Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не давярай надвор’ю і тым, хто побач». Нечаканыя парады інструктаркі безаварыйнага кіраваньня


Марыя Вашкевіч і кот Шлёма.
Марыя Вашкевіч і кот Шлёма.

Аўтамабіль — гэта касьцюм Жалезнага чалавека, які робіць нас мацнейшымі і больш абароненымі. У гэтым перакананая 38-гадовая маці траіх дзяцей Марыя Вашкевіч, кіроўца з 20-гадовым стажам, якая апошнія пяць гадоў працуе інструктаркай у Цэнтры контраварыйнай падрыхтоўкі кіроўцаў. Марыя мае дзьве вышэйшыя адукацыі — юрыста-міжнародніка і пэдагога-псыхоляга. Сваю цяперашнюю працу інструктаркі безаварыйнага кіраваньня лічыць надзвычай удзячнай. Мы сабралі 7 цікавых фактаў пра Марыю Вашкевіч і яе працу.

У Беларусі ў асабістай уласнасьці знаходзіцца больш за тры мільёны аўтамабіляў. Паводле Белстату, летась на адну тысячу жыхароў прыпадала 320 легкавых машын. У сярэднім ў 2018 годзе ў краіне штодня адбывалася каля 9 аварый. Паводле МУС, найчасьцей прычынай аварый было парушэньне правілаў праезду пешаходных пераходаў, найбольш небясьпечнымі зьяўляюцца ДТЗ з прычыны перавышэньня хуткасьці і выезду на сустрэчную паласу. На трэцім месцы — ДТЗ праз парушэньні правілаў абгону.

Лічыць сваю працу ўнікальнай, бо «няма канкурэнцыі, і ўсе ў захапленьні»

Марыя Вашкевіч
Марыя Вашкевіч

Пяць гадоў таму Марыя Вашкевіч скончыла курсы контраварыйнага ваджэньня і была настолькі гэтым захопленая, што пайшла працаваць у Цэнтар контраварыйнай падрыхтоўкі — спачатку адміністратаркай сацсетак, потым капірайтэрам, далей адміністратарам і ўрэшце інструктаркай.

— У нас у цэнтры дзьве інструктаркі. Акрамя контраварыйнага кіраваньня для прасунутых кіроўцаў, у нас ёсьць праграма і для пачаткоўцаў (а гэта пераважна дзяўчаты). Мы заўважылі, што ім псыхалягічна больш камфортна з жанчынамі працаваць. Мая праца вельмі цікавая і ўдзячная. Гэта ўнікальная прафэсія — канкурэнцыі няма, усе ў захапленьні, чаму б не працаваць. Мая другая вышэйшая адукацыя — пэдагог-псыхоляг. Атрымліваецца, што па ёй я тут і працую.

Жанчыны больш адказныя і схільныя вучыцца ў дарослым узросьце

Марыя Вашкевіч
Марыя Вашкевіч

Марыя адзначае, што многія людзі памылкова лічаць, што гэтыя курсы — для гоншчыкаў.

— Гэта нічога ня мае супольнага з экстрэмальным кіраваньнем. Праз гэтыя стэрэатыпы мяне многія спачатку адгаворвалі ісьці на такія курсы. На спартовае ківаньне больш хлопцы прыходзяць вучыцца, а на курсах контрааварыйнага кіраваньня для пачаткоўцаў адназначна больш дзяўчат. Можа, жанчын, у прынцыпе болей, бо яны больш адказныя і больш схільныя вучыцца, ужо будучы дарослымі.


Асноўны прынцып безаварыйнага кіраваньня — спачатку думка, потым позірк, далей цела

Марыя фармулюе пяць правілаў безаварыйнага ваджэньня:

  • Машына не сама па сабе едзе, машына — як касьцюм Жалезнага чалавека, гэта працяг кіроўцы. Яе можна і трэба адчуваць, хаця ў яе няма нэрвовых канчаткаў. На машыне трэба езьдзіць усім целам, як на ровары. Трэба кіраваць машынай як працягам сябе.
  • З гэтай галоўнай ідэі вынікае наступная — кіраваць машынай трэба позіркам. Спачатку абавязкова ідзе позірк, які накіроўвае цела, а потым ужо цела ўсьлед за галавой накіроўваецца.
  • Да павароту заўсёды трэба тармазіць на прамых колах, калі ўсе чатыры колы аднолькава трымаюцца за паверхню. У павароце, калі непазьбежна адбываецца крэн, мяняецца счапленьне з дарогай, і тармажэньне, калі больш сьлізкі паварот, можа прыводзіць да заносу.
  • Заўсёды трэба трымаць вялікую дыстанцыю. Гэта для кіроўцы і паласа разгону, і паласа тармажэньня, якая дазваляе лёгка і бясьпечна манэўраваць і мець вялікі агляд.
  • Паласу тармажэньня трэба загадзя выкарыстоўваць, параўноўваць хуткасьць пры зьмене палосаў, тармазіць плаўна загадзя, асабліва цяпер, калі сьлізка, каб заставаўся страховачны пуць.
  • Ня трэба спадзявацца, што заўсёды ўсё будзе добра. Ня трэба давяраць ані надворʼю, ані тым, хто побач. Гэта як пажарныя, якія ўвесь час чакаюць, што нешта адбудзецца. Яны — не параноікі, у іх праца — чакаць надзвычайнага здарэньня і імгненна рэагаваць на яго без гістэрыкі. Тое самае і кіроўца ўвесь час павінен чакаць, што нешта пойдзе ня так, і быць да гэтага гатовым.

Кіроўцы ў Беларусі перакананыя, што ім усе вінныя

Марыя ня лічыць беларускіх кіроўцаў агрэсіўнымі. Паводле яе, калі абагульняць, іх асноўная праблема палягае зусім у іншым:

— Беларусы — не агрэсіўныя па жыцьці, але яны езьдзяць з абсалютнай перакананасьцю, што ім усе вінныя, што ўсе мусяць ідэальна выконваць правілы, усё пасыпаць, усё адрамантаваць, каб вакол усё было ідэальна, прычым самі яны могуць парушаць і хітрыць. Як правіла, сярод беларускіх кіроўцаў няма злосных парушальнікаў, якія па 200 кілямэтраў на гадзіну разганяюцца. Гэта не пра нашых. Але пакрыху ўсе абавязкова хітруюць, пры гэтым калі сусед хітрыць, ці ДТЗ узьнікла, калі па абочыне ехаў, то абураюцца, як ён мог. Пры гэтым самі ж езьдзяць па той жа абочыне.

Калі здараецца аварыя з удзелам BMW, то не машына вінаватая, а кіроўца

Ёсьць стэрэатып пра маладзёнаў, якія ганяюць на BMW, прызнае Марыя.

— Гэта фундамэнтальная памылка атрыбуцыі, калі мы пачынаем ва ўсіх ДТЗ іх вінаваціць. Калі нейкая іншая машына трапіла ў аварыю, марку не называюць, а як толькі BMW і малады хлопец-кіроўца, адразу на гэта акцэнтуюць. Канечне, машыны з заднім прывадам набываюць найчасьцей маладыя хлопцы. Пэўны склад характару ў большасьці пакупнікоў BMW ёсьць, але гэта не абавязкова гэтая марка, гэта любая машына з заднім прывадам. З аднаго боку ёсьць падставы, а з другога боку не машына вінаватыя, а кіроўца.

Менск ня можа ўмясьціць бясконцую колькасьць аўтамабіляў

Марыя Вашкевіч
Марыя Вашкевіч

Марыя 20 гадоў езьдзіць за стырном і не ўяўляе сябе без машыны. Цяпер яна жыве ў вёсцы, таму машына ёй патрэбная абавязкова. Але калі раней жыла ў Менску, часта аддавала перавагу ровару. Марыя лічыць, што ў будучыні ў вялікіх гарадах мае быць добра разьвітая інфраструктура грамадзкага транспарту, пры якой машына з большага ня будзе патрэбная штодня.

— Менск непазьбежна прыйдзе да гэтага. Горад у нас плоскі, яго можа ўвесь праехаць на ровары. Я езьдзіла на ровары, калі жыла ў горадзе. Крута і клясна, калі людзі будуць адмаўляцца ад машын, бо горад ня можа ўмясьціць іх бясконцую колькасьць. Але машыны ня зьнікнуць, я перакананая.


Перад пешаходным пераходам трэба шукаць вачыма раварыста

Марыя Вашкевіч
Марыя Вашкевіч

Марыя прыводзіць статыстыку за 2019 год — у дарожна-транспартных здарэньнях загінула 759 чалавек. Многіх сьмерцяў можна было б пазьбегнуць, ведаючы, як езьдзіць без аварый. Адно з правілаў, якім вучыць Марыя, тычыцца раварыстаў, якіх у гарадах становіцца ўсё болей.

— Сваіх курсантаў я вучу езьдзіць праз пешаходны пераход па наступным прынцыпе — спачатку пашукаць вачыма раварыста, і ехаць толькі тады, калі яго ня знойдзеш. Ня так, што кіроўца едзе, кагосьці пабачыў і спыніўся. Роўна наадварот — спачатку пашукаць, не знайсьці і тады ехаць потым. Мая курсантка нядаўна ў Фэйсбуку напісала, што за тры гады пасьля курсаў яна ўсё ж «знайшла» свайго раварыста, які без усялякіх ліхтароў нёсься праз пешаходны пераход. Гэта вельмі прыемна, што веды, якія я даю, ратуюць людзей.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG