Працяг цыклю публікацый пра «дзяцей Францыі», аб лёсах сем’яў беларусаў, якія паддаліся на савецкую прапаганду і пераехалі пасьля Другой сусьветнай вайны ў СССР.
У 2018 годзе на сайце Свабоды публікавалася 5 гісторый такіх сем’яў.
Сёлета ў менскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну». Цягам лістапада Свабода прапануе тры новыя гісторыі з гэтай кнігі.
Пра што кніга
У кнізе апісаныя гісторыі 14 сем’яў, лёсы якіх зьвязалі Беларусь і Францыю. Героі кнігі нарадзіліся ў Францыі або прыехалі туды малымі. У міжваенны пэрыяд іхныя бацькі знайшлі сабе працу на францускіх шахтах, заводах ці фэрмах, мелі добры заробак, уладкаванае жыльлё, а дзеці вучыліся ў школах.
Пасьля вайны іх бацькі паддаліся на савецкую прапаганду, паверылі, што ў СССР ім будзе лепей, і добраахвотна выехалі з Францыі ў Савецкі Саюз. Але іх чакала расчараваньне, галеча, некаторых — ГУЛАГ. Найцяжэй было іхным дзецям, якія ня ведалі славянскіх моваў і парадкаў у Савецкім Саюзе. Толькі некаторым зь іх удалося атрымаць вышэйшую адукацыю і рэалізаваць сябе ў СССР і незалежнай Рэспубліцы Беларусь.
Яны марылі вярнуцца ў Францыю, але да канца існаваньня СССР заставаліся «невыязнымі» за мяжу. Па распадзе Савецкага Саюзу толькі некаторыя зь іх аднавілі сувязі з радзімай, наведалі яе, асобныя нават вярнулі францускія пашпарты і пераехалі жыць у Францыю. І гэта таксама было нялёгка, пра што апавядаецца ў кнізе.
У другой і трэцяй частках кнігі — важная для разуменьня асобных сямейных драмаў агульная карціна эміграцыі зь Беларусі ў Францыю ў ХХ стагодзьдзі, апісаньне дзейнасьці як несавецкіх, так і прасавецкіх беларускіх арганізацыяў у Францыі, а таксама ўмоваў паваеннай сталінскай рэпатрыяцыі.
Беларуска Зэня Шэміс у Францыі бачыла дэ Голя, а ў СССР ня мела шчасьця
У 90-гадовай Яўгеніі Чантарыцкай (у дзявоцтве Зэні Шэміс, Zenia Szemis) захаваўся моцны францускі пранонс і цудоўная памяць. Са сваёй кватэры яна ўжо гады тры не выходзіць, бо ногі слабыя. Яна таксама слаба чуе і кепска бачыць. Але дзьве гадзіны размоваў пра Францыю, пра дзяцінства і маладыя гады яе так натхнілі, што нават дачка Жанна зьдзіўлялася, як добра яе маці разумела пытаньні і зьмястоўна адказвала.
Час ад часу на рукі да Яўгеніі Янаўны прасілася праўнучка Паліна.
Яўгенія жыве ў Маладэчне разам з мужам Іванам, дачкой Жаннай, унучкай Ганнай і праўнучкай Палінай. Уся кватэра ўпрыгожаная бялюткімі сурвэткамі, вязанымі з дапамогай кручка рукамі Яўгеніі Янаўны; вязаць яе навучылі ў францускай школе, і гэтае захапленьне ў яе захавалася на ўсё жыцьцё. У яе кватэры таксама захоўваюцца кнігі з Францыі, беражліва абгорнутыя, але добра-такі патрапаныя. Ёсьць нямала бацькавых і маміных асабістых рэчаў: капялюшык, запінкі, чарніліца, млынок для кавы, чатыры вялікія яркія капы на ложкі. Усім гэтым амаль немагчыма было карыстацца ў СССР. Кавы ў СССР проста не было як купіць у вольным продажы, хіба што ячменную, а францускія капы былі завялікія для стандартных савецкіх ложкаў.
Для Яўгеніі самая каштоўная з францускіх рэчаў бацькі Яна Шэміса — ягоны пропуск на жалезарудную шахту, які захаваўся ў выдатным стане, хоць зараз ідзі зь ім на прахадную. На ім захоўваецца найважнейшая інфармацыя пра жыцьцё бацькі: Ян Шэміс нарадзіўся ў 1894 годзе, у Францыю прыехаў 6 лістапада 1926-га, працаваў грузчыкам у шахце, жыў у гарадку Абуэ (Auboué) у Лятарынгіі.
Замест подпісу ўладальніка — тры крыжыкі, значыць, Ян Шэміс быў непісьменны. Гэты ўкладзены ў мэтал і плястык дакумэнт трэба было насіць на матузку на шыі, а пры звальненьні здаць у адміністрацыю шахты, але Шэміс гэтага не зрабіў.
У 1926 годзе ў Вільні Ян Шэміс падпісаў трыма крыжыкамі кантракт з францускай кампаніяй «Société générale d’immigration», якая набірала на працу іншаземцаў. Яго бралі працаваць рознарабочым жалезаруднай шахты, у кантракце пазначана: «Праца бяз розьніцы ўдзень і ўначы», 6 дзён на тыдзень па 8 гадзін.
Бацькі зь бедных сем’яў
Яўгенія Янаўна прыгадвае, што яе бацька Ян, сын Вінцэнта Шэміса і Эльжбеты Юркойць, паходзіў зь вёскі Бабраўні́кі цяпер Варнянскага сельсавету Астравецкага раёну, гэта недалёка ад чыгуначнай станцыі Гудагай. У іхнай сям’і было 9 дзяцей, жылі вельмі бедна.
Ян Шэміс расказваў Зэні, што ягоная маці Эльжбета Юркойць ня мела чым пракарміць дзевяць дзяцей. Купляла на базары адну сялёдчыну і прывязвала за нітку над сталом, і дзеці глядзелі на селядзец, а елі адну бульбу.
Усяго ў хаце было 12 чалавек, а зямлі было мала, таму дзеці, вырасшы, паразьяжджаліся. Бацька Яўгеніі Ян у 1926 годзе паехаў на шахты ў Лятарынгію, дэпартамэнт Мэрт-э-Мазэль (Meurthe-et-Moselle), горад Абуэ.
У Францыі бацька папрасіў сяброў-беларусаў дапамагчы знайсьці яму жонку ў родных мясьцінах. Сябрава жонка Юстына і знайшла яму пару — Ганну Міцкевіч (1903–1978), якая нарадзілася ў вёсцы Рагазы каля Маладэчна. Сям’я Ганны таксама была беднай — у сям’і было пяць братоў і сясьцёр, а іхны бацька памёр у 1915 годзе.
Ганьне было ўжо 25 гадоў, на тыя часы яна была ўжо «старая дзеўка», і паехала яна ў Францыю, зусім ня ведаючы патэнцыйнага жаніха, у 1928 годзе. Калі б Ян не спадабаўся Ганьне, то яна магла паехаць назад, Шэміс набыў ёй квіток і на зваротную дарогу. Але маладыя спадабаліся адно аднаму і пажаніліся 21 ліпеня 1928 году, пра што ў мэрыі Абуэ было складзенае пасьведчаньне.
27 траўня 1929 году ў пары нарадзілася дачка Зэня (Zenia, гэта памяншальная форма імя Зэнона), 11 ліпеня 1932 году — сын Рэнэ (René).
Францускае дзяцінства Зэні і Рэнэ
У Францыі бацька Зэні і Рэнэ працаваў адзін, маці была дома, трымала гаспадарку і гадавала дзяцей, атрымлівала на іх дапамогу ад дзяржавы, і гэта была добрая падтрымка.
«Грошай хапала, куплялі бананы і нават ня памятаю што яшчэ, як гэта называлася. Памятаю розныя цукеркі „бон-бон“, смажаныя каштаны і такія цукерачкі, як маленькія фігуркі нэграў. У нас былі харошыя цацкі, у мяне лялькі, у брата чыгунка і салдацікі, можна было ўвесь час гуляць на вуліцы, там жа цёпла. На Каляды маці ставіла ялінку, якая стаяла да Вялікадня, бо брат Рэнэ не дазваляў яе разьбіраць. Я ката надта любіла, яго звалі Мімі, я нават спала зь ім. Як ад’яжджалі, прыйшлося пакінуць яго ў Францыі», — прыгадвае Яўгенія сваё францускае дзяцінства праз 80 гадоў.
У сындыкату, якому належалі жалезарудныя шахты, была такая завядзёнка — як толькі нехта зь дзяцей рабочых ідзе да першай камуніі ў касьцёле, сям’я атрымлівае большую кватэру. Апошнім часам перад ад’ездам сям’я Шэмісаў займала вялікую кватэру на вуліцы шахтарскіх дамоў — чатыры пакоі і кухня, у кожнага зь дзяцей было сваё памяшканьне.
Каля дому Шэмісаў быў іхны надзел, на ім саджалі моркву, бульбу, фасолю, агуркі, трымалі трусоў, авечак і курэй. Ложкі, шафы, буфэты ў сям’і былі свае, з кватэры на кватэру перавозілі таксама з сабой і мэталічную печку, каб гатаваць і грэць ваду. У хаце бацькі размаўлялі па-беларуску і па-польску, а дзеці — па-француску. Бацька добра працаваў на шахце — кіраўніцтва ўзнагародзіла яго мэдалём.
«Мы лічылі сябе беларусамі», — кажа Яўгенія пра сваю сям’ю. У Францыі Шэмісы сябравалі зь іншымі беларусамі-шахтарамі, а ў палякаў былі свае сябры. Паводле Яўгеніі, з 10 тысяч чалавек, якія працавалі ў Абуэ на шахтах, дзясятая частка была палякі і беларусы.
Яўгенія згадвае, што ў школе яна любіла гісторыю, геаграфію, ахвотна вучылася працы: у школе дзяўчат вучылі шыць, вязаць, гатаваць ежу. Яўгенія згадвае, як яна па нядзелях хадзіла ў касьцёл і толькі пасьля гэтага бацька даваў ёй грошы на кіно.
Як дапамагалі партызанам
Падчас вайны бацька па-ранейшаму працаваў на шахце. Сям’я не галадала. Звонку сям’я Шэмісаў выглядала апалітычнай, але насамрэч бацькі дапамагалі партызанам. Некалькі тыдняў хавалі на гарышчы свайго дому трох партызанаў, адзін зь іх быў знаёмы паляк Анры Козел (Henry Koziol).
Шэмісы хавалі і кармілі гэтых хлопцаў, тыя начамі хадзілі на заданьні — падрывалі масты, рабілі іншыя дывэрсіі, а ўдзень адсыпаліся. Але пажылі ў доме Шэмісаў нядоўга — да хлопцаў праз гарод пачалі пралазіць дзяўчаты, і гэта маглі заўважыць нямецкія акупанты, таму бацька папрасіў хлопцаў сысьці.
У жніўні 1942 году немцы злавілі Анры Козела і расстралялі. Яму было 20 гадоў. У Яўгеніі Янаўны захавалася ўлётка з партрэтамі ахвяраў нацыстаў, у тым ліку Анры, і надпісам: «Слава нашым пакутнікам, яны памерлі, каб жыла Францыя».
Убачыць Шарля дэ Голя
Адразу пасьля сканчэньня вайны ў Абуэ пайшла пагалоска, што ў Нансі прыедзе кіраўнік пераходнага ўраду Францыі генэрал Шарль дэ Голь. Нансі за 80 кілямэтраў ад іхнага гарадка. І Зэня зь сяброўкай Крыстыян вырашылі паехаць туды, каб пабачыць і паслухаць новага лідэра Францыі. Ехалі цягніком, спыніліся ў мамінай стрыечнай сястры, якая жыла ў Нансі.
«Там быў такі вялікі натоўп, што жах проста. Цэнтральны пляц Нансі ня надта вялікі, людзі ледзьве зьмясьціліся. Шарль дэ Голь мне вельмі спадабаўся, прыгожы быў, такі высокі і худы. Што ён тады казаў, я ўжо дакладна і ня памятаю. Тады якраз завяршылася вайна, то ён напэўна пра гэта гаварыў, пра будучыню Францыі», — згадвае тую падзею Яўгенія Янаўна.
«Мая сяброўка Палет Жаке казала, што найлепшы з прэзыдэнтаў быў дэ Голь. Найлепшы. Пампіду, Мітэран, Сарказі былі зусім не такія», — кажа Яўгенія Янаўна. Хто быў прэзыдэнтам Францыі ў 2018 годзе, калі мы размаўлялі (Эманюэль Макрон), Яўгенія Янаўна ўжо ня ведала. А пра першага і адзінага беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку не сказала нічога.
Як у Францыі хвалілі Расею
У 1946 годзе Надзея, жонка Серафіма Саковіча, аднаго зь беларусаў, які працаваў на шахце, пачала ўгаворваць Шэмісаў ехаць зь імі ў Савецкі Саюз.
«Бацькі не ўваходзілі ні ў якія камітэты, не належалі да камуністычнай партыі. А вось Саковічыха некуды хадзіла, прыносіла цэлыя стосы ўлётак і агітавала бацькоў. Бацька рашыўся ехаць, а мама не хацела, плакала. Нас, дзяцей, ніхто не пытаў, мы маглі толькі падслухаць размовы бацькоў», — успамінае Яўгенія.
Падчас вайны на шахце працавалі савецкія палоненыя салдаты, і адзін зь іх у размове з бацькам «надта хваліў СССР».
«Казаў, што ў Расеі вельмі добра, ня трэба торбу насіць, усе ходзяць у гальштуках», — запомніла тыя словы Яўгенія. Іншы шахтар-расеец, не палонны, таксама хваліў СССР у размовах зь Янам Шэмісам, казаў, што туды трэба ехаць, але сам вырашыў не вяртацца на сваю радзіму.
«Надзея Саковіч зьвязалася з гэтымі расейцамі, езьдзіла ў амбасаду СССР, прывозіла нейкія матэрыялы. Яна і іншых нашых знаёмых агітавала, мы ж усе сябравалі. Саковічы самі зарабілі грошай і зьбіраліся на радзіме купіць зямлю і хату... Мая мама плакала, не хацела ехаць. Яны то сварыліся з бацькам, то мірыліся і пачыналі рыхтавацца да ад’езду разам», — расказвае Яўгенія пра рашэньне бацькоў, якое перакуліла іхнае жыцьцё.
Сталін не сустрэў
Яўгенія ня памятае, што абяцалі яе бацькам у СССР, толькі ведае, што савецкія дыпляматы прапанавалі бясплатны праезд з Марсэлю да Адэсы, і тут яны не схлусілі. Увесь просты люд бясплатна разьмясьцілі ў сподзе цеплаходу «Россия» і 26 лістапада 1946 году рушылі ў Адэсу, плылі 6 дзён.
«Спалі мы як сялёдкі, у вокны біла вада. Калі ехалі, вакол было такое сонца, такая прыгажосьць. Людзі танцавалі на палубе і ня думалі, што будзе гора нам», — успамінае Яўгенія. Людзей на цеплаходзе было шмат, 2 тысячы чалавек, есьці ў сталоўні сядалі па чарзе. На цеплаходзе Яўгенія пасябравала зь дзяўчынкай Люсі, дачкой былога белагвардзейца з Парыжу, яны ехалі першай клясай.
«Агулам расейцы, былыя белагвардзейцы, кантактаваць з шахтарамі асабліва не хацелі, іх і кармілі ў першую чаргу, і лепей, чым нас. Мы ж дапамагалі талеркі мыць, прыбіраць, бульбу чысьціць», — узгадвае Яўгенія Янаўна сваё падарожжа Міжземным і Чорным морамі.
Усе чакалі, што ў Адэсе цеплаход асабіста сустрэне таварыш Сталін — так абяцалі агітатары. Але Сталін, вядома, не сустрэў. Адразу па прыезьдзе зьнікла Люсі разам зь сям’ёю — «ворагаў народу» зь цеплаходу вывезьлі ўначы. А сям’я Шэмісаў, аддаўшы францускія дакумэнты, села ў «цялячы вагон», каб ехаць у горад Днепрадзяржынск на мэталюргічны завод.
Туды прыехалі яшчэ некалькі беларускіх сем’яў рэпатрыянтаў з Францыі, усяго каля 10. Кожная сям’я атрымала пакой у бараку:
«Нам далі пакой, стол, 4 зэдлі і 4 ложкі, а пасьцелі былі нашыя».
Бацька адразу ўладкаваўся на мэталюргічны завод. Сям’я Шэмісаў, як і іншыя беларусы, адразу зразумела, што з Украіны трэба ўцякаць.
Неяк у Днепрадзяржынску да Шэмісаў прыйшлі савецкія агітатары і заклікалі маці Ганну Мартынаўну ісьці галасаваць на нейкія выбары.
Яна не зразумела, чаго ад яе хочуць, і адказала:
«Я і так як устаю — галашу і як кладуся спаць — галашу». І не пайшла на фальшывыя савецкія выбары. «Там не было чаго есьці. Бацьку давалі на працы вядро капусты, вядро зялёных памідораў, 30 кіляграмаў бульбы на месяц — і ўсё. А на дзяцей нічога не давалі, толькі карткі на хлеб. Мама адрэжа тату хлеба і нам па кавалачку дае. Да нажа прыліпнуць крышкі, дык мы іх сашкрабалі... Страшна галадалі. Ачысткі ад бульбы не выкідвалі, мылі іх ад гразі, малолі на францускім млынку да кавы і заварвалі кіпнем — атрымліваўся нейкі суп... А яшчэ ў тых краях было шмат крадзяжоў і забойстваў. Аднойчы маме на рынку парэзалі паліто. І нельга было клікаць на дапамогу, парэзалі — і ідзі ціхенька, а то атрымаеш лязом па вачах», — успамінае Яўгенія паваенныя жахі ў Днепрадзяржынску.
У Беларусі Зэню назвалі Яўгеніяй, а яе брата Рэнэ — Рэнюсем.
Паездка ў францускую амбасаду
У 1947 годзе дзьве беларускія сям’і рэпатрыянтаў яшчэ ва Ўкраіне вырашылі папрасіцца, каб дазволілі вярнуцца назад у Францыю. Ініцыятаркай была тая ж Надзея Саковіч, якая агітавала беларусаў за пераезд у СССР. Але самой ёй у СССР моцна не спадабалася. Яна разам зь Яўгеніяй паехала ў Маскву, у амбасаду Францыі.
«У амбасадзе нас прыняла сівая пажылая жанчына і сказала, што з Расеі яны не даюць ніякіх дакумэнтаў на выезд», — расказала Яўгенія.
У Маскве Яўгенія з Надзеяй Саковіч пасяліліся ў кватэры цёткі Юзэфы Кардзіс. Тая добра сустрэла, пачаставала, падарыла пляменьніцы кофту. А потым у лісьце яна напісала:
«Толькі гора Зэня мне нарабіла. Дачку Ядзю звольнілі з працы, за намі сачылі, ледзь не забілі. Не прыяжджайце да нас болей».
Звольненая Ядзя была журналісткай у нейкай савецкай газэце. З таго моманту Шэмісы больш не пісалі лістоў цётцы Юзэфе.
Яўгенія намагалася шукаць іншых шляхоў вяртаньня ў Францыю:
«Я папрасіла тады ў лісьце маю францускую сяброўку Палет Жаке даслаць мне выклік, але аказалася, што з Савецкага Саюзу выклікаць чалавека ў Францыю немагчыма. Вось калі б я была ў Польшчы, то такі выклік яна магла б прыслаць. Францускі пашпарт у мяне адабралі яшчэ на цеплаходзе, узамен выдалі толькі два аркушыкі, на якіх запісалі новае імя і нацыянальнасьць — беларуска», — успамінае Яўгенія марныя спробы вярнуцца на радзіму.
У 1949 годзе Шэмесы пераехалі з Днепрадзяржынску ў Беларусь, паехалі жыць да сваякоў у вёску Рагазы ля Маладэчна. Разам зь імі ў Беларусь выехалі шэсьць беларускіх сем’яў рэпатрыянтаў з Францыі, якія моцна бедавалі па прыезьдзе.
«У сям’і Савічаў было малое дзіця, а ў маці з грудзей замест малака ішла кроў, і маці карміла дзіця сваёй крывёю, вось які быў голад», — успамінае Яўгенія Янаўна.
У матчынай вёсцы Рагазы Шэмісам не было дзе жыць. Хадзілі начаваць па людзях, галадалі і хварэлі. «Маці і брат спалі на куфрах у дзядзькі, я начавала ў чужых людзей, а тата спаў як сабачка, на падлозе», — з сумам згадвае Яўгенія першы год жыцьця французаў у Беларусі. Урэшце ў 1950 годзе бацька ўладкаваўся ў будаўнічы трэст і атрымаў на ўсю сям’ю пакой у бараку.
Ян Шэміс пажыў на радзіме меней за 10 гадоў. Памёр у 1958 годзе, лекары назвалі прычынай сьмерці рак. На хваробы ён ня скардзіўся, успамінае Яўгенія, але было відаць, як ён схуднеў, ён моцна нэрваваўся. Маці сварылася на яго, навошта ён прывёз сям’ю на пакуты, дзеці плакалі, плакаў і сам тата. «Можа, таму і пажыў мала», — кажа Яўгенія Янаўна.
Супрацоўнік МГБ спрабуе вэрбаваць
У пачатку 1950-х сям’я Шэмісаў у страху чакала вывазу ў Сібір: іншых ужо вывозілі, такія чуткі хадзілі і пра іх. Аднаго разу Жэні нават сказалі, што яе бацькоў ужо павезьлі. Яна што духу пабегла дадому. Але гэта была памылка: бацькі былі на месцы, вывезьлі іншых. У сям’і мяркуюць, што толькі сьмерць Сталіна вызваліла іх ад пагрозы вывазу ў Сібір.
Яўгенія прыехала ў СССР ужо дарослай, славянскіх моваў ня ведала, доўга не магла ўладкавацца на працу. Неяк ёй паабяцалі ўзяць правадніцай у пасажырскія цягнікі, сказалі нават пісаць аўтабіяграфію, але толькі яна пасьпела сказаць, што нарадзілася ў Францыі, як ёй адмовілі.
«Можа, думалі, што я дывэрсантка», — сумна жартуе Яўгенія.
Прапанова працы зьявілася зь нечаканага боку.
«Прывязаўся да мяне такі эмгэбэшнік Мікалай Піскуноў, — распавядае Яўгенія, — прапаноўваў супрацоўніцтва. А менавіта каб я за грошы езьдзіла па людзях і кепска гаварыла зь імі пра Савецкі Саюз, а іх потым за гэта арыштуюць ці заб’юць. Значыцца, хацеў зрабіць мяне іхным агентам. Але я агентам ні разу не працавала, ні за што не пагадзілася. Піскуноў хадзіў за мной два ці тры гады, не даваў ні зь якім хлопцам пазнаёміцца, — прыгадвае Яўгенія пачатак свайго савецкага жыцьця.— У мяне брат Рэнэ быў вельмі разумны, ён мне казаў: „Зэня, ні ў кога нічога не бяры і ні за што не расьпісвайся“. Я ні капейкі ў іх не ўзяла і нікога не прадала, мая душа чыстая».
Урэшце ёй удалося ўладкавацца ў Маладэчне на хлебазавод. Часы былі галодныя, то яна, як і іншыя работнікі, часам выносіла ў кішэні з заводу то булачку, то кавалачак масла ці цукру.
«Аднойчы мяне злавілі і ледзьве не пасадзілі. Затрымалі, а была ў мяне з сабой сайка і бутэлечка алею. Я тады прасілася і плакала, а яны сказалі: „У турму будзем садзіць“... Але нічога, абышлося. Дырэктар даў вымову і ўсё», — апавядае Яўгенія.
У 1961 годзе Яўгенія Шэміс выйшла замуж за грузчыка Івана Адамавіча Чантарыцкага, нарадзіла дваіх дзяцей — Жанну і Віктара. Адпрацаваўшы 5 гадоў на хлебазаводзе, Яўгенія памяняла месца працы: 15 гадоў была швачкай на швальнай фабрыцы «Камсамолка», хоць сама камсамолкай не была. Яшчэ 15 гадоў — прадавачкай у краме «Космас», побач з домам, каб лепей глядзець за дзецьмі. Разам зь дзецьмі, калі тыя пайшлі ў школу, Яўгенія вучылася чытаць і пісаць па-расейску і па-беларуску. Яе дачка Жанна скончыла пэдагагічную вучэльню ў Менску, стала выхавальніцай дзіцячага садка, а сын Віктар — мараходную вучэльню ў Ліепаі ў Латвіі. У замежныя паходы Віктара ня ўзялі, бо ягоная маці нарадзілася ў Францыі. У 23 гады Віктар памёр ад раку крыві, які выявілі пасьля таго, як на яго караблі перавозілі нейкае небясьпечнае рэчыва.
Лёс Рэнюся ў Беларусі
Як склаўся ў СССР лёс малодшага брата Зэні Рэнэ Шэміса, які ў савецкай Беларусі стаў Рэнюсем, мне апавёў ягоны сын Эдмонд Рэнюсавіч Шэміс, дырэктар ЗАТ «Дыліс Касметык» (гандлёвая марка «Dilis Parfum») з Маладэчна. Бацька назваў яго ў гонар свайго найлепшага францускага сябра, зь якім пасьля пераезду сям’і Шэмісаў з Францыі ў Савецкі Саюз ён больш ня меў кантактаў.
Рэнэ Шэміс трапіў у СССР ва ўзросьце 14 гадоў. У Францыі ён пасьпеў закончыць 6 клясаў, у Маладэчне хадзіў у вечаровую школу. Паколькі беларускай і расейскай моваў ня ведаў, то першым часам яму было складана. «Нават спачатку ня мог дакладна патлумачыць у краме, што хоча купіць малака і хлеба, калі яго бабуля пасылала», — згадвае Эдмонд Рэнюсавіч.
У Маладэчне неўзабаве Рэнюсь пачынаў вучнем краўца, потым сам стаў краўцом. Працаваў добра, з часам яго падвысілі да закройчага. Ён быў вядомым у Маладэчне майстрам, шыў гарнітуры, паліто, пад ягоным началам была цэлая брыгада краўцоў у швальным атэлье «Бярозка». Там жа Рэнюсь знайшоў сабе жонку — швачку Надзею Аляксандраўну Карабко (1933–2017).
У 1952 годзе, незадоўга да сьмерці Сталіна, 20-гадовы Рэнюсь ледзьве ня трапіў пад махавік рэпрэсіяў.
«На бацьку ў НКВД нехта напісаў данос, быццам ён прапагандуе капіталістычны лад жыцьця. І самога яго цягалі на допыты, і выпытвалі людзей на працы, але ніхто не пацьвердзіў, што ён нешта такое казаў. Толькі дзякуючы гэтаму ён застаўся на волі. Гэта мне сам бацька расказваў», — апавядае Эдмонд Рэнюсавіч.
У Рэнюся і Надзеі Шэмісаў нарадзіліся двое дзяцей: у 1958 годзе — сын Эдмонд, у 1964-м — дачка Ларыса.
«Калі бацькі пажаніліся і я нарадзіўся, тата пайшоў да ўладаў, кіраўніка ці то гаркаму партыі, ці то гарвыканкаму ў Маладэчне, і патлумачыў, што ён пераехаў з Францыі, а ня мае дзе жыць. І тады нам далі два пакоі ў трохпакаёвай кватэры, а ў трэцім пакоі там яшчэ жылі дзьве жанчыны», — распавядае Эдмонд.
Эдмонда і Ларысу дзеці ў школе і ў двары звалі французамі, як і жыхары Маладэчна іхнага бацьку.Рэнюсь на сямейныя сьвяты любіў засьпяваць зь сястрой Зэняй і сябрам Рыгорам, таксама рэпатрыянтам, францускі гімн «Марсэльезу». Эдмонд, які вучыўся ў Маладэчанскай спэцшколе з францускай мовай, ім падпяваў.
«Я вучыў францускую мову, але думаў: ну калі я выеду за мяжу? Мы былі невыязнымі. Бацькоў адзін раз не пусьцілі ў Польшчу да сваякоў, а другі раз, у 1972 годзе, усё ж дазволілі, прафкам атэлье тады хадайнічаў. Відаць, улады тады падумалі, што закладнікамі тут дзеці застаюцца, хочуць бацькі ці не, але вернуцца», — згадвае Эдмонд.
Рэнюсь Шэміс памёр у 1978 годзе, калі Эдмонд быў у войску.
Эдмонд закончыў машынабудаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытуту. Адразу працаваў майстрам і начальнікам цэху на заводзе Таварыства інвалідаў зроку. У 1995 годзе перайшоў у прыватную парфумэрную фабрыку «Дыліс Касметык», зрабіў там кар’еру ад начальніка вытворчасьці да дырэктара, якім і працуе 15 гадоў. Фірма вырабляе 150 відаў прадукцыі, займае важнае месца на беларускім рынку парфумэрыі, пастаўляе свае тавары ў Расею, Украіну, Літву, Латвію, іншыя краіны. У 2010 годзе ў склад акцыянэраў фірмы ўвайшла француская кампанія S.A.S. Floressence.
Француская мова, якую бацька настойліва рэкамэндаваў яму вучыць, Эдмонду Шэмісу спатрэбілася, і калі ён езьдзіў у службовую выправу ў Парыж, і калі да яго на фабрыку прыяжджалі акцыянэры з Францыі, а таксама калі фірму наведвалі францускія амбасадары ў Беларусі. Кампанія «Дыліс Касметык» спрыяе францускім сацыяльна-культурным акцыям у Беларусі, у прыватнасьці, яна была сярод фундатараў Месяцу франкафоніі ў Менску.
«Сувязь з Францыяй для мне вельмі важная, практычна ўся парфумэрыя ў нас вырабляецца з францускіх кампазыцыяў, мы супрацоўнічаем з чатырма францускімі фірмамі. Вядома, што француская касмэтыка і парфумэрыя — сярод усясьветных лідэраў. Але гэтая сувязь мне важная яшчэ і таму, што мой бацька паходзіў з Францыі», — кажа Эдмонд Шэміс.
Сястра Эдмонда Ларыса Рэнюсаўна пасьля той жа спэцыялізаванай францускай школы закончыла Інстытут народнай гаспадаркі ў Менску (цяпер Эканамічны ўнівэрсытэт), 23 гады адпрацавала ў банку, да сьмерці даглядала маці. У 2017 годзе пайшла ў фірму, якую ўзначальвае брат.
Найлепшая сяброўка Зэні
Найбліжэйшай сяброўкай часоў дзяцінства і юнацтва Зэні Шэміс у Францыі была аднаклясьніца Палет Жаке (Polette Jaquet). Яна жыла ў Абуэ ў суседнім з Шэмісамі доме, паходзіла зь вялікай францускай сям’і — у іх было 12 дзяцей, яе бацька таксама працаваў на шахце.
Пасьля ад’езду з Францыі Зэня ліставалася з Палет, але пісаць можна было толькі пра сямейныя справы, дакладна апісваць, што зь імі адбывалася ў СССР, Зэня не магла праз савецкую цэнзуру ўсяе перапіскі з замежжам.
Лісты з Францыі прыходзілі рэгулярна, Палет пісала пра сваё жыцьцё, Зэня — пра сваё. Цягам 20 гадоў не было перапіскі: пайшлі дзеці, стала меней часу.
У 1960-х сувязь абарвалася, Палет Жаке была замужам за францускім вайскоўцам, мела ўжо новае прозьвішча Капітэн, і лісты да яе перасталі даходзіць. У канцы 1980-х, калі СССР пачаў адкрывацца сьвету, Яўгенія напісала на ўсе вядомыя ёй адрасы Палет і зьвярнулася ў Чырвоны Крыж.
З Францыі прыйшоў адказ, сувязь аднавілася, і Палет запрасіла сяброўку Зэню ў Францыю разам з дачкой Жаннай.
Зноў на радзіму Яўгенія трапіла праз 43 гады пасьля ад’езду, але францускую мову не забылася. Ехалі празь Нямеччыну і Бэльгію. Сяброўка жыла ў прыгарадзе Мэца, з сынам Філіпам сустрэла іх на вакзале, адразу пазнала. Пры сустрэчы плакалі і Палет, і Зэня, і Жанна.
Яўгенія Янаўна на паўтара месяцы зноў стала Зэняй, як яе называла Палет.
Зэня прывезла зь Беларусі ў падарунак два самавары, крышталёвую вазу, пасьцельную бялізну, чорны хлеб і гарэлку. Беларускі чорны хлеб і моцная гарэлка надта ўразілі французаў. Разам з Палет Зэня сустрэліся зь іншымі сяброўкамі свайго дзяцінства, на вячэру ў рэстарацыі прыйшлі 20 чалавек.
«Як быццам бы я ўсё жыцьцё там жыла і ніколі не выяжджала», — кажа пра тую паездку Яўгенія Янаўна. Палет ёй неяк сказала: «Навошта ты, Зэня, тады пакінула Францыю, засталася б лепей у нашай сям’і, знайшлі б табе месца».
Шахта, дзе колісь працаваў яе тата, была ўжо закрытай, у касьцёл, куды ў дзяцінстве хадзіла Зэня, трапіць не змаглі, ён стаяў зачынены, бо памёр сьвятар. Іхны дом у Абуэ захаваўся, але там жылі іншыя людзі і патрывожыць іх, зайсьці ў гэты дом Зэня і Жанна не рашыліся.
Палет жыла ў прыгарадзе Абуэ пад назвай Парадыз (Paradis) адна, муж яе памёр. Зэня і Жанна пабылі ў яе паўтара месяца, хоць плянавалі адзін месяц, нават парушылі тэрмін дзеяньня францускіх візаў, бо своечасова не зарэгістравалі зваротныя білеты. Але пры выезьдзе з Францыі нічога ім за гэта не было.
Потым перапіска сябровак працягвалася, былі і званкі прынамсі раз на месяц. У Яўгеніі Янаўны захавалася шмат лістоў сяброўкі, і яна дазволіла пачытаць і зьмясьціць адзін зь іх, датаваны 1992 годам, напісаны ўжо пасьля іхнай паездкі ў Францыю, неўзабаве пасьля таго як яе дачка Жанна выйшла замуж за Ёсіфа Лётку.
«Дарагая Зэня, Гэтай паштоўкай хачу павіншаваць цябе з днём нараджэньня. Я атрымала фатаздымкі. Дзякую! Яны выдатныя, у Жанны прыгожая сукенка. Жанна хацела б пераехаць у Францыю, але, як я табе пісала, ужо позна, каб аформіць дакумэнты і іншае. Зэня, я гляджу тэлевізар і сачу за інфармацыяй, і ведаю, што ў вас таксама трэба шмат грошай, а ты прадала свае радыёпрымачы? Ужо 2 гады прайшло з твайго прыезду. А Жанна, ці ўспамінае яна Францыю? Ці працягвае гаварыць па-француску? Як яна маецца наагул, яна выйшла замуж па каханьні? Я думаю, што так. А як маесься ты, Зэня? Твой муж? Калі ты захочаш прыехаць з Жанам у Францыю, цяпер гэта лягчэй, хоць працэдура афармленьня доўгая. На гэтым і ў чаканьні навінаў ад цябе я цябе горача цалую, і таксама Жана, Жанэт і яе мужа. Да хуткага! Палет».
Палет згадвала ў лісьце, што Зэніна дачка Жанна хацела пераехаць у Францыю. Палет раней казала, што магла б яе ўзяць да сябе на нейкі час, але трэба вывучыць францускую мову. Але пераезд Жанны зь Беларусі ў Францыю стаў нерэальным пасьля таго, як яна выйшла замуж, і сапраўды — па каханьні. А вось францускую мову Жанна так і ня вывучыла.
Палет у лісьце таксама згадвае дзьве дзьвюхкасэтныя магнітолы (радыёпрымач і магнітафон у адным корпусе), якія Зэня з дачкой купілі ў Францыі — адну сабе, а другую на продаж.
Зэня і Палет сапраўды плянавалі яшчэ сустрэцца, але француская сяброўка спачатку перанесла інсульт, ад яе пайшлі лісты, напісаныя вельмі неразборлівым почыркам, а ў 1996 годзе яна загінула ў аўтакатастрофе, калі сама кіравала машынай.
Больш Зэня і Жанна ў Францыі не былі.
Сярод францускіх школьных кніжак, прывезеных Зэняй з Францыі, ёсьць некалькі непрывычных для беларускага школьніка дапаможнікаў: «Практычнае жыцьцё. Ручныя працы» і «Школа шчасьця». У першым розныя гаспадарчыя парады: як адрамантаваць прас, як карыстацца інструмэнтамі. Другі апісвае ролю жанчыны ў сям’і, гадаваньне дзяцей, гігіену, навучае хатняй эканоміцы, гатаваньню страваў, догляду за домам, — усяму таму, з чаго складаецца сямейнае шчасьце. Яўгенія Янаўна ў канцы свайго 90-гадовага жыцьця кажа, што ў Савецкім Саюзе яна шчасьця ня мела.