўвесьці, але потым нялёгка скасаваць. У выпадку Амэрыкі гэтыя санкцыі былі ўведзеныя, выбачаюся за таўталёгію, з санкцыі Кангрэсу.
Калі цяперашнія канфлікты паміж Белым домам і значнай часткай Кангрэсу захаваюцца, прычым па прычынах, якія ня маюць ніЯкага дачыненьня да Беларусі, то праводзіць праз Кангрэс пытаньне аб скасаваньні санкцый Белы дом ня стане. Гэта не зьяўляецца прыярытэтам, ёсьць шмат іншых, больш важных рэчаў.
Ды яны і ня здолеюць гэта зрабіць.
Калі ў лістападзе на выбарах Трамп захавае за сабой пасаду прэзыдэнта, калі рэспубліканцы адновяць кантроль над Палатай прадстаўнікоў, тады гэта можна будзе зрабіць дастаткова проста.
Няхутка, але гэта будзе зрабіць значна прасьцей, чым зараз.
Зараз жа беларускія ўлады наўрад ці наагул нешта могуць зрабіць у гэтым накірунку. Яны зрабілі ўжо дастаткова шмат, каб сталі больш частымі кантакты з прадстаўнікамі выканаўчай улады ЗША. Вынікам чаго зьяўляецца і візыт дзяржсакратара Майка Пампэо. Але паўплываць на рашэньне камісіяў Кангрэсу беларускія ўлады ня могуць ніяк.
Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае
- ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
- У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
- Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.
- Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
- Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
- Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
- У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
- У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
- У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
- З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
- У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
- У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
- Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.
11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю
- У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
- У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
- У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.