Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу сустрэцца з Паўлічэнкам. Адзін і бяз зброі». Палкоўнік Алкаеў пра Гараўскага-баландзёра на Валадарцы і новыя факты


Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

Палкоўнік Алег Алкаеў, колішні начальнік сьледчага ізалятару № 1 у Менску, пракамэнтаваў заяву «былых саслужыўцаў» спэцназаўца Юрыя Гараўскага, які прызнаўся ва ўдзеле ў забойствах апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

У звароце на сайце асацыяцыі вэтэранаў спэцназу «Честь» «былых саслужыўцаў Гараўскага» сьцьвярджаецца, што ў канцы 1999 году былога спэцназаўца затрымалі «за вымаганьне ў цывільных асобаў буйных сумаў грошай спосабам, небясьпечным для жыцьця». Справу нібыта разглядаў вайсковы трыбунал, па выніках якога Гараўскага асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волi. Адбываў ён пакараньне ў СІЗА № 1, дзе, як гаворыцца на вэтэранскім сайце, трапіў пад заступніцтва начальніка ўстановы Алега Алкаева.

Свабода зьвярнулася па камэнтар да ключавага сьведкі ў справе зьніклых, аўтара кнігі «Расстрэльная каманда» палкоўніка Алега Алкаева.

У 2001 годзе Алкаеў заявіў, што ў 1999 годзе на загад тагачаснага кіраўніка МУС Юрыя Сівакова ён азнаёміў з працэдурай выкананьня сьмяротнага прысуду камандзіра спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня ўнутраных войскаў МУС Дзьмітрыя Паўлічэнку. У тым жа годзе Алкаеў двойчы на асабістае ўказаньне міністра выдаваў спэцыяльны пісталет ПБ-9, прызначаны для выкананьня сьмяротных прысудаў. Пазьней, супаставіўшы даты, ён выказаў здагадку, што з гэтага пісталета былі забітыя Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Алкаеў апублікаваў у апазыцыйным друку інтэрвію і дакумэнты. У 2001 годзе Алкаеў атрымаў палітычны прытулак у Нямеччыне.

Сьцісла:

  • У мяне ёсьць тры сьведкі, якія мне ўсё распавядуць — Паўлічэнка, Шэйман і Сівакоў.
  • Гараўскі быў вайскоўцам унутраных войскаў, а гэта не заахвочвалася ў камэрах. Можа, нехта папрасіў за яго, ня ўспомню. Тое, што ён у гаспадарчай абслузе быў, гэта я ведаю.
  • Ты хадзіў, 20 гадоў насіў таямніцу. Чаму ты не раскапаў? Хаця б адну костачку дастаў, нейкую дэтальку...
  • У мяне ёсьць новая інфармацыя, але гэта для суду. Сьведкі новыя ёсьць. Ён назваў 14 прозьвішчаў, зь іх 8 я ведаю, я зь ім кантактаваў.
  • Пажадайце здароўя Дзіму Паўлічэнку, каб ён дажыў да сустрэчы са мной

«Ён працаваў у гаспадарчай абслузе на тэрыторыі турмы»

— Ці можаце вы пацьвердзіць альбо абвергнуць заяву былых спэцназаўцаў (імёны свае яны не назвалі), што ў СІЗА № 1 Гараўскі трапіў пад ваша заступніцтва?

— Я не магу ні адмаўляць, ні пацьвярджаць. Што такое турма? Там сядзіць ад дзьвюх да пяці тысяч чалавек. Я ж не магу пра ўсіх ведаць. Можа быць, я яго бачыў. Найхутчэй ён працаваў у гаспадарчай абслузе на тэрыторыі турмы. Я ўсіх не магу ведаць.

Я атрымліваў апэратыўную інфармацыю, але ня ведаў, ад каго яна сыходзіць. Гэта таксама была не мая справа. Я чытаў пра забойства ды іншае. Расьпісваўся. Інфармацыя ішла па запыту з КДБ, МУС, Камітэту па арганізаванай злачыннасьці. 225 камэраў у СІЗА, і на кожную прыходзіць апэратыўная інфармацыя.

Звар’яцееш, калі будзеш унікаць, чытаць. Я спыняўся на тым, ці ёсьць намеры пра ўцёкі, напад. А хто каго забіў, зарэзаў, закапаў, ніколі ўвагі не зьвяртаў. Гэта справа міліцыі, КДБ ды іншых. Можа, гэта быў мой мінус, але мне гэта было ня важна. Уцёкі, напады — гэта была мая справа.

— Вы казалі, што Гараўскі мог быць на гаспадарчых працах. Ён мог туды трапіць таму, што раней быў у сілавых структурах, у міліцыі?

— Ён ня быў ніякім міліцыянтам. Ён быў вайскоўцам унутраных войскаў. Я скажу, што гэта не заахвочвалася ў камэрах. Можа, нехта папрасіў за яго, я ня ўспомню. Тое, што ён у гаспадарчай абслузе быў, гэта я ведаю.

— Дык вы цяпер згадалі?

— Цяпер. Вы ня першая, хто мяне пытаецца. Я пасядзеў, паўспамінаў. Быў такі хлопец.

— Што яшчэ пра яго можаце згадаць?

— А нічога. Я зь ім асабіста не сустракаўся. Апэратыўнікі зь ім кантактавалі найхутчэй.

— А даты памятаеце?

— Ня памятаю. У гаспадарчай абслузе генэрал сядзеў адзін. Бібліятэкарам быў. І прозьвішча ня ведаю, толькі ведаю, што генэрал хадзіў, кніжкі раздаваў па камэрах. Як усіх успомніць?

— Якая спэцыфіка працы ў гаспадарчай абслузе?

— Нічога такога няма. Там нармальныя хлопцы. Працуюць. Іх называюць баландзёры. Бязь іх таксама не абыдзесься.

— Ці яны сядзяць у звычайных камэрах?

— Яны асобна сядзяць. Яны не арыштаваныя, а асуджаныя. У іх добрыя ўмовы. Яны ходзяць і кормяць людзей.

— Атрымліваецца, што Гараўскі быў баландзёрам на «Валадарцы»?

— Я сам ня памятаю, але па апошніх дадзеных... Мне сказалі, што быў баландзёрам. Не падумайце, што гэта нешта абразьлівае. Ня трэба ў дрэнным сэнсе гэтае слова ўжываць. Шчыра кажу, я яго не памятаю.

«Чаму ты не раскапаў? Хаця б адну костачку дастаў»

— Мы з вамі мінулы раз гутарылі адразу пасьля выхаду расьсьледаваньня DW. Час мінуў, вы больш уважліва ўсё вывучылі, прааналізавалі. Якія вашыя высновы цяпер?

— У мяне ёсьць пэўны працэнт недаверу да ўсёй гэтай балбатні. 20 гадоў насіць гэтае лайно ў душы, а потым узяць і расплёскаць на ўвесь белы сьвет... Я асабліва ня веру. Мне гэта асабіста і ня трэба. У мяне ёсьць тры сьведкі, якія мне ўсё распавядуць, — Паўлічэнка, Шэйман і Сівакоў. Усё. Больш мне ніхто не патрэбны. Пакуль Бог не дае зь імі сустрэцца. Яны мне ўсё раскажуць і пакажуць.

— Як вы лічыце, сьведчаньні Гараўскага шкодзяць ці дапамагаюць справе расьсьледаваньня справаў зьніклых? Ці проста ўвагу да яе ізноў прыцягваюць?

— Яны шкодзяць. Я патлумачу. Ты хадзіў, 20 гадоў насіў таямніцу. Чаму ты не раскапаў, хаця б адну костачку дастаў, нейкую дэтальку, спружынку. Прыехаў, усе расказаў, паказаў на карце. Цяпер сядзіць і чакае, як нехта паедзе капаць туды далей. Ён няслушна зрабіў. Я ня ведаў месца. Ведаў прыклада дзе. Але я не магу хадзіць з рыдлёўкай па ўсёй Беларусі і нешта капаць. А ён ведаў і сядзеў. Чаго ж ты не раскапаў, не паказаў? Кавалак адзеньня ці чаго яшчэ. Ня так глыбока і было закапана. Нічога не зрабіў. Прыехаў, мапу намаляваў. Памятаеце, былі бягомельскія раскопкі. У 2001 годзе раскапалі, нічога не знайшлі. Таму я асабліва гэтаму хлопцу ня веру.

— Каму гэта трэба тады?

— Каму было ў 2001 годзе трэба, каб раскапалі ў Бегамлі? Усё зрабілі перад тэлекамэрамі, і аказалася, што наш бацька кругом чысты. Усё. Алкаеў хлусіць, іншыя хлусяць.

Чамусьці Гараўскі мяне не знайшоў. А мяне заходзяць многія тут. Усе, хто ў Нямеччыне ёсьць, усе мяне знаходзілі. А ён неяк аб’ехаў кругам і выскачыў. Ён нашкодзіў больш, чым зрабіў дабра. Гэта мае ключавыя словы.

— Але ж ён нейкая інфармацыяй валодае...

— Гэта не інфармацыя. Гэта балбатня. Якая гэта інфармацыя. Я ў вершах такую інфармацыю напішу. Якія факты, пра што ён гаворыць? Што забілі, а ён побач стаяў? Дзьве кулі ў сэрца. Ідзі правер. Яны крыху памяшаныя на сэнсацыі. А калі ў галаву была куля, што цяпер? Ня ён? Вы што такія наіўныя, спадарства.

«А ў мяне ёсьць новая інфармацыя, але гэта для суду»

— Ці да вас зьвярталіся прадстаўнікі спэцслужбаў, якія дапытвалі Гараўскага? Бо вы ключавы сьведка ў гэтай справе.

— Не. Я ўсё раней сказаў нямецкім спэцслужбам. Яны больш разумныя, чым нашыя спэцслужбы.

— А Deutsche Welle зьвярталася па камэнтар?

— Зьвярталіся. Яны крыху перасакрэцілі, казалі пра нейкую сэнсацыю, я пагадзіўся пагаварыць. Потым раптам спынілі ўсё. Мне гэта было нецікава, бо нічога новага не было. А ў мяне ёсьць новая інфармацыя, але гэта для суду, а не для размовы па тэлефоне. Сьведкі новыя ёсьць, ня ён жа адзін. Ён назваў сам 14 прозьвішчаў. Зь іх 8 я ведаю, я зь ім кантактаваў.

— Раскажыце больш падрабязна.

— Я пра гэта ніколі нікому не гаварыў і не скажу. Кантактаваў. У мяне нават пісьмовыя паказаньні ёсьць. Таму я ня буду нічога гаварыць. Гэта для суду трэба. А «лахмаціць» гэтую публіку не хачу.

— Дык значыць, людзі, якіх ён назваў, сапраўды маюць дачыненьне да гэтай справы?

— Некаторыя. Нехта побач стаяў, нехта бачыў, нехта чуў. Я з усімі імі кантактаваў.

— Афіцыйна?

— Чаму афіцыйна? Часам праз пасярэднікаў. Я не заўсёды сам кантактаваў.

— З гэтымі людзьмі, якіх называе Гараўскі?

— Так. Для мяне там нічога новага няма. Я проста не магу гэта публікаваць. Памаўчу.

«У мяне адна сустрэча будзе першая і апошняя — з Паўлічэнкам»

— Як я зразумела, вы са сваіх крыніцаў атрымалі пацьверджаньне, што на «Валадарцы» Гараўскі быў, і сапраўды ён быў асуджаны па крымінальным артыкуле...

— Ён там сядзеў. Я пакантактаваў са сваімі калегамі. Ён сядзеў у гаспадарчай абслузе. Сядзеў і сядзеў. Ён мне не гаварыў пра гэтыя свае прыгоды. Не гаварыў. Нават калі і гаварыў, то я б на гэта ўвагі не зьвярнуў, таму што шмат іншых справаў у мяне было. Я займаўся пытаньнямі забесьпячэньня ды іншымі.

— Алег Леанідавіч, давайце ўдакладнім. Вы кажаце, што ён вам не гаварыў. Да гэтага казалі, што зь ім не сустракаліся, ці сустракаліся, але не памятаеце.

— Што вы чапляецеся да словаў. Калі б ён прыйшоў да мяне, нейкую заяву напісаў, я б запомніў яго. Ён не прыходзіў, не пісаў... Ён проста вялікі хлопец такі быў. Я бачыў, што боўтаўся там хлопец здаровы... І ўсё. Што пра забойства... Пра забойства не гаварыў я зь ім.

— А калі ён зьявіўся ў фільме, ці вы пазналі яго? Ці суаднесьлі з тым, што было 20 гадоў таму?

— Як суаднесьці... Дваццаць гадоў мінула. Тады малады быў. Навошта мне гэта трэба. Важна, каб ён мяне пазнаў. Мне ён не патрэбны, я і цяпер зь ім не хачу бачыцца. Гэта для вас цікава. А для мяне даўно ўсё зразумела і вядома. У мяне адна сустрэча будзе першая і апошняя — з Паўлічэнкам. А гэтыя ўсё «шасьцёркі», якія пад ім хадзілі, гэта для вас. Вы імі займайцеся.

З Паўлічэнкам калі я сустрэнуся, там мы і разьбярэмся. Усё стане на месцы. Пажадайце здароўя Дзіму Паўлічэнку, каб ён дажыў да сустрэчы са мной, Я вельмі прашу яго.

— Паўлічэнка звольніўся з афіцыйнай фармулёўкай «па стане здароўя». Агучвалася пэўнымі крыніцамі інфармацыя пра яго сардэчную хваробу. Што вам вядома?

— Як вам сказаць. Дзіма даволі шчыльна акружаны. Яго беларусы баяцца. Я не разумею, чаму яны яго баяцца. Я яго не баюся. Я — хворы чалавек. Я хаджу з кійком. Я нікога і нічога не баюся. Яны ўсё баяцца. А вы падыдзіце і запытайце: «Дзіма, колькі табе жыць засталося?» Баяцца.

— Дык вы мелі зь ім калісьці даволі блізкія адносіны, добра ведалі адзін аднаго?

— Ёсьць людзі, якія побач жывуць, побач служылі. Ён жа не адзін у палку. Там шмат людзей. Мне гавораць. Нехта кажа, што шмат п’е, нехта яшчэ нешта. Я ж побач не стаяў. А пабачыцца хачу. Калі вы прывезяце яго ў Бэрлін, сядзем мы ўтрох, тады атрымаецца добрае інтэрвію.

Зрабіце мне канфэрэнцыю з Паўлічэнкам ў Празе, у Варшаве, дзе заўгодна. Я прыеду, прыпаўзу. Дзіму і Сівакова запрасіце. Скажыце, што Алкаеў памірае. Давайце паразмаўляем адкрыта. Зь Сіваковым менш хачу, а з Паўлічэнкам гатовы хоць сёньня сустрэцца на нэўтральнай тэрыторыі. Адзін і бяз зброі. Так і напішыце.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG