Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Барадач: За відэазапіс забойства Захаранкі хацелі $200 000


Уладзімер Барадач
Уладзімер Барадач
Госьць «Начной Свабоды» — былы камандзір брыгады спэцназу, палкоўнік Уладзімер Барадач, які заявіў, што гатовы купіць відэазапіс забойства Юрыя Захаранкі. Уладзімер Барадач сьцьвярджае, што бачыў фрагмэнты гэтага запісу.

Слухаць гутарку:



Уладзімер Барадач: Я сустрэўся з групай людзей — 2-3 чалавекі, якія, безумоўна, папярэдне вывучалі мяне на прадмет сувязі з КДБ, маёй адкрытай пазыцыі ў адносінах да рэжыму. Сустрэчы гэтай папярэднічалі ліставаньне і абмен інфармацыяй. Сустрэча адбылася каля Камароўкі, яны пераканаліся, што за мной няма «хвастоў», мне паказалі чалавека ў мэблевай краме, за якім я пайшоў, і праз запасны выхад з крамы мы выйшлі на Камароўскі рынак. Мы мелі 3–4 хвіліны там. Ён паказаў мне два кадры.

Ганна Соўсь: Якая была вашая пасада на той момант? Які гэта год ды месяц?

Барадач: Гэта быў 2003 год. На самым пачатку 1992 году я напісаў рапарт і быў звольнены з Узброеных сілаў — я служыў, калі мы прымалі прысягу на вернасьць дэмакратычнай Рэспубліцы Беларусь. У 93-м я ўжо быў вайсковым пэнсіянэрам, удзельнічаў ува ўсіх мерапрыемствах палітычнага маштабу, пасьля разам зь Юрыем Захаранкам мы стваралі Саюз афіцэраў, я быў начальнікам штабу, ён — старшынём. Пасьля працаваў у камісіі па зьнікненьні палітычных апанэнтаў Лукашэнкі.

Соўсь: Давайце вернемся да падзеяў 2003 году...

Барадач: Гэта было бліжэй да восені. Кадры мне паказалі на відэакамэры. Там я пабачыў Захаранку, ён сядзеў на крэсьле і казаў: «Вы выконваеце злачынны загад, вы адкажаце перад законам». Я дакладна не магу згадаць. З рота ў Захаранкі ішла нейкая пена ці кроў. Той хлопец выключыў камэру і паведаміў мне, што пасьля Захаранку расстралялі, адсеклі кісьці рук і катавалі — усё здымалася на відэа. Мне была паказаная копія. Затым хлопец урубіў яшчэ адзін кадар, на якім я пачуў галасы тых ашалелых хлопцаў: «Імем прэзыдэнта і галоўнакамандуючага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі…» На гэтым моманце мой суразмоўнік выключыў камэру і сказаў: «Калі ёсьць неабходнасьць, за гэты запіс — 200 тысяч даляраў. Пагаварыце зь людзьмі». Я адказаў, што будзем падтрымліваць сувязь, прыйдзе час, калі гэтыя запісы, магчыма, спатрэбяцца. Я так сказаў, што ў мяне шмат было рознага кшталту прапановаў і правакацыяў — да гэтага і пасьля гэтага. То бок мяне хацелі, як і Захаранку, справакаваць на арганізацыю гэтай змовы, перавароту.

Соўсь: Спадар Уладзімер, якая агульная працягласьць тых кадраў, што вы бачылі?

Барадач: Мы размаўлялі фактычна хвіліны 2-3. Яны хутка паказалі тавар, і ўсё. Калі б іх нават проста ўбачылі са мной, то іх, зьвязаных са спэцслужбамі, хутка б раскруцілі. Гэта было вельмі небясьпечна для іх. Але я не магу дакладна сказаць, хто былі тыя людзі, з кім у мяне адбылася сустрэча.

Соўсь: Ці не было ў вас адчуваньня, што да ўбачаных вамі кадраў ужываўся мантаж?

Я пазнаў Захаранку і чуў яго голас. Гэта быў не двайнік.
Барадач: Я пазнаў Захаранку і чуў яго голас. Гэта быў не двайнік. Безумоўна, я ставіў усё гэта пад сумнеў — мяне правяралі, наколькі я глыбока капаю і ці зьвязаны я зь нейкімі структурамі, якія насамрэч могуць заплаціць гэтыя грошы. Ці гэта проста правакацыя.

Соўсь: А запіс быў чорна-белы ці каляровы?

Барадач: Каляровы, але цьмяны, не хапала сьвятла.

Соўсь: Што вы можаце адказаць людзям, якія пішуць вам камэнтары на сайце "Беларускі партызан", сумнеючыся, што гэтая стужка існуе? Маўляў, вы гэтага запісу ня бачылі.

Барадач: Сярод іх шмат тых, хто на службе і выконвае свой абавязак. Але іншых людзей я разумею: ня могуць нармальныя здаровыя людзі паверыць, што вось так можна забіваць, здымаць і рабіць відэасправаздачы. Лічылася, што Захаранка здрадзіў гэтаму чалавеку, і ўсё гэта мусіць быць вельмі павучальна. Здаровыя людзі мусяць выказваць гэтыя сумненьні, але ў той самы час яны мусяць верыць — безумоўна, не на словах, — тым падзеям, якія адбыліся пасьля ў працэсе расьсьледаваньня.

Соўсь: Мінула 7 гадоў з таго часу, калі адбываліся гэтыя падзеі. Чаму менавіта цяпер, перад выбарамі, вы публічна ўздымаеце гэтае пытаньне? Чаму яно не паўстала раней?

Барадач: 2003 год. Пазыцыі Лукашэнкі вельмі моцныя. Вельмі моцная расейская падтрымка. У мяне былі сумневы наконт гэтага запісу. Але пасьля гінулі людзі, зьвязаныя з гэтай справай — гэта іншая тэма для размовы. Каму прад’яўляць гэтыя матэрыялы? Расейскаму боку? А раптам яны сумесна праводзілі апэрацыю? Цяпер я адмаўляю ўдзел расейскіх спэцслужбаў, бо яны пачалі расьсьледаваць гэтую справу, агучваць яе. А тады было вельмі цяжка вызначыць: каму несьці тыя запісы? Хто ў іх зацікаўлены? Дагэтуль не знайшлося нікога, хто б прафінансаваў куплю гэтага запісу. Усе чакаюць нейкага Робін Гуда.

Соўсь: Цяпер вы заяўляеце, што гатовы купіць гэты запіс?

Барадач: І другую інфармацыю, якая выкрывае рэжым, таксама.

Соўсь: Зьявіліся людзі, якія могуць гэта прафінансаваць?

Барадач
: Гэтае пытаньне апусьцім.

Соўсь: Вы адчуваеце сябе ў бясьпецы?

Барадач: Гэты бок не адказвае за бясьпеку. Але я не перажываю за гэта — я ўжо пажыў. Шкада сям’ю. Сына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG