У чарговыя ўгодкі Слуцкага збройнага чыну, збройнага выступу беларусаў супраць бальшавіцкай акупацыі, за незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, Свабода згадвае, як склаўся лёс аднаго з удзельнікаў тых падзей — Лявона Рыдлеўскага.
Сяброўства на ўсё жыцьцё
Дзяяч беларускага руху ў Чэхіі і Францыі Лявон Рыдлеўскі (1903–1953) быў адным з наймаладзейшых байцоў Слуцкага збройнага чыну (1920). У 1921 годзе ён удзельнічаў у антысавецкім партызанскіх руху на Палесьсі. У 1940–1945 гадах ваяваў супраць нацыстаў у складзе францускага Іншаземнага легіёну і партызанскіх аддзелаў макí.
Найбольш вядомы Лявон Рыдлеўскі як віцэ-прэзыдэнт Рады БНР, паплечнік Міколы Абрамчыка, актывіст беларускага руху ў Францыі.
У 1923 годзе Рыдлеўскі скончыў знакамітую Віленскую беларускую гімназію. З Заходняй Беларусі, якая была пад польскай уладай, выехаў у Чэхаславаччыну, дзе ў ВНУ прымалі выпускнікоў беларускіх гімназіяў Польшчы. Там ён пазнаёміўся зь Міколам Абрамчыкам.
Мікола Абрамчык (1903–1970) паходзіў зь сям’і паўстанца 1863 году. У 19 гадоў ён атрымаў мандат упаўнаважанага БНР у Вялейскім павеце, наладжваў сувязі з антысавецкім падпольлем у БССР, а ўрэшце эміграваў у Прагу.
У Празе Абрамчык і Рыдлеўскі далучыліся да Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў замежжа і Заходняй Беларусі, там яны сталі сябрамі і паплечнікамі на ўсё жыцьцё.
Захапляльная пешая вандроўка па Эўропе
Увосень 1929 году Мікола Абрамчык і Лявон Рыдлеўскі, скончыўшы ў Чэхаславаччыне адпаведна сельскагаспадарчую акадэмію і політэхнічны інстытут, рушылі ў пешую вандроўку па Эўропе. За год і некалькі месяцаў яны наведалі мясьціны ў Чэхіі, Саксоніі, Баварыі, Швайцарыі й Францыі. Мэта вандроўкі была навукова-практычная: вывучыць, як працуюць і жывуць сяляне ў розных краінах. Цягам вандроўкі Мікола і Лявон і самі працуюць на фэрмах, каб зарабіць на жыцьцё.
Сябры спыніліся ў Ліёне і вырашылі перапыніць сваю захапляльную вандроўку. Адной з галоўных прычын было тое, што ў Францыі яны знайшлі масавую беларускую працоўную эміграцыю.
Беларускі «Хаўрус» у Францыі
Сябры перабіраюцца ў Парыж і ў 1930 годзе ствараюць «Хаўрус беларускіх работнікаў у Францыі», які стаў адзінай зарэгістраванай арганізацыяй беларускае эміграцыі ў Францыі ў міжваенны час. Зроблена гэта было ў процівагу камуністычнаму і польскаму нацыянальнаму ўплыву на беларусаў, якія прыехалі на заробкі ў Францыю. А такіх было каля 20 тысяч.
У Францыі трэба было «ператрываць цяжкі час безрабоцьця і яшчэ цяжэйшы наступ камуністычнае прапаганды між работнікамі, якая тады мела надта падатны грунт. Каб ёй супрацьставіцца, Рыдлеўскі разам з інжынэрам Абрамчыкам закладаюць першую беларускую арганізацыю ў Францыі «Хаўрус», — напісаў у 1953 годзе на сьмерць Лявона Рыдлеўскага айцец Леў Гарошка, кіраўнік Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі.
«Хаўрус» аб’яднаў сотні чалавек у Парыжы і ў пяці філіях у розных дэпартамэнтах Францыі.
Каб было за што пражыць і што ахвяраваць на грамадзкую дзейнасьць, Абрамчык і Рыдлеўскі самі працуюць рабочымі і інжынэрамі на францускіх фабрыках, шахтах і ў сельскай гаспадарцы.
«„Хаўрус“ зьяўляецца культурна-асьветнай арганізацыяй беларускіх работнікаў у Францыі, легалізованай францускай уладай. Згодна Статуту, арганізацыя мае права закладаць свае філіі — аддзелы — на ўсей тэрыторыі Францыі», — паведамляў пра арганізацыю першы нумар яе друкаванага бюлетэню.
У Парыжы, у доме 65 на вуліцы Гравіе (Rue de Gravilliers), адкрылася бібліятэка-чытальня на 50 чалавек. У гэтай кватэры, якая належала Міколу Абрамчыку, былі зарэгістраваныя і «Хаўрус», і іншыя беларускія арганізацыі.
«Хаўрус» бараніў правы беларускіх працаўнікоў, зьбіраў сходы, ладзіў сьвяткаваньні 25 Сакавіка, у сядзібе арганізацыі чыталі лекцыі пра беларускую мову, літаратуру і гісторыю, матэматыку, эканоміку, вялі заняткі францускае мовы.
Аб’яднаньне ладзіла канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, утрымлівала бібліятэку-чытальню імя Янкі Купалы, распаўсюджвала беларускія кнігі, мапы і календары, ладзіла экскурсіі ў музэі і паездкі за горад. На беразе Сэны ў Парыжы нават было асобнае месца, дзе ўлетку беларускія актывісты разам адпачывалі.
Беларускія газэты ў Парыжы
У 1937–1940 гадах «Хаўрус» выдаваў свае друкаваныя органы «Бюлетэнь» і «Рэха». Макеты рыхтавалі на друкавальнай машынцы кірыліцай і лацінкай, памнажалі на рызографе. Агулам выйшла больш за дзясятак нумароў.
Беларускія рабочыя маглі на роднай мове прачытаць у «Бюлетэні» і «Рэху», што адбываецца ў Францыі і сьвеце. Шмат матэрыялаў было прысьвечана гісторыі і культуры Беларусі, крытыцы ўладаў Польшчы і СССР.
1 траўня 1937 году ў часе сьвяточнай дэманстрацыі ў Парыжы асобнай групай прайшлі і сябры «Хаўрусу» са сваім сьцягам і транспарантамі па-беларуску і па-француску.
«Нас жа было запраўды мала, але мы паднялі сьцяг ня толькі за тых, хто ў Парыжу, але за ўвесь наш падняволены беларускі народ, які, учуўшы аб нашым выступе, напэўне ўсёй душой будзе з намі», — пісаў пра тую дэманстрацыю «Бюлетэнь».
Беларусы дамагаюцца свайго аддзелу ў Іншаземным легіёне
Калі ў 1939 годзе пачалася Другая ўсясьветная вайна, Францыя, якая была хаўрусьніцай Польшчы, абвясьціла вайну Нямеччыне, баявыя дзеяньні пачаліся ў траўні 1940 году. Сярод польскіх і беларускіх эмігрантаў у Францыі таксама пачалася мабілізацыя.
Дамова паміж урадамі Францыі і Польшчы прадугледжвала стварэньне на тэрыторыі Францыі Войска Польскага, якое павінна было мець уласнае камандаваньне, але на час вайны падпарадкоўвацца галоўнаму вайскаводу Ўзброеных сілаў Францыі.
У баях за Францыю ўзялі ўдзел 50 тысяч польскіх вайскоўцаў, у выніку яе паразы Войска Польскае панесла каля 66 працэнтаў стратаў — забітымі, параненымі, узятымі ў палон, загінулымі бязь вестак, расьцярушанымі па Эўропе.
Частку лідэраў і актыву беларускага «Хаўрусу» і рэдакцыйнай калегіі «Рэха» змабілізавалі ў францускае войска.
«Рэха» піша, як у парыскую сядзібу «Хаўрусу», чыім друкаваным органам яно было, завіталі на пабыўку з войска змабілізаваныя сябры арганізацыі Ю. Буйвіла і Б. Раецкі.
«Абодвы мелі вельмі вясёлы і бадзёры выгляд. У вадказ на іх распавяданьні некаторыя з прысутных с.с., што працуюць на фабрыках, высказалі сваю зайздрасьць. Сяб. Раецкі так распавядаў аб сваей службе: „У моладасьці, — казаў ён, — давялося мне паслужыць у расейскім і польскім войску аж 7 гадоў. Ідучы ў францускае, думаў, што будзе тое самае. Але вось ужо прайшло пару месяцаў, а што я ў войску — не адчуваю. Жадных табе беспатрэбных „муштраў“, жадных прыдзірак. Адбыў службу — і ніхто да цябе ня чэпіцца, ніхто цябе ня бачыць“».
«Хаўрус» правёў з францускімі ўладамі перамовы, каб эмігранты-беларусы вэрбаваліся ня ў польскія вайсковыя адзінкі, а ў францускі Іншаземны легіён.
Старшыня «Хаўрусу» Мікола Абрамчык наведаў Міністэрства абароны Францыі і склаў адпаведны мэмарандум на імя францускага ўраду.
Абрамчык спадзяваўся на ўтварэньне ў складзе Іншаземнага легіёну асобнага беларускага фармаваньня. Усім ахвотным уступіць у беларускія адзінкі «Хаўрус» выдаваў пасьведчаньні аб іх няпольскім паходжаньні.
Зь лютага па красавік 1940 году ў ваколіцах Парыжа існаваў вэрбавальны пункт для добраахвотнікаў у беларускі падразьдзел у складзе францускага Іншаземнага легіёну.
Рыдлеўскі назваў дамову з францускімі ўладамі пра запіс беларусаў у Légion étrangère сапраўдным дыпляматычным посьпехам Абрамчыка.
10 траўня 1940 году Прэзыдыя Хаўрусу зьвярнулася да беларусаў у Францыі з адозвай, якая абвяшчала, што пасьля перамоваў з уладамі пастановай францускага ўраду ім даецца права выбару — ісьці ў Войска Польскае ці ў францускі Іншаземны легіён:
«Мы пераконаны, што вы выканаеце свой доўг перад Францыяй з належнай годнасьцю імя беларуса. Так, як вы будзеце паводзіцца, такая і апінія ў французаў будзе аб нас. Мусіце памятаць, што францускі ўрад зрабіў для вас тое, чаго б не зрабіў ніякі ін[ш]ы ўрад. Ён вам даў права ВОЛЬНАГА ВЫБАРУ», — было напісана ў адозьве.
Беларусы пачалі запісвацца ў Іншаземны легіён францускага войска. Паводле Лявона Рыдлеўскага, які сам пайшоў служыць у легіён, сярод беларусаў знайшліся яшчэ 1200 такіх ахвотнікаў. І ў Войска Польскае пад францускім камандаваньнем запісаліся некалькі тысяч беларусаў.
Але гэтае рашэньне не спадабалася польскаму боку. Апэлюючы да таго, што парушаецца француска-польская вайсковая дамова, урад Сікорскага дамогся ў красавіку закрыцьця вэрбавальнага пункту для беларусаў. Справа скончылася тым, што ⅔ беларусаў-добраахвотнікаў перадалі ў склад польскай арміі, а астатнім, хто ўхіляўся ад уступленьня ў польскія адзінкі, дазволілі ўступаць у францускае войска.
Баявы шлях Рыдлеўскага ў часе Другой усясьветнай
Сярод тых, хто ваяваў за Францыю ў Іншаземным легіёне, быў і былы слуцкі паўстанец, вядомы дзяяч «Хаўрусу» Лявон Рыдлеўскі. Пасьля разгрому францускай арміі, ва ўмовах нямецкай акупацыі Рыдлеўскі пайшоў у рух Супраціву, у партызанскія аддзелы макí.
«Ён быў толькі адным з каля сарака жаўнераў, якія засталіся пасьля сутыкненьня з Вэрмахтам, але правёў усю Другую ўсясьветную вайну ў партызанцы», — казаў пра яго пры адкрыцьці надмагільнага помніка ў Лёндане сябра Рады БНР Мікола Пачкаеў.
У 1948 годзе ў прадмове да сваёй кнігі «Biélorussie: aperçu sommaire de l’histoire de la nation biélorussienne et du mouvement de libération nationale» (Беларусь: Сьціслы агляд гісторыі беларускага народу і нацыянальна-вызвольнага руху) Лявон Рыдлеўскі напісаў:
«Наш полк пасьля жорсткіх баёў быў вымушаны адступіць у паўднёвую зону Францыі, дзе мяне з многімі таварышамі прынялі ў макí ў дэпартамэнце Ваклюз, каб працягваць партызанскую барацьбу да Вызваленьня.
Францыя зноў стала свабоднай, я таксама. Але мая першая Радзіма, Беларусь, дзе я змагаўся пасьля Першай усясьветнай вайны супраць бальшавіцкай тыраніі, да сёньня жыве ва ўмовах тэрарыстычнага рэжыму».
Беларускі прафсаюз у Францыі
Мікола Абрамчык ды Лявон Рыдлеўскі заставаліся лідэрамі беларускага руху ў Парыжы і па вайне, яны моцна пашырылі сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць і свой аўтарытэт сярод беларускай эміграцыі.
У 1945 годзе ў Парыжы быў заснаваны фактычна адзіны ў замежжы беларускі прафсаюз — Аб’яднаньне беларускіх работнікаў пры Хрысьціянскім сындыкаце рабочых Францыі. Узначаліў яго Лявон Рыдлеўскі.
Ён жа быў рэдактарам газэты «Беларускія навіны» (1945–1947), якая па вайне выходзіла ў Парыжы як дадатак да францускай прафсаюзнай газэты «Syndicalisme».
Рыдлеўскі быў і рэдактарам часопіса беларускай вызвольнай думкі «За волю». Часопіс друкаваўся ў 1951 годзе ў Парыжы, у беларускай грамадзкай друкарні, выкупленай Беларускім выдавецкім фондам за 200 тысяч франкаў, якія сабралі прадстаўнікі беларускай дыяспары. Гэта была першая беларуская друкарня ў эміграцыі.
Часопіс «За волю» некалькі нумароў запар друкаваў сьпісы беларусаў, што палеглі пад Монтэ-Касіна — усяго 264 прозьвішчы.
Беларуская сэкцыя пры адным з найбольшых прафсаюзаў Францыі дапамагала суродзічам у разьвязваньні праўных пытаньняў, у сацыяльным забесьпячэньні, лячэньні, пошуку працы і жыльля, пераезьдзе сваякоў у Францыю, вяла адукацыйную працу сярод беларускіх працаўнікоў. Ладзіліся сходы, курсы францускай мовы і беларусазнаўства, агляды прэсы і падзеяў у сьвеце, а таксама сьпевы і забавы.
«У беларускіх арганізацыях пануе вельмі сардэчная і цёплая братняя атмасфэра. Нягледзячы на крутыя матар’яльныя сродкі арганізацыі, ніводзін новы сябра, прыйшоўшы да нас, не застаўся без кватэры і працы», — пісала беларуская прафсаюзная газэта ў 1947 годзе. Верагодна, што аўтарам гэтага тэксту быў сам Рыдлеўскі.
«Беларускія навіны» 25 студзеня 1946 году назвалі Францыю «адной з найспрыятлівейшых эўрапейскіх краін для эміграцыі». Газэта нагадвала, што да вайны тут было каля 3 мільёнаў чужынцаў, у тым ліку 20 тысяч беларусаў.
Дапамога беларускім уцекачам
Калі паўстала Міжнародная арганізацыя ў справах уцекачоў (IRO), Лявон Рыдлеўскі стаў яе беларускім прадстаўніком у Парыжы. Разам зь Міколам Абрамчыкам ён апекаваўся беларусамі зь ліку перамешчаных асобаў у Францыі, Нямеччыне, Даніі ды іншых краінах.
IRO ацаніла колькасьць расьселеных зь Нямеччыны ў іншыя краіны беларусаў у 25 тысяч. Беларускі нацыянальны камітэт у Рэгенсбургу, які ў 1945 г. апекаваўся рэгістрацыяй і ўладкаваньнем суайчыньнікаў у амэрыканскай зоне акупацыі Нямеччыны, казаў пра колькасьць невяртанцаў у 75–100 тысяч чалавек.
Рыдлеўскі пасьля вайны быў адным з тых, хто спрычыніўся да ўратаваньня каля двухсот беларусаў з Даніі ад выдачы сталінскаму ўраду, казала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, маючы на ўвазе і сваю сям’ю.
«Я памятаю Лявона Рыдлеўскага з Парыжу. Калі мы туды прыехалі, мне было толькі 12 гадоў. Ён нас спаткаў. Ён тады намі апекаваўся. Ён фактычна быў апекуном усіх новапрыежджых беларусаў у Парыжы. Усім памагаў. Жыў вельмі цяжка, але быў сапраўды адданы свайму народу», — казала ў 2010 годзе пра Рыдлеўскага Івонка Сурвіла.
Як Парыж стаў сталіцай БНР у выгнаньні
З 1943 году абавязкі старшыні Рады БНР паводле тастамэнту Васіля Захаркі выконваў Мікола Абрамчык. 28 снежня 1947 году на паседжаньні беларускага актыву ў нямецкім Остэргофэне Рада БНР была адноўленая і Абрамчыка абралі яе кіраўніком. 72 беларускія дзеячы склалі прысягу вернасьці.
У Дэклярацыі адноўленай Рады БНР пералічваліся асноўныя яе прынцыпы:
- змаганьне за незалежнасьць, абвешчанае І Усебеларускім Кангрэсам і Актам 25 Сакавіка 1918 году;
- непрызнаньне БССР формаю беларускай дзяржаўнасьці;
- непрызнаньне міжнародных дамоваў наконт Беларусі, падпісаных урадамі Польшчы, СССР і БССР.
Прэзыдэнт Рады БНР абвяшчаўся праўным і адзіным найвышэйшым прадстаўніком беларускага народу.
Гэтую пасаду Мікола Абрамчык займаў да сваёй сьмерці ў 1970 годзе, будучы фактычна адзіным за мяжой прафэсійным беларускім палітыкам, бо іншай працы ён ня меў. Ягоным намесьнікам быў Лявон Рыдлеўскі.
Так з 1947 году адным з цэнтраў палітычнай беларускай эміграцыі стаў Парыж, дзе жылі Абрамчык і Рыдлеўскі з паплечнікамі, дзе былі беларускія прафсаюз і друкарня, дзе быў адноўлены «Хаўрус» і зьявіліся новыя арганізацыі беларускай дыяспары.
Мікола Абрамчык актыўна лабіяваў беларускія інтарэсы на Захадзе, спрычыніўся да адкрыцьця ў 1954 годзе беларускай службы Радыё Вызваленьне, пазьней Радыё Свабода, напісаў і выдаў у 1950 годзе ў Канадзе брашуру «I accuse Kremlin of Genocide of My Nation» (Я абвінавачваю Крэмль у генацыдзе майго народу), якая грунтавалася на сакрэтных дакумэнтах НКВД. Абрамчык быў таксама абраны старшынём Лігі за вызваленьне народаў СССР.
У лістападзе — сьнежні 1948 году ў Парыжы прайшоў Першы ўсясьветны зьезд беларускае эміграцыі, які падтрымаў Раду БНР і яе прэзыдэнта Міколу Абрамчыка. На форуме было створана Сусьветнае аб’яднаньне беларускае эміграцыі, лідэрам абраны Лявон Рыдлеўскі.
На пачатку 1950-х Лявон Рыдлеўскі захварэў на рак. Ён ня меў сям’і, быў адзінокі, і ў Парыжы ім не было каму апекавацца. За год да сьмерці хворы Лявон Рыдлеўскі паехаў у Лёндан да Чэслава Сіповіча. Той ім апекаваўся і ўладкаваў у шпіталь лекавацца. У Лёндане Лявон Рыдлеўскі памёр 24 кастрычніка 1953 году і быў пахаваны на могілках Гэмпстэд.
11 сьнежня 1955 году на ягонай магіле паставілі помнік, які пазьней зьнік. 27 лістапада 2010 году помнік Лявону Рыдлеўскаму аднавілі.
Аўтар выказвае падзяку Беларускай бібліятэцы і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане за архіўныя здымкі.