Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы спэцназавец Гараўскі адказаў на абвінавачаньні ў хлусьні


Юры Гараўскі
Юры Гараўскі

Экс-баец спэцатраду МУС Беларусі, які прызнаўся ў саўдзеле ў забойствах крытыкаў Лукашэнка, расказаў «Нямецкай хвалі», як зьмянілася ягонае жыцьцё пасьля інтэрвію, і адказаў на словы Паўлічэнкі, што ён нібыта піў і сядзеў у турме.

У Беларусі бурна адрэагавалі на інтэрвію DW зь Юрыем Гараўскім, які называе сябе былым байцом спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (СОБР) унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь. Ён расказаў, што ў 1999 годзе на загад заснавальніка СОБРу падпалкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнкі ўдзельнічаў у выкраданьнях і забойствах апазыцыйных палітыкаў, якія дамагаліся адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Гэта былі экс-кіраўнік МУС Юры Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Беларусі Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі.

Паўлічэнка адмаўляе датычнасьць СОБРу да дагэтуль не раскрытых зьнікненьняў. У адказ на прызнаньні Гараўскага ён заявіў, што ў 1999 годзе той не служыў, а адбываў пакараньне за вымаганьне, і абвінаваціў яго ў п’янстве. Крыху пазьней ён забраў свае словы назад, заявіўшы, што ўсё пераблытаў і наогул ня памятае такога байца. DW спытала Юрыя Гараўскага пра яго ўласную рэакцыю на публікацыю і папрасіла пракамэнтаваць абвінавачаньні ў хлусьні.

DW: Якія пачуцьці ў вас выклікала публікацыя інтэрвію і фільма з вашым удзелам?

Юрый Гараўскі: Камень зваліўся з душы. Цяпер я магу дыхаць на поўныя грудзі і да канца ўжо ісьці, паказваць, што ўчыняла ўлада на загад Лукашэнкі. У любым выпадку ён быў у курсе усіх гэтых падзеяў.

— Вы папрасілі прыстанішча ў эўрапейскай краіне. Як паўплываў выхад фільма на стаўленьне да вас у інтэрнаце для ўцекачоў?

— Да мяне і так тут добра ставіліся, таму што я не парушаю законаў, вучу мову, працую, гэта значыць мяне са станоўчага боку характарызуюць. Але пасьля выхаду фільма і інтэрвію адміністрацыя стала да мяне яшчэ больш ляяльнай. Мне сказалі, што цяпер засталося толькі чакаць (рашэньня наконт хадайніцтва аб даваньні прыстанішча. — DW).

— Якой была рэакцыя вашых знаёмых і сяброў?

— Для маіх блізкіх і знаёмых гэта было як халодны душ.

— У адказ на ваш аповед пра дачыненьне СОБРу да забойстваў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага Дзьмітры Паўлічэнка сказаў, што вы былі дрэнным салдатам, займаліся вымаганьнем і ў п’яным выглядзе трапілі ў аўтакатастрофу. А калі журналісты патэлефанавалі яму другі раз, ён ужо заявіў, што ўсе пераблытаў і ніякага Гараўскага ня памятае. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?

— Я ня ведаю, чаму Паўлічэнка так аднекваецца ад мяне. Але я вам магу сказаць адно. Я пачынаў праходзіць тэрміновую службу ў вайсковай частцы 3214, у трэцяй роце першага батальёна. На той момант першай ротай у батальёне камандаваў менавіта Паўлічэнка. Потым ён пайшоў на павышэньне ў глаўк в/ч 5448, і камандзірам стаў старшы лейтэнант Мікша. Пад яго камандаваньнем я адслужыў тэрміновую службу і вясной, у траўні месяцы, я да Мікшы падыходзіў і казаў: «Дзьмітры Яўгенавіч, у мяне на грамадзянцы пэрспэктыў асаблівых няма, можна, я ў вас застануся тут у частцы?» Ён сказаў: «Так, падыдзі да Паўлічэнкі».

Так я пазнаёміўся з Паўлічэнкам, ён мне сказаў заставацца. І з таго моманту мы зь ім пачалі мець кантакты. Натуральна, ён назіраў за мной, за маімі учынкамі, як я фізычна падрыхтаваны, маральна ўстойлівы, якія ў мяне дадзеныя.

З нагоды таго, што я бухаў: я ніколі ў жыцьці не напіваўся так, каб ня памятаць нічога. Я катэгарычна (зн. кепска. — DW) стаўлюся да сьпіртнога, таму што, калі я перапіваю, у мяне пачынаюцца «верталёцікі», я пачынаю абдымаць «белага сябра», то бок унітаз, мне становіцца дрэнна. Я адзін раз паспрабаваў, запомніў гэтыя адчуваньні і не хачу паўтараць. Так што я непітушчы, і тое, што я бухаў тыднямі, — гэта усё няпраўда.

— А што наконт слоў Паўлічэнкі, што вы трапілі ў аўтакатастрофу ў п’яным выглядзе, у той час як вы кажаце, што гэта было замах?

— Я ня мог у п’яным выглядзе садзіцца за руль, — гэта раз. Я працаваў у людзей, ехаў на службовай машыне, там дарога паварочвала направа. І ў мяне на хуткасьці ўляцела фура. Наступствы вы ведаеце — трэпанацыя чэрапа, пералом хрыбетніка, пералом вэртлужнай упадзіны нагі.

Мая былая жонка патэлефанавала аднаму зь людзей у атрадзе, сказала, што Юра трапіў у аўтакатастрофу. У той жа дзень Паўлічэнка прыехаў з галоўным урачом шпіталя МУС. Там жа ў 9-м шпіталі (у Менску. — DW) сабралі кансыліюм лекараў, але чакалі заканчэньня апэрацыі. І калі апэрацыя скончылася, загадчык дзіцячай нэўралёгіі сказаў: «Ён не транспартабэльны, таму застаецца тут, у 9-м шпіталі на Сямашкі». І я застаўся пад кантролем, скажам так, структуры зьверху.

— Паўлічэнка таксама сказаў, што вы нібыта былі асуджаны за вымаганьне. Гэта праўда?

— Крымінальная справа была.

— Але ж да гэтага вы казалі нам, што не былі асуджаныя.

— Я тады вырашыў змаўчаць пра гэта. Але сёньня бачу, што ўсё маё жыцьцё, уся бялізна навыварат.

— Што менавіта адбылося?

— Я і Будзько пад’ехалі да знаёмых Паўлічэнкі на яго просьбу, сказалі, што мы ад яго. Яны нам патлумачылі ўсю сытуацыю, ну і мы пачалі разьбірацца. Там людзі павінны былі, груба кажучы, за 25 тысяч долараў. Яны ў адказ напісалі заяву, што ў іх вымагаюць грошы, і нас арыштавалі. Але нас выпусьцілі, справу перадалі ў вайсковую пракуратуру, і яна дайшла да суду. Па судзе ўсім прадпрымальнікам далі тэрміны. Уладзіміру Будзько далі тры гады хіміі, а мне чатыры гады.

— Дзе і як вы адбывалі тэрмін?

— Я б не хацеў пра гэта гаварыць. Але самае галоўнае — прысуд быў вынесены ў 2001 годзе. Пасьля забойстваў.

— Яшчэ раз: у 1999 годзе, калі зьніклі Захаранка, Ганчар і Красоўскі, вы сядзелі ў турме, як кажа Паўлічэнка?

— У 1999 годзе ў турме я не сядзеў. У маім вайсковым білеце стаіць: 1998/07/15 году прыняты на вайсковую службу па кантракце камандзірам в/ч 3214, нумар загаду 134 ад 1998/07/15. І ў выкраданьнях я ўдзельнічаў як кантрактнік першай роты в/ч 3214. Гэта значыць, СОБРу як такога (падчас выкраданьняў палітыкаў. — DW) яшчэ і не было, ён быў створаны задняй датай пасьля раненьня аднаго з байцоў. І мяне ў яго залічылі.

— Вялікі рэзананс выклікаў знойдзены журналістамі фатаздымак у газэце «СБ. Беларусь сегодня» за 2017 год, які пацьвярджае, што вы і Паўлічэнка былі знаёмыя. На ім паказаны ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды 20-годзьдзя асацыяцыі вэтэранаў падразьдзяленьняў спэцназу «Гонар». За трыбунай там стаіць Паўлічэнка, а вы ў трэцім шэрагу.

— Туды запрасілі вэтэранаў, якія былі на добрым рахунку. Усяго вэтэранаў у асацыяцыі, можа, каля тысячы. Але ёсьць тыя, хто на вельмі добрым рахунку, і іх запрашаюць і нават уручаюць падарункі. Мне таксама ўручылі. Павінны быць яшчэ фота (адтуль. — DW). У той дзень мы былі на трыбуне, а на пляцы былі паказальныя выступленьні сёмай роты вайсковай часткі 3214. Нас пачалі фатаграфаваць, калі большая частка вэтэранаў стаяла на трыбуне перад пляцам. (На гэтай фатаграфіі. — DW) я таксама ёсьць.

— У інтэрвію вы казалі, што не адчуваеце сябе ў бясьпецы, нават знаходзячыся ў Эўропе. А што цяпер, пасьля выхаду публікацый?

— Натуральна, я стаў больш баяцца. Я разумею, што знаходжуся тут пад абаронай. Але, дапусьцім, я выяжджаю кудысьці ў іншы горад — мала што можа здарыцца. Тым больш я зьвязваюся са сваімі роднымі па тэлефоне, зразумела, што тэлефон мой ведаюць і ўжо ведаюць, дзе я знаходжуся.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG