Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як 20 гадоў жыла сям'я зьніклага Юрыя Захаранкі


Алена Захаранка
Алена Захаранка

Дачка былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі Алена зьехала разам з маці, сястрой і сынам ў Нямеччыну, калі ёй было былі 24 гады. У мінулым засталіся вучоба ў Акадэміі МУС, праца інспэктарам у справах непаўналетніх, шчасьлівая сям’я.

Прызнаньні былога байца СОБР Гараўскага разьвярэдзілі рану, якая ніколі не загоіцца, кажа 44-гадовая жанчына. Алена Захаранка ўпершыню дала вялікае інтэрвію пра гвалтоўнае зьнікненьне бацькі і пра тое, як іх сямʼя жыве ў Нямеччыне амаль 20 гадоў.

Сьцісла

  • Прачыталі ў інтэрнэце, што сьмерць бацькі не была хуткай, што яго катавалі, адрэзалі рукі, язык. Тады мы зламаліся. Зайздросьцілі нават мёртвым.
  • Калі баец расказваў, як адбывалася забойства, я ўяўляла, што думаў у гэты момант бацька. Ён думаў не пра сябе, а пра нас, як мы застанемся безь яго. Ён сышоў у нікуды бяз права на пахаваньне.
  • Ні з кім зь Беларусі не кантактуем. Рэжым прынёс страх. Мы павінны заставацца ў сваёй сямʼі і змагацца за жыцьцё ў Нямеччыне.
  • Наша менская кватэра стаіць пустая, бо бацьку 20 гадоў не прызнаюць памерлым, адпаведна мы ня маем права на спадчыну, нягледзячы на шматлікія суды.
  • Іх будзе суправаджаць кроў і апошняе дыханьне забітых, сьлёзы маёй бабулі, сьлёзы ўсёй нашай сямʼі, наша 20-гадовае страчанае жыцьцё.
  • Бацька казаў, што яны — ня дурні, яны — нягоднікі. І гэтыя ня дурні зробяць усё, каб зьняславіць маю сямʼю, каб паказаць, што гэтыя людзі былі зьнішчаныя не па палітычных матывах.

«Пяць гадоў мы спадзяваліся, што яго пакінулі ў жывых»

Алена Захаранка з сынам Кірылам у першыя гады на чужыне
Алена Захаранка з сынам Кірылам у першыя гады на чужыне

З Аленай Захаранкай было цяжка было дамовіцца на інтэрвію. Жанчына працуе практычна без выходных. Урэшце ў Алены зьявіўся вольны дзень, і мы пачалі размову пра фільм Deutsche Welle, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

— Інтэрвію з былым байцом паўплывала на псыхічны стан нашай сямʼі. Пяць гадоў наша сямʼя не была перакананая, што бацьку забілі. Недзе ў душы мы спадзяваліся, што магчыма, яго пакінулі ў жывых. Як у гульні, калі туз пакідаюць на апошнюю чаргу. Была надзея, што яго трымаюць у нейкай турме КДБ. Потым мы сталі крыху ўваходзіць у рэальнасьць, надзея гублялася.

Прайшло гадоў пятнаццаць, і мы прачыталі ў інтэрнэце (падаецца, Барадач пісаў), што сьмерць бацькі не была хуткай, што яго катавалі, адрэзалі рукі, язык. Тады мы зламаліся... Зайздросьцілі нават мёртвым, нават сямʼі Карпенкі, якая змагла пахаваць блізкага чалавека. Гэты эмацыйны стан у нас працягваўся да таго моманту, як гэты чалавек, былы собравец даў інтэрвію Deutsche Welle. Я спадзяюся, што гэта праўда, што яго забілі хутка. Гэта стала трошкі аблягчэньнем. Я хачу, каб завялі крымінальную справу на падставе канкрэтных дакумэнтальных фактаў, каб быў суд. Ня ўпэўнена, што цяпер гэта можа рэалізаваць.


«У нас вырванае жыцьцё. 20 гадоў сышлі ў бездань»

— Як жыве ваша сямʼя больш за 20 гадоў пасьля таго, як вы папрасілі палітычнага прытулку ў Нямеччыне? Як маці, сястра? Як жывуць унукі Юрыя Захаранкі?

— У нас вырванае жыцьцё. 20 гадоў сышлі ў бездань. Гэтыя кашмарныя падзеі будуць з намі да канца жыцьця. Не разьвітацца, не даведацца, як сапраўды ўсё адбылося, жыць, ведаючы, што вінаватыя знаходзяцца на свабодзе, што вінаватыя знаходзяцца пры ўладзе, што яны стварылі сабе падобных, ідэнтычных людзей, якія іх атачаюць... Беспакаранасьць спараджае новыя злачынствы.

Алена Захаранка з сынам Кірылам і маці Вольгай. Архіўнае фота
Алена Захаранка з сынам Кірылам і маці Вольгай. Архіўнае фота

Усё нашае жыцьцё ў Нямеччыне зьвязанае з нашым мінулым. Вельмі цяжка аднавіць нармальнае жыцьцё, зьмірыцца з непазьбежным. Цягне назад тое, што адбылося 20 гадоў таму. Маці, сястра Юля з сынам Дзянісам і я з сынам Кірылам жывем у Мюнстэры. Сюды мы прыехалі 20 гадоў таму, тут і засталіся.

Мой сын вучыцца ў школе. Мама на пэнсіі, ёй ужо пад 70 гадоў. Я працую прадаўцом. Маральна мы «забітыя» нашым мінулым. Мая сястра Юля тут «згубілася», яна эмацыйна дагэтуль падаўленая. Нічога не магу сказаць пазытыўнага пра нас

— Ці змаглі вы інтэгравацца ў нямецкае грамадзтва? Разумею, што для маці гэта было цяжка, а для вас і вашага сына?

Унукі Юрыя Захаранкі Дзяніс і Кірыл. Архіўнае фота
Унукі Юрыя Захаранкі Дзяніс і Кірыл. Архіўнае фота

— І для мяне цяжка. Сыну быў годзік, калі мы сюды прыехалі. Я расказвала яму пра дзядулю, але сыну было незразумела, як такое можа адбывацца ў цэнтры Эўропы.

Мы жывем у дэмакратычнай краіне, дзе кожны чалавек можа выказваць сваё меркаваньне і яно ўлічваецца, дзе не зьнішчаюцца апанэнты.

Сын ня можа зразумець, што ў наш час, калі няма вайны, адбываюцца такія страшныя падзеі.

«Мы павінны змагацца за жыцьцё ў Нямеччыне. Гэта чужая краіна, чужая мова, культура»

— Ці вы кантактуеце з роднымі іншых зьніклых? Зь сямʼёй Красоўскіх, Ганчара?

— Не.

— А з кім падтрымліваеце сувязь у Беларусі?

Міністар Юры Захаранка разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Архіўнае фота.
Міністар Юры Захаранка разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Архіўнае фота.

— Ні з кім. Калі бацька быў у апазыцыі і проста вітаўся з былымі супрацоўнікамі, іх звальнялі на наступны дзень. Мы яшчэ тады сталі пэрсонамі нон грата ў Беларусі. З кім можна падтрымліваць кантакты, калі людзі баяцца, думаюць пра сваё жыцьцё і існаваньне ў Беларусі. Рэжым прынёс страх. Мы павінны заставацца ў сваёй сямʼі і змагацца за жыцьцё ў Нямеччыне. Змагаемся як можам. Гэта чужая краіна, чужая мова, культура, мэнталітэт. Колькі б ні знаходзіўся на чужыне, ніколі ня зможаш быць такімі, як яны. У нас зусім іншыя душы і думкі.

— Хто вас падтрымліваў усе гэтыя гады ў Нямеччыне?

— Некаторыя знаёмыя. Ёсьць немцы, якія вельмі нас разумеюць. Дагэтуль маме дапамагае жанчына, якая ведае сытуацыю.

— А што нямецкая дзяржава вам дала як палітычным уцекачам? Жыльлё, моўныя курсы...

— Так. Я і мой сын — грамадзяне Нямеччыны. Мама ня хоча, у яе няма неабходнасьці. Сястра таксама ня хоча. Сыну трэба было атрымліваць адукацыю, а гэта вялікі мінус, калі няма грамадзянства, а толькі від на жыхарства.

«У Беларусі няма міліцыі, якая б абараняла свой народ»

— У Беларусі вы працавалі ў міліцыі. Што думаеце пра цяперашнюю міліцыю?

— Усё, што адбываецца ў Беларусі, і так думаюць многія, гэта запаведнік бяспраўя. Там няма міліцыі, якая б абараняла свой народ, а ёсьць міліцыя як зброя для барацьбы з гэтым народам. Нічога станоўчага пра праваахоўныя органы Беларусі я сказаць не магу.

Юры Захаранка. Архіўнае фота
Юры Захаранка. Архіўнае фота

Цяпер перад прэзыдэнцкімі выбарамі яны могуць паказаць, якім крымінальным быў мой бацька. Яны ўсё могуць прыдумаць, завесьці крымінальную справу, каб яго зьняславіць. Я гэтага чакаю. Знойдуцца і сьведкі, і фальшывыя факты. Будзе падтасоўка, каб мяне, маю сямʼю і бацьку зганьбіць. Так атрымалася, што бацька пакінуў нас, але ён не пакінуў Беларусь. За гэта плацім мы, плаціць мая сямʼя, гэта хранічны боль, рана краваточыць увесь час.

«Нам не даюць магчымасьці нічога зрабіць зь менскай кватэрай»

— Нядаўна ў Менску я праходзіла побач з домам, дзе вы жылі. Бачна, што кватэра нежылая, старыя вокны вылучаюцца на фоне суседзкіх. Што з гэтай чатырохпакаёвай кватэрай? Ці магчыма яе прадаць, здаць у арэнду? Магчыма, вы яшчэ думаеце вярнуцца, і яна спатрэбіцца на радзіме?

— Гэта нонсэнс, калі чалавека 20 гадоў не прызнаюць памерлым. Мы ня маем ніякага права на спадчыну. Нягледзячы на шматлікія суды, нам не даюць магчымасьці нічога зрабіць з кватэрай. Мы вісім у паветры, кватэра вісіць у паветры. Крымінальная справа не раскрытая. І мы не спадзяемся, што яна будзе раскрытая пра ўладзе гэтых дзеячаў.

— Як вы думаеце, як мог скласьціся ваш лёс, калі б ня 7 траўня 1999 году?

Юры Захаранка з дачкой Аленай
Юры Захаранка з дачкой Аленай

— Калі б не адбылося гэтай трагедыі, нічога б з намі нэгатыўнага ў жыцьці не адбывалася б. А так нам прыйшлося самім, жанчынам, змагацца за сваё жыцьцё на чужыне. Гэта вельмі цяжкі лёс. Мы ніколі не хацелі тут знаходзіцца. Нам тут усё было чужое. А што было б у Беларусі? Бацька быў нашым анёлам-абаронцам. Ён і цяпер мой анёл-абаронца. Калі б ён быў жывым, усё зрабіў бы, каб мы не пакутавалі.

— Ці думалі вы пра помсту? Пра пакараньне для тых, хто гэта зрабіў, хто да гэтага спрычыніўся?

Алена Захаранка разам з бабуляй Ульянай Рыгораўнай. Архіўнае фота
Алена Захаранка разам з бабуляй Ульянай Рыгораўнай. Архіўнае фота

— Можа для іх гэта і незразумела, але надыдзе час для кожнага падзельніка, саўдзельніка, якія былі, калі забівалі майго бацьку.

Яны застануцца адзін на адзін са сваім сумленьнем.

Іх будзе суправаджаць кроў, апошняе дыханьне забітых, сьлёзы маёй бабулі, сьлёзы ўсёй нашай сямʼі, наша 20-гадовая страчанае жыцьцё, нашы пакуты. Гэта ня пройдзе проста так для забойцаў.

«Сын марыць служыць у нямецкім войску»

— Ці стала Нямеччына для вас другой радзімай? Як склалася тут ваша асабістае жыцьцё?

— Я працую на поўную стаўку, практычна без выходных. У мяне вельмі мала часу на асабістае жыцьцё. Маё асабістае жыцьцё — гэта мой сын. Мы размаўляем, я яму дапамагаю, маральна падтрымліваю. Сын марыць служыць у нямецкім войску. Мы пакуль яшчэ ня ведаем вынікаў, але спадзяемся, што атрымаецца. Кірылу цяпер 21 год.

Кірыл, унук Юрыя Захаранкі
Кірыл, унук Юрыя Захаранкі

Ня ведаю, хто ў Нямеччыне змог бы інтэгравацца без наступстваў. Нам было цяжка, цяпер цяжка, напэўна, і будзе цяжка. Мы — іншыя, імпульсіўныя, сардэчныя, глыбока перажываем. Гэта не ўласьціва кожнаму, але мы такія. Нас тут лічаць расейцамі, паколькі па-расейску гаворым. Многія немцы ня ведаюць, дзе на мапе знаходзіцца Беларусь.

У Беларусі я вучылася ў Акадэміі міліцыі, паўтара года працавала інспэктарам у справах непаўналетніх. Жыцьцё за мяжой давялося пачаць з нуля — вучыць мову, вучыцца новай прафэсіі. Мая сястра Юля не працуе. Тут ня ўсе мігранты працуюць. Матэрыяльна гэта ня мае вялікага значэньня. Я сама плачу за кватэру і за сваё існаваньне, але калі чалавек беспрацоўны, то гэта робіць дзяржава.

Алена з маці на акцыя з нагоды справаў зьніклых. Архіўнае фота.
Алена з маці на акцыя з нагоды справаў зьніклых. Архіўнае фота.

Сястра жыве асобна, мама таксама, за дзесяць хвілінаў пешкі ад майго дому. Мы падтрымліваем адна адну. Мама ня хоча гаварыць пра мінулыя падзеі, бо ёй гэта вельмі цяжка. Яна ўжо ва ўзросьце, хоча крыху пажыць. А я не магу... У мяне быў сон, калі я трымала тату за руку, не хацела прачынацца, казала: «Тата, хаця б крыху я цябе адчую». Такіх лёсаў, як у нас, мала. Мы ня маем магчымасьці пахаваць і адпець бацьку. Ягоная душа і цяпер знаходзіцца паміж небам і зямлёй. Ён пакутуе за нас.

«Бацька сышоў у нікуды бяз права на пахаваньне»

— Што вы адчувалі, калі глядзелі інтэрвію Гараўскага?

Вольга і Юры Захаранка з дачкой Аленай. Архіўнае фота
Вольга і Юры Захаранка з дачкой Аленай. Архіўнае фота

— Калі гэты баец расказваў, як адбывалася забойства, я ўяўляла, што ў гэты момант думаў бацька. Ён ня думаў пра сябе. Ён думаў пра нас, як мы застанёмся безь яго. Ён пакінуў нас і сышоў у нікуды бяз права на пахаваньне. Колькі гадоў ён працаваў у органах, колькі гадоў змагаўся са злачыннасьцю? Ён казаў, што «хунта прыйшла да ўлады», гэтыя злачынцы яго і зьнішчылі.

Юры Захаранка ў часы кіраваньня МУС Беларусі.
Юры Захаранка ў часы кіраваньня МУС Беларусі.

Я веру, што калісьці адбудзецца справядлівы суд, міжнародны трыбунал, але ці зможам мы гэта пабачыць? Зло вельмі актыўнае, яно ідзе наперад і не азіраецца назад. Зло мае вялікую сілу. Дабрыня, сардэчнасьць ня можа дазволіць сабе тое, што дазваляе нягоднік. Па словах бацькі, яны — ня дурні, яны — нягоднікі. І гэтыя ня дурні цяпер усё зробяць, каб зьняславіць маю сямʼю. Яны зробяць усё, каб паказаць беларускаму народу, што гэтыя людзі былі зьнішчаныя не па палітычных матывах.

— Ці хацелі б вярнуцца ў Беларусь?

Юры Захаранка ў маладосьці.
Юры Захаранка ў маладосьці.

— Я не магу гэтага сказаць. Мой сын, можна сказаць, ужо немец. Ён не разумее нашых жартаў, ён крыху больш чэрствы ў параўнаньні са мной. Ён не ўяўляе жыцьця не ў Нямеччыне. Ён хоча зрабіць карʼеру тут. А я зьвязаныя зь ім. Характар Кірыла вельмі падобны на характар майго бацькі. Такія людзі, як мой бацька, вельмі рэдкія. Гэта асаблівыя, клясычныя людзі. Яны ніколі не сыходзяць, яны заўсёды застаюцца актуальнымі. Гэта сурʼёзныя барацьбіты за свой народ. Хай гэта гучыць патасна, але гэта патрыёты, адзінкі, якія нараджаюцца раз у стагодзьдзе.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG