Стрыптызэр жыве ў адной кватэры з савецкім афіцэрам у адстаўцы — і гэта вельмі шматабяцальная тэма для дакумэнтальнага фільму. Назіраючы за ўнукам і дзядулем, дзе першы зарабляе эратычнымі танцамі, а другі павязвае піянэрам гальштукі і пад музыку з прыймача закручвае кампоты, адкрываецца нешта большае за жыцьцёвы парадокс. Беларускі рэжысёр Андрэй Куціла завяршыў сваю карціну «Стрыптыз і вайна», работа над якой цягнулася чатыры гады, і, як звычайна, праз сваіх герояў расказаў аб краіне.
Аляксей Міхайлавіч, падпалкоўнік авіяцыі, кіраўнік беларускай вэтэранскай арганізацыі, на бальконе здымае бялізну і ідзе яе прасаваць. Сярод рэчаў — ручнік з выявай брытанскага сьцягу з «экіпіроўкі» ўнука, што выкарыстоўваецца ў самы пікантны момант эратычнага выступленьня, каб прыкрываць жыцьцёва важны орган. Дзядуля бярэцца за справу, бачыць сьцяг, пераварочвае ручнік і толькі тады пачынае прасаваць.
Камічны эпізод настолькі ў кантэксьце фільму шматслоўны, што нават падазраеш яго ў пастановачнасьці. Калі карціна «Стрыптыз і вайна» паміж радкоў распавядае пра раўнапраўныя ўплывы на сучасную Беларусь данезалежнага пэрыяду і незалежнага, то прасаваньне савецкім афіцэрам сцэнічнага атрыбуту ўнука-стрыптызэра падкрэсьлівае, што розныя сьветапогляды тут суіснуюць па-сяброўску.
Больш за тое, сыходзячы з фільму, супрацьлеглыя бакі пры ўсёй адрознасьці даволі «талерантныя» адзін да аднаго: савецкі афіцэр пераварочвае выяву брытанскага сьцягу для сябе і пры сабе ж пакідае свае эмоцыі. (Канешне, герой мог кіравацца жаданьнем пазьбегнуць пашкоджаньня матэрыялу, але на экране жэст немінуча набывае больш шырокі сэнс.) Ад дзеда можна пачуць выраз «гэта ты ў войску не служыў», але агучваецца ён у ненавязьлівай манеры падчас звычайнай сямейнай спрэчкі. Унук марыць стварыць тэатар эратычнага танца, але мае за плячыма «добрапрыстойную» адукацыю па спэцыяльнасьці інжынэра і па замове дзеда капае градкі. А як далікатна і паважліва старэйшы Аляксей спрабуе падштурхнуць малодшага да другога ўнівэрсытэту і абяцае яго падтрымаць у час, калі ўнук ня будзе зарабляць.
Ды паглядзець хаця б на антураж і рэчы чыста вонкавыя: старая кватэра без эўрарэмонту, затое з кветкавым узорам на тыповых шпалерах, устарэлай атрыбутыкай, фотаздымкам у «залатой» раме. У гэтым асяродзьдзі яркія рэчы Аляксея з надпісам «Royal dіamond», пах начных клюбаў, нэонавае сьвятло, глянцавыя паверхні, якія ён быццам прыносіць за сабой у савецкую абстаноўку, выглядаюць даволі кантрастна. Але кантрасты ўсё яшчэ заключаны ў адной кватэры, як у некаторых плянах фільму, што аб’ядноўваюць рэчы, герояў і адпаведна эпохі за іх плячыма. Скураная куртка і акуратны вязаны швэдар на Аляксеях, што сядзяць побач ля магілы бабулі. «Касьцельны» касьцюм дзядулі ў глядзельнай зале падчас спэктаклю, дзе ўнук у адпаведным выглядзе выконвае сваю эратычную партыю.
Сынтэз у беларускай рэальнасьці знакаў савецкага і пасьлясавецкага часоў, водгукі камуністычнай ідэалёгіі і яе сыстэмы каштоўнасьцяў, завіхрастыя спалучэньні двух розных сьветаў у грамадзкай думцы — ня новыя матывы для рэфлексіі, хоць пакуль і непапулярныя ў беларускім кіно. Усё, на што мы звычайна можам разьлічваць, — гэта павярхоўныя фармальныя згадкі і настальгічныя адсылкі, на якія глядзіш і пагаджаесься, маўляў, так, стаіць у нас помнік Леніну, станцыя мэтро — Кастрычніцкая, а карычневая драўляная падлога дагэтуль захоўваецца ў некаторых кватэрах.
Сёньняшняй Беларусі, можна сказаць, «пашанцавала»: тут быццам не выпадае казаць пра звычайную рознасьць пакаленьняў, бо за ёй у тым ліку розныя рэжымы, краіны і стагодзьдзі. Што прапануе Андрэй Куціла, дык у першую чаргу паглядзець, як усе названыя вялікія сыстэмы ўвасабляюцца ня толькі ў антуражы, а ў паводзінах, поглядах і, можна сказаць, мэнталітэце. У другую чаргу — убачыць, што пры ўсёй кантрастнасьці гэтыя ўплывы сталі натуральным спалучэньнем, які фармуе, а не разьядноўвае сучасную краіну. У трэцюю — прымусіць задумацца аб прычынах і па-здрадніцку засумнявацца, а ці ёсьць увогуле нейкая важкая адрознасьць сёньняшняй Беларусі ад БССР?
Чыста тэхнічна эпізоды, у якіх дзядуля надзявае форму, каб паўдзельнічаць у мерапрыемстве «беларускай рэспубліканскай піянэрскай арганізацыі» і назваць піянэраў «спадчыньнікамі камсамолу», а ўнук рэпэтуе будучае выступленьне, супрацьпастаўляюць двух Аляксеяў і сыстэмы, што стаяць за імі. Асабліва шматслоўным, а часам і іранічным, аказваецца мантаж: Аляксей з напарнікам рэпэтуе танец пад песьню «I’m sexy and I know it» («Я сэксуальны і я гэта ведаю») і некалькі разоў гучна прагаворвае гэты выраз — у наступным пляне мы бачым тэлевізар, які глядзіць дзядуля, дзе выступае прэзыдэнт краіны і кажа, што «ўвесь сьвет знаходзіцца на пераломе гістарычных эпох».
Пералом гістарычных эпох у выніку выглядае фармальным, а супрацьпастаўленьне герояў — падманлівым. Раз-пораз, на працягу ўсяго хронамэтражу, фільм, што быццам дэкляруе розьніцу паміж пакаленьнямі і сыстэмамі, гэтыя ж рэчы аб’ядноўвае. Мінулае і сучаснасьць сыходзяцца на перакрыжаваньнях і ты задумваесься, ці ідзе тут увогуле гаворка пра адрозьненьні, бо чалавек былой сыстэмы ў сучаснасьці пачувае сябе як рыба ў вадзе — дае настаўленьні піянэрам, адпускае камэнтары вайскоўцам, што маршыруюць, глядзіць па тэлебачаньні выступленьні лідэра ў вайсковай форме. І тады магчымасьць вольна і грунтоўна займацца эратычнымі танцамі не выглядае сур’ёзным крокам наперад. Дробязі — нежаданьне Аляксея займацца зямельным участкам, загатоўка кампотаў дзядулем, разыходжаньні ў поглядах на «прыстойнасьць», дачыненьне да рознага тыпу арганізацый, успрыманьне танцаў — таксама не азначаюць бяздоннай розьніцы.
І напачатку род заняткаў герояў ня тое каб сымбалізаваў свой час, а ў канцы ён увогуле проста адлюстроўвае разыходжаньні ў тым, што лічыць нармальным. Гэта паказальна: Аляксей Міхайлавіч падчас сваёй размовы са знаёмым кажа, што яго ўнук зарабляе танцамі, але не ўдакладняе, якімі. І тое, што нават без удакладненьня гэты факт выклікае паблажлівы камэнтар, кшталту, ну што зробіш, няхай.
Увесь фільм мы бачым відавочныя, нават падкрэсьленыя знакі адрозьненьня маладога чалавека ад выхаванага ў Савецкім Саюзе — вельмі пазнавальныя, заключаныя ў сьвядомасьці людзей, справакаваныя палітычнай і ідэалягічнай сыстэмамі, а па дарозе на фоне тэатру па-гаспадарску праяжджае калёна вайсковай тэхнікі. Таксама, як у апошнім эпізодзе, — Аляксей ідзе па дарозе і становіцца сьведкам чарговага (у карціне гэта ляйтматыў) праезду, на чым апавяданьне пра сучасную Беларусь уласна і канчаецца.
Як звычайна, за цікавым парадоксам у Андрэя Куцілы хаваецца невясёлы вынік. Камічныя спрэчкі, жартаўлівы мантаж, стрыптыз — усё гэтае дасьледаваньне сучаснасьці ў рэшце рэшт не дае адысьці ад савецкай выпраўкі далёка. Дакумэнтальная карціна дае нагоду канстатаваць, што мінулае і ёсьць наша сучаснасьць.
Пакуль галоўны антураж — кватэра — мае архаічны выгляд, па дарогах катаюцца на танках, беларускія школьнікі ходзяць з павязанымі піянэрскімі гальштукамі, розьніца выглядае фэйкавай. І калі за героямі, здавалася б, стаяць рэжымы, краіны і стагодзьдзі, то ў фільме «Стрыптыз і вайна» — толькі фармальна, а сэнс заключаецца ў звычайнай рознасьці пакаленьняў. Можа, таму супрацьлегласьці ў сучаснай Беларусі і «сябруюць», бо той, якая дамінуе, пакуль ніхто не замінае гаспадарыць і пакрываць сьцены тыповымі шпалерамі з кветкавым узорам.
Відаць, пералом гістарычных эпох адбыўся ва ўсім сьвеце. Але толькі ня ў нас.
Ірэна Кацяловіч
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.