Беларускі сцэнарыст папулярных расейскіх кінастужак Андрэй Курэйчык даў вялікае інтэрвію ў праекце «Морква». Публікуем тэкставую вэрсію размовы. Поўная гутарка — у відэа.
Андрэй Курэйчык разам з сынам Глебам зьняліся ў якасьці актораў другога пляну ў мастацкай стужцы «Беларусьфільма» «Купала», выхад якой заплянаваны на лістапад 2020 году.
Нарэшце, адзначае Курэйчык, беларуская дзяржава датавала нацыянальнага кінавытворцу не для стварэньня чарговага фільму пра вайну і партызанаў, а на стужку пра жыцьцё народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У аднайменным фільме рэжысэра Ўладзімера Янкоўскага яго жыцьцё паказана на тле гістарычных падзей, празь якія праходзіць Беларусь на зломе 19 і 20 стагодзьдзяў.
«Фільм „Купала“ не акупіцца, але распачне новую эпоху ў гісторыі „Беларусьфільму“»
Сцэнарыст папярэджвае: байопік пра Купалу не акупіцца. Такі аб’ём беларускага кінарынку. Максымум, што можа прынесьці беларускі фільм на беларускім унутраным рынку, — каля 100 тысяч даляраў. Афіцыйны бюджэт фільму «Купала» — 1 мільён даляраў.
Аднак, на думку Курэйчыка, за мяжой стужка ня выкліча цікавасьці, будзе паказана толькі ў межах фэстывальных праграм.
«Наша дзяржава заўсёды ўкладала грошы ў кіно і заўсёды іх губляла. Я ня ведаю карціны „Беларусьфільму“ за 20 гадоў, якая б моцна акупілася. Але чым яны будуць траціць на „Мы, браты“ ці чарговы дурацкі сэрыял, няхай патрацяць грошы на культуру. Усё-ткі мы плацім падаткі для таго, каб у тым ліку разьвіваць нашыя мастацтва і культуру. Дагэтуль пра беларускіх пісьменьнікаў ніхто не здымаў нармальных фільмаў. Але ж хоць нешта павінна прапагандаваць беларускую культуру, беларускую мову і разуменьне нас, беларусаў, як самастойнай нацыі. Чаму гэтага ня можа рабіць кіно?»
«Патрэбны фільм пра 90-я, калі быў жывы Быкаў»
Андрэй Курэйчык — рэжысэр трох беларускіх фільмаў: «Вышэй за неба» (2012), «ГараШ» (2015) і «Party-zan фільм» (2016). Галоўныя героі гэтых кінастужак — маладыя людзі, нашы суайчыньнікі.
На думку суразмоўцы, у беларускай гісторыі і сучаснасьці ёсьць тры тэмы, патэнцыйна цікавыя для кінэматографу.
«Па-першае, гэта канец 80-х — пачатак 90-х. Калі ў самым росквіце быў Быкаў, калі было нацыянальнае адраджэньне, мянялася краіна і людзі пераходзілі на новы ўзровень мысьленьня. Другое: не раскрытыя многія вялікія людзі, якія вісяць дзесьці на плякатах, але пра іх мала ведаюць. Увогуле, мне не хапае біяграфічнага беларускага кіно. І трэцяе: маладыя людзі. Я заўсёды лічыў, што гэта самы цікавы аб’ект дасьледаваньня — беларуская моладзь, падлеткі, студэнты. Цікава, чым яны думаюць, куды глядзяць, наколькі адрозьніваюцца ад нас».
«Для кінатворчасьці ў Расеі больш свабоды, чым у Беларусі»
У Беларусі нацыянальныя кінапраекты маштабу «Купалы» зацьвярджае пэрсанальна Лукашэнка, кажа Курэйчык. Але гэта ня значыць, што тое самае ў Расеі робіць Пуцін.
«Прынамсі, да апошняга ў Расеі было больш свабоды. Таму Зьвягінцаў, Сакураў маглі здымаць на дзяржаўныя грошы, будучы людзьмі даволі апазыцыйна настроенымі, Балабанаў мог зьняць пра мянтоў. Увогуле там здымаецца шмат жорстка сацыяльнага кіно пра сучасную Расею».
Курэйчык тлумачыць гэта тым, што расейская кінасупольнасьць, у адрозьненьне ад беларускай, нашмат больш незалежная як фінансава (расейская кінавытворчасьць толькі на ўнутраным рынку зарабляе каля 200 мільёнаў даляраў у год, прадаючы білеты ў кінатэатрах), так і ад чыноўнікаў. Калі чыноўнікі загадаюць, напрыклад, Сакураву выкрасьліць нешта са сцэнару, гэта будзе ўсясьветны скандал. У той жа час дзяржава разумее, што незалежныя расейскія рэжысэры здабываюць Расеі прэстыжныя міжнародныя кінаўзнагароды.
«Фільм пра Лукашэнку можа зьняць Олівэр Стоўн»
Андрэй Курэйчык згодны — байопік пра Лукашэнку быў бы папулярны, яго б глядзела і апазыцыя, і тыя, хто галасуе за кіраўніка Беларусі. Аднак сцэнарыст сумняецца, што такі фільм зьявіцца неўзабаве.
«Мы і так штодзённа глядзім гэты фільм з усіх каналаў. Каб зьняць такі фільм, трэба добра прадумаць тэму, і тады ён можа сапраўды быць вельмі добрым. Але самі беларусы такую стужку здымаць ня будуць. Можна прапанаваць Олівэру Стоўну — ён здымаў пра Фідэля Кастра, ён здымаў кароткамэтражку з Пуціным».
«Дзяржаўны пералом на бок нацыянальнага адбыўся»
«Нават у Лукашэнкі ёсьць пачуцьцё самазахаваньня. І ён выдатна разумее, што распусьціць Беларусь у Расеі зойме яшчэ менш часу, чым Крым. Ён разумее, што мы ня можам супрацьстаяць ні эканамічна, ні ў ваенным сэнсе. Адзіны варыянт — гэта культура».
Аднак ня трэба чакаць хуткай зьмены дзяржаўнага стаўленьня да беларускай мовы, кажа Курэйчык. У адрозьненьне ад Украіны, дзе моўнае пытаньне падняла інтэлігенцыя, беларуская інтэлігенцыя вельмі раздробленая і малаэфэктыўная.
«Беларусь, Расея, Украіна — усё будзе толькі горш»
«Я вельмі люблю Ўкраіну і часта туды ежджу. Я вельмі люблю Расею і часта туды ежджу, там у мяне праекты. Натуральна, я вельмі люблю Беларусь, тут жыву і тут жывуць мае дзеці. І ў мяне абсалютны дыскамфорт ад таго, як складаюцца адносіны гэтых трох дзяржаў».
Андрэй Курэйчык кажа, што ніколі ня меў праблем у Расеі праз свае патрыятычныя выказваньні.
«Справа ў тым, што такі пункт гледжаньня мае практычна ўся творчая супольнасьць у Расеі. Зь якім рэжысэрам, драматургам, акторам ні пагаворыш — яны ўсё выдатна разумеюць. Мастацтва заўсёды апазыцыйнае ўладзе, гэта яго прырода. Таму што калі ты за ўладу, ты, хутчэй за ўсё, прапаганда».
«Я працую не з краінай-агрэсарам, а з нармальнымі людзьмі»
Андрэй Курэйчык не хавае, што ягоны асноўны заробак — гэта праца на буйных расейскіх кінапраектах. Прызнаецца, што ганарар даходзіць да 100 тысяч даляраў.
Пры гэтым ня бачыць супярэчнасьці паміж патрыятычнымі выказваньнямі і працай у Расеі.
«Я не працую з краінай-агрэсарам. Я працую з нармальнымі людзьмі. Яны ж не вінаватыя, што ў іх ёсьць звар’яцелыя генэралы. Гэтаксама і я не вінаваты, што ў нас Лукашэнка. Бо інакш і мне будуць казаць — як мы з табой будзем камунікаваць, у вас жа Лукашэнка. Але ж так гэта не працуе. Мы, людзі, краіны не вінаватыя, што ўлада пэрыядычна сыходзіць з катушак».
«Харасмэнт-скандалы на Захадзе зьвязаныя з культам рэпутацыі»
«У Амэрыцы ёсьць культ чыстай рэпутацыі. Таму, хоць і можна спасылацца на прэзумпцыю невінаватасьці, калі зьяўляюцца абвінавачваньні ў сэксуальных дамаганьнях, кінакампаніі абіраюць спыніць супрацу з тым, каго вінавацяць. Нават калі няма цьвёрдых доказаў. Гэта адбылося з Гарві Вайнштэйнам, Кевінам Спэйсі, Майклам Джэксанам. У Расеі інстытуту рэпутацыі няма. Няма яго і ў Беларусі, таму што ён пачынаецца з палітыкі і пасьля распаўсюджваецца на ўсе іншыя пласты грамадзтва. Таму, калі яго няма ў палітыцы, яго ня будзе нідзе».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.