У заключнай частцы цыклю «Дзеці Францыі» аповед пра сям’ю шахтароў Салагубаў, якія з Францыі пераехалі на Данбас, а потым вярнуліся на радзіму продкаў — Беларусь.
Гісторыя запісаная са словаў Аляксандра Салагуба з Маладэчна. Менавіта ён у размове з францускімі дыпляматамі ў Менску першы назваў сябе «дзіцём Францыі».
Ён у 1999-м напісаў ліст прэзыдэнту Францыі Жаку Шыраку, дачакаўся ад таго адказу, атрымаў запрашэньне наведаць родны горад Алес (Alès) у Правансе.
Аляксандар Салагуб ужо 10 разоў пабываў у Францыі, праз 53 гады пасьля ад’езду з Францыі да яго «вярнулася» француская мова. Урэшце ён уладкаваў у Францыі сям’ю свайго сына Аляксандра, які ўжо атрымаў, у тым ліку з дапамогай бацькавых дакумэнтаў, францускі пашпарт.
Папярэднія гісторыі беларускіх «дзяцей Францыі»:
У Францыі яны былі рускімі, у Беларусі — французамі. Гісторыя сям’і, якая паверыла Сталіну
Рэпатрыяцыя з Францыі, уцёкі празь мяжу і 6 год у ГУЛАГу
Як у СССР прынялі шматдзетную сям’ю францускага камуніста Ждановіча
64 гады пошуку брата, які не захацеў ехаць з Францыі ў СССР
Алесь з Алесу, які жыве ў Маладэчне
Алесь Салагуб нарадзіўся 26 кастрычніка 1935 года ў шахтарскім гарадку Алес на поўдні Францыі. Сёлета яму будзе 83 гады, але ён жартам кажа, што будзе 38.
Ён жвавы, рухавы, мае добрую памяць, ягоная аднапакаёвая кватэра ў доме на Вялікім Гасьцінцы ў Маладэчне выглядае як музэй сям’і: паўсюль фота, артэфакты жыцьця Салагубаў, заможнага ў Францыі і цяжкага — у СССР.
Аляксандар Салагуб захаваў у кватэры будзільнік, куплены бацькам у 1932 годзе ў Францыі, каб пасьпяваць на шахтарскую зьмену ў забой, а таксама свой ровар Харкаўскага заводу 1960 году вырабу — з крывым стырном, амаль спартовы, на ім ён сёлета двойчы выяжджаў.
Роварны спорт у Францыі — нацыянальны, падлеткам на радзіме Алесь Салагуб меў свой францускі ровар, прыгожы, нікеляваны, з ручным тормазам, але на савецкім Данбасе яго давялося прадаць, каб купіць харчу. Спадар Аляксандар памятае гэтую страту і праз 70 гадоў.
У Францыі ў бацькоў Алеся Салагуба Аляксандра і Веры нарадзіліся яшчэ дачка Зіна, якую там звалі Жынэта (1937) і малодшы сын Мікалай (1946).
Бацька хацеў зарабіць на маёнтак
Галава сям’і Аляксандар Якубавіч Салагуб (1904–1969) да вайны ніколі ня жыў у СССР, толькі у Расейскай імпэрыі, Польшчы і Францыі.
У 1930 годзе бацька паехаў на заробкі ў Францыю, у першы ж адпачынак прыехаў у родную вёску і зладзіў вясельле, узяў за жонку суседку Веру Фёдараўну Захарыч (1908–1983). Бацькі паходзілі зь вёскі Кавалі, гэта 10 км за Вялейкай. Былі яны сялянамі, зямлі мелі мала, а тут прыехаў вэрбавальнік з Францыі, шукаў ахвотных працаваць на шахтах — бацька і падпісаў кантракт.
Усяго ў міжваенны пэрыяд у Францыі на шахтах і ў сельскай гаспадарцы працавала каля паўмільёна грамадзянаў Польшчы, сярод іх нямала выхадцаў з Заходняй Беларусі.
«У асноўным паехалі на шахты палякі і многія нашы землякі. Там у Францыі сярод нашых знаёмых былі людзі з Браслава, Даўгінава, Слоніма, Баранавічаў, Наваельні. Адны былі праваслаўныя, а другія каталікі. Але мы сябравалі», — згадвае Алесь Салагуб.
«У Алесе была ў нас 2-пакаёвая кватэра ад шахты — у квартале для шахтароў і рабочых металюргічнага заводу. Дом быў барачнага тыпу на 4 пад’езды, без выгодаў», — згадвае спадар Салагуб жыльлёвыя ўмовы ў Францыі.
Як апавядае сын, на шахце Алясандар Якубавіч зарабіў дастаткова, каб вярнуцца ў Польшчу, купіць маёнтак і жыць у ім багатым чалавекам, такую ён меў мару. Маці ж не працавала, але часам езьдзіла разам з татам зьбіраць вінаград і трускаўкі, прала людзям бялізну, капейку мела, таксама старалася для дабрыбыту сям’і.
«Але выбухнула вайна, прыйшла акупацыя і ўсе сабраныя грошы ляснулі. Напрыклад, як быў у банку мільён, то засталося, як адзін франк», — кажа Алесь Салагуб.
Францускае дзяцінства
Алесь і Зіна вучыліся ў францускай школе, гулялі зь сябрамі, хадзілі ў касьцёл. Алесь 2 гады быў скаўтам, адзін раз з бацькам адпачываў на моры.
«Размаўлялі мы там паміж сабой па-француску, беларускай мовы ня ведалі, а з палякамі размаўлялі па-польску. Я некалькі слоў па-польску ведаў».
На пытаньне пра самы прыемны ўспамін з Францыі Алесь Салагуб адказаў:
«У Францыі ў дзяцінстве я меў усё дзіцячае, а ў СССР я нічога дзіцячага ня меў. Хоць савецкія людзі і казалі, што ў іх усе ёсьць, насамрэч яны ня мелі нічога. А ў Францыі я меў цацкі, марозіва, бананы, апэльсіны, мандарыны, дыні, цукеркі — гэтага ў СССР ня ведалі. У Францыі я нават бачыў, як робяцца цукеркі.
У СССР мы з мамай займалі ў 5 гадзін раніцы чаргу па хлеб, мы пракліналі гэтыя чэргі. А суседзі сказалі, што каб гэтак сказаў савецкі чалавек, яго б ужо не было тут».
Вайну ў Францыі сям’я перажыла бяз стратаў, хоць часам галадалі. Спадар Алесь згадвае, як хадзілі з мамай на звалку, куды нямецкі гарнізон выкідваў харчовыя адыходы, маці выразала кавалкі з сапсаванай бульбы і рабіла дранікі. Таксама падбірала дзіравыя шкарпэткі, цыравала і насіла. Купіць новыя было немагчыма. Бацька быў шахтаром, а іх на вайну ня бралі. І немцы яго не чапалі.
Як рашыліся ехаць у СССР
У часе вайны бацька часам сустракаў савецкіх ваеннапалонных, і тыя распавядалі пра калгасы і пра тое, што зямлю ў СССР не прадаюць.
«Ваеннапалонныя казалі бацьку: ніколі, ніколі ня едзьце у Савецкі Саюз. Я тады не разумеў, што яны кажуць, гэта потым, як мы прыехалі, я пачаў размаўляць па-савецку», — кажа Алесь Салагуб.
Пасьля вайны ў гарадок Алес пачалі прыяжджаць дыпляматы з савецкай амбасады ў Парыжы, агітавалі ехаць у СССР, казалі, што там будзе добра, ня будзеце на капіталіста працаваць, а толькі на сябе.
«Яны арганізоўвалі балі ад імя такой арганізацыі — Саюз савецкіх патрыётаў Францыі. Кіроўца савецкіх дыпляматаў пасьля развозіў людзей і нават мяне пакатаў», — згадвае спадар Алесь.
Бацька быў сябрам Францускай камуністычнай партыі, удзельнічаў у Рэзыстансе (падпольлі) падчас вайны, быў сябрам Саюзу савецкіх партыётаў. На адной з сустрэчаў гэтай арганізацыі ягоным дзецям Алесю і Зіне нават даручылі трымаць у руках вялікі партрэт Сталіна.
У 1946 годзе тата прыняў рашэньне паехаць у СССР, але спачатку папрасіў знаёмых з Даўгінава, якія паехалі раней, каб напісалі, як там. Яны не напісалі. Але гэта не спыніла бацьку.
Рэпатрыяцыя ў таварным цягніку
У 1947 годзе бацька канчаткова пагадзіўся на ўгаворы савецкіх дыпляматаў і сям’я выехала, спачатку пасажырскім цягніком. Рэпатрыянтаў у СССР зьбіралі ў Эльзасе, на нямецкай мяжы, з рэчамі.
Тыдзень там чакалі, а потым паехалі да Ляйпцыгу, прыехалі ў савецкую зону акупацыі Нямеччыны. Пасьля мяжы савецкай зоны ехалі ўжо таварным цягніком. Па дарозе бачылі, як моцна былі разьбітыя вайною Нямеччына і Польшча.
На першую савецкую станцыю Ковель прыехалі раніцай. Рэпатрыянтаў не выпускалі на вуліцу, яны ў сваіх вагонах елі кансэрвы і выкідалі бляшанкі за дзьверы, а савецкія дзеці ў фуфайках бегалі па гэтыя бляшанкі і аблізвалі.
«У бацькоў валасы сталі дыбам. Яны такога ня бачылі ніколі. А каля чыгункі на савецкім баку ляжалі чалавечыя шкілеты, нават апранутыя...
Калі я параўнаў тую вайну, якую помню ў Францыі, і тое, што я пабачыў у Савецкім Саюзе, я зразумеў, што гэта была катастрофа. Там, вядома, таксама бамбілі, але такой разрухі не было, а тут усё было да зямлі зьнішчана».
Пасьля цэлы эшалён рэпатрыянтаў з Францыі накіравалі на Данбас. Сямейных разьмеркавалі на шахту 10-біс, аднаўляць і працаваць на здабычы вугалю. Горад, у які яны трапілі, называўся Сталіна, цяпер гэта Данецк.
Плакалі ўсе
У СССР перасяленцы з Францыі адразу адчулі голад і страх.
«Мы зразумелі, што нас ашукалі, як толькі прыехалі. Моцна плакалі. Ня толькі мы, усе плакалі. Мы не прасіліся назад у Францыю. Але прасіліся іншыя. А ім паказалі фігу, францускія дакумэнты ў іх забралі».
Сям’я Салагубаў у СССР прадала ўсе свае францускія рэчы — у тым ліку прыгожы ровар Алеся, маміны лякавыя туфлі.
«Мой ровар тата купіў за 11 тысяч франкаў, такія ровары толькі цяпер зьявіліся ў былым Савецкім Саюзе. А ў Францыі такіх было навалам. Шкада мне было гэтага ровара, а прадалі яго аднаму хлопцу, бацька якога быў галоўным інжынэрам. Трэба было прадаць, бо нам не было чаго есьці».
На ўскраіне Сталіна сям’я Салагубаў жыла ў трохпавярховым доме на тры пад’езды без выгодаў, адна кухня на дзьве сям’і. Самі пазьней зрабілі печкі, бо адразу іх не было. Бацька спачатку працаваў на будоўлі самой шахты, а потым ужо як шахтар.
Алесь Салагуб пасьля 5 клясаў савецкай школы таксама пайшоў працаваць на шахту, потым узялі ў войска на тры гады. Сястра Зінаіда скончыла 6 клясаў, а малодшы брат Мікалай — 8.
Пераезд з Данбасу ў Беларусь
У 1954 годзе бацька пайшоў на пэнсію — 125 рублёў на месяц. Ён не хацеў жыць на Данбасе, бо там вялікая загазаванасьць, тэрыконы, хімічныя заводы. «Атрута і ўсё», — казаў ён.
У 1960 годзе паехалі ў Беларусь, купілі ў Маладэчне хату за 40 тысяч рублёў, сваіх грошай не хапіла, пазычылі 15 тысяч у знаёмага шахтара. У гэтым доме на вуліцы Ціхай цяпер жыве малодшы брат Мікалай.
Таксама ў 1960 годзе ў Беларусь прыехалі тата і мама, потым да іх далучыўся малодшы сын Мікалай, а Алесь заставаўся на Данбасе, працаваў у шахце, спадзеючыся зарабіць датэрміновую пэнсію.
Але ў 1964 годзе Алесь таксама прыехаў у Беларусь, хворы, цэлы год лячыўся ад радыкуліту, бо праца на шахце была сапраўды катаржная.
У Маладэчне Алесь Салагуб працаваў сьлесарам, потым шліфавальнікам на станказаводзе. Сястра Зінаіда засталася на Данбасе.
Алесеў бацька памёр у 1969 годзе, маючы 65 гадоў: выліў крыві ў лёгкія, прафэсійная хвароба шахтароў.
У 1971 годзе Алесь ажаўніўся з Кацярынай Аляксандраўнай Гарэцкай, якая паходзіла зь вёскі Груздава, за 10 кілямэтраў ад Маладэчна.
У 1940-м годзе бальшавікі саслалі яе сям’ю ў Сібір за тое, што яе тата быў пры Польшчы лясьнічым, а дзед быў сьвятаром і меў вялікі дом. У Сібіру Кацярына нарадзілася, разам з маці вярнуліся праз 28 гадоў, яны зьвярнуліся па кампэнсацыю за сканфіскаваны ўладамі дом, які выкарыстоўвалі як школу, але будынак ацанілі як тры кіляграмы кілбасы.
У 1971 годзе ў Алеся і Кацярыны нарадзіўся сын Аляксандар.
Ліст Жаку Шыраку
Па Францыі, якую Алесь Салагуб лічыць сваёй радзімай, ён заўжды сумаваў, у войску нават з памяці маляваў плян вуліц роднага гарадка Алесу.
Нават за часоў СССР Алесю ўдавалася ліставацца са школьнымі сябрамі і знаёмымі, зь сяброўкай сястры і сябрамі бацькоў. І на лісты яны адказвалі. Але на просьбы даслаць выклік, каб прыехаць у Францыю, не адгукаліся.
У 1999 годзе Алесь Салагуб даслаў ліст прэзыдэнту Францыі Жаку Шыраку, у якім напісаў, што хоча пабачыць сваю радзіму. Жонка Кацярына і сын Аляксандар яго ў гэтым падтрымалі. Ліст паслаў не неўпрост, а праз сваякоў у Гданьску, каб яны пераклалі ў іншы канвэрт і адправілі адрасату. Баяўся, што цэнзары маглі не прапусціць праз мяжу гэты ліст.
«Я напісаў Шыраку, як умею, што ўпершыню за столькі гадоў хацелася б папасьці хоць адзін дзень на радзіму. Прыблізна год чакаў адказу, і напярэдадні Новага году атрымаў адказ ад Жака Шырака: віншавальную паштоўку і дзяржаўны ліст, маўляў, я ня маю права вас запрасіць, але зьбірайце дакумэнты і ідзіце з гэтым лістом у амбасаду».
З лістом прэзыдэнта Алесь Салагуб і пайшоў у амбасаду Францыі ў Менску, сказаў, што ён «дзіця Францыі», што хоча пабачыць радзіму.
У амбасадзе яго прыняў консул. Добра размаўляць па-француску Алесь ужо ня мог, але некалькі словаў згадаў, паказаў фатаздымкі. Праз тыдзень зноў паклікалі ў амбасаду, параілі зрабіць у пашпарт штамп з дазволам на выезд «ва ўсе краіны сьвету», які раней патрэбен быў, каб памежнікі выпусьцілі за мяжу.
Урэшце консул паведаміў, што амбасада мела перамовы з мэрам гораду Алесу Максам Рустанам і што ён афіцыйна запрашае Аляксандра Салагуба ў родны горад.
«Сказалі, што мэр будзе апекавацца мною, што запрашае на 21 дзень! А я разьлічваў на дзень», — радаваўся Алесь Салагуб.
Спатканьне з родным горадам праз 53 гады
6 красавіка 2000 году Алесь Салагуб рушыў на спатканьне з радзімай. Квіткі на цягнік і аўтобус праз Марсэль, Ніцу, Нім аплацілі французы. Па дарозе на радзіму Алесь проста з вакна фатаграфаваў францускія краявіды.
У горад Алес Салагуб прыехаў у 11 гадзін вечара. З вакзалу адразу прыйшоў у мэрыю, але там нікога ўжо не было.
«Думаю, трэба недзе начаваць. Стукаю — зачыненая мэрыя. Іду на вакзал, думаю, можа, там мяне пусцяць. Убачыў паліцыю, спыніў. Сказаў, як мог, хто я і чаго прыехаў, спытаў, дзе можна пераначаваць. Яны праверылі ў мяне дакумэнты, пасадзілі ў машыну.
Прыехалі да будынку, дзе я ў першы кляс пайшоў. Там ужо ня школа, там людзі жывуць, кватэры. Адна жанчына адчыніла, сказала, што мяне ня ведае. Я сказаў, што я брат Жанэты, 25 гадоў пісаў вам, але яна зачынілася і не захацела размаўляць.
Паліцыя зноў пасадзіла мяне ў машыну і прывезла да іншага дому. Аказалася, гэта гасьцініца, дзе мяне і пасялілі аднаго ў нумары».
Раніцай Алесь зноў прыйшоў у мэрыю, яму сказалі, што чакаюць яго а 3-й гадзіне дня.
«А 15-й гадзіне да мяне выйшаў мэр Макс Рустан. Ён сказаў, што мяне тут уладкуюць, і рэстаран, і гатэль будзе іхным коштам. Мяне лімузінам павезьлі ў гатэль, на ганку сустракалі чалавек 12-15, уся адміністрацыя. Далі ключ ад люксавага нумару, і 21 дзень я там прабыў».
Праз 53 гады адсутнасьці горад было цяжка пазнаць. Шахту закрылі, там цяпер музэй, куды можна схадзіць на экскурсію. Квартал, дзе Алесь нарадзіўся, зьнесьлі, пабудавалі вялікі спартовы комплекс, тэрыконы таксама зьнесьлі, а раку узялі ў бэтонную набярэжную.
Алесь Салагуб знайшоў некаторых сяброў, аднакляснікаў, разам каля 20 старых знаёмых, аднак ня ўсе згадзіліся сустрэцца. З найлепшым сябрам-аднакляснікам Жанам Гудэрню, зь якім перапісваўся 25 гадоў, сустрэцца ня змог, бо той памёр за 8 гадоў да прыезду Алеся.
Яшчэ Алесь Салагуб пагутарыў з журналістамі мясцовай газэты, пра ягоны прыезд на радзіму выйшаў артыкул.
У верасьні 2001 году была другая паездка ў Францыю, разам з жонкай, былі ў Алесе ў новых знаёмых, якія запрасілі на тры тыдні.
Ліставаньне зь сябрамі ў родным горадзе і сустрэчы працягваюцца дасюль.
Вяртаньне францускага пашпарту
Пасьля першай паездкі на радзіму Алесь Салагуб пабываў у Францыі ўжо 10 разоў, у тым ліку 5 разоў у родным горадзе.
У 2008 годзе ў Францыю пераехаў ягоны сын Аляксандар. Сын закончыў у Беларусі 8 клясаў школы і ПТВ, паводле спэцыяльнасьці сьлесар-станочнік.
«Я яму падказаў, што трэба зьяжджаць у Францыю. Ён паехаў, пайшоў у прэфэктуру і застаўся там. Прыехаў у Тулюзу, дзе жыве мой аднакляснік, які яго і запрасіў. Сыну дапамагло тое, што я быў народжаны у Францыі, маю адпаведныя дакумэнты, і што ягоны дзед 18 гадоў там працаваў», — апавядае спадар Алесь.
Сын працуе ў Тулюзе ў будаўнічай фірме, выконвае завяршальныя працы. Спачатку жыў з жонкай Тацянай і дзецьмі ў трохпакаёвай сацыяльнай кватэры, цяпер пабудаваў асобны дом у прадмесьці. Сын атрымаў францускі пашпарт, які бацька страціў у 1947-м.
Бацька Алеся Салагуба памёр у 1969 годзе, маці — у 1983-м, пахаваныя яны ў Маладэчне. Сястра Зінаіда працавала на хімзаводзе, памерла ў 1989 годзе на Данбасе ад астмы.
Малодшы брат Мікалай жыве зь сям’ёю ў Маладэчне, працаваў на станказаводзе шліфавальнікам-станочнікам, потым перайшоў на чыгунку, цяпер на пэнсіі. Жонка Алеся Салагуба Кацярына памерла ў 2014-м.
На Данбасе застаўся адзін пляменнік, жыве ў Данецку, акупаваным прарасейскімі сэпаратыстамі.
«Пасьля акупацыі сувязь зь ім страчаная і нічога пра яго не ведаю. На пошце сказалі: не пішыце, гэта бессэнсоўна. Але я перакананы, што сувязь зь ім адновіцца, што Данбас вернецца, бо гэта Ўкраіна», — кажа Алесь Салагуб.
На пытаньне, ці хацеў бы ён далучыцца да сям’і сына і таксама вярнуцца ў Францыю, Алесь Салагуб адказаў:
«На сёньняшні дзень такой размовы не было, каб і мне пераехаць у Францыю. За мной у Беларусі кватэра і лецішча. Я рады, што дзеці там, але гэта іхнае жыцьцё. А сёлета я яшчэ паеду ў Францыю, да сына і ў родны горад Алес».
Дзеці Францыі
Сустрэча беларускіх «дзяцей Францыі» з амбасадарам Дзідзье Канэсам, Мікалай і Алесь Салагубы крайнія справа ў трэцім шэрагу
Іх называюць «дзецьмі Францыі», хоць у іх ужо свае ўнукі і праўнукі.
7 ліпеня 2018 году ў рэзыдэнцыі амбасадара Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэса ўпершыню сабраліся зь дзясятак чалавек, што нарадзіліся ў Францыі ў 20–40-х гадах мінулага стагодзьдзя — тыя, хто выжыў і каго ўдалося знайсьці францускім консулам у беларускіх гарадах і вёсках.
Паводле зьвестак расейскага гісторыка Віктара Зямскова, на чэрвень 1948 году з Францыі ў СССР рэпатрыяваўся 6991 чалавек. У розныя гады яны эмігравалі з Расейскай імпэрыі, Аўстра-Вугоршчыны і Польшчы. Сярод іх было 1420 расейцаў і 5471 асоба «ўкраінскага або беларускага паходжаньня».