Аляксандар Лукашэнка 24 студзеня наведаў Шклоў. Плянавалі, што ён пабывае толькі на заводзе газэтнай паперы, але на месцы ён вырашыў, што хоча пабываць яшчэ на льнозаводзе, масларобным заводзе і на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве «Шклоў Форэст ЛТД».
З апошнім узьнікла праблема. Прэс-служба Лукашэнкі піша: пакуль кіраўнік дзяржавы размаўляў з чыноўнікамі і дырэктарамі заводаў, высьветлілася, што «Шклоў Форэст ЛТД» не працуе.
«Яно моцна закрэдытаванае, і ва ўласьнікаў няма сродкаў вырашаць назапашаныя праблемы, — перадае прэс-служба Лукашэнкі. — Мясцовыя ўлады таксама ня ведаюць, што рабіць з гэтай вытворчасьцю».
«Куды? На „Шклоў Форэст“? Ня можа быць»
У Шклоўскім лясьніцтве, куды Свабода зьвярнулася з просьбай падказаць актуальны адрас прадпрыемства, навіна пра магчымы візыт Лукашэнкі на «Шклоў Форэст ЛТД» выклікала ледзьве ня паніку.
«Куды? На „Шклоў Форэст“? Ня можа быць, — зьдзівіліся ў прыёмнай лясгасу. — Прадпрыемства па дарозе на Александрыю знаходзіцца, за чыгуначным пераездам і запраўкай, мэтраў трыста зь левага боку. Вы дакладна ўпэўненыя, што ён туды паедзе?»
Дзівіцца нашаму пытаньню пра прыезд кіраўніка краіны і ахоўнік аднаго з суседніх з тэрыторыяй «Шклоў Форэст» прадпрыемстваў.
«Ну, гэта вось тут, але яны ж даўно не працуюць, — кажа ён. — Толькі калі ім прывозяць нейкую сыравіну. Але гэта рэдка бывае. Закрытыя яны».
Атрымаць нейкую інфармацыю пра дзейнасьць «Шклоў Форэст ЛТД» і магчымы прыезд туды Аляксандра Лукашэнкі аказваецца немагчымым нават на тэрыторыі прадпрыемства.
«Няма іх тут даўно, — кажа мужчына, які грузіць кардон на аўтапагрузчык у адным з цэхаў, якія некалі лічыліся маёмасьцю „Шклоў Форэст ЛТД“. — Яны тут былі калісьці, вось на ўсёй гэтай тэрыторыі вялікай. Бралі ў арэнду на 50 гадоў, калі я правільна памятаю. Але цяпер тут іншыя прадпрыемствы. Я нават ня ведаю, у каго вам пра „Шклоў Форэст ЛТД“ запытацца».
Пра лёс прадпрыемства Свабодзе расказаў ягоны апошні антыкрызісны кіраўнік Сяргей Грынкевіч.
«Так, я быў прызначаны апошнім кіраўніком гэтага прадпрыемства, — сказаў мэнэджэр у размове са Свабодай. — Але яго больш няма, было ліквідаванае ў 2018 годзе».
«Пакажам той шлях, па якім трэба мадэрнізаваць»
Банкруцтва кампаніі «Шклоў Форэст ЛТД» прадказвалі яшчэ пяць гадоў таму. У 2015 годзе Zautra.by пісаў, што «шлях мадэрнізацыі прывёў у тупік», хоць завод меў стаць узорна-паказальным.
Кампанію заснавалі ў 2002 годзе амэрыканская Command Capital LLC і латвійская Lindeks. На піку за год «Шклоў Форэст ЛТД» прадавала да 200 тысячаў м³ драўніны на 40 млн даляраў.
У 2005 годзе Лукашэнка наведваў завод, патрабаваў «паглыбіць перапрацоўку драўніны». У 2012-м прыяжджаў зноў — казаў пра мадэрнізацыю і глыбейшую перапрацоўку, стварэньне ўзорнага прадпрыемства і пра тое, што тут пакажуць «шлях, па якім трэба мадэрнізаваць прадпрыемствы ніжэйшага ўзроўню».
«Напружвайце, выклікайце ўласьніка-прыватніка гэтага і рабіце ўсё, што трэба, — загадаў тады Лукашэнка. — Калі ён адмовіцца і ня можа — рабіце самі».
Але замежныя кампаніі не палічылі мэтазгодным укладваць грошы ў мадэрнізацыю. Магілёўскаму райвыканкаму тады даручылі знайсьці новых інвэстараў. У выніку вытворчасьць ліквідавалі праз суд у пачатку 2016 году, распрадавалі маёмасьць да лета 2017-га.
Цяпер Лукашэнка даручыў «разабрацца ў сытуацыі і падрабязна дакласьці яму аб сытуацыі, што склалася».