У мэмарыяльным комплексе «Быкаўнянскія магілы», што створаны пад Кіевам у памяць аб ахвярах палітычных рэпрэсіяў, адбылася беларуска-украінская акцыя ўшанаваньня забітых продкаў.
Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да галоўнага мэмарыялу, а таксама да памятнай пліты, на якой пазначана прозьвішча брата беларускага пісьменьніка Янкі Брыля Ўладзіміра, расстралянага як «нямецкага агента» паводле выраку «тройкі» НКВД у Кіеве ў 1938 годзе.
Імя рэпрэсаванага беларуса таксама фігуруе ў экспазыцыі «Скрываўленая ніва» перад уваходам у мэмарыял — на ёй прадстаўленыя матэрыялы аб перасьледзе і расстрэлах сялян за антысавецкую дзейнасьць, накіраваную супраць калектывізацыі.
Беларускія і ўкраінскія актывісты запалілі зьнічкі і ўшанавалі памяць ахвяраў рэпрэсій хвілінай маўчаньня — у гэты момант яны прыспусьцілі бел-чырвона-белыя і ўкраінскія дзяржаўныя сьцягі.
Прадстаўніца адміністрацыі мэмарыяльнага комплексу «Быкаўнянскія магілы» распавяла ўдзельнікам акцыі пра гісторыю стварэньня мэмарыялу і працу ўкраінскіх навукоўцаў па вывучэньні архіўных матэрыялаў НКВД дзеля больш дакладнага вызначэньня маштабаў быкаўнянскай трагедыі. Паводле папярэдніх ацэнак, у Быкаўні былі пахаваныя ад 20 да 100 тысяч грамадзянаў розных нацыянальнасьцяў і прафэсій.
Акцыі ўшанаваньня памяці рэпрэсаваных беларусы ладзяць у Быкаўні другі год запар. Сёлета яны прапанавалі ўсталяваць на тэрыторыі ўкраінскага мэмарыяльнага комплексу беларускі крыж, каб усе беларускія турысты, якія прыяжджаюць у Кіеў, маглі прыйсьці да яго і ўшанаваць памяць пахаваных тут беларусаў.