Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла


Юры Гараўскі. Фота: Deutsche Welle
Юры Гараўскі. Фота: Deutsche Welle

Deutsche Welle апублікавала відэа, ў якім 41-гадовы Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», распавёў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе.

Тады ў Беларусі зьніклі былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка, былы віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар і ягоны сябра бізнэсовец Анатоль Красоўскі.

Гараўскі сьцьвярджае, што іх выкралі і забілі байцы спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (СОБР) Унутраных войскаў МУС Беларусі пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі. У іх ліку нібыта быў і сам Гараўскі. Мужчына, які знаходзіцца ў альпійскім рэгіёне адной зь нямецкамоўных краінаў, сказаў, што можа паказаць месцы іх пахаваньняў на мапе. Ён таксама кажа, што забіваў асабіста Паўлічэнка.

У DW адзначылі, што іх журналісты праверылі зьвесткі, выкладзеныя Гараўскім, наколькі гэта было магчыма.

Экс-камандзір СОБРу Дзьмітры Паўлічэнка адхіліў абвінавачаньні ў выкраданьні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Паводле Паўлічэнкі, Гараўскі ў 1999 годзе «сядзеў». Пры гэтым можа быць, хтосьці [з байцоў СОБРу] там чымсьці гэтым займаўся.

Свабода пераказвае зьмест асноўных прызнаньняў Юрыя Гараўскага.

  • Нядаўна ён трапіў у аўтамабільную аварыю ў Беларусі. Ён ўпэўнены, што гэта быў замах, таму ўцёк зь Беларусі ў кастрычніку 2018 году і папрасіў палітычнага прыстанішча.
  • Ён асабіста ўдзельнічаў у выкраданьнях і забойствах, калі служыў у спэцыяльным атрадзе хуткага рэагаваньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Ён кажа, што служыў пасьля войска, з 1999 па 2003 год, быў намесьнікам камандзіра групы.
  • Гэта адбывалася на вусны загад. Ніякіх пісьмовых дакумэнтаў не было.
  • 7 траўня 1999 году байцы спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі выкралі ў цэнтры Менску былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку.
  • Перад выкраданьнем за Захаранкам прыблізна паўтара тыдні сачыла група з васьмі чалавек на вусны загад Паўлічэнкі.
  • «Мы селі ў дзьве машыны — BMW 525 чырвонага колеру і Opel Оmega цёмнага колеру — і рушылі ў раён вуліцы Варанянскага. Мы ведалі, дзе Захаранка паставіць сваю машыну і колькі мэтраў яму ісьці ад стаянкі дахаты».
  • Чатыры байцы атраду спынілі яго па дарозе дадому, назваўшыся супрацоўнікамі міліцыі. Захаранка быў без аховы, адзін.
  • «Я з Паўлічэнкам быў у машыне, плюс яшчэ сядзелі Барадач Юра і Шкіндзераў Сяргей. У другой машыне — Карповіч Дзіма, Наваторскі, Кажэўнікаў, Панкоў і Румянцаў Лёша. Румянцаў і Карповіч сталі ў пачатку і канцы дома. Я і Шкіндзераў — мы былі вышэйшыя — калі даведаліся, што Захаранка прыпаркаваўся і пайшоў у бок дому, пайшлі за ім. А Кажэўнікаў і Панкоў пайшлі яму насустрач».
  • Захаранка не супраціўляўся. Ён нібыта толькі сказаў выкрадальнікам у машыне: «Зрабіце так, каб не было балюча».
  • Захаранку прывезьлі на вучэбную базу ўнутраных войскаў ў раёне Валоўшчыны пад Менскам. Яго забілі са спэцыяльнага пісталета з глушыльнікам для выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі. Мадэль пісталета ў відэа не называецца. У тэкставым інтэрвію Гараўскі кажа, што страляў асабіста Паўлічэнка, было два стрэлы ў раён сэрца, Захаранку яшчэ ў машыне надзелі на галаву «балдахін», які закрываў вочы.
  • Перад сьмерцю Захаранку не катавалі.
  • Пасьля забойства цела Захаранкі адвезьлі ў Менск. На Менскай кальцавой аўтамабільнай дарозе машына завярнула ў бок Паўночных могілак. Камандзір атраду Дзьмітры Паўлічэнка завёз цела ў крэматорый. Што адбылося зь целам далей — невядома.
  • «Байцы — мы выканаўцы, мы затрымлівалі. Ня мы націскалі на спускавы кручок. Ня мы выконвалі загад аб ліквідацыі. Гэта рабіў Паўлічэнка. Ён націскаў на спускавыя кручкі».
  • Былого віцэ-сьпікера парлямэнту Віктара Ганчара трэба было зьліквідаваць, бо ў яго быў кампрамат на Лукашэнку.
  • Ганчара і ягонага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, выкралі 16 верасьня 1999 году каля лазьні на вуліцы Фабрычнай у Менску. Іх забілі у лесе каля базы «СОБРу» паміж Бегамляй і Докшыцамі.

  • Усяго нас было восем чалавек. Я і Панкоў працавалі з Ганчаром, а Барадач і Кажэўнікаў — з Красоўскім. Я дастаў з бардачка спэцыяльна узяты мэталічны ланцуг — сантымэтраў 50 даўжынёй. Кажу: «Паныч, калі будзеш за дзьверы тузаць — пачакай, я разаб’ю шкло, і потым ты тарганеш дзьверы»
  • «Ганчар і Красоўскі апошнімі выйшлі з лазьні, селі ў машыну. Вуліца цёмная, там ліхтароў няма, людзей не было — мы кантралявалі. І калі пайшоў рух іх машыны, мы перакрылі дарогу. Я зрабіў літаральна два крокі, разьбіў шыбу і ланцугом пацэліў у губу і пераносьсе Ганчару. Панкоў адчыняе дзьверы, я гэтым ланцугом бяру Ганчара на задушку, дастаю яго з машыны, кладу на зямлю».
  • У тэкставым інтэрвію Гараўскі кажа, што і Ганчара, і Красоўскага забіў асабіста Паўлічэнка, зрабіўшы па два стрэлы ў сэрца.
  • Іхныя рэчы спалілі і пахавалі разьдзетыя целы ў загадзя падрыхтаванай яме. Яма была глыбокая, 4-5 мэтраў. У Ганчара на адной назе не хапала двух пальцаў.
  • За выкраданьне і забойства Ганчара і Красоўскага байцам далі па 1000 даляраў.
  • Джып, на якім Ганчар і Красоўскі зьяжджалі з лазьні, раздушылі БТРам і закапалі.
Дзьмітры Паўлічэнка, адзін з галоўных падазраваных у выкраданьнях і забойствах
Дзьмітры Паўлічэнка, адзін з галоўных падазраваных у выкраданьнях і забойствах
  • Гараўскі кажа, што ня меў выбару. «Калі малады чалавек, калі аддаецца загад, ці ты ў сыстэме, ці ты па-за сыстэмай. Я здаваў сабе справу, што калі я іду да канца — я іду да канца. Калі я недзе спатыкнуся, я гэтак жа магу апынуцца на месцы Захаранкі».
  • «Я спачуваю, бо я ўдзельнік забойства. Прашу прабачэньня ў іх і магу паказаць месцы іх пахаваньня на мапе. А далей усё залежыць ад іх [сваякоў зьніклых] і ад беларускай праваахоўнай сыстэмы».
Кадры з фільму Deutsche Welle: схема ўдзельнікаў выкраданьняў і забойстваў, якую намаляваў Юры Гараўскі
Кадры з фільму Deutsche Welle: схема ўдзельнікаў выкраданьняў і забойстваў, якую намаляваў Юры Гараўскі

Былы спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Хрыстас Пургурыдэс:

  • Крымінальную справу аб зьнікненьні палітыкаў ніколі не закрывалі. Справу закрыюць пасьля належнага расьсьледаваньня, калі стане вядома, што адбылося са зьніклымі людзьмі. Немагчыма, каб гэтыя выкраданьні і забойствы адбыліся бяз згоды высокапастаўленых чыноўнікаў — і калі я кажу пра высокапастаўленых, я думаю пра прэзыдэнта Беларусі.
  • «„Эскадрон сьмерці“ паводзіць сябе так, быццам дзейнічае на ўказаньне дзяржавы. Менавіта таму яны выкарыстоўвалі афіцыйны расстрэльны пісталет, каб усё выглядала як афіцыйнае пакараньне».
  • «Мне здаецца, што дэмакратычныя краіны ў Эўропе ня прымуць Беларусь [у Раду Эўропы], пакуль яна не разьбярэцца са зьнікненьнямі і ня вырашыць іншыя праблемы, бо гэта не адзіная. Гэта толькі вяршыня айсбэргу — яна ўсім бачная, а большая частка хаваецца пад вадой».

Deutsche Welle: Мы ня можам праверыць зьвесткі, выкладзеныя Гараўскім.

Алена Захаранка, дачка Юрыя Захаранкі, пра Гараўскага: «Гэта ня ён, гэта ў ягонай асобе ўся сыстэма. Яму сказаць нічога немагчыма. Людзі залежныя ад гэтай сыстэмы, яна прымушае выконваць іх крывавыя злачынствы».

Дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэ Гатален: «Грамадзтва ня можа жыць у дабрабыце, ня ведаючы, што адбылося. Мы можам асуджаць пэўныя факты, але для пачатку мы павінны дакладна ведаць, хто за гэта адказны. Гвалтоўныя дзеяньні, якія прывялі да зьнікненьня людзей, — гэта спосаб схаваць праўду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG