У Менску прэзэнтавалі кнігу журналіста Свабоды Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну» — пра беларусаў, якія ў 1920–30-я эмігравалі з Заходняй Беларусі ў Францыю, а пасьля вайны, паверыўшы ў сталінскую прапаганду, вярнуліся ў СССР, дзе іх чакалі рэпрэсіі і галеча.
Гісторыя «Дзяцей Францыі» пачалася 100 год таму
З верасьня 1919 года Францыя і Польшча падпісалі Канвэнцыю аб іміграцыі. Пасьля гэтага пачаліся вярбоўкі польскіх грамадзян францускімі кампаніямі для працы на шахтах, у сельскай гаспадарцы, на фабрыках. Агулам да Другой усясьветнай вайны ў Францыю выехала каля 700 тысяч грамадзян Польшчы, зь якіх было 30 тысяч беларусаў. Больш за 6 тысяч у 1940—1950 гады вярнуліся ў СССР, падманутыя Сталінам і савецкай прапагандай.
Ва ўтульнай залі Музэя Ваньковічаў у Менску сабраліся «дзеці Францыі» і іх нашчадкі. Сярод ганаровых гасьцей — амбасадар Францыі Дзідзье Канэс, амбасадар Украіны Ігар Кізім, прадстаўнік МЗС Беларусі Валеры Садоха, вядомы францускі гісторык, дасьледчык сталінскіх рэпрэсій Нікаля Вэрт.
Амбасадар Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэс адзначыў, што з усіх праектаў, якія рэалізоўвала дыппрадстаўніцтва, для яго гэты самы дарагі.
«Гісторыя рэпатрыяцыі з Францыі ў СССР — вельмі хвалюючая, драматычная. Для мяне гэта было адкрыцьцём. Першы чалавек з рэпатрыянтаў, зь якім я сустрэўся, была спадарыня Ніна Чарненка, якая ўсё жыцьцё працавала ў інстытуце замежных моў. На жаль, яна ўжо сышла ад нас. Я выказваю вялікую падзяку аўтару кнігі Валеру Каліноўскаму, які зрабіў сапраўды тытанічную працу, сур’ёзнае гістарычнае дасьледаваньне», — сказаў спадар Канэс.
Адну з двух прадмоў да кнігі напісаў вядомы францускі гісторык, дасьледчык сталінскіх рэпрэсій Нікаля Вэрт, які ў 1975—1977 гадах выкладаў францускую мову ў Менскім інстытуце замежных моў і пазнаёміўся са Сьцяпанам Батурам і Жанэт Жармэн. Абое былі рэпатрыянтамі з Францыі Для яго было прыемнай нечаканасьцю сустрэць у Менску суайчыньнікаў з такім незвычайным лёсам.
«Для мяне вялікі гонар паўдзельнічаць, праўда, унёсак мой вельмі сьціплы — я напісаў прадмову ў паўтары старонкі для кнігі, у якой шмат соцень старонак. Я быў таксама ўсхваляваны гэтай тэмай, вельмі ўдзячны аўтару кнігі», — сказаў Нікаля Вэрт.
Другую прадмову напісаў вядомы беларускі гісторык, дацэнт Стакгольмскага ўнівэрсытэту Андрэй Катлярчук.
Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім адзначыў, што вялікая хваля эміграцыі была і з Заходняй Украіны. Ён пачаў сваю дыпляматычную кар’еру ў Францыі, але гэтая тэма была для яго невядомай.
«Я даведаўся пра гэта толькі тут. І вельмі ўражаны, што вы зрабілі такую вялікую справу. Але ўкраінцы гэта яшчэ не зрабілі», — заўважыў Ігар Кізім.
Выкладчыкі францускай і супрацоўнікі МЗС вучыліся ў «дзяцей Францыі»
У дырэктара Нацыянальнага цэнтру маркетынгу МЗС Беларусі Валерыя Садохі дзядзька, Мікалай Лісоўскі, быў «беларускім французам» — ён сярод герояў кнігі.
«Сям’я майго дзядзькі пражыла ў Францыі шмат гадоў. Дзед працаваў там на шахце. У чэрвені 1946 году выйшла вядомая пастанова Вярхоўнага Савету, дзе быў заклік вярнуць нашых грамадзян назад, — яны вярнуліся. Канечне, савецкая дыпляматыя папрацавала добра.
У маёй бабулі была настальгія па Францыі. Дзед працаваў там на шахце. Першыя ўрокі францускай я атрымаў ад бабулі. А майго дзядзьку Колю ў Падсьвільлі, куды яны пераехалі з Францыі, называлі „француз“. Дзякуй францускай амбасадзе, аўтару кнігі за тое, што яны не забыліся пра гэтыя драматычныя старонкі гісторыі, — сказаў спадар Садоха.
«„Дзеці Францыі“ заставаліся годнымі людзьмі»
Рэдактар кнігі Вінцук Вячорка адзначыў, што гэта кніга «Дзеці Францыі» — узор жанру жывой гісторыі:
«Найперш я спадзяюся, што гэта кніга выкліча спагаду і зразуменьне людзей, якія сталі героямі гэтай кнігі. Яны не паддаваліся спробам таталітарнай камуністычнай машыны канчаткова перамалоць іх — заставаліся годнымі людзьмі. Гэта аптымістычны пасыл».
«Мой брат казаў: я беларускі паляк афранцужаны»
Валер Каліноўскі распавёў, што падчас шматлікіх гутарак са сваімі героямі ён спрабаваў вызначыць іх нацыянальную сьвядомасьць, і часам гэта было сапраўды складана, у іх жыцьці ўсё перамешана. Вось, напрыклад, як казала адна з гераінь кнігі Алена Сарокіна (Крупа) з Горадні:
«Мой брат Аляксандар казаў так: я беларускі паляк афранцужаны. І я такая ж была: ні там і ні там, я нібы натрае падзеленая. Я нібы і полька, нібы і беларуска. Але больш я пачуваюся беларускай».
Сама Алена Крупа прыехала з Горадні з унукам і расказала, як яны ехалі з Францыі на караблі «Россия» ў 1946 годзе. Разам зь сям’ёю выправілася з мужам і старэйшая сястра Вікторыя, якая была цяжарнай.
«Калі цеплаход падплываў да берагоў Турэччыны, Вікторыя нарадзіла хлопчыка; на караблі быў мэдычны пункт і лекары, роды прайшлі добра. Дзіцятка назвалі Канстанцінам. Па прыезьдзе ў Адэсу Вікторыю зь немаўлём абсьледавалі ў радзільні і адпусьцілі.
Далей мы паехалі ў Беларусь, а Вікторыя з мужам і немаўляткам — у Львоў. У цягніку было вельмі холадна. Ежа ў дарозе таксама была кепская і нязвычная. Хлопчык памёр на руках у мамы — ці то ад голаду, ці то ад холаду, ці ад якой хваробы. Цела забрала міліцыя, бацькі так і не даведаліся, дзе яго пахавалі. Канстанцін пажыў усяго два тыдні».
«Вярнуліся ў Францыю праз 60 гадоў пасьля ад’езду бацькі»
На вокладцы кнігі — фота, зробленае ў горадзе Алес на поўдні Францыі ў 1947 годзе. Туды прыехалі прапагандысты — агітаваць эмігрантаў вяртацца ў Савецкі Саюз. У гэты дзень моладзь заснавала суполку «Саюз савецкіх патрыётаў», сабралі маёўку са сьцягамі і партрэтамі. Юнаму Алесю Салагубу і ягонай сястры Зіне даручылі трымаць партрэт Сталіна. Неўзабаве бацькі Алеся Салагуба, паверыўшы Сталіну, паехалі на Данбас, а ў 1954 годзе пераехалі на радзіму ў Беларусь.
Алесь Салагуб, «дзіця Францыі», якому зараз 84, застаўся ў Маладэчне, а вось ягоны сын Аляксандар пераехаў у Францыю ў 2008-м — праз 60 гадоў пасьля аб’езду адтуль бацькі. Аляксандар Салагуб-малодшы жыве зь сям’ёй у Тулузе, працуе ў будаўнічай фірме.
«Мы вярнуліся ў Францыю праз 60 гадоў пасьля ад’езду бацькі, падумаўшы, што пакуль яшчэ маладыя, можна паспрабаваць. У Беларусі мы адчувалі беспэрспэктыўнасьць: за апошнія 25 гадоў краіна страціла шмат шанцаў. Гэта было самае галоўнае ў нашым рашэньні», — кажа Салагуб-малодшы.
«Маці ня бралі на працу, бо яна была жонкай палітвязьня»
Ліліян-Жан Моніт (Пракаповіч) нарадзілася ў горадзе Эрыманкур у 1946 годзе. Бацька быў рамесьнікам, меў майстэрню і дом. У 1947 годзе пад уплывам савецкіх агітатараў сям’я рэпатрыявалася ў СССР і ўжо не змагла вярнуцца.
Бацька ад безвыходнасьці паспрабаваў перайсьці беларуска-польскую мяжу, яго затрымалі, саслалі ў ГУЛАГ. Неяк да суседзяў Монітаў прыехаў мужчына з ГУЛАГу, і маленькую Ліліян падманулі, сказалі, што гэта яе бацька.
«Я кінулася на шыю гэтаму чалавеку, а ён кажа: „Пацярпі, дзетка, твой бацька таксама прыйдзе. Я ня твой бацька“. А потым, калі прыехаў наш бацька пасьля 7 гадоў лягераў, я схавалася і дні тры не падыходзіла да яго, крычала, плакала, не прызнавала яго».
«Бяз бацькі сям’я жыла вельмі цяжка. Маці ня бралі на працу, бо яна была жонкай палітычнага вязьня. У брата не было абутку, каб хадзіць на вучобу. Маці начамі шыла, бо баялася падатковай інспэкцыі, якая магла забраць адзіную карміліцу — швейную машынку. Бацька вярнуўся ў 1957 годзе», — узгадвае Ліліян Моніт.
Як ледзьве не пасадзілі за некалькі бурачкоў
Вольга Палет-Леў у Менск прыехала не наўпрост з Францыі, а з украінскага Львова, куды вярнуліся бацькі. У СССР турмой каралі за тры каласкі, што галоднымі сяляне маглі ўзяць з калгаснага поля. Маці Вольгі францужанка Сафі Сандзі Леў ледзьве не пацярпела за некалькі бурачкоў. Калі сям’я жыла ў вёсцы Беразец, францужанку прымусілі ісьці працаваць у калгас, палоць буракі.
«Мама ніколі ў жыцьці ня бачыла буракоў на гародзе, але рабіла тое, што і іншыя жанчыны. Вырывала кепскія бурачкі, зьвялыя, іх трэба было выкідваць. Але тое, што трэба выкідваць, яна сабрала сабе ў фартушок. Гэта заўважылі, паклікалі яе ў „кантору“. Мама плакала, не разумела, чаго ад яе хочуць. Калі прыехаў тата, сустрэўся зь нейкім начальнікам, ён быў піцерскі таварыш. І той сказаў: хутчэй забірай сваю сям’ю ў горад, бо твая жонка крала бурачкі і гэта можа кепска скончыцца», — распавядае дачка Сафі Вольга Палет-Леў.
Пасьля вяртаньня з Францыі дзеці Сафі Вольга, Тэрэза і Баніфас выкладалі францускую мову Львове і Менску.
65 гадоў сястра шукае брата, які застаўся ў Францыі
Некаторыя гісторыі «Дзяцей Францыі» яшчэ працягваюцца. У тым ліку працягваецца пошук Браніслава Атрашкевіча ці ягоных нашчадкаў беларускімі сваякамі.
Сям’я Атрашкевічаў з дочкамі Францішкай і Вячаславай у 1947 годзе пераехала ў Савецкі Саюз. А старэйшы сын Браніслаў застаўся давучвацца ў інстытуце ў Парыжы. Па вяртаньні ў галодны СССР сям’я пахавала дачку Францішку, якой было 7 гадоў.
З 1954 году ад Броніка няма ніякіх зьвестак. І вось ужо 65 гадоў яго шукаюць: спачатку бацькі, а цяпер малодшая сястра Алена Гараніна, якая нарадзілася ўжо ў Беларусі.
«Калі бацькі вярнуліся, тата павінен быў падаць сыгнал Броніку, ці сапраўды тут так добра, як распавядалі агітатары. Нейкім чынам бацька перадаў, што тут усё зусім ня так. І сувязь з братам абарвалася, апошні ліст Браніслава з Францыі датаваны 29 чэрвеня 1954 году», — Алена Гараніна не хавае сьлёз.
«Можа, і брата няма ўжо, бо яму 95 гадоў павінна быць, але хацелася б знайсьці ягоных нашчадкаў у Францыі», — ня траціць надзеі Алена Гараніна.
Унучка год запісвала ўспаміны бабулі пра жыцьцё ў Францыі
Шматдзетная сям’я францускага камуніста Віктара Ждановіча (жонка Матруна і 11 дзяцей) вярнулася ў СССР у 1947 годзе. Кватэру ў абяцаным агітатарамі Ленінградзе не далі. Павезьлі ў Барысаў, дзе не хапала рабочай сілы. Амаль усе дзеці вымушаныя былі працаваць на запалкавай фабрыцы. З 11 дзяцей цяпер засталося толькі двое, астатнія рана памерлі.
Дачка Віктара і Матруны Ружа Марковіч працавала на той жа фабрыцы каробачніцай і мачальшчыцай. Ружа са сваімі дзецьмі гаварыла па-француску, аддала іх у школу ў Барысаве з францускай мовай.
Ірына Марковіч узгадвае, што яе маці Ружа перад сьмерцю запыталася: «А хто напіша, як нас падманулі?»
«„Мама, каго падманулі?“ — пытаемся мы. — Маці часта нам распавядала, як добра сям’я жыла ў Францыі. А мы, такія шчырыя піянэркі і камсамолкі, казалі: „Мама, што ты выдумляеш?“», — распавяла Ірына Марковіч.
Аляксандар Качан — герой францускага Супраціву
Важны дакумэнт захаваўся ў сям’і Качаноў у Менску — дыплём на імя Аляксандра Качана ад Нацыянальнага вайсковага камітэту францускіх вольных стралкоў і партызанаў за ўдзел у Францускім Супраціве. Сын Аляксандра Качана Гендрык кажа, што бацька заўсёды ганарыўся тым, што ўдзельнічаў у Супраціве. Сям’я Качаноў вярнулася ў Беларусь, калі Гендрыку было 3 гады.
«Я мала што памятаю пра Францыю. Помню толькі, як згубіўся каля шахты, зваліўся ў шчыліну, і мяне доўга шукалі. Яшчэ памятаю Марсэль, адкуль мы плылі ў Адэсу. У Марсэлі бацькі мяне звадзілі ў заапарк, я карміў булкай слана, памятаю кракадзіла, ну і параход, на якім плылі ў Савецкі Саюз», — узгадвае Гендрык Качан.
«Вельмі шкадую, што вярнулася ў СССР»
У пачатку 1950-х сям’я Шэмісаў пасьля пераезду з Францыі ў Маладэчне чакала вывазу ў Сыбір: іншых ужо вывозілі, такія чуткі хадзілі і пра іх. У сям’і мяркуюць, што толькі сьмерць Сталіна вызваліла іх ад Сыбіры. Зэні Шэміс (Яўгенія Чантарыцкая) — 90 год, тры гады яна не выходзіць на вуліцу. У 1990 годзе Зэня разам з дачкой Жаннай зьезьдзіла на паўтара месяца ў Францыю — яе запрасіла сяброўка юнацтва. Дачка Зэні Жанна Лётка кажа:
«Маці прасіла перадаць усім, што дагэтуль вельмі шкадуе, што вярнулася ў СССР. Гэта была самая вялікая памылка яе бацькоў».
Сакрэтная місія Нікаля Лісоўскага
Валер Каліноўскі прызнаецца, што доўга ня мог адважыцца напісаць пра дзядзьку дыплямата Валера Садохі Нікаля Лісоўскага, які памёр у 1973 годзе, калі яму было 50. Не захавалася ніякіх дакумэнтаў, толькі здымкі ды памяць дачок — Інэсы і Нэлі.
Пасьля пераезду з Францыі Нікаля Лісоўскі быў пад каўпаком спэцслужбаў. У 1964 годзе ў хату Лісоўскіх прыехалі нейкія людзі і забралі Нікаля. Каля месяца ён адсутнічаў і не падаваў пра сябе ніякіх вестак.
«Сям’я ўжо не спадзявалася пабачыць яго жывым, але бацька вярнуўся. Тыя ж суровыя людзі прывезьлі яго ўначы. Высьветлілася, што яго закінулі на месяц працаваць перакладнікам з францускае мовы ў Альжыр, які тады выходзіў са статусу францускай калёніі. Бацька нічога не расказваў пра сваю сакрэтную місію ў Альжыры — даваў падпіску аб неразгалошваньні, сказаў толькі, што аднойчы ў Альжыры яго скінулі з парашутам», — узгадвае дачка Нікаля Інэса.
У жыцьці Нікаля Лісоўскага былі і драматычныя, і шчасьлівыя моманты. Былі і забаўныя. Неяк ён з братам Канстанцінам па францускай звычцы налавілі на возеры з паўвядра жабак, каб прыгатаваць і пачаставаць далікатэсам сваіх беларускіх сваякоў. Дачка Інэса ўзгадвае, як, шакуючы тутэйшых жыхароў, яны іх лавілі сачкамі разам з выкладчыкам ін’яза, які прыехаў у госьці.
«Бацька распавядаў, як у Францыі трымаў на руках маленькую Эдзіт Піяф. Ўсё жыцьцё слухаў яе кружэлкі, асабліва шчымлівую песьню „Жыцьцё ў ружовым колеры“. Сястра прывезла зямлю з Францыі, і мы высыпалі яе па магіле бацькі», — кажа дачка.
Як сын выканаў волю бацькі — вярнуўся ў Францыю праз 47 гадоў
Вясной 1958 году Павал Шылянок аформіў на шахце ў Францыі адпачынак на месяц, і сям’я з маленькім сынам Полем выправілася ў Беларусь. Селі на цягнік і прыбылі на першую савецкую станцыю Чоп у Заходняй Украіне. Там іх забралі спэцслужбы, і скончылася іх францускае жыцьцё. У 2005 годзе Поль пераехаў у Францыю. Яму было ўжо 50, а з Францыі ён зьехаў у 3 гады. Напачатку было вельмі няпроста, але ўрэшце ўладкаваўся.
«Радзіма прыняла нармальна, цяжкасьці былі, але я іх ня надта памятаю. Цяпер усё добра. Прачытаў кожную гісторыю з кнігі — усе яны вельмі кранальныя. Ну, а ехаць ці ня ехаць сюды, справа кожнага, — сказаў Поль Шылянок на імпрэзе па тэлефоннай сувязі з Парыжу. — Асабіста я выканаў волю бацькі. Калі ён паміраў, сказаў мне: „Ты француз. І ты павінен вярнуцца туды».