У судзе Цэнтральнага раёну Менску адбылося другое паседжаньне па крымінальнай справе супраць заснавальніка «Дарыды» Ўладзімера Дзялендзіка. Ня больш як праз гадзіну пасьля пачатку слуханьняў прынялі рашэньне — абвінавачанага амніставалі, піша Tut.by.
Суд спыніў крымінальную справу супраць Дзялендзіка паводле закону «Аб амністыі ў сувязі з 75-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Абвінавачаны трапляе ў катэгорыю асоб для вызваленьня бо дасягнуў агульнаўсталяванага пэнсійнага ўзросту — яму 66 гадоў.
Што адбылося?
Здарэньне адбылося 16 сьнежня 2018 году ў сталіцы на скрыжаваньні Нававіленскай і Арлоўскай вуліц. Уладзімер Дзяляндзік на аўтамабілі «Ягуар», не дачакаўшыся зялёнага сыгналу, выехаў на скрыжаваньне і сутыкнуўся з «Фальсквагенам-Туран». Ад удару «Фальксваген» перакуліўся на дах, 69-гадовая пасажырка ў ім загінула.
Дзялендзік знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе і належных паводзінах.
Што было на судзе?
Падчас першага судовага паседжаньня Дзялендзік прызнаў віну:
«Не ўцякаў, выклікаў міліцыю. Падышоў да перакуленага „Фальксвагена“ — у ім была жанчына. Яна ляжала галавой на асфальце, у яе цякла кроў», — казаў ён.
У загінулай было дзьве дачкі — Сьвятлана і Алена. Пацярпелай па справе праходзіла — Сьвятлана, яна давала паказаньні. Кіравала «Фальсквагенам» Алена, яна прысутнічала ў судовай залі але паказаньні не давалі.
Паводле Сьвятланы, абвінавачаны адразу пасьля аварыі папрасіў і іх прабачэньня, падтрымліваў і прапаноўваў дапамогу. Перад Новым годам ён перадаў двум сёстрам па 30 тысяч рублёў кожнай як матэрыяльную кампэнсацыю маральнай шкоды.
«У мяне дзіця інвалід, абвінавачаны ведае пра гэта і дапамагае нам матэрыяльна і зараз — перыядычна пералічвае грошы», — сказала Сьвятлана.
На судзе Сьвятлана адзначыла, што не хацела, каб суд наказаў Дзялендзіка строга і не заяўляла патрабаваньняў пра матэрыяльную кампэнсацыю маральнай шкоды.
Пасьля прысуду Дзялендзік паабяцаў журналістам «усё жыцьцё» дапамагаць пацярпелым.
«Я і камунікую зь імі наўпрост, не праз адваката, таму што гэта мая справа, мая віна, лічу, што пасярэднікі тут непатрэбныя», — сказаў Дзялендзік.
Хто такі Ўладзімер Дзялендзік?
Уладзімер Дзялендзік уваходзіць у топ-200 самых пасьпяховых і уплывовых бізнэсоўцаў Беларусі — 2018 па вэрсіі «Ежедневник». Сярод актываў бізнэсоўцы:
- «Дарыда»;
- вытворчасьць безалькагольных напояў у Менскім раёне;
- дыстрыбʼютарская дзейнасьць у Беларусі, Расеі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Казахстане, Азербайджане, Туркмэністане, Гішпаніі Марока.
Двойчы быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (2000-2008), мае падзякі Аляксандра Лукашэнкі за актыўны ўдзел у разьвіцьці спорту, узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу і ордэнамі сьвятога Кірылы Тураўскага і Крыжа Эўфрасіньні Полацкай, утрымліваў футбольную каманду «Дарыда».