З 5 па 13 сьнежня ў Менску пройдзе V Міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus. Сёлета тэмай фэстывалю стане «крохкае паняцьце свабоды, асабістай прасторы і нормы ўмяшаньня ў іх грамадзтва і дзяржавы». Усяго будзе прадстаўлена 25 фільмаў дакумэнталістаў з усіх кантынэнтаў.
У чым адметнасьці пятага фэстывалю, Свабодзе расказала яго арганізатарка Тацяна Гацура-Яворская.
1. Беларуская праграма з 8 дакумэнтальных стужак
Самая галоўная адметнасьць — сёлета ёсьць беларуская праграма, а таксама адукацыйная праграма для беларускіх рэжысэраў.
Пяць фільмаў прадстаўленыя ў конкурснай праграме:
- «Добрых дзяўчынак ня б’юць» Галіны Адамовіч;
- «Месца каханьня» Любові Зямцовай;
- «Стрыптыз і вайна» Андрэя Куцілы;
- «Мая Германія» Аляксандра Сьвішчанкова;
- «Подых балот» Ігара Чышчэні.
Тры фільмы беларускіх рэжысэраў — па-за конкурсам, у тым ліку стужка Віктара Корзуна «Быкаў. Вяртаньне».
2. Асобная прэмія для найлепшага беларускага рэжысэра-дакумэнталіста
Гэта народная прэмія — каго ўганараваць, будуць вырашаць гледачы, а не журы. Грошы на яе зьбіраюць на краўдфандынгавай плятформе «Талака».
На думку Тацяны Гацуры-Яворскай, сытуацыя з дакумэнтальным кіно ў Беларусі мяняецца да лепшага, зьяўляецца больш рэжысэраў, беларускіх дакумэнталістаў прызнаюць у сьвеце.
Але часьцяком на дакумэнтальнае кіно няма фінансаваньня, людзі здымаюць і ня ведаюць, чым гэта скончыцца, ці заўважаць гэтае кіно, шмат грошай укладаюць у пост-прадакшн. Гэтая прэмія вельмі важная — паказаць, што праца кінадакумэнталістаў патрэбная людзям.
3. Фэстываль у першую чаргу — грамадзкая ініцыятыва, а не культурная
Журналісты звычайна пішуць пра фэстываль як пра культурную зьяву. Але фэстываль дакумэнтальнага кіно Watch Docs Belarus — найперш пра правы чалавека. Гэта ня толькі кіно. Гэта дыскусіі, сустрэчы зь цікавымі людзьмі для таго, каб абмяркоўваць вострыя пытаньні. Таму фэстываль мае больш грамадзкае значэньне.
4. Зноў чакаецца шмат замежных знакамітасьцяў
У Менск прыедзе Брыджыт О’Шы, дырэктарка Лейпцыгскага фэстывалю DOK Leipzig, самай буйной індустрыяльнай плятформы ў Эўропе. Яна выступіць з практычнай лекцыяй «Індустрыя дакумэнтальнага кіно: чаканьне vs рэальнасьць».
Кіраўнік Бэлфасцкага фэстывалю Belfast Film Festival Марк Казінс прадставіць свой фільм «Атам», які быў прымеркаваны да 70-й гадавіны бамбардаваньня Нагасакі і прайшоў зь вялізарным посьпехам. Марк Казінс правядзе майстар-кляс.
Польскі рэжысэр Ян Блюз прывязе свой фільм «Падпольле надзеі» — пра праблемы ўжываньня марыхуаны ў мэдычных мэтах у Польшчы. Адбудзецца дыскусія на балючую і для беларусаў тэму.
Зноў госьцем фэстывалю будзе Лоўрэнс МакК’ёўн, ірляндзкі пісьменьнік, драматург, сцэнарыст, які ў 17 гадоў стаў добраахвотнікам Часовай Ірляндзкай рэспубліканскай арміі, быў арыштаваны і асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Тацяна Вадалаская правядзе зь ім адкрытае інтэрвію «Тэрапія мастацтвам: як шукаць выйсьце з сацыяльных канфліктаў».
5. Будзе вызначана антыпрэмія для беларускіх чыноўнікаў
Другі год запар Міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus абвяшчае антыпрэмію за самыя бязглуздыя і шкодныя для грамадзтва рашэньні беларускіх чыноўнікаў і дзяржаўных органаў. Летась пераможцамі антыпрэміі сталі Менскі райвыканкам і Сьледчы камітэт. Першы — за горадабудаўнічыя маніпуляцыі ў Бараўлянскім сельсавеце на фоне пратэстаў мясцовых жыхароў. Другі — за «справу БелТА».
Сёлета фэстываль Watch Docs Belarus пройдзе на трох пляцоўках — у кінатэатры «Мір», у Культурным цэнтры «Корпус» і Культурніцкай прасторы ОК16.
Уваход на паказы — вольны для ўсіх.