Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Штрафбат» для карупцыянэраў. Як былы дырэктар мясакамбінату кіраваў гаспадаркай на загад Лукашэнкі


Мэхдвор у ААТ "Ліпаўка", Хоцімскі раён Магілёўскай вобласьці
Мэхдвор у ААТ "Ліпаўка", Хоцімскі раён Магілёўскай вобласьці

Вёска Ліпаўка Хоцімскага раёну — самае ўсходняе паселішча Беларусі. У лютым 2016 году кіраваць мясцовым калгасам прыехаў былы дырэктар Бабруйскага мясакамбінату. Асуджаны за спробу крадзяжу і памілаваны асабіста Аляксандрам Лукашэнкам, асабіста ім жа ён быў накіраваны на папраўчыя працы на край Беларусі. Свабода зьезьдзіла ў вёску, перасяленьне ў якую самі мясцовыя называюць «высылкай».


Горш пры ім ня стала. Чым запомніўся Хадасевіч у Ліпаўцы

Цэнтральная вуліца вёскі Ліпаўка
Цэнтральная вуліца вёскі Ліпаўка

«Ён жа ў нас у высылцы быў, але разьлічыўся і зьехаў», — кажа пра Віктара Хадасевіча жыхарка вёскі Ліпаўка Марыя Макаранка. — Ён быў харошы хлопец, але не заработаўся«.

Зь лютага 2016 да 27 студзеня 2017 году Віктар Хадасевіч быў дырэктарам ААТ «Ліпаўка» — былога калгасу «Бальшавік». Жыў у Хоцімску — за 12 кілямэтраў ад вёскі. У службовай кватэры ў новым пяціпавярховіку побач з райвыканкамам. Штодня Віктар Хадасевіч езьдзіў на працу ў кантору. Да Ліпаўкі яго падвозіў намесьнік, а ўжо ў гаспадарцы Хадасевіч карыстаўся службовымі «жыгулямі» ці «волгай».

Марыя Макаранка, жыхарка Ліпаўка
Марыя Макаранка, жыхарка Ліпаўка

Да канца 2014 году ў яго быў іншы працоўны офіс — ён узначальваў Бабруйскі мясакамбінат. Але потым Хадасевіча абвінавацілі ў спробе крадзяжу. Паводле сьледзтва, Хадасевіч даў загад вывезьці са свайго прадпрыемства каўбасы і фаршаў на 2 мільёны рублёў — 175 даляраў па тагачасным курсе. Яго прызналі вінаватым і адправілі на два гады ў калёнію.

У лютым 2016 году Аляксандар Лукашэнка памілаваў Хадасевіча. Зь яго зьнялі ўсе абвінавачаньні і забарону займаць кіраўнічыя пасады. Былога дырэктара мясакамбінату адправілі на край Беларусі — у вёску Ліпаўка Хоцімскага раёну Магілёўскай вобласьці.

У Ліпаўцы яго запомнілі не як памілаванага злачынцу, а як аднаго з найлепшых кіраўнікоў за доўгі час. За адзін год калгас ня стаў заможным, але тут прынамсі своечасова плацілі заробкі, разьлічваліся з пазыкамі. Цяпер «Ліпаўка» на санацыі — гаспадарку рыхтуюць да банкруцтва.

Адна з трох фэрмаў ААТ "Ліпаўка"
Адна з трох фэрмаў ААТ "Ліпаўка"

«Горш нічога ня стала пры Хадасевічу, — кажа Свабодзе Мікалай Кокатаў, антыкрызісны кіраўнік гаспадаркі. — Людзі пры ім зьмяніліся. Спакайней сталі працаваць. Упэўненыя былі ў гэтым кіраўніку».

Калі б Віктар Хадасевіч застаўся ў Ліпаўцы, да санацыі справы маглі б і не дайсьці. Так лічаць і Кокатаў, і шараговыя працаўнікі.

«Ён адказны быў заўжды. Усё было ў калгасе. І заробак, і ўсё, — казалі Свабодзе рабочыя з мэхдвару «Ліпаўкі».


«У нас такія не зажываюцца, хто праўду гаворыць»

Марыя Фёдараўна, былая прадавачка крамы ў Ліпаўцы
Марыя Фёдараўна, былая прадавачка крамы ў Ліпаўцы

Мы пагаварылі з тузінам людзей, і ніводзін не сказаў, што пры Хадасевічу ў Ліпаўцы стала горш. Наадварот, усе прыгадваюць, што гэта быў рэдкі для калгасу кіраўнік, які дбаў пра сваіх працаўнікоў. Распавядаюць, як сам уначы прыяжджаў спраўджваць, ці не паснулі вартаўнікі, пільна сачыў, каб у калгасе не пілі. Марыя Фёдараўна, былая прадавачка ліпкаўскай крамы, кажа, што нават выйшла б з пэнсіі і пайшла працаваць, калі б вярнуўся Хадасевіч.

«Ён і дысцыплінку, і крадзеж троху прыціснуў, раскрадальніцтва калгаснае. У нас такія не зажываюцца, хто праўду гаворыць», — кажа пра Хадасевіча Марыя Макаранка, былая працаўніца калгасу.

У Ліпаўцы кажуць, што Хадасевічу нават былі прапаноўвалі тут застацца. Але ён вярнуўся ў Бабруйск. Па словах Мікалая Кокатава, антыкрызіснага кіраўніка гаспадаркі, Хадасевіч меў кантракт на працу ў калгасе на адзін год. Як толькі тэрмін скончыўся, ён зьехаў з Хоцімскага раёну.

Мэханічны двор у Ліпаўцы
Мэханічны двор у Ліпаўцы

«Адпрацаваў чалавек, захацелася дамоў. Гэта ж ня катарга. Зьехаў», — кажа Марат Хачатран, выканаўца абавязкаў дырэктара ААТ «Ліпаўка».


«Гэта праца, якая загартавала мяне яшчэ больш»

Ад лютага 2017 году Віктар Хадасевіч жыве ў Бабруйску. Цяпер ён працуе ў менскай фірме, якая будуе гандлёва-забаўляльны цэнтар. Па завяршэньні будаўніцтва ён можа застацца дырэктарам новага аб’екту. Пра гэта ён сказаў Свабодзе праз тэлефон.

Мясакамбінат, дзе раней працаваў Віктар Хадасевіч
Мясакамбінат, дзе раней працаваў Віктар Хадасевіч

— З 27 студзеня я ўжо не працую ў Ліпаўцы. Кантракт у мяне быў на год. Разумелі, што я ня буду там заставацца. У мяне тут дзеці, дом. Там мне не было чаго рабіць.

— Пра вас там вельмі добра кажуць.

— Я ніколі людзям нічога дрэннага не рабіў. Ні там, ні тут. У мяне зь людзьмі былі абсалютна адэкватныя стасункі з усімі. Ці то працаўнікі калгасу, ці то працаўнікі райвыканкаму.

— Можаце цяпер расказаць, як вас вызвалілі?

— Усё было вельмі проста. У гэты час я ўжо быў дома, калі мне прапанавалі адпрацаваць у тым рэгіёне краіны, у той сфэры, дзе загадае Радзіма. Гэта было адной з умоваў памілаваньня. Радзіма сказала: «Хоцімскі раён, ААТ „Ліпаўка“». Паехалі ў Ліпаўку. Там заключылі кантракт на год з Хоцімскім раённым выканаўчым камітэтам, які (кантракт. — РС) мы адпрацавалі. Дзякуй богу, без усялякіх эксцэсаў.

— А які орган вы называеце «Радзімай»?

— Пра памілаваньне і пра Ліпаўку мне сказалі ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Бабруйскага ўпраўленьня ўнутраных спраў. Хто ім даводзіў гэтую інфармацыю, я ня маю паняцьця. Я пісаў заяву на памілаваньне ў Адміністрацыю прэзыдэнта.

— Вы таксама кампэнсавалі ўсю шкоду? Тыя 2 мільёны рублёў.

— Кампэнсацыі не было, бо шкоды я не нанёс. Гэта 14 артыкул Крымінальнага кодэксу — спроба зрабіць злачынства. Яно не было зьдзейсьнена.

Віктар Хадасевіч жыў ў Хоцімску, у 12 км ад Ліпаўкі
Віктар Хадасевіч жыў ў Хоцімску, у 12 км ад Ліпаўкі

— Ваша жыцьцё ў Ліпаўцы было строга рэглямэнтаванае? Вы нікуды не маглі выяжджаць?

— У мяне не было ніякіх абмежаваньняў. Я меў і маю права выяжджаць за межы Беларусі, куды заўгодна. Памілаваньне зьняло зь мяне дадатковае пакараньне, якое тычылася забароны займаць кіраўнічыя пасады.

Адзін раз прыяжджалі да мяне пацікавіцца, як жыву, ці маю скаргі, прапановы. Ніякага нагляду ў мяне не было і няма.

— Ці лічыце вы высылку ў Ліпаўку катаргай?

— Я не лічу, што гэта катарга, высылка нейкая. Праз год я магу сказаць, што мне там было цікава працаваць. Так, былі там нюансы, непаразуменьне з кіраўніцтвам. А так было нармальна. Са спэцыялістамі ўсіх узроўняў у мяне былі сяброўскія стасункі. Я зь імі дагэтуль сазвоньваюся. Мяне там чакаюць у госьці. Гэта была чарговая школа, якая пайшла мне на карысьць. Гэта праца, якая загартавала мяне яшчэ больш. На многае адкрыла мне вочы. Цяпер любую новую працу мне ёсьць з чым параўнаць.

Герб горада ў цэнтры Хоцімску
Герб горада ў цэнтры Хоцімску

Ведаеце, я сам вырас у вёсцы. У дзяцінстве марыў стаць старшынём калгасу. А тут гэтая мара збылася збольшага. Не зусім так, як я хацеў.

Мне падабаецца праца, дзе трэба ўвесь час вырашаць праблемы. Мне патрэбная ініцыятыўная праца. Я разумею, з ініцыятывай цяпер можа быць складана, але тым ня менш. Я не люблю кабінэтную працу.

— То бок у Ліпаўцы вы былі на сваім месцы?

— Я не скажу, што гэта маё месца. Але прынамсі гэта праца ў маім характары.

— Вы кажаце, што мелі непаразуменьне з кіраўніцтвам раёну. Гаворка ідзе пра прыпіскі?

— Ураджайнасьць у нас не была дрэннай, прыпісваць не было неабходнасьці. Было ў нас рознагалосьсе з райвыканкамам наконт нейкіх паказчыкаў. Я лічу, што ўсе паказчыкі павінны быць заробленыя. Нават калі яны адмоўныя. Па гэтым можна пасьля меркаваць пра працу чалавека. А зарабляць сабе мэдалі на паперы я не хачу.

— Што вы думаеце пра такую практыку памілаваньня?

— Кожны павінен займацца працай, якую ведае. Або каб быў з блізкай сфэры. Я не кажу пра сябе. Бо калгас і мясаперапрацоўка маюць шмат агульнага. Але бываюць выпадкі, калі ў калгас накіроўваюцца людзі, якія ня маюць дачыненьня да сельскай гаспадаркі. За кароткі тэрмін ім цяжка паказаць нейкія вынікі, бо яны вучацца на месцы. Нельга прыйсьці з высокай пасады ў калгас і зрабіць там пераварот.

Ад Ліпаўкі да мяжы з Расеяй - усяго пару кілямэтраў
Ад Ліпаўкі да мяжы з Расеяй - усяго пару кілямэтраў

— Ад мясцовых чулі, што вас несправядліва абвінавацілі па той справе.

— Людзі, якія ведаюць пра гэтую сытуацыю, дагэтуль не разумеюць, што паслужыла нагодай для арышту. Не было ніякіх камандаў абсалютна. І ніякіх доказаў таксама не было. Можа, памілаваньне зьвязанае з гэтым. Я ня ведаю, якім чынам я трапіў у лік памілаваных. Ня ведаю, па якіх крытэрах праводзіўся адбор.


Пяцёра зь сямі памілаваных дагэтуль працуюць у «штрафбатах»

Віктар Хадасевіч быў у ліку прынамсі сямі былых чыноўнікаў і дырэктараў дзяржпрадпрыемстваў, якіх на пачатку 2016 году памілаваў Аляксандар Лукашэнка. Усе яны адбывалі тэрміны за карупцыю, крадзеж, перавышэньне службовых паўнамоцтваў ці спробу злачынства.

У СМІ тады пісалі пра «штрафбат» для карупцыянэраў. Замест адбываньня тэрміну ў турме былых чыноўнікаў і дырэктараў дзяржпрадпрыемстваў накіроўвалі на «папраўчыя працы»: на прадпрыемствы-банкруты ці ў калгасы.

Хадасевіч адбыў свой «штрафбат» хутчэй за астатніх. Як даведалася Свабода, зь ліку сямі памілаваных у 2016 годзе чалавек пяцёра яшчэ працуюць на прызначаных ім пасадах, бо зь імі былі заключаныя дамовы на тры гады. Былы намесьнік генэральнага пракурора Аляксандар Архіпаў узначальвае гаспадарку «Пятровічы» ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласьці. Былы старшыня Чашніцкага выканкаму Ўладзімер Булай — ААТ «Клянковічы» ў Крупскім раёне Менскай вобласьці. Былы гендырэктар «Магілёўдрэву» Аляксандар Вусаў працуе на прадпрыемстве «Строммашына» ў Магілёве. Генэральны дырэктар холдынгу «Магілёўбуд» Яўген Зюзін усё яшчэ працуе ў былым калгасе імя Дзяржынскага, які цяпер называецца ААТ «Міхалёўская Ніва». Намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Волкаў — у нафтаперапрацоўчай кампаніі «Інтэрсэрвіс».

На папярэднім месцы працы мы не знайшлі толькі былога намесьніка старшыні Баранавіцкага выканкаму Ігара Стасевіча. Пасьля памілаваньня ён працаваў дырэктарам Баранавіцкага камбінату надомнай працы. Але там у прыёмнай паведамілі, што Стасевіч ужо даўно сышоў.


«Нічога рэвалюцыйнага ў сельскай гаспадарцы не зрабілі»

Практыка вызваленьня высокапастаўленых чыноўнікаў і дырэктараў у Беларусі даўняя. Першай гучнай справай было памілаваньне ў 2009 годзе Аляксандра Бароўскага — гендырэктара «Белнафтахіма». У 2007 годзе Бароўскага асудзілі на 5 год пазбаўленьня волі. Але ўжо праз год Аляксандар Лукашэнка яго памілаваў. Яшчэ праз год Бароўскі стаў генэральным дырэктарам Менскага аўтазаводу.

Пётра Мігурскі
Пётра Мігурскі

Наколькі эфэктыўная такая практыка і каму яна на карысьць? Памілаваным чыноўнікам — вядома. Іх выпускаюць на волю, дзе яны працуюць хоць і не па спэцыяльнасьці, але прынамсі не за кратамі. Але ці будуць такія людзі эфэктыўнымі кіраўнікамі на месцы сваёй новай працы?

«Ведаю, што нічога рэвалюцыйнага на сваіх месцах у сельскай гаспадарцы не зрабілі, — лічыць эканаміст, аўтар кнігі „Магілёўская вобласьць: асаблівасьці рэгіянальнай карупцыі“ Пётра Мігурскі. — І не маглі зрабіць. Гэта людзі намэнклятуры. Паставілі яго намесьнікам генэральнага пракурора, ён і працаваў. Паставілі ў сельскую гаспадарку — ну што рэвалюцыйнага ён можа там зрабіць?»

А ўвогуле сыстэма памілаваньняў мае месца там, дзе перапрацавалі праваахоўныя органы, лічыць Мігурскі. Справу Хадасевіча ён лічыць намэнклятурнай гульнёй. Таксама як і справу Вусава. Той мог трапіць за краты, калі пачаліся чысткі ў галіне дрэваапрацоўкі.

«На мой погляд, там, дзе, праваахоўныя органы перагнулі палку, быў зроблены рэвэранс у бок тых, хто правініўся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG