Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і вайна ў 2024 годзе. Вынікі году ад Арцёма Шрайбмана


Беларускія вайскоўцы, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Беларускія вайскоўцы, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Якія зьмены палітыкі Лукашэнкі адносна вайны адбыліся ў 2024 годзе? Як хада вайны і роля ў ёй Беларусі адбіліся на палітыцы беларускіх дэмакратычных сілаў? Навошта Беларусь дамагаецца ўдзелу ў гіпатэтычных мірных перамовах па Ўкраіне?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Якія самыя значныя падзеі, зьвязаныя з удзелам Беларусі ў вайне Расеі з Украінай, можна вылучыць у 2024 годзе?

— Складана вылучыць нейкую значную дынаміку з пункту гледжаньня ўдзелу ці няўдзелу Беларусі ў гэтай вайне, таму што яшчэ ў 2023 годзе зь Беларусі сышлі асноўныя расейскія вайсковыя кантынгенты. «Вагнэр», які таксама пабываў у нас, па сутнасьці, быў расьцярушаны. Зь ядзернай зброяй мы дакладна ня ведаем, што адбываецца (і ці ёсьць яна насамрэч у Беларусі). Таму значных падзей, зьвязаных з вайной, на тэрыторыі Беларусі ў 2024 годзе не было.

Можна лічыць нейкім новым фэномэнам дроны, якія пэрыядычна залятаюць на беларускую тэрыторыю, але пакуль гэта хутчэй раздражняльнік, чым фактар палітыкі ці тым больш вайны. А з пункту гледжаньня трэндаў вайны, якія ўплывалі на Беларусь, дык гэта быў год расейскага наступу. Паўзучага, але наступу. Расея паляпшала свае пазыцыі перад магчымымі перамовамі, калі б яны ні адбыліся. І я мяркую, што гэта ўплывала на ўпэўненасьць Лукашэнкі ў заўтрашнім дні. Гэта адчыняе для яго пэўнае вакно магчымасьцяў.

Ці адбылася сёлета зьмена рыторыкі і палітыкі афіцыйнага Менску адносна вайны?

— Лукашэнка як абраў магістральную лінію ў сярэдзіне 2022 году, гэтак яе і прытрымліваўся. Ён яшчэ тады сказаў, што Беларусь уступіць у вайну сваёй арміяй толькі ў тым выпадку, калі будзе напад на яе тэрыторыю. Ён таксама з самага пачатку поўнамаштабнай вайны казаў, што перамір'е павінна адбыцца неадкладна, на лініі, дзе войскі стаяць зараз. За тры гады лінія зьмянілася, але ягоная пазыцыя ў гэтым пытаньні засталася нязьменнай.

Гэтая ягоная пазыцыя — у духу падыходаў «глябальнага Поўдня»: Кітаю, збольшага Індыі, збольшага Бразыліі, можна сказаць, і Вугоршчыны. Вэрбальна пазыцыя Лукашэнкі ў гэтым пытаньні бліжэйшая да пазыцыі гэтых гульцоў, чым да пазыцыі Расеі. Хоць, вядома, яго ангажаванасьць у гэту вайну іншая, чым Кітаю ці Вугоршчыны. Але ягоная пазыцыя і не такая, як у Кім Чэн Ына. Я ня бачыў сёлета нейкіх значных адступленьняў Лукашэнкі ад лініі, якую ён узяў калі ня з самага пачатку поўнамаштабнай вайны, дык зь першых яе месяцаў.

— Як хада вайны і роля ў ёй Беларусі адбіліся на палітыцы дэмсілаў?

— Апошні год у пэўным сэнсе паваротны. Ён выбівае з-пад дэмакратычнага руху тэорыю перамогі. Тэорыя перамогі — гэта нешта абстрактнае, але яна мае значэньне як своеасаблівая праводная зорка.

У 2020 годзе тэорыяй перамогі былі пратэсты, якія, як фактар ціску на рэжым, павінны былі прымусіць яго да перамоваў.

У 2021 годзе заставаліся спадзевы на санкцыі, якія празь міжнародны ціск прымусяць рэжым да перамоваў.

У 2022 годзе былі надзеі на паход беларускіх добраахвотнікаў, на кабінэт у выгнаньні, на альтэрнатыўную армію. У кагосьці проста заставаліся спадзяваньні, што Расея будзе да такой ступені аслабленая альбо паразай, альбо проста хадой вайны, што эфэкт даміно абрыне ў выніку беларускі рэжым. І гэта была тэорыя руху да перамогі, на якую разьлічвала пераважная большасьць дэмакратычных палітыкаў Беларусі.

2023 год зь няўдалым украінскім наступам стаў першым званочкам, сыгналам таго, што гэты маратон можа зацягнуцца на даўжэйшы тэрмін, чым меркавалася ў тэорыі перамогі.

2024 год стаў (альбо мусіў стаць) момантам абуджэньня, разуменьня, што ўсе гэтыя варыяцыі тэорыі перамогі дэмакратычных сілаў больш не актуальныя.

І трэба альбо шчыра сабе прызнацца ў тым, што мы знаходзімся ў рэжыме нейкага чаканьня гістарычных «чорных лебедзяў», якія памяняюць усё, альбо трэба думаць над нейкай новай тэорыяй зьменаў. І вось у гэтым прычына канцэптуальнай дылемы, крызісу ідэй. Гэта і спарадзіла вострыя дыскусіі апошняга году ў апазыцыйным лягеры на тэму таго, а ці правільная стратэгія. Узьнік дысананс паміж адсутнасьцю зразумелай стратэгіі перамогі і рыторыкай, якая захоўваецца.

І я думаю, што 2025 год, напэўна, стане часам, калі на гэты дысананс давядзецца даваць нейкі выразны адказ.

І Лукашэнка, і Ціханоўская заяўляюць, што Беларусь (у іх асобе) павінна быць прадстаўленая на імаверных мірных перамовах. Задавальненьня якіх менавіта інтарэсаў Беларусі яны хацелі б дамагацца на гэтых перамовах?

— Цяжка сказаць, што такое інтарэсы Беларусі. Хто ўпаўнаважаны іх выказваць? У нас няма легітымнай, агульнапрызнанай, усенародна абранай улады ў краіне, каб зразумець, хто артыкулюе інтарэсы Беларусі. І калі туды паедзе Лукашэнка, то чые інтарэсы паедзе прадстаўляць? Сябе, свайго клана ці краіны, ці тое, як ён разумее інтарэсы краіны? Я думаю, што і Ціханоўская, і Лукашэнка робяць нарматыўныя заявы — кажуць пра тое, як яны хацелі б, каб рэальнасьць выглядала.

Ці лічу я, што Беларусь у гэтым сэнсе павінна быць там прадстаўленая? Залежыць ад узроўню перамоваў. Калі гэта перамовы аб тэхнічных пытаньнях спыненьня агню, часовага перамір'я, то я ня бачу там ролі для Беларусі ў любым амплюа, лукашэнкаўскім ці нейкім іншым. Бо Беларусь не зьяўляецца непасрэднай удзельніцай баявых дзеяньняў. Можна называць яе суагрэсарам, але ўдзелу беларускіх салдат у баявых дзеяньнях няма, беларускай дзяржавы на полі бою няма, таму пра што зь ёю дамаўляцца?

Зрэшты, і ў гэтым выпадку Беларусі можа быць адведзена нейкае месца тэхнічнага выканаўцы — скажам, у абмене палоннымі празь Беларусь пасьля спыненьня баявых дзеяньняў, вяртаньня ўцекачоў і гэтак далей. Але гэта ня ўдзел у саміх перамовах, гэта аказаньне нейкіх паслуг ужо пасьля перамоваў.

Але калі гэта будуць усёабдымныя перамовы аб рэгіянальнай бясьпецы, то, вядома, Беларусь павінна была б мець месца за перамоўным сталом. Аўтаномнае месца, але гэта ў ідэале. Таму што ў сёньняшняй сытуацыі складана ўявіць сабе, каб нехта ўспрымаў удзел Беларусі як удзел самастойнага суб'екта, а не «Расеі плюс адзін».

Гэта сур'ёзная праблема для Лукашэнкі, таму што ягоным абяцаньням, гарантыям на любую тэму, зьвязаную з пасьляваенным ладам рэгіёну, проста ня будуць верыць. Напрыклад, скажа ён, што ня будзе нападу ні на кога з тэрыторыі Беларусі. Дык ён гэта прапісаў у сваёй Канстытуцыі, прычым у лютым 2022 году — якраз тады, калі такі напад і адбыўся.

Але ў ідэальным сьвеце, вядома ж, Беларусь магла б удзельнічаць у нейкай рэгіянальнай разрадцы, пабудове ўзаемных мераў даверу. Гэта можа быць зьвязана з дэмілітарызацыяй рэгіёну, зьніжэньнем прысутнасьці замежных войскаў, узаемным кантролем за правядзеньнем вучэньняў, словам, з усім клясычным наборам пасьляваенных мераў даверу. Але мы настолькі далёкія пакуль ад гэтага пункту, што я нават ня ўпэўнены, што мы да яго чыста каляндарна зможам прыйсьці, пакуль ва ўладзе знаходзяцца гэтыя спадары сталага веку. Аднак у прынцыпе ў гэтай ідэі няма нічога абсурднага. Беларусь — суседка абодвух бакоў, якія ваююць, і зразумела, што ў шырокім фармаце пасьляваеннага ўрэгуляваньня суседзі павінны мець свой голас.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG