Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэрсіі Лукашэнкі пра лёс зьніклых палітыкаў супярэчаць адна адной


Ілюстрацыйнае фота. Партрэты зьніклых Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара на акцыі ў гадавіну рэфэрэндуму-1996, 24 лістапада 2015 году
Ілюстрацыйнае фота. Партрэты зьніклых Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара на акцыі ў гадавіну рэфэрэндуму-1996, 24 лістапада 2015 году

Лукашэнка вылучае адразу некалькі вэрсій пра лёс зьніклых палітыкаў, якія супярэчаць адна адной.

Сьцісла:

  • Кіраўнік Беларусі катэгарычна адрынае сваю датычнасьць да зьнікненьня ў 1999 годзе апазыцыянэраў, якія дамагаліся ягонай адстаўкі (экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Беларусі Віктара Ганчара і бізнэсоўцы Анатоля Красоўскага) і тлумачыць гэта найперш рацыянальнымі аргумэнтамі.
  • За 20 гадоў пасьля зьнікненьняў Лукашэнка вылучыў некалькі вэрсіяў таго, што стала з гэтымі людзьмі. Праўда, яго меркаваньні чамусьці ўвесь час мяняюцца, яны ўзаемавыключаюць адно аднаго.
  • Лукашэнка заявіў Венядзіктаву, што даў заданьне Сьледчаму камітэту дамагчыся вяртаньня ў Беларусь Юрыя Гараўскага, каб тут яго дапытаць. Аднак Сьледчы камітэт Беларусі пакуль ніяк не камэнтуе гэтую справу.

Можна сказаць, што на пытаньне журналіста Аляксея Венядзіктава пра зьніклых палітыкаў у зьвязку з прызнаньнямі Юрыя Гараўскага Аляксандар Лукашэнка прарэагаваў традыцыйна, як ён звычайна рэагуе на гэтую тэму. Найперш, кіраўнік дзяржавы быў раздражнёны, згаданая тэма яго моцна чапляе, ён пра яе ня можа разважаць спакойна.

Зразумела, Лукашэнка адразу адрынае сваю датычнасьць да гэтых зьнікненьняў. І тлумачэньне вельмі цікавае. Ён зьвяртаецца ня столькі да маральных аргумэнтаў, колькі да рацыянальных.

Першы аргумэнт: «Навошта мне гэта было патрэбна? Што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек?». То бок, паводле Лукашэнкі, ніякай небясьпекі Юры Захаранка і Віктар Ганчар для ўлады не ўяўлялі.

Другі аргумэнт. «Я — палітык, а якімі яны былі палітыкамі?» Тут гучыць непрыхаваная крыўда. Усім жа даўно вядома, што ў Беларусі ёсьць толькі адзін палітык. І ўсе, хто яшчэ спрабуюць прэтэндаваць на такі статус, — самазванцы.

Трэці аргумэнт усё ж больш маральны: «Віця Ганчар быў маім добрым прыяцелем і сябрам, мы ў адным парлямэнце былі. Ня толькі ў лазьню хадзілі». Наконт лазьні згадка цікавая. Бо Ганчар зьнік якраз пасьля выхаду з лазьні.

Ня менш знамянальныя вэрсіі Лукашэнкі пра лёс зьніклых палітыкаў. Паказальна, што праваахоўныя органы на ўсе заявы іх сваякоў афіцыйна і стандартна адказваюць: сьледзтва не дало вынікаў, і што зь імі сталася, невядома.

Аднак з заяваў самага Лукашэнкі вынікае, што ў яго больш інфармацыі, чым у пракуратуры, — ён праяўляе пэўную дасьведчанасьць пра іх лёс. «Захаранка зьвязаўся зь бізнэсам ва Ўкраіне — узяў вялізныя грошы і не вярнуў. Самае цікавае, гадоў 7-8 гадоў таму іх сфатаграфавалі ў Нямеччыне. Мы запыт даслалі, дык нічога не далі», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Варта адзначыць, што за 20 гадоў пасьля зьнікненьняў палітыкаў Лукашэнка вылучыў некалькі вэрсіяў таго, што зь імі стала. Праўда, ягоныя меркаваньні чамусьці ўвесь час мяняюцца, яны ўзаемавыключаюць адно аднаго.

Вэрсія першая: іх забілі самі апазыцыянэры. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году Лукашэнка казаў: «Мы ўжо іх цяпер, асабліва лідэраў, так аберагаем, каб нешта ня здарылася перад выбарамі. Яны ж адзін аднаго застрэляць, як гэта ў іх вось з гэтымі „скрадзенымі“, якія зьніклі, зьніклі ўжо. У іх трэба шукаць канцы, дзе гэтыя людзі, і жывыя яны, не жывыя» (СНплюс. Свободные новости плюс. 2006, № 10).

Вэрсія другая: яны сталі ахвярай крымінальных разборак. «Грошы апазыцыя брала і ў Захаду, і ў крыміналу. Зараз зьнікаюць апазыцыянэры — то адзін, то другі, і ўсё абвінавачваюць прэзыдэнта ў тым, што ён кудысьці іх хавае. Не, хлопцы: браў у крыміналу грошы, і іх трэба аддаваць, калі ты не рэалізаваў абяцанае... Я баюся, што можа адбыцца непапраўнае з гэтымі апазыцыянэрамі». (Белорусская деловая газета, 1999, 5 ліпеня).

Яшчэ сюжэт з інтэрвію Лукашэнкі на гэтую тэму: «На самай справе ў двух выпадках — гэта забойства на камэрцыйнай глебе, — абяцалі купіць, прадаць, не стрымалі абяцаньне і былі забітыя, як гэта водзіцца ў паўбандыцкім асяродзьдзі. Сьлед забойцаў нядаўна выяўлены ў Нямеччыне». (Завтра, 2009, 10 чэрвеня).

Вэрсія трэцяя: «Юры Захаранка з грашыма апазыцыі хаваецца ва Ўкраіне». (Шеремет П., Калинкина С. Случайный президент. Ярославль, 2003, с. 186).

Вэрсія чацьвёртая: сьлед зьніклых палітыкаў цягнецца ў Нямеччыну. Пра гэта беларускі кіраўнік заяўляў неаднаразова. І кожны раз нямецкая паліцыя праводзіць дбайную праверку і афіцыйна абвяргае. У 2003 годзе амбасада Нямеччыны ў Беларусі нават выказала зьдзіўленьне з нагоды такіх заяваў. (Народная воля, 2003, 28 октября). Тым ня менш, Лукашэнка і цяпер працягвае настойваць на гэтай вэрсіі.

Такім чынам, адразу некалькі вэрсій, якія супярэчаць адна адной. То яны забітыя, то яны хаваюцца ў Нямеччыне (ва Ўкраіне), то іх забойцы выяўленыя ў Нямеччыне.

Лукашэнка заявіў Венядзіктаву, што даў заданьне Сьледчаму камітэту дамагчыся вяртаньня ў Беларусь Юрыя Гараўскага, каб тут яго дапытаць. Аднак Сьледчы камітэт пакуль ніяк не камэнтуе гэтую справу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG