Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ну хоць горад чысьцейшы будзе». Што ў Шклове кажуць аб прыезьдзе Лукашэнкі


24 студзеня кіраўнік краіны чарговы раз наведвае родны горад. Мясцовыя чыноўніцы намякаюць, што візыт можа быць зьвязаны з днём народзінаў афіцыйнай жонкі Галіны.

За 25 гадоў кіраваньня краінай Аляксандар Лукашэнка наведаў амаль усе райцэнтры Беларусі. Часьцей за іншыя рэгіёны кіраўнік краіны бывае на роднай Шклоўшчыне. Чарговы візыт адбыўся 24 студзеня 2020 году.

Свабода прыехала ў Шклоў за дзень да Лукашэнкі, каб даведацца, як райцэнтар рыхтуецца да прыезду кіраўніка краіны.

«Так, госьць да нас заўтра едзе, — пагаджаюцца трое калярытных мужчын, якія прыбіраюць пляцоўку перад школай мастацтваў. — Вось рыхтуемся. Прыбіраем тэрыторыю.

Часта прыяжджае? Ну часта, а што рабіць. Мо яно і добра, што часта. Ну хоць горад чысьцейшым будзе. Яно, магчыма, і ня кожны раз хочацца выходзіць на прыбіраньне. Але выходзім».

На трох мужчын адзін плястыкавы венік. Прызнаюцца, што за ўдзел у падрыхтоўцы Шклова да прыезду кіраўніка краіны ім не даплачваюць — ва ўсіх чысты аклад. Даплаты за перапрацоўку няма.

Афіцыйная прычына візыту кіраўніка краіны ў Шклоў — наведваньне заводу газэтнай паперы «Аснова». Прадпрыемства да Шклова залічылі збольшага юрыдычна. Ад гораду да заводу добрыя чатыры кілямэтры. За дзень да прыезду Лукашэнкі тут моцны вецер і чарга ь лесавозаў. Пагутарыць з журналістамі кіраўніцтва прадпрыемства ня можа, нікога проста няма на месцы, у кабінэтах. У прыёмнай ня кажуць, ці зьвязана гэта зь візытам Лукашэнкі.

Кіраўніцтва «Асновы» можна зразумець. Пасьля мінулага прыезду Лукашэнкі ў адзін з кароўнікаў агракамбінату «Купалаўскі» сваіх пасадаў пазбавілася ня толькі кіраўніцтва Шклоўскага раёну, але і ўсёй Магілёўскай вобласьці. Было заведзена 15 крымінальных спраў.

А праблемаў у заводу газэтнай паперы хапае. Аб’ём інвэстыцый у прадпрыемства па ранейшых падліках склаў каля 100 мільёнаў даляраў. Але ў канцы сьнежня 2019 году прэм’ер Сяргей Румас расказаў, што «Аснова» дагэтуль ня выйшла на заплянаваныя паказьнікі і выпускае ў асноўным няпрофільную прадукцыю.

На завод за дзень да прыезду Лукашэнкі цягнуцца чароды лесавозаў
На завод за дзень да прыезду Лукашэнкі цягнуцца чароды лесавозаў

Паразмаўляць з кіраўніком Шклоўскага райвыканкаму Аляксандрам Цітком, які заняў гэтую пасаду акурат пасьля вядомага выпадку з «абасранай каровай», таксама не атрымліваецца. Па словах супрацоўніцы прыёмнай кіраўніка, «Аляксандар Іванавіч увесь час у разьездах».

Згодна зь неафіцыйным тэкстам тэлефанаграмы, якая трапіла ў інтэрнэт прыкладна за два тыдні да прыезду Лукашэнкі ў Шклоў, кіраўніцтва раёну, рыхтуючыся да гэтага, штодня зьбіралася ў райвыканкаме а 18-й гадзіне. Нібыта для абмеркаваньня бягучых спраў на прадпрыемствах і гаспадарках раёну.

Людзей у памаранчавых камізэльках, з рыдлёўкамі і граблямі, проста ў працоўных пальчатках на вуліцах Шклова з нагоды прыезду кіраўніка краіны процьма. Сустракаюцца нават групы адразу па 10 чалавек на адзін трактар з каўшом. Колькасьць такіх «брыгад чысьціні» зьмяншаецца з павелічэньнем адлегласьці ад будынка райвыканкаму зь вялікім банэрам «Дзяржава для народу!» на фасадзе. Адну з такіх брыгад, складзеную з жанчын зь венікамі і хлопца з тачкай, сустракаем літаральна на прыступках сядзібы Аляксандра Цітка.

Жанчыны, якія мятуць асфальт ля райвыканкаму, прадстаўляюцца чыноўніцамі
Жанчыны, якія мятуць асфальт ля райвыканкаму, прадстаўляюцца чыноўніцамі

«Так, так! Едзе да нас госьць! — рады падзяліцца прыемнай для іх навіной жанчыны. — На завод газэтны паедзе, гэта праўда. Але вы ведаеце, заўтра ж у ягонай жонкі Галіны Радзівонаўны юбілей — 65 гадоў!»

Пасьля гэтых словаў жанчыны пачынаюць спрачацца, высьвятляючы сапраўдную дату нараджэньня «законнай», як яны кажуць, жонкі Аляксандра Лукашэнкі. У спрэчцы фігуруюць даты 24 і 26 студзеня (адзіная інфармацыя пра дату нараджэньня Галіны Лукашэнкі, якую можна знайсьці ў інтэрнэце, належыць да расейскамоўнай Вікіпэдыі — 1 студзеня 1955 году).

У спрэчцы перамагае тая, хто мае апошні аргумэнт — «я з Галінай Радзівонаўнай працавала разам» (Галіна Лукашэнка сапраўды працавала пэўны час у Шклоўскім райвыканкаме. — РС).

Прыборка ля райвыканкаму
Прыборка ля райвыканкаму

«Мы не ў ЖКГ працуем, мы тут усе, — ківаюць жанчыны на будынак райвыканкаму. — Проста вось выйшлі сёньня прыбіраць тэрыторыю, раз такая справа. Ён жа да нас разы тры на год толькі афіцыйна прыяжджае, а неафіцыйна, хлопцы, ой... Так што ў нас сёньня, як мы кажам, санітарны дзень. А вы схадзіце на горад паглядзіце. Як у нас тут чыста. Амаль як у Менску».

Мікрааўтобусы з антэнамі на даху можна ўбачыць у некалькіх раёнах горада. Гэты сфатаграфаваны ля супэрмаркета «Карона» непадалёк ад лядовага палаца.

У Шклове ў гэтыя дні сапраўды месцамі, амаль як у Менску. Паўсюль міліцыя і сінія спэцаўтамабілі з антэнамі на даху і сталічнымі нумарамі. Мясцовыя на ўмовах ананімнасьці расказваюць, што ў дзень прыезду кіраўніка краіны ўсіх «хімікаў» са шклоўскай папраўчай установы адкрытага тыпу № 49 вырашылі не выпускаць на вуліцы. На ўсякі выпадак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG