Цыкль публікацый пра «дзяцей Францыі» — пра лёс сем’яў беларусаў, якія пераехалі пасьля Другой сусьветнай вайны з Францыі ў СССР, — завяршае гісторыя падману савецкімі ўладамі францускіх грамадзян беларускага паходжаньня Шылянкоў, іх складанага жыцьця ў БССР і вяртаньня імі ўжо пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці францускіх пашпартоў і пераезду на радзіму, у Францыю. Гэта было падвойнае выпрабаваньне для сям’і, француская гісторыя якой працягваецца.
Пра што гэтая гісторыя
Праз 5 гадоў пасьля сьмерці Сталіна бацька Поля Шылянка ўзяў на працы ў Францыі адпачынак і паехаў на радзіму ў госьці, хацеў паказаць дзеду ўнукаў. Адразу на савецкай мяжы адпачынак скончыўся: савецкія ўлады забралі іхныя францускія пашпарты і паслалі іх у калгас пад Бабруйскам.
Бацька Поля перад сьмерцю наказаў яму не забыць пра сваё францускае паходжаньне і вярнуцца ў Францыю. Поль аднавіў францускі пашпарт і вярнуўся ў Францыю ў 2005 годзе. Яму давялося перажыць яшчэ адну экзыстэнцыйную драму: пасьля пераезду ён меў шмат праблемаў, бо мовы, традыцыяў і парадкаў у Францыі ён ня ведаў. Паўгода начаваў то на вакзале, то ў тэлефоннай будцы, то ў чыгуначным вагоне, пакуль не знайшоў дзяржаўныя арганізацыі, якія дапамагаюць такім, як ён, працаўладкаваўся і інтэграваўся ў францускае грамадзтва.
Цяпер Поль жыве з жонкай у прыгарадзе Парыжу. Ён зьдзейсьніў мару бадай усіх беларускіх дзяцей Францыі аб вяртаньні на радзіму.
У 2018 годзе на сайце Свабоды публікавалася 5 гісторый пра «дзяцей Францыі».
Сёлета ў менскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну». Цягам лістапада Свабода публікуе тры новыя гісторыі з гэтай кнігі.
Сям’я Шылянкоў паверыла ня Сталіну, а ў сьмерць Сталіна
Гісторыя Поля Шылянка (у францускіх дакумэнтах Paul Silonek) — мае некалькі яскравых адметнасьцяў. Па-першае, Поль не паходзіць з працоўнай эміграцыі ў Францыю зь міжваеннай Польшчы, як амаль усе іншыя героі кнігі. Ягоных бацькоў прымусова вывезьлі ў Нямеччыну падчас Другой усясьветнай вайны, па сканчэньні якой яны перабраліся ў Францыю.
Па-другое, ягоныя бацькі не паверылі Сталіну, не «рэпатрыяваліся», не зьбіраліся сваёй воляй вярнуцца ў СССР. Наадварот, яны паверылі ў «сьмерць Сталіна», меркавалі, што цяпер на радзіме іншыя парадкі і можна з падарункамі прыехаць туды ў адпачынак, пабачыць родных. І толькі. Але ўжо на мяжы савецкія спэцслужбы цынічна пазбавілі іх францускіх пашпартоў і выслалі ў беларускі калгас.
Па-трэцяе, Поль Шылянок пасьля распаду Савецкага Саюзу здолеў рэалізаваць мару ўсіх Дзяцей Францыі, якіх савецкая дзяржава захапіла, як у пастку, і не выпускала на радзіму, — ён аднавіў свой францускі пашпарт і прыехаў у Парыж, каб жыць у Францыі.
Гэта было адчайнае рашэньне: паехаць у фактычна невядомую краіну, не валодаючы мовай, ня маючы грошай, запатрабаванай прафэсіі, сяброў і знаёмых. Фактычна другі раз за жыцьцё ён паставіў сябе ва ўмовы выжываньня: спачатку ягонай сям’і трэба было прыстасоўвацца да рэаліяў СССР, а праз 50 гадоў — да ўмоваў забытай ужо краіны, дзе асабліва ніхто не чакаў рэпатрыянта зь Беларусі. Але Францыя дала Полю магчымасьць адаптавацца самому і перавезьці жонку Галіну і ўнучку Яну. Хоць было нямала выпрабаваньняў.
Поль расказаў сваю гісторыю ў сталіцы Францыі.
З роду раскулачаных і остарбайтэраў
Бацька Поля Павал Апанасавіч Шылянок (1920–1990) нарадзіўся ў вёсцы Баяры Бабруйскага раёну. Дзед Апанас быў заможным селянінам, у савецкай клясыфікацыі — кулаком, бо меў сваю зямлю, лес, нават рачныя тоні. Ён быў вельмі працавіты чалавек, якога савецкая ўлада «раскулачыла», забрала зямлю і маёмасьць, але самога не рэпрэсавала.
«Дзед меў моцны характар, ён не пайшоў у калгас, сказаў, што на гэтых гультаёў працаваць ня будзе, і яму нават гразілі, што пасадзяць за дармаедзтва. Ён жыў са сваёй падсобнай гаспадаркі. Потым паддаўся на ўгаворы і пайшоў працаваць майстрам. Памёр пасьля вайны», — апавядае Поль Шылянок пра дзеда Апанаса, якога ніколі ня бачыў.
Бацька Поля Шылянка быў здольным чалавекам, хацеў стаць лётнікам, але дзед забараніў паступаць на вучобу, таму адукацыі Павал Апанасавіч не атрымаў.
Падчас вайны Павал хаваўся і ад немцаў, і ад савецкіх партызанаў, нават выкапаў сабе падземную схованку ля хаты, але немцы яго дапільнавалі і пагналі на работы ў Германію.
Вязьні нямецкіх лягераў
«Жахаў ён нацярпеўся», — кажа пра бацьку Поль Шылянок, але падрабязнасьцяў ад самога бацькі ён чуў вельмі мала, той больш маўчаў, нічога не казаў пра свае прыгоды. Вядома, што ў Нямеччыне Паўла Апанасавіча трымалі ў нейкім лягеры.
Маці Поля Кацярына Якаўлеўна Балдэнка (1924–2008) таксама паходзіла з Бабруйшчыны, зь вёскі Гарохава.
І яе таксама ў часе вайны вывезьлі ў Нямеччыну. Яна была ў канцэнтрацыйным лягеры, можа, не такім страшным, зь печамі крэматорыяў, як апісвалі канцлягеры ў савецкіх кніжках, кажа Поль, але таксама суровым. Ніякіх страшных гісторыяў пра свой побыт у канцлягеры маці Полю не апавядала, але казала, што мела там свой нумар, праўда, выбіты не на скуры, а на адзеньні.
У Нямеччыне ў такім лягеры землякі-беларусы Павал і Кацярына пазнаёміліся, пабраліся, хоць афіцыйных дакумэнтаў аб шлюбе ня мелі. Жылі яны ў бараках разам зь іншымі вызваленымі зь нямецкага палону ці з прымусовых працаў. Яшчэ ў тым лягеры Кацярына нарадзіла дваіх дзяцей — Лілію ў 1945 годзе і Валерыя — у 1947-м. Дзеці нарадзіліся здаровымі.
Усяго ў 1947 годзе на тэрыторыі амэрыканскай, брытанскай і францускай зонаў акупацыі Нямеччыны дзейнічала каля тысячы* лягераў для перамешчаных асобаў, заснаваных UNRRA — Адміністрацыяй Аб’яднаных Нацыяў у пытаньнях дапамогі і аднаўленьня (United Nations Relief and Rehabilitation Administration).
Колькасьць жыхароў такіх лягераў сягала мільёнаў.
Амэрыканскія акупацыйныя ўлады Нямеччыны фінансавалі ўтрыманьне гэтых лягераў, забясьпечвалі ў іх парадак. Сем’і ў іх жылі не заўжды ў асобных пакоях, не заўсёды мелі працу, але гэта і зразумела ва ўмовах паваеннай руіны.
У Францыі
Паўлу і Кацярыне Шылянкам як савецкім грамадзянам пагражала «абавязковая» рэпатрыяцыя зь Нямеччыны ў Савецкі Саюз паводле дамовы, падпісанай у лютым 1945 году на Ялцінскай канфэрэнцыі кіраўнікамі дзяржаваў — пераможцаў у Другой усясьветнай вайне. Але многія вывезеныя з СССР у часе вайны не хацелі вяртацца ў «сталінскі рай», ня меў такога жаданьня і сын раскулачанага беларуса Павал Шылянок.
З працай і заробкам у лягеры для перамешчаных асобаў былі складанасьці, выяжджаць з амэрыканскай зоны акупацыі Нямеччыны забаранялася. Хтосьці параіў Шылянку пашукаць працы ў суседняй Францыі. Там жа можна было схавацца і ад савецкіх службаў, якія вялі рэпатрыяцыю «сваіх» грамадзян.
У 1947 годзе Павал Шылянок з групай адчайных сяброў у няшчасьці нелегальна перасек мяжу Францыі, трапіў у рэгіён Па-дэ-Кале, у горад Валянсьен (Valenciennes).
Ягоная жонка засталася ў лягеры і доўга чакала: думала, што муж ужо ня вернецца. Але Павал вярнуўся і такім жа чынам нелегальна перавёз празь нямецка-францускую мяжу жонку і дваіх дзяцей.
Аселі ў прыгарадзе Валянсьена гарадку Авэлюі (Haveluy), дзе можна было знайсьці беларусаў, палякаў і ўкраінцаў зь перадваеннай эміграцыі.
Бацька адразу знайшоў працу на шахце, пайшоў у забой. Яму дапамог уладкавацца галоўны інжынэр, які быў родам з Заходняй Украіны.
Павал нядоўга быў у забоі, але вугальнага пылу наглытаўся, захварэў на сылікоз лёгкіх. Потым пайшоў вучыцца на электрыка, у 1954 годзе атрымаў дыплём і вярнуўся ў шахту працаваць з новай спэцыяльнасьцю, больш у забой не спускаўся.
Маці ў Францыі не працавала, гадавала дзяцей. Там у сям’і нарадзіліся яшчэ два хлопчыкі: Серж (1949 год) і Поль (1955).
Сям’я атрымала ад шахты двухпавярховы дом з чырвонай цэглы: наверсе дзьве спальні, унізе гасьцёўня і кухня. Мелі свой агарод, трымалі курэй і трусоў. Бацька зарабляў 5 тысяч франкаў у месяц, маці атрымлівала дапамогу на дзяцей, вучоба і ахова здароўя былі бясплатнымі.
«Мы езьдзілі адпачываць на Міжземнае мора, у нас захаваліся фота прыгожых гатэляў, дзе мы былі. Бацька купіў матацыкл з вазком, так што ў цэлым мы жылі няблага. У нас, дзяцей, было шмат сяброў. Бацькі любілі ладзіць пікнікі вялікімі кампаніямі разам зь дзецьмі на прыродзе», — згадвае Поль жыцьцё сям’і ў Францыі.
Скрадзенае жыцьцё
Павал і Кацярына, бацька і маці Поля Шылянка, 15 гадоў ня бачылі радзімы і марылі яе наведаць, паказаць унукаў сваім бацькам. Асабліва гарэў гэтай ідэяй бацька Павал Апанасавіч.
«Ён вельмі любіў свайго бацьку. Меў вялікае жаданьне паказаць яму сваіх дзяцей: тады ж не было тэлефонаў, не было нармальнай перапіскі, і ў 1953 годзе, калі Сталін памёр, ён ужо трызьніў гэтай ідэяй».
З 1954 году бацька пачаў наведвацца ў савецкую амбасаду ў Парыжы, выпытваў і вынюхваў, ці можна паехаць у СССР і ці можна будзе потым вярнуцца ў Францыю. Там пераконвалі, што ўсё будзе добра. Урэшце ён даверыўся савецкім дыпляматам.
У 1958 годзе Павал Шылянок яшчэ раз паехаў у савецкую амбасаду, вёў там перамовы, як можна зьезьдзіць у адпачынак да родных, і яны яму дазволілі, выдалі візы.
Вясной 1958 году Павал Шылянок аформіў на шахце адпачынак на месяц і сям’я выправілася ў Беларусь — селі на цягнік і прыбылі на першую савецкую станцыю Чоп у Заходняй Украіне.
«Наш адпачынак скончыўся на станцыі Чоп. Зь цягніка нас зьнялі, дакумэнты і рэчы забралі, пасадзілі ў машыну і павезьлі ў Бабруйск. Гэта былі напэўна супрацоўнікі КДБ, без пагонаў. Мы ўсе іх баяліся, хаця ў савецкай амбасадзе бацьку пераконвалі, што ўсё будзе добра», — апісвае Поль Шылянок момант, калі савецкія ўлады скралі ў яго, ягоных бацькоў, братоў і сясьцёр францускае жыцьцё.
«Які быў крытэр? Сталін памёр, то там ужо пацяпленьне. Наш дом застаўся ў Францыі, усе мы мелі францускія пашпарты, з сабою бацька ўзяў толькі фотаапарат, падарункі і цёплыя рэчы, бо ведаў, што там будзе холадна. Таму ўзялі футры і курткі», — расказвае Поль.
Потым ягоны бацька будзе ў СССР амаль да сьмерці хадзіць у францускай куртцы і гарнітуры ў палоску — ён зьбярог іх як памяць аб Францыі. На маці па прыезьдзе было футра, чаравічкі, а дзеці былі ў лякавых туфліках. Савецкія людзі глядзелі на гэта і зайздросьцілі. Потым Кацярына і дзеці сталі апранацца як усе савецкія людзі. А Поль даношваў францускае адзеньне сваіх старэйшых братоў, якога ў Беларусі не было.
Пакуль сям’я ехала ў СССР, у вёсцы Баяры пад Бабруйскам пахавалі дзядулю Апанаса Шылянка, які так і не пабачыў сваіх унукаў. Французы не пасьпелі і на ягонае пахаваньне. Дзядуля паехаў у Бабруйск, пераходзіў там вуліцу і яго зьбілі п’яныя лётчыкі-вайскоўцы на машыне, кажа Поль.
Спачатку Шылянкі жылі ў Баярах, потым у Гарохаве Бабруйскага раёну, на радзіме таты і мамы, потым зьнялі частку дому ў бабруйскім прадмесьці Цітаўцы, палову жыхароў якога складаюць цыганы.
«Ніхто на кватэру ня браў. У свой дом нас наважылася ўзяць толькі старая настаўніца расейскай мовы і літаратуры зь Цітаўкі. Гэта быў звычайны вясковы дом, палову якога — два пакоі — яна вылучыла нам, а таксама дала хляўчук і агарод», — апавядае Поль.
Пра бацьку ён згадвае зь вялікім сумам:
«Бацька скіс страшэнна, казаў, што ён вельмі любіць нас і пакутуе ад гэтага пераезду. Вінаваціў сябе, што так выйшла. Ён быў самотнікам, і гэта яго зламала. У яго разьвілася шмат хваробаў».
Усё зьвязанае з Францыяй у сям’і вельмі бераглі: фотаапарат, радыёпрымач.
У Цітаўцы бацька пайшоў працаваць на дрэваапрацоўчы тарны камбінат, дзе яму плацілі 1000 рублёў.
«З гэтага мы не маглі пракарміцца ніяк, — апавядае Поль пра першы пэрыяд жыцьця французаў у СССР. — Гаспадыня, гэтая цётка Зіна, давала нам чым у печцы прапаліць, бо не было чым абагрэць памяшканьне.
Старэйшым братам было аднаму 11, а другому 13 гадоў, і яны ў лес з саначкамі хадзілі па гальлё і там амаль не замерзьлі. Адзін другога ледзьве прыцягнуў... Хадзілі таксама ў лес зьбіраць ягады, грыбы, а мама людзям за грошы зашывала кручком панчохі. Яна такі адмысловы кручок купіла ў дарогу, каб адрамантаваць, калі пятля распусьціцца, а атрымалася, што прыйшлося гэтым зарабляць на жыцьцё».
У Бабруйск сям’я пераехала ў 1961 годзе: бацька атрымаў частку драўлянага бараку, 2 пакоі без выгодаў, зь печкай і хлеўчуком. Мэблі купіць не было за што, карысталіся сталом і 2 лаўкамі, якія засталіся ад ранейшых жыхароў.
Магадан. Куртка для Брэжнева
Поля Шылянка ў Беларусі назвалі Паўлам. Ён закончыў школу, у ВНУ не паступіў, у войска не ўзялі з прычыны зроку, пайшоў працаваць на Бабруйскі шынны камбінат. У 1973 годзе падаў у прафкам заяву на турыстычную пуцёўку за мяжу, у круіз, але камсамольская арганізацыя забараніла — маўляў, ненадзейны. Павал знайшоў працу ў Бабруйскай друкарні імя Непагодзіна, засвоіў там усе спэцыяльнасьці, меў высокія разрады. Пазьней яму прапанавалі працу дырэктара вайсковай друкарні, абяцалі кватэру, афіцэрскае званьне, добры заробак, але ў апошні момант далі адбой — спэцслужбы не зацьвердзілі ягоную кандыдатуру.
У 1975 годзе Павал Шылянок ажаніўся з ураджэнкай Бабруйску Галінай Мікалаеўнай Васільевай, яна мадэльер-канструктар з адукацыі. У 1977 годзе ў іх нарадзіўся сын Андрэй.
Паколькі за межы СССР Шылянка не пускалі, то ён вырашыў паехаць зарабіць на крайнюю поўнач Савецкага Саюзу — у Магадан. Туды трапіць таксама было нялёгка, бо тэрыторыя лічылася памежнай зонай, але дапамаглі далёкія сваякі, які ўжо жылі там.
Павал і ў Магадане працаваў у друкарні, жыў у інтэрнаце, выклікаў жонку, якая разам зь ім пражыла там 5 гадоў без прапіскі, фактычна нелегальна.
Там заробкі былі нашмат большыя, чым у Беларусі, і за 5 гадоў у Магадане Шылянкі зарабілі 42 тысячы савецкіх рублёў. «Перш за ўсё дзякуючы Галіне, — прызнае Поль, — яна ў мяне вельмі таленавіты мадэльер».
Неяк першы сакратар Магаданскага абкаму Камуністычнай партыі (фактычны галоўны начальнік вобласьці ў часы СССР) зьбіраўся на прыём да савецкага кіраўніка Леаніда Брэжнева і папрасіў Галіну, якая працавала ў атэлье, падрыхтаваць падарунак Брэжневу — куртку. Галіна пашыла тры курткі на футры — на аўчыне, норцы і вавёрцы, сакратар выбраў адну зь іх і павёз.
«Ня ведаю, ці насіў Брэжнеў маю куртку, бо ён памёр неўзабаве, у 1982 годзе, калі мне было 24 нады. А куртка была добрая, карычневага колеру, скураная, падбітая вавёрчыным футрам, яно самае мяккае і лёгкае. Вавёрак шмат пайшло... У іх у Магадане была фабрыка апрацоўкі футра і скуры. Прэмію мне далі за гэтую куртку», — згадвае Галіна Мікалаеўна.
У 1985 годзе Шылянкі вярнуліся ў Беларусь. На заробленыя ў Магадане грошы зрабілі рамонт дому ў Бабруйску, купілі савецкую машыну «Жыгулі». Потым Галіна шыла скураныя вырабы і для міністраў ураду БССР у Менску, да 1993 году ўзначальвала футраны швальны цэх. А Павал Шылянок да 2000 году працаваў камэрцыйным дырэктарам Бабруйскай друкарні.
Бацькаў запавет
Бацька Поля, Павал Апанасавіч Шылянок, у СССР лекаваўся ад заробленага на шахце ў Францыі сылікозу лёгкіх. Але савецкім лекарам ён не давяраў, казаў, што ў Францыі яго б вылекавалі, а тут залечаць. У 1990-м годзе стан яго здароўя пагоршыўся, лекары шпіталізавалі Шылянка-старэйшага з вострай інфэкцыяй.
«У яго былі болі страшныя, лекары не адразу зразумелі, што гэта іхная памылка ў дыягназе, у яго быў запушчаны рак. Лекары тады сказалі, што позна рабіць апэрацыю», — апавядае Поль.
Незадоўга да сьмерці бацька паклікаў Поля і ўсю яго сям’ю ў шпіталь. «Ён нас вельмі любіў, таму і паклікаў асобна. Ён сказаў, што быў супраць нашай паездкі ў Магадан, спробаў выехаць за мяжу, бо не хацеў складанасьцяў. Не хацеў, каб зноў сталася, як зь ім: вось ты ідзеш-ідзеш, а потым раз — і ўсё. Ён сам жыў цяжка, быў з раскулачанай сям’і, пад такім ціскам, і не хацеў, каб гэтак жа было са мною, калі жыцьцё раптоўна абсякаюць. Старэйшым братам было вельмі цяжка, у школе спачатку яны не гаварылі па-расейску, зь іх зьдзекаваліся, называлі здраднікамі. Ён не хацеў, каб так было і са мной...» — так праз 28 гадоў перадае Поль Шылянок зьмест апошняй гутаркі з бацькам.
«І бацька сказаў: „Паўлік, ты француз, я ўвесь час цябе заціскаў, але ты не забывай, што ты француз“. Ён яшчэ нагадаў, што я хрышчаны і зарэгістраваны ў касьцёле ў Францыі. Ён ведаў, што я ўвесь час марыў пра Францыю... Фактычна ў сваім апошнім слове ён наказваў нам памятаць пра Францыю. Мы гэта ўспрынялі як дабраславеньне на ад’езд, як апошняе слова на дарогу ад бацькі. І пасьля гэтага пачалі зьбіраць дакумэнты». Бацьку пахавалі побач зь дзедам і бабуляй у Баярах, а маці, якая перажыла бацьку на 18 гадоў і дачакалася вяртаньня Поля Шылянка ў Францыю, — у Бабруйску.
Паводле аповедаў Поля, лёс іншых дзяцей Паўла і Кацярыны Шылянкоў у СССР склаўся цяжка, ніхто сябе не рэалізаваў так, як хацеў бы, старэйшым было цяжка пасьля Францыі адаптавацца да савецкіх рэаліяў.
Старэйшая дачка Лілія хацела паступіць у інстытут у Маскву, але здала расейскую мову на тройку, не прайшла конкурс; у Бабруйску ў КДБ ёй паабяцалі, што яе прымуць у Інстытут замежных моваў у Менску, але яна мусіць пагадзіцца на супрацоўніцтва. Лілія не пагадзілася і не паехала вучыцца. Выйшла замуж за афіцэра-танкіста.
Сын Валеры абраў рабочую спэцыяльнасьць, працаваў у друкарні і на шынным камбінаце, ажаніўся, але сям’я распалася, жыве на пэнсію па інваліднасьці.
Сын Сяргей паступіў у Сасаўскае лётнае вучылішча цывільнай авіяцыі, што знаходзіцца ў Расеі. Марыў пра вялікія авіяляйнэры, каб лятаць за мяжу. За мяжу лятаць яго не пусьцілі, лятаў на «кукурузьніку» (Ан-2), апырскваў палі, у 34 гады пайшоў на пэнсію праз шкоднасьць гэтай працы, уладкаваўся таксама электрыкам у пінскім шпіталі.
Найменшая дачка Ала нарадзілася ўжо ў Бабруйску, пасьля заканчэньня школы працуе прадаўцом.
Вяртаньне францускага пашпарту
«Пра вяртаньне ў Францыю я думаў заўсёды, — кажа Поль Шылянок.— Мне хацелася прыехаць паглядзець, дзе я нарадзіўся, як жыве гэты народ. Неяк, калі ўжо сын Андрэй ажаніўся і ў нас была машына „Audi“, я сказаў жонцы: давайце паедзем і я зайду ў францускую амбасаду. Гэта быў 2000 год. Я сказаў, што сасьніў столькі сноў пра Францыю, што хочацца рэальнасьці. І мы паехалі ў амбасаду».
Так пачаўся доўгі і складаны шлях Поля на радзіму, які заняў некалькі гадоў.
Амбасада была зачыненая ў выходны дзень, але гэта толькі дадало імпэту Полю. Ён сабраў усе магчымыя дакумэнты і паехаў зноў.
«Там стаяў нейкі мужчына і міліцыянт. Ён патэлефанаваў у канцылярыю, і мяне прынялі. Сустрэў малады чалавек і спытаў: „Вы тры тыдні пачакаеце?“ Я адказаў: „Тры тыдні, я чакаў столькі гадоў!“ А яму здалося, што гэта для мяне задоўга. Ён сказаў, што тады праз тыдзень». Але праз тыдзень ніхто не патэлефанаваў. Тады Поль сам пачаў актыўна тэлефанаваць, часам ледзьве ня штодня.
Поль Шылянок сабраў для аднаўленьня свайго францускага грамадзянства ўсё, што змог знайсьці: сваё пасьведчаньне аб нараджэньні ў Францыі, віды на жыхарства ў Францыі бацькоў з фатаздымкамі, выразку з газэты з фатаздымкам, дзе было напісана пра бацьку, які разам зь іншымі выпускнікамі закончыў вучэльню электрыкаў у Паўночнай Францыі. Бацькам Поля неяк удалося ахаваць гэтыя дакумэнты ад савецкіх уладаў, і яны дапамаглі.
Потым было запрашэньне да францускага консула. Той сказаў, што Полю варта было б навучыцца лепей гаварыць па-француску. Сустрэча тая закончылася нічым. Тады Шылянок вырашыў пайсьці іншым шляхам — напісаў ліст прэзыдэнту Францыі Жаку Шыраку, тры тыдні пісаў, распытваў у маці дэталі іхнага жыцьця ў Францыі.
Ліст празь сябра быў пасланы ў Францыю зь Літвы.
«У лісьце я расказаў усю сямейную гісторыю і папрасіў вярнуць мне францускае грамадзянства. Ліст пісаў на расейскай мове, потым пераклаў. Напісаў, што калі я наведаю Францыю, буду законапаслухмяным грамадзянінам».
Адказу ад прэзыдэнта не было, але справа зрушылася. Поля Шылянка ў францускай амбасадзе ў Менску прынялі новыя супрацоўнікі, якія паставіліся да яго больш паблажліва. Ужо праз тры месяцы ў адной кішэні ў яго быў францускі пашпарт на імя Paul Silonek, а ў другой беларускі пашпарт на імя Паўла Шылянка з 5-гадовай францускай візай. Поль прапаноўваў Сяргею ды іншым братам далучыцца да ягонай ініцыятывы вяртаньня францускага грамадзянства, але яны адмовіліся.
Пераезд у Францыю
8 траўня 2005 году грамадзянін Францыі і Беларусі Поль Шылянок прыехаў у Парыж аўтобусам «Эўралайн» зь Менску. Ён ня быў на радзіме 47 гадоў. Цяпер яму было 50 год, францускую мову ён амаль ня ведаў, літаральна пару словаў памятаў, сяброў і знаёмых у Францыі ня меў, францускім мабільным тэлефонам не абзавёўся, у мясцовых парадках не разьбіраўся. Грошай таксама меў вобмаль. За білет заплаціў 100 эўра, яшчэ 400 былі ў кішэні.
Ягоны сябра-камэрсант зь літоўскім пашпартам парэкамэндаваў яму зьвярнуцца ў Парыжы да свайго знаёмага, маўляў, той сустрэне і дапаможа. Поль спадзяваўся, што гэты знаёмы паселіць яго на першы час і дапаможа знайсьці працу. У якасьці сувэніру зь Беларусі Поль вёз яму бутэльку гарэлкі, кавалак сала і знакаміты бабруйскі зэфір. Францускі знаёмы сябра сапраўды сустрэў Поля на вакзале, але апекавацца ім ня меў намеру. Ён паказаў Полю найтаньнейшы гатэль «Формула-1» і разьвітаўся.
Гэтае сала і зэфір Поль еў два тыдні, ашчаджаючы грошы, якія імкліва разыходзіліся. З гатэлю Поль выселіўся праз 5 дзён, калі патраціў 200 эўра. Яшчэ чатыры дні пражыў у іншым танным гатэлі, добрыя людзі ўладкавалі. Трэба было купляць білеты на транспарт, штовечар з аўтамату тэлефанаваць жонцы ў Беларусь, бо тая моцна хвалявалася. Праз 9 дзё жыцьця ў гатэлях некалькі дзён давялося начаваць ужо ў тэлефоннай будцы.
Адзін раз Поль моцна заблукаў у Парыжы — гораду ня ведаў, у 2 гадзіны ночы выпадкова сустрэў на вуліцы нейкага расейскамоўнага чалавека, пазьней знайшоў у Парыжы расейскую царкву імя Аляксандра Неўскага, што адносіцца да Канстантынопальскага патрыярхату. І там пазнаёміўся з жанчынай, якая яму дапамагла — перакладчыцу-армянку, што ня мела на той час працы. Яна патлумачыла Полю, дзе ў Парыжы можна бясплатна паесьці, пусьціла да сябе дахаты памыцца ў душы і адвяла ў сацыяльную службу, інстытуцыю, створаную францускай дзяржавай для дапамогі людзям, якія трапілі ў складанае становішча.
Установа гэтая знаходзілася на плошчы Бастыліі. Там Полю адразу выпісалі 350 эўра ў месяц дапамогі. Пазьней гэтая сума вырасла да 500 эўра. Таксама Полю далі дакумэнт на мэдычнае абслугоўваньне, талёны на двухразовае харчаваньне ў адмысловай рэстарацыі, праязны на гарадзкі транспарт.
Бяздомны пэрыяд
Кватэрнае пытаньне пакуль засталося нявырашаным, у «сацыяле» рэкамэндавалі стаць у чаргу, ён запісаўся ў такую чаргу ў 12-й мэрыі Парыжу, але чакаць трэба гадоў 10. Армянка пакуль дазволіла пакінуць торбу ў яе. Поль напружана шукаў, дзе жыць, пайшоў у паліцыю — там нічога не параілі. На вакзале ж доўга не пабудзеш, там пасьля 12 гадзін ночы выганяюць, Полю даводзілася спаць стоячы ў тэлефоннай будцы.
Каля царквы Аляксандра Неўскага Поль пазнаёміўся з двума беларусамі. Адзін зь іх, Саша з Горадні, працаваў у арабскай рэстарацыі: мыў посуд, езьдзіў на закупы, зарабляў гэтым 800 эўра. Яму таксама не было дзе начаваць пасьля працы. І ён знайшоў выйсьце: непадалёк ад рэстарану была сартавальная чыгуначная станцыя, туды прыганялі пасажырскія цягнікі са спальнымі вагонамі, рыхтавалі іх да наступных рэйсаў. І ў гэтыя вагоны можна было таемна ўлезьці, пераначаваць у чыстай бялізьне.
Саша распрацаваў нават маршрут: да 11 гадзін ночы на Ліёнскім вакзале можна бясплатна паесьці, потым у гэтае дэпо — пераначаваць, раніцай бралі з гэтых вагонаў па ручніку і ехалі ў горад, сьнедалі, заходзілі памыцца ў муніцыпальную лазьню. Далей Саша ехаў працаваць, а ў Поля з гадзіны да пяці быў вольны час, потым вячэра і зноў у вагон.
Сабралася кампанія з чатырох такіх бяздомных, і так яны жылі 4 месяцы, пакуль не зьмяніліся ахоўнікі і адзін з сабакам-мастыфам не заўважыў іх і ня выклікаў паліцыю.
Калі паліцыянты пабачылі ў Поля францускі пашпарт, яны зьдзівіліся. Не маглі адразу праверыць пашпарт на сапраўднасьць, затрымалі Поля, а потым нават тэлефанавалі ў францускую амбасаду ў Менск, дзе пацьвердзілі, што пашпарт сапраўдны. Урэшце значным злачынствам несанкцыянаванае пранікненьне ў вагоны не прызналі.
Поль пакрыху абрастаў знаёмствамі, грошы эканоміў, харчаваньне і праязны меў бясплатныя. У яго зьявіўся новы сацыяльны агент Стэфан Леаніда, які абяцаў дапамагчы з кватэрай і францускім пашпартам жонцы Галіне.
Жыцьцё ў чужым катэджы
Але пакуль усё наладзілася, Полю яшчэ давялося пацярпець. Апрача жыльля, трэба было і працу шукаць. Знаёмы з Заходняй Украіны на імя Грыгор парэкамэндаваў Поля бізнэсоўцу з Баўгарыі. Поль рабіў рамонт у ягоным загарадным доме, быў кіроўцам ягонай жонкі, часам гасьцей сустракаў у аэрапорце.
Пасьля 4 месяцаў жыцьця на вакзале і ў вагонах Поль пасяліўся ў катэдж гэтага бізнэсоўца на ўскрайку лесу, пераапрануўся ў гарнітур з гальштукам і езьдзіў на шыкоўнай машыне. Жонку Галіну, якая прыехала да яго зь Беларусі, на вакзале сустракалі на двух аўтамабілях. Але чым займаецца гэты бізнэсовец, чым ён зарабляе на шыкоўнае жыцьцё, Поль не разумеў.
«Я пачаў слухаць размовы людзей, якіх сустракаў у аэрапорце, і мне стала страшнавата, — прызнаецца Поль.— Прыяжджалі такія баявыя хлопцы, і я пачаў нешта падазраваць. Можа, мафія, думаў я, але ня быў упэўнены. Я напружыўся».
Галіна пажыла ў гэтым катэджы каля паўгода: яна прыбірала дом і глядзела за дзіцем. У яе таксама ўзьнікалі розныя думкі і падазрэньні наконт гаспадара:
«Ён купляў нам прадукты, мэблю, але я сказала: дай нам тую суму, што мы зарабляем, грашыма, мы прывыклі быць свабоднымі людзьмі. І пасьля гэтага пачаўся скандал: не, вы не атрымаеце грошы, крычыць ён, і ўжо адкрыта пачынае казаць, што мы кшталту ягоныя рабы. Але я чалавек вольны, я шпурнула яму ключы на стол, і мы рассталіся».
А паколькі не было дзе жыць і Поль баяўся за жонку, то Шылянкі зьехалі ў Беларусь. Гэта здарылася ў сакавіку 2006 году, пасьля 6 месяцаў жыцьця ў гэтага бізнэсоўца.
У пошуку працы
Але Парыж вабіў назад, і празь месяц зь Беларусі Поль вярнуўся ў сталіцу Францыі, зноў без жонкі. Украінец Грыгор знайшоў яму працу на будоўлі катэджаў для багатых парыжан на беразе мора ў Нармандыі, праз 8 месяцаў Поль вярнуўся ў Парыж, перакупіў у Грыгора права на арэнду невялікай кватэры і ўжо меў сваё жыльлё, куды мог запрасіць жонку. А з працай было надалей цяжка праз кепскае веданьне францускае мовы. Часам ахопліваў адчай — узрост ужо каля 55 гадоў. Але бюро працаўладкаваньня старалася дапамагчы.
Праца спачатку знайшлася ў парыскім прадмесьці Антані — трэба было даглядаць дамы: камусьці кусты падрэзаць, камусьці нешта памяняць. Потым Поль працаваў у рэстарацыі, якая дастаўляе абеды ў адміністрацыйныя ўстановы Парыжу, аб’езьдзіў усе міністэрствы і мэрыі, дзе расстаўляў сталы і посуд для прыёмаў. Жонка працавала ў дзіцячым садку. Нейкі час абыходзіліся без сацыяльных дапамогаў.
У 2016 годзе ў Поля была сур’ёзная апэрацыя — выдалілі нырку, на якой разьвілася пухліна. Паколькі ён меў мэдычную страхоўку, то заплаціў толькі 1 тысячу эўраў з 12 тысячаў.
«Я выбраў найлепшую палату ў прыватнай клініцы, а калі б пайшоў у дзяржаўную — не плаціў бы нічога», — кажа Поль.
Пасьля апэрацыі Поль жыве на дапамогу па беспрацоўі (chômage), але плянуе зноў знайсьці працу, сядзець бяз справы яму цяжка. Француская дзяржава дапамагае Шылянкам аплочваць жыльлё, іхная квартэра ў прадмесьці сталіцы на месяц каштуе 600 эўраў, зь іх 400 плаціць дзяржава.
Пераезд унучкі
Увайсьці ў францускае грамадзтва, знайсьці сяброў сярод карэнных жыхароў Шылянкам пакуль не ўдаецца. Бывалі ў іх у гасьцях некалькі разоў, ня болей. У Поля застаецца вялікі акцэнт у францускім маўленьні, розьніца ў мэнталітэце. Але і зацыклівацца на расейскамоўнай дыяспары ён не зьбіраецца.
У 2018 годзе да Поля і Галіны зь Беларусі прыехала ўнучка Яна. Бабуля зь дзядулем вельмі хочуць, каб яна адаптавалася ў Францыі, атрымала тут адукацыю. І ёсьць магчымасьць мець на гэта падтрымку ад дзяржавы. Сын Андрэй пераяжджаць у Францыю не захацеў, хоць яму пэўна было б лягчэй, чым бацьку, але ён пабыў у Францыі, паглядзеў на Парыж і краіну, але жыць там не захацеў, сказаў: «Не маё гэта».
Поль і Галіна не шкадуюць пра сваё рашэньне пераехаць у Францыю, лічаць яго правільным. Хоць было часам і нялёгка, Поль удзячны францускай дзяржаве:
«Радзіма мяне сустрэла проста шыкоўна, нягледзячы на нашыя цяжкасьці. Сустрэла як магла, а я лічу — шыкоўна», — кажа Поль. І яго цалкам падтрымлівае жонка Галіна.
Але свой беларускі пашпарт Поль не парваў, беражэ ён і свой дамок у Бабруйску.