Цыкль публікацый пра «дзяцей Францыі» — пра лёс сем’яў беларусаў, якія паддаліся на савецкую прапаганду і пераехалі пасьля Другой сусьветнай вайны з Францыі ў СССР, — працягвае бадай адзіная цалкам пазытыўная гісторыя. Яе герой Сьцяпан Батура не шкадуе пра пераезд у Савецкі Саюз, дзе ён не пацярпеў ад рэпрэсій і змог сябе рэалізаваць, у навуцы, працы і сямейным жыцьці.
Сьцяпан Максімавіч Батура і ягоная жонка Сьвятлана Піліпаўна працавалі ў Менскім інстытуце замежных моваў, вучылі студэнтаў, пісалі кнігі, рабілі пераклады. Яны ж дапамаглі аўтару скласьці сьпіс іншых «дзяцей Францыі», выкладчыкаў гэтага ВНУ.
У 2018 годзе на сайце Свабоды публікавалася 5 гісторый пра «дзяцей Францыі».
Сёлета ў менскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну». Цягам лістапада Свабода публікуе тры новыя гісторыі з гэтай кнігі.
Цёзка нашага караля Сьцяпан Батура, якога любілі ў менскім «ін’язе»
Пра што гэтая гісторыя
- Як Батуры з Палесься паехалі ў Францыю
- Першая рэпатрыяцыя — у Польшчу
- Другая рэпатрыяцыя — у СССР
- Вучоба ў Францыі і Беларусі
- «Дзеці Францыі» ў Менскім інстытуце замежных моваў
- Зрабіў жонку невыязной
- Паездка ў Францыю, перапалох у Менску
- Перакладнік зь беларускай на францускую
- Стаўленьне да савецкай улады
90-гадовы поўны цёзка караля Сьцяпана Батуры — мабыць, адзіны з герояў кнігі, хто не крыўдуе на рашэньне бацькоў пераехаць з Францыі ў СССР. Гісторыя сям’і Сьцяпана Максімавіча Батуры выглядае як выключэньне сярод аповедаў беларускіх «дзяцей Францыі».
Па прыезьдзе ў СССР сям’і Батураў далі кватэру ў Берасьці, бацька меў добрую працу, дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю і рэалізавалі сябе. Ад асаблівага ціску з боку ўладаў не цярпелі. Сам Сьцяпан Батура змог стаць паважаным выкладчыкам менскага інстытуту замежных моваў, дацэнтам, аўтарам падручніка і перакладнікам на францускую мову беларускіх кніг, сярод іх «Зямлі пад белымі крыламі» Ўладзімера Караткевіча і «Рэспубліка Беларусь. Дарога ў будучыню» Аляксандра Лукашэнкі.
Сьцяпан Батура шчасьлівы і ў сямейным жыцьці: ён мае цудоўную жонку Сьвятлану Піліпаўну, таксама былую выкладчыцу інстытуту замежных моваў, уладальніцу францускага ордэну «Акадэмічныя пальмы». Разам яны выгадавалі сына Максіма і цешацца з посьпехау унука Антона.
Дзякуючы Сьцяпану Максімавічу і Сьвятлане Піпіпаўне мне ўдалося скласьці сьпіс «дзяцей Францыі» — выкладчыкаў францускай мовы ў менскім інстытуце замежных моваў — цяперашнім Лінгвістычным унівэрсытэце. Францускі факультэт гэтага інстытуту дзякуючы народжаным у Францыі выкладчыкам меў асаблівую атмасфэру і шарм, студэнты вельмі любілі іх, у тым ліку сямейную пару Батураў.
Сьцяпан і Сьвятлана Батура расказалі сямейную гісторыю ў сваёй стандартнай менскай кватэры ў пабудаваным у позьнія савецкія часы ў Менску панэльным доме на вуліцы Кастуся Каліноўскага. Яны таксама паказалі ўласнаручна збудаваную дагледжаную дачу ў маляўнічым месцы за горадам, каля вадасховішча Вяча.
На дачы зьберагаецца галоўны францускі артэфакт Батураў — шыкоўны набор мэблі (ложак, шафа, сталы, буфэт, крэслы), зробленыя з натуральнага дрэва хросным бацькам Сьцяпана Батуры Дзям’янам Краўчуком, таксама эмігрантам з Заходняй Беларусі. Гэтая камфортная француская мэбля разам зь сям’ёю правандравала тысячы кілямэтраў, яна служыць ужо 80 гадоў і будзе служыць яшчэ столькі ж. Адзіны яе «недахоп» — яна не пасуе да стандартных савецкіх кватэраў.
Як Батуры з Палесься паехалі ў Францыю
Сьцяпан Батура нарадзіўся ў 1928 годзе ў вёсцы Селяховічы Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Тады гэта было Палескае ваяводзтва Польшчы.
Ягоны бацька Максім Аляксеевіч Батура (1903–1986) і маці Лізавета Кліменцеўна Ляўчук (1908–1993) паходзілі з гэтай жа вёскі і пабраліся супраць волі сваіх бацькоў. Бацькі Максіма не хацелі нявесткі зь беднай сям’і, а бацькі Лізаветы не хацелі дзяліцца зямлёю зь зяцем, бо яе і так было мала.
Але ў пары яшчэ да шлюбу нарадзіўся сын Сьцяпан, і яны наважыліся разам вырашыць усе праблемы ў Францыі, дзе тады былі патрэбныя шахтары і працаўнікі на фэрмах. Ім прыйшоў выклік на працу ў правінцыю Шампань, горад Труа (Troyes). Пасяліліся яны ў прадмесьці Сэн-Жульен (Ville de Saint Julien les Villas). Там жа ўзялі фармальны шлюб.
Спачатку паводле кантракту яны мусілі год адпрацаваць у францускіх фэрмэраў.
«Мая маці была прывычная да сельскай працы і пайшла там адразу палоць бульбу. Калі яны там працавалі ў полі, то мая мама казала гаспадыні: вось гэта мой радок, а гэта — ваш. Мама ўмела працаваць, а гаспадары-французы — ня вельмі. То яна ішла наперадзе, а потым пераходзіла на іншы радок і казала гаспадыні, што суседні — ваш. І калі вечарам яны прыйшлі дадому і гаспадар спытаўся, як гэтая працаўніца, то гаспадыня адказала, што яна добра працуе, вельмі добра, але чамусьці ўвесь час яе „каровай“ называе», — апавядае Сьцяпан Батура пра першыя крокі да знаёмства сваёй сям’і з францускай рэчаіснасьцю і мовай.
«Ваш» па-француску значыць карова («une vache»), а назваць каровай жанчыну было абразай і тады, і цяпер, і ў Францыі, і ў Беларусі.
Пазьней Сьцяпанава маці ўладкавалася на працу ў Труа на кандытарскую фабрыку, а тата — на тартак.
У Францыі ў іх нарадзіўся яшчэ адзін сын Жорж (1932–2008). Бацька пабудаваў у Сэн-Жульен невялікі цагляны дом, яму дапамагаў у гэтым зямляк Дзям’ян Краўчук. Маці захаплялася самадзейнасьцю, хадзіла ва ўкраінскі хор: эмігрантаў у іхным гарадку было нямала.
Жыцьцё сям’і ў Францыі Сьцяпан Батура згадвае цёпла.
«Мае бацькі ў Францыі наведвалі праваслаўную царкву, яна была ў Труа, у яе хадзіла шмат украінцаў. Там было шмат людзей з Украіны, а былі і рэшткі „белай арміі“, якія таксама з Украіны, з Крыму праз Канстантынопаль эмігравалі ў Францыю. Расейскіх эмігрантаў у Труа было мала, яны збольшага належалі да інтэлігенцыі і жылі вакол Парыжу. А там былі простыя людзі, якія ўдзельнічалі ў руху супраць савецкай улады.
Маці хадзіла ва ўкраінскі хор і танцавальны гурток, пляла там вянкі. Мама была актыўная, модная. Бацька працаваў на тартаку, быў таксама лесарубам, зразаў платаны. Уздоўж дарог платаны настолькі былі разрасьліся, што іх трэба было сьсякаць. Праца была небясьпечнай, таму бацька на гэтым зарабляў добрыя грошы».
Першая рэпатрыяцыя — у Польшчу
У Францыі бацька вельмі сумаваў па радзіме, ды і дзядуля ў лістах яго ўжо клікаў назад. У 1937 годзе сям’я Батураў вярнулася на Палесьсе. У той час бывала, што францускія ўлады гвалтам высылалі польскіх эмігрантаў, цэлымі цягнікамі, але Сьцяпан Максімавіч ня памятае, каб гэта была нейкая рэпрэсія з боку дзяржавы. Бацька сам вырашыў вярнуцца, прадаў свой францускі дом і прыехаў зь сям’ёю ў Селяховічы.
Калі прыехалі і пабачылі ўмовы жыцьця ў вёсцы, то бацька зразумеў, што зрабіў памылку. Ён хутка змог вярнуцца назад у Францыю. А ягоная жонка з двума сынамі яшчэ год пражылі ў Польшчы, у дзедавай хаце ў роднай вёсцы. Сьцяпан год хадзіў у польскую школу, выклікаў у вясковых хлопцаў зайздрасьць сваім роварам і напалохаў ксяндза маскай чорта. Праз год маці і дзеці зьядналіся з бацькам у Францыі, дзе той пабудаваў ужо другі дом, большы за першы, на тры пакоі і кухню. Клімат у Шампані мяккі, уцяпляцца, як на Палесьсі, ня трэба было, але печка была.
Сьцяпан у Францыі далей вучыўся ў школе, хадзіў на плаваньне ў басэйн, захапляўся амаль усімі даступнымі відамі спорту: лыжамі, роварам, матакросам, веславаньнем на байдарцы — плаваў у складзе «васьмёркі» на рацэ Сене. Любімым у Сьцяпана Батуры быў роварны спорт, які лічыцца нацыянальным у Францыі, пазьней ён удзельнічаў у шматдзённых роварных гонках і ў Беларусі.
Падчас вайны сям’я Батураў асаблівага клопату ня мела, разбурэньняў у іхным горадзе не было. Бацькі надалей працавалі на кандытарскай фабрыцы і тартаку, атрымлівалі харчаваньне на карткі. Толькі калі немцы наступалі, сям’я падалася ва ўцякацтва, але пасьпелі адысьці ад гораду кілямэтраў 15 і пабачылі немцаў. Тыя іх прагналі дахаты. Другое сутыкненьне адбылося, калі немцы ўжо адступалі і былі вельмі злыя. Маці тады вызірнула ў акно — і нехта зь іх стрэліў, прабіў акно, маці моцна напалохалася, адпаўзала ў пакой на каленьках. Кулю гэтую ў сям’і зьбераглі. Потым у горад увайшлі амэрыканскія войскі і пачало аднаўляцца мірнае жыцьцё.
Другая рэпатрыяцыя — у СССР
З 1947 году ў Труа пачалі наведвацца савецкія агітатары, прапаноўвалі «вяртацца на радзіму», Сьцяпан Батура нават запомніў прозьвішчы: Драздоўская і Сарокін. Яны казалі, што ў СССР усё добра, вайна скончаная і жыцьцё ў краіне аднаўляецца, абяцалі, што рэпатрыянты там будуць паўнавартаснымі грамадзянамі. Гэты Сарокін паходзіў зь Менску, згадвае Сьцяпан Батура, пазьней ён выкладаў марксізм-ленінізм у інстытуце замежных моваў.
Некаторыя паслухаліся гэтых агітатараў, якія езьдзілі па ўсёй Францыі. Паддаўся на іхную прапаганду і Максім Батура, які меў настальгію; жонка Лізавета была супраць, але ў сям’і слухаліся бацьку.
«У СССР маці слухала радыё, увесь час чакала, калі зноў пачнецца вайна, каб вярнуцца ў Францыю. Яна проста марыла аб гэтым, шкадавала свой дом у Францыі. Так што гэты пераезд даўся ёй нялёгка, але потым яна звыклася», — згадвае Сьцяпан Максімавіч.
У Камэрцыйным інстытуце, дзе ўжо вучыўся Сьцяпан, яго самога адгаворвалі, абяцалі, што ён атрымае грамадзянства, а пасьля вайсковай службы стане паўнапраўным французам. Сьцяпан мог бы застацца давучвацца, але захацеў быць зь сям’ёю і паслухаўся бацьку.
У СССР выехалі цягніком, у адным вагоне ехалі 2 сям’і. Батуры ўзялі ўсе свае рэчы, мэблю і нават сабачку Бобі, якога хавалі ад памежнікаў па ўсім маршруце. Але ў Берасьці сабачка загаўкаў, а калі яго заўважылі салдаты, то Бобі выскачыў, пераплыў раку і чакаў сваіх ужо пасьля пераходу мяжы. Так у Берасьці зьявіўся сабачка, якому каманды давалі на францускай мове.
Калі савецкія агітатары пыталіся ў Максіма Батуры, куды б ён хацеў паехаць у СССР, то ён згадаў, што быў калісьці ў Растове-на-Доне і горад яму спадабаўся.
Паехалі ў Растоў, але па дарозе спыніліся ў шахтарскім пасёлку Нью-Ёрк Данецкай вобласьці. Гэтым горад ва ўкраінскай частцы Данбасу заснавалі пратэстанты-мэнаніты і далі яму такую назву, але ў 1951 годзе, пасьля пачатку «халоднай вайны», яго перайменавалі ў Ноўгарадзкае, а ў 2016 годзе ў Вярхоўную Раду Ўкраіны пададзена прапанова вярнуць гораду ранейшую «амэрыканскую» назву.
Бацька тымчасам адзін паехаў у Растоў-на-Доне, пабачыў, як там усё разбурана, і вярнуўся ў данецкі Нью-Ёрк.
Вучоба ў Францыі і Беларусі
У Францыі Сьцяпан пасьпеў закончыць сярэднюю школу і паступіць у Труа ў Камэрцыйны інстытут (Les Écoles de commerce à Troyes). Правучыўся там адзін год, калі бацькі вырашылі паехаць у СССР. Брат Жорж у Францыі толькі пасьпеў закончыць школу, яму было 16 гадоў. Сьцяпану ўжо было 20 гадоў, ён быў самастойны.
«Для мяне пераезд быў як прыгода. Мне было цікава», — так праз 70 гадоў тлумачыць Сьцяпан Максімавіч сваё адчуваньне ад рэпатрыяцыі ў СССР.
Сьцяпан і Жорж разам зь іншымі дзецьмі рэпатрыянтаў у гэтым данецкім Нью-Ёрку цягам году вучылі расейскую мову. Там ім выдалі пасьведчаньні аб заканчэньні школы-сямігодкі, зь якімі можна было далей вучыцца. Праз год сям’я вярнулася на Палесьсе.
У Берасьці Батураў сустрэлі добра, далі кватэру ў двухпавярховым доме на 8 сем’яў у самым цэнтры гораду, на вуліцы Савецкай. Бацька пайшоў працаваць у будаўнічы трэст, быў добрым паркетнікам, клаў паркет, сярод іншага, у абкаме камуністычнай партыі. Маці пайшла на дывановы камбінат.
Сьцяпан у Берасьці ў 1948 годзе паступіў у пэдагагічную вучэльню, закончыў яе ў 1952 годзе з адзнакай, атрымаў дыплём настаўніка пачатковых клясаў. Далей паступіў у Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моваў, вучыўся там у 1952–1956 гадах, таксама закончыў з адзнакай.
«Да мяне ўсюды добра ставіліся, асабліва першы рэктар, які вельмі любіў спартсмэнаў. А я захапляўся спортам і быў яшчэ і ў драматычным гуртку, і ў танцавальным. Мне ў інстытуце ўсё падабалася», — кажа Сьцяпан. Калі студэнтаў прымалі ў камсамол, то спыталі і Сьцяпана, ці хоча ён.
«Асабліва мне не хацелася, акрамя таго, лідэрам камсамолу не падабаўся мой выгляд: я меў вусікі і насіў на пальцы пярсьцёнак. А ад савецкіх камсамольцаў патрабавалася большая аскетычнасьць. І калі не ўзялі, то я не крыўдаваў», — тлумачыць Сьцяпан Максімавіч свае адносіны з моладзевай камуністычнай арганізацыяй савецкіх часоў.
У камсамол запісвалі амаль пагалоўна, толькі зь яго шэрагаў можна было патрапіць у камуністычную партыю. Бяз гэтага ў СССР было цяжка разьлічваць на кар’еру.
Тым не меней па заканчэньні інстытуту Батуру даверылі адказную місію — у 1957 годзе яго накіравалі папрацаваць перакладнікам на VI сусьветным фэстывалі моладзі і студэнтаў у Маскве. Тады ў савецкай сталіцы ў пачатку хрушчоўскай «адлігі» сабраліся 34 тысячы чалавек з 131 краіны сьвету, пераважна людзі камуністычных ці іншых левых поглядаў. Маскоўцы бадай ўпершыню пасьля рэвалюцыі 1917 году змаглі вольна гутарыць з іншаземцамі, і ніхто іх за гэта не караў.
Тымчасам брат Сьцяпана Георгі Батура ў Берасьці закончыў 10 клясаў і паехаў вучыцца ў будаўнічы інстытут у Кіеў. Калі закончыў, прыехаў на Берасьцейшчыну, будаваў Жабінкаўскі цукровы завод у якасьці галоўнага інжынэра. Потым вярнуўся ў Кіеў у той жа інстытут, абараніў дысэртацыю, стаў там прафэсарам. Меў сына Аляксандра і дачку Лізавету.
«Дзеці Францыі» ў Менскім інстытуце замежных моваў
Сьцяпана Батуру з інстытуту замежных моваў разьмеркавалі ў Бялыніцкі раён, выкладаць у школе нямецкую мову. Але нечакана знайшлося іншае месца працы — у мястэчку Ждановічах пад Менскам для дзяцей зь неўладкаваных сем’яў арганізавалі інтэрнат, дырэктар якога паклікаў Сьцяпана да сябе ў калектыў. Там Батура працаваў выхавальнікам да 1962 году. Ён згадвае, што аддаваў дзецям каманды па-француску, і гэта ім вельмі падабалася. Былыя выхаванцы яшчэ доўга яго пазнавалі і дзякавалі, калі сустракалі ў грамадзкіх месцах.
На пачатку 1960-х гадоў, калі ў Афрыцы пачала распадацца каляніяльная сыстэма, узьнікла шмат новых дзяржаваў, у якіх размаўляюць па-француску, і ў СССР вырасла патрэба ў спэцыялістах, якія ведаюць гэтую мову. У Менскім інстытуце замежных моваў на францускім факультэце замест дзьвюх групаў зрабілі сем. Адпаведна вырасла патрэба і ў выкладчыках, пра Сьцяпана Батуру ўспомнілі і запрасілі ў штат.
Падчас працы ў Ждановічах Батура зацікавіўся навукай, спрабаваў паступіць у Маскву ў асьпірантуру Маскоўскага інстытуту замежных моваў імя францускага камуніста Марыса Тарэза. Іспыты здаў добра, лепей за канкурэнтаў, але яго не ўзялі.
«Калі я пайшоў скардзіцца, мне адказалі: Сьцяпан Максімавіч, вы ж ведаеце, зь якой краіны прыехалі. Але дарога ў навуку ляжыць ня толькі праз асьпірантуру, можна быць і спаборнікам».
У навуку Сьцяпан пайшоў гэтым другім шляхам, у 1967 годзе пачаў пісаць дысэртацыю, у 1970 годзе абараніўся, стаў кандыдатам філялягічных навук і дацэнтам. У пачатку 1990-х мог спадзявацца на званьне прафэсара, але сышоў з інстытуту ў камэрцыйныя структуры.
Разам са Сьцяпанам Батурам у Менскім інстытуце замежных моваў працаваў цэлы шэраг народжаных у Францыі выкладчыкаў, якія прыехалі на радзіму сваіх бацькоў у сталінскія часы ў рамках так званай рэпатрыяцыі.
Сьцяпан Максімавіч і ягоная жонка Сьвятлана Піліпаўна дапамаглі мне скласьці сьпіс некаторых зь «дзяцей Францыі», якія працавалі ў «іньязе»:
«У нас такіх была палова факультэту», — кажа Сьвятлана Піліпаўна.
- Мішэль Захаркевіч (1933–2017), дацэнт катэдры лексыкалёгіі. Ягоны бацька да пераезду ў СССР працаваў на шахтах каля гораду Лілю ў Францыі, а ў Менску — на МАЗе.
- Ніна Чарненка (1936–2018), старшы выкладчык катэдры лексыкалёгіі, нарадзілася каля Парыжу, закончыла інстытут замежных моваў у Маскве. Яе бацька былы белагвардзейскі афіцэр, украінец, які вярнуўся з жонкай-францужанкай у Херсон па савецкай амністыі. У Менск Ніну разьмеркавалі пасьля інстытуту ў 1965 годзе. Альберт Касьцюк (1936–2006), старшы выкладчык катэдры мэтодыкі выкладаньня, нарадзіўся ля Страсбургу, пераехаў у СССР і вучыўся ў Менску ў тым жа інстытуце, дзе потым і выкладаў.
- Віктар Качан (1934–1970), выкладчык аддзяленьня францускай мовы, памёр у 36 гадоў. Моцна сумаваў па Францыі.
- Жанэт Жармэн, 1926 году нараджэньня, працавала лябаранткай на факультэце францускай мовы, друкавала на машынцы, зьехала ў Францыю ў пачатку 1990-х гадоў. Яе муж Мішэль памёр у дзень, калі прыйшлі дакумэнты на выезд. У выніку Жанэт паехала ў Францыю з дачкой Дамінікай, двума ўнукамі, а сын Мішэль застаўся ў Беларусі. Пасьля крэмацыі памерлага мужа забрала попел у Францыю.
- Апрача іх, зь «дзяцей Францыі» былі Марыя Гушчэўская, якая працавала ў лінгафонным кабінэце, Якаў Валявач і Якаў Давідовіч, якія выкладалі на перакладніцкім факультэце.
Як згадваюць былыя студэнты, менавіта дзякуючы выкладчыкам-нараджэнцам Францыі, якія дасканала валодалі францускай мовай і мелі добрыя манеры, на іхным факультэце была не зусім савецкая атмасфэра, вельмі добразычлівая і нават галянтная.
Зь іншых «дзяцей Францыі» Сьцяпан Батура памятае яшчэ некалькі чалавек, лёсы якіх скончыліся трагічна: адзін у 1948 годзе хацеў нелегальна перайсьці мяжу СССР і вярнуцца ў Францыю, але яго застрэлілі памежнікі, іншы павесіўся ад тугі, а некаторыя сьпіліся.
Зрабіў жонку невыязной
У Менскім інстытутце замежных моваў Сьцяпан Батура знайшоў сабе жонку Сьвятлану Піліпаўну, зь якой ён жыве ўжо больш за 55 гадоў. Сьвятлана нарадзілася ў 1939 годзе ў Смаленску, вучылася ў Менскім інстытуце замежных моваў і нейкі час была студэнткай Сьцяпана Батуры.
«Уяўляеце, на трэцім курсе ён пачаў у нас працаваць, я прыйшла на першыя заняткі, паглядзела на яго, ён мне не спадабаўся і я больш не хадзіла на яго лекцыі. Я была старастай, журнал пад паху і пайшла. А ў канцы сэмэстру трэба ж залік здаваць, застаюцца адны заняткі. Што ж рабіць, трэба ісьці... Зайшла я ў аўдыторыю, спазьнілася. А ён мне гаворыць па-француску: «Вы тут першы раз». Адказала з абурэньнем: «Не, другі!». Пасьля выпуску Сьвятлану накіравалі на год працаваць у Малі, а калі вярнулася — таксама запрасілі выкладаць у родны інстытут. Потым была ў іх яшчэ адна сустрэча, проста крыху пагаварылі, а пазьней неяк селі побач на канцэрце францускай музыкі ў Доме афіцэраў.
У траўні 1963 году Сьцяпан і Сьвятлана пажаніліся. Вясельля не было, расьпісаліся ў ЗАГСе на плошчы Якуба Коласа, селі на матаролер і паехалі жыць на кватэру, якую Батура здымаў у прыватным сэктары ля Балотнай станцыі. Меней чым праз год ім як сям’і рэпатрыянта Менскі гарвыканкам вылучыў двухпакаёвую кватэру на вуліцы Хмяльніцкага, побач з кінатэатрам «Зорка», цяпер тут кіно «Кастрычнік».
«Мяне сяброўкі адгаворвалі: ты звар’яцела, казалі, у яго сто баб ужо было, а я сказала, што я буду 101-й і апошняй. Так і сталася. А дэкан сказаў: мы ж цябе хочам у Францыю паслаць на год пасьля Малі, не выходзь за яго, бо тады ня пусьцім. У Парыж на год, адказала я, а замуж я зьбіраюся на ўсё жыцьцё. І, вядома, мяне не пусьцілі ў Парыж. Я адразу ж стала невыязная, як і ён», — апавядае пра мінулае Сьвятлапа Піліпаўна. Сьцяпан Максімавіч ўсьміхаецца і падтрымлівае яе аповед.
Паездка ў Францыю, пярэпалах у Менску
Невыязнымі з СССР была абсалютная большасьць людзей: краіна была за «жалезнай заслонай», за мяжу, асабліва ж у краіны Захаду маглі выяжджаць адзінкі, якіх пільна правяралі парткамы і КДБ. Вось і Сьцяпан і Сьвятлана Батуры (апошняя пасьля 1963 году) былі невыязнымі, — існаваў такі негалосны тэрмін для ненадзейных савецкіх грамадзян, пераважна сярод інтэлігенцыі, выкладчыкаў, літаратараў, дзеячоў мастацтва. А сяляне ў той час і ўнутраных пашпартоў ня мелі, каб па СССР езьдзіць.
Але здарылася ў жыцьці Сьцяпана Батуры адно выключэньне. У яго быў знаёмы чыноўнік ў Міністэрстве адукацыі БССР, яны вучыліся разам у інстытуце.
«І я яму кажу: як бы мне зьезьдзіць у Францыю? Калі б у цябе была ступень, усё было б прасьцей, адказвае ён. Як толькі абаронісься — паедзеш».
І сапраўды, у 1972 годзе, неўзабаве пасьля абароны кандыдацкай дысэртацыі, Сьцяпана Батуру як мададога навукоўца накіравалі ў горад Экс-ан-Праванс (Aix-en-Provence), у лябараторыю вядомага францускага вучонага-фанэтыста прафэсара Жоржа Фора (Georges Faure).
«Мы дагэтуль дзівімся, як гэта яго выпусьцілі. Тады мы былі вельмі радыя, што ён пабачыць родную краіну», — кажа Сьвятлана Піліпаўна.
2 месяцы Сьцяпан Батура чытаў у Францыі лекцыі, нават зарабіў там грошай і было за што зьезьдзіць у родны горад Труа. Ён спытаў дазволу ў амбасадзе СССР і паехаў, бо вельмі хацелася наведаць знаёмыя мясьціны, сустрэцца зь сябрамі дзяцінства.
«Я прыехаў у Труа, прыйшоў да знаёмых, яны таксама беларусы-эмігранты, якія калісьці выкупілі наш дом, і жартам сказаў жанчыне: „Прадайце дом, я добра заплачу“. Яна адказала, што дом не прадаецца. А тут выйшаў гаспадар і закрычаў: „Гэта ж Сьцяпан, сын Максіма“. Пазналі мяне», — апавядае Батура.
Сустрэўся ён зь сябрамі і знаёмымі. Там яшчэ шмат засталося беларусаў-эмігрантаў, і яны не шкадавалі, што не паехалі ў СССР. Былі вельмі радыя пабачыць Сьцяпана і казалі яму:
«А мы думалі, што ты ў Сібіры, што мо цябе і на сьвеце няма». Многіх рэпатрыянтаў сапраўды савецкія ўлады паслалі ў Сібір.
З савецкай амбасады не паведамілі ў Менск, што Батура затрымаецца ў Францыі яшчэ на 2 тыдні, а дома яго ўжо чакалі. Стаўся сапраўдны пярэпалах. Сьвятлану Піліпаўну выклікалі ў дэканат, баяліся, што яе муж застаўся ў Францыі, стаў «невяртанцам» — так называлі савецкіх грамадзян, якія прасілі прытулку і заставаліся на Захадзе.
«А я і сама ня ведаю, тады ж нельга было падтрымліваць зносіны на адлегласьці. Лісты ён пісаў, але ў мяне і думкі не было, што ён там можа застацца. У нас ужо сын быў вялікі... Вядома, ён мог застацца на Захадзе, тады заставаліся. Але ён вярнуўся».
Гэты інцыдэнт улады запомнілі і да каца СССР Сьцяпана Батуру і ягоную жонку з краіны больш ня выпусьцілі, нават размоваў такіх не было, каб кудысьці паехаць за мяжу.
У Францыі ён зноў пабываў, калі ўжо СССР ня стала, — у 1993 і 1996 гадах.
У 1980-я гады Сьцяпан ліставаўся са школьнымі сябрамі з Францыі, нават прымаў дома аднаго зь іх — Рыгора, які таксама паходзіў зь беларускіх эмігрантаў у Труа.
На працы ж яму казалі, што перапісвацца з Францыяй «непажадана». Але ніякіх рэпрэсіяў не было. Была яшчэ адна сувязь з Францыяй: бацькі да сьмерці атрымлівалі страхавую частку сваёй пэнсіі, заробленай там, а гэта ў некалькі разоў больш, чым былі іхныя савецкія пэнсіі. Грошы прыходзілі раз на тры месяцы, іх пераводзілі ў чэкі «Внешпосылторга», зь якімі хадзілі ў спэцыяльную краму «Ивушка». Гэтыя чэкі даставаліся і Сьцяпану са Сьвятланай. За чэкі куплялі якасныя адзеньне і абутак, што важна было для выкладчыкаў.
Пасьля дзяржаўнага інстытуту замежных моваў у 1992 годзе Сьцяпан Максімавіч выкладаў у прыватным ВНУ — Эканоміка-лінгвістычным унівэрсытэце, пазьней быў перакладнікам у рэклямным агенцтве, няблага там зарабляў, а закончыў працоўную дзейнасьць у веку 85 гадоў.
Перакладнік зь беларускай на францускую
Усё жыцьцё Сьцяпан Батура займаўся перакладамі з францускай і на францускую мову. Па-француску ў яго выйшла 12 кніжак. Разам з жонкай напісалі дапаможнік з францускай мовы для студэнтаў факультэту мастацтваў, які выдаў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Зрабіў ён шмат перакладаў дзіцячай, вучэбнай і мастацкай літаратуры на францускую. Том беларускіх народных казак у ягоным перакладзе на францускую мову ўсё яшчэ чакае выдаўца.
Асабліва ганарыцца Сьцяпан Батура сваім перакладам на францускую кнігі Ўладзімера Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» («La terre sous les ailes blanches»), ён мае ў сваёй бібліятэцы падпісаны аўтарам асобнік.
Караткевіч яму напісаў:
«Дарагому перакладчыку Сьцяпану Максімавічу Батуру, на знак моцнага Саюза. 25 сьнежня 1981 (каталіцкія, а значыць і францускія — Каляды)».
Кніга Караткевіча пра Беларусь на францускай мове выйшла ў менскім выдавецтве «Юнацтва».
У 1996 годзе Сьцяпану Батуру давялося перакласьці на францускую мову і кнігу нядаўна абранага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, калі той рыхтаваўся да першага і апошняга свайго візыту ў Францыю. Кніга называецца «Рэспубліка Беларусь. Дарога ў будучыню», выдадзеная ў Нямеччыне на добрай паперы і якасным друкам, з каляровым партрэтам Лукашэнкі на вокладцы. У кнізе інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам Патрыка Бруно (Patrick Brunot) і тэксты выступаў на розных сходах у Менску, Маскве і Нью-Ёрку.
«Нашыя мэты ў цэлым такія самыя, як прынцыпы, на якіх стаіць вашая дзяржава: Свабода, Роўнасьць, Справядлівасьць, Багацьце, — пісаў Лукашэнка ў прадмове, зьвяртаючыся да францускіх чытачоў. — Мы ведаем, якое грамадзтва хочам будаваць: дэмакратычнае грамадзтва з рынкавай сацыяльна арыентаванай эканомікай. Мы добра разумеем, што вяртаньне ў мінулае немагчымае. Вось чаму мы будуем сувэрэнную дзяржаву, якая ўлічвае сучасныя рэаліі».*Loukachenko A. République de Bélarus. Le Chemin de l’avenir. P.3
У анатацыі да кнігі на апошняй старонцы вокладкі гаварылася пра асноўную мэту пераўтварэньняў у Беларусі: «Стварэньне рынкавай эканомікі і дэмакратычных інстытуцыяў, якія б гарантавалі правы чалавека і свабоды індывідуума». *Тамсама. Кніга гэтая цяпер вельмі рэдкая, яе нельга замовіць нават у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Стаўленьне да савецкай улады
Кім вы сябе адчуваеце, да якой нацыянальнасьці сябе адносіце, — спытаў я ў канцы адной з нашых размоваў 90-гадовага Сьцяпана Батуру.
«Адчуваю сябе ўсім. Дакладнага адказу ня маю. Родная мова тая, на якой пачынаеш размаўляць, у маім выпадку — француская», — адказаў Сьцяпан Максімавіч.
«Да савецкай улады я ставіўся станоўча, — Сьцяпан Батура далей кажа, што праблемы з уладамі, якія былі, моцна не паўплывалі на ягоны лёс.— Савецкая ўлада мне ўсё дала. Чаго крыўдаваць. У чымсьці падманулі, але ў Берасьці да нас добра паставіліся, такая разруха, а далі добрую кватэру. Адукацыю і працу я атрымаў, сябе рэалізаваў».
«Лёс склаўся нармальна, крыўдаваць няма на што, — пацьвярджае словы мужа Сьвятлана Піліпаўна.— Да багацьця мы не імкнуліся, нас болей цікавілі кнігі. Адну шафу нашых кніг мы ўжо аддалі ў дзіцячую бібліятэку». Пад старасьць Сьцяпан Батура болей пачаў гаварыць па-француску, сьведчыць жонка:
«Ён жа сфармаваўся ў Францыі, у 20 гадоў зьехаў адтуль. Таму і адносіны да жыцьця, прывычкі ў яго несавецкія».
Але сваю «францускасьць» Сьцяпан Батура не перадаў наступным пакаленьням. Сын ягоны Максім францускую мову вывучыць ня здолеў, а ўнук Антон вывучаў у Сахараўскім унівэрсытэце францускую як другую замежную мову, але добра на ёй не гаворыць.