Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбуйнейшы ў Афрыцы вытворца запалак прыходзіць у Беларусь, якая закрыла ўласную фабрыку ў Пінску


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У Паставах зарэгістравалі кампанію «Белмэтч». Яна зоймецца вытворчасьцю запалкавай саломкі.

Пра гэта паведамляе на сваім сайце Нацыянальнае агенства інвэстыцый і прыватызацыі. Ідзецца аб прыходзе ў Беларусь кампаніі пад назвай Socalco, якая ўваходзіць у групу кампаній DEWJI International з штаб-кватэрай у ААЭ.

Socalco зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам запалак на афрыканскім кантынэнце. Супрацоўніцтва беларусаў з кампаніяй пачалося ў жніўні 2019 году.

У Нацыянальным агенцтве інвэстыцый і прыватызацыі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што кампанія «Белмэтч» зарэгістраваная тры дні таму грамадзянінам Канады Рызванам Дʼюджы. Канадзец валодае групай кампаній, якія знаходзяцца ў шэрагу краін, у тым ліку ў Конга. У Беларусі ён адкрывае вытворчасьць запалкавай саломкі для экспарту.

Ілюстрацыйнае фота. Запалкі беларускага прадпрыемства «Барысаўдрэў»
Ілюстрацыйнае фота. Запалкі беларускага прадпрыемства «Барысаўдрэў»

У агенцтве сказалі, што вытворчасьць гатовых запалак для экспарту ў Беларусі ствараць «ніхто не зьбіраецца».

«Навошта яму ў Афрыку пастаўляць гатовыя запалкі, калі ў яго там буйнейшая вытворчасьць, ён мае там завод? Сабекошт такой прадукцыі вырасьце ў разы», — сказалі ў агенцтве.

Саломку будуць вырабляць зь мясцовай беларускай сыравіны. Для гэтага ў Паставы (свабодная эканамічная зона «Віцебск») будзе завезена і ўстаноўлена спэцыяльнае абсталяваньне.

У агенцтве не паведамілі пра абʼём вытворчасьці, колькасьць работнікаў, бо кампанія зарэгістраваная нядаўна і яшчэ ня мае бізнэс-пляну і іншых дакумэнтаў. Працаваць на прадпрыемстве будуць беларусы.

У агенцтве мяркуюць, што прадпрыемства «не абавязкова будзе пастаўляць саломку ў Афрыку, магчыма, у яго будуць іншыя рынкі збыту».

Чаму на «Пінскдрэве», дзе закрылася вытворчасьць запалак, нельга было стварыць вытворчасьць запалкавай саломкі?

У Нацыянальным агенцтве інвэстыцый і прыватызацыі кажуць, што прыход гэтага інвэстара ў Беларусь не зьвязаны з закрыцьцём запалкавай вытворчасьці ў холдынгу «Пінскдрэў».

У канцэрне «Беллеспаперапрам» карэспандэнту Свабоды паведамілі, што запалкі і запалкавая саломка — гэта розныя віды прадукцыі.

«Зарэгістравалі прадпрыемства — гэта яшчэ не азначае, што выпусьцілі прадукцыю. Увесь сьвет праходзіць стадыю глябалізацыі, нічога трагічнага я ня бачу. Пытаньне, чаму мы можам ці ня можам, рытарычнае. Мы можам нешта іншае. У наш час немагчыма вырабляць адну прадукцыю цягам 130 гадоў. Мы зычым посьпеху любому прадпрыемству, якое адкрываецца на тэрыторыі Беларусі», — сказаў начальнік упраўленьня дрэваапрацоўкі Андрэй Герасімовіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG