У Кіеве адкрылі выставу «Вялікі тэрор у Беларусі».
Экспазыцыя, што адкрылася ва Ўкраінскім інстытуце нацыянальнай памяці, будзе доўжыцца яшчэ дзесяць дзён і потым застанецца ў фондзе інстытуту. Яна арганізаваная супольна беларускай грамадзкай ініцыятывай «Экспэрты ў абарону Курапатаў» і Ўкраінскім інстытутам нацыянальнай памяці.
Месца, зь якога пачынаўся чырвоны тэрор
Час і месца правядзеньня выставы, улічваючы яе зьмест, былі абраныя дарэчна: у будынку, які вядомы ў Кіеве як маёнтак графа Ўварава і ў якім цяпер разьмяшчаецца Ўкраінскі інстытут нацыянальнай памяці, ад 1918 году працавала Кіеўскае губэранскае ЧК, а пазьней органы НКВД і КГБ. Як адзначыў кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімір Вятровіч, менавіта з гэтага будынку і пачынаўся чырвоны тэрор, ад якога пацярпелі шмат народаў.
Апроч таго, сёньня ва Ўкраіне ўшаноўваюць ахвяраў аднаго з найбольш маштабных камуністычных злачынстваў — дэпартацыі крымскататарскага народу з Крыму. А ў трэцюю нядзелю траўня ва Ўкраіне традыцыйна ўзгадваюць ахвяраў усіх палітычных рэпрэсіяў — гэты дзень зацьверджаны ўказам прэзыдэнта Віктара Юшчанкі у 2007 годзе.
Цырымонія адкрыцьця выставы прайшла даволі хутка, але яе наведнікі яшчэ больш як гадзіну не разыходзіліся — яны зь цікаўнасьцю слухалі беларускага журналіста Марата Гаравога, аднаго з суаўтараў экспазыцыі. І зьдзіўляліся адрозьненьням беларускіх і ўкраінскіх падыходаў да вывучэньня тэмы рэпрэсіяў. Ва Ўкраіне гісторыкі абапіраюцца на адкрытыя архіўныя матэрыялы КДБ, а ў Беларусі ўся дакумэнтацыя тых гадоў па-ранейшаму засакрэчаная.
«У гэтай экспазыцыі амаль няма матэрыялаў з архіваў, тут сабрана тое, што адшукалі сярод людзей, апыталі іх, тое, што дайшло да нас ад археолягаў, якія вывучалі пахаваньні ў Курапатах», — распавядае культуроляг Вацлаў Арэшка, таксама суаўтар выставы.
Суаўтар выставы, сябра грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Генадзь Драздоў дадае, што выстава ўпершыню падарожнічае за мяжу — дагэтуль яна экспанавалася толькі ў Беларусі, але там ня мела дзяржаўнае падтрымкі. За ўвесь час фармаваньня экспазыцыі яе аўтары сабралі шмат удзячных водгукаў беларусаў за праўду аб Курапатах. Адмысловую кнігу яны прывезьлі і ў Кіеў.
Злачынствы ня мелі межаў
На думку кіраўніка Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзіміра Вятровіча, такія супольныя захады ёсьць адной зь перадумоваў для будучага міжнароднага асуджэньня камуністычнага рэжыму.
«Гледзячы на гэтую выставу, мы разумеем, што таталітарны рэжым чыніў злачынствы паводле адзінага шаблёну — і ўкраінцы, і беларусы былі ахвярамі адзінай злачыннай палітыкі. І мэта, якую мы ставім перад сабой, — паказаць маштабы злачынстваў камуністычнага рэжыму, бо яны выходзяць за межы адной нацыянальнасьці. І калі мы сапраўды хочам гаварыць пра асуджэньне камуністычнага рэжыму на міжнародным узроўні, а мы хочам пра гэта казаць, то павінны разумець, што гэта магчыма толькі пры супрацоўніцтве прадстаўнікоў народаў, якія больш за ўсё пацярпелі ад камунізму. А беларусы ёсьць адным з такіх народаў», — перакананы ён.
Умовы розныя, мэта — адзіная
Уладзімір Вятровіч прызнае, што ўкраінскія дасьледнікі палітычных рэпрэсіяў савецкай эпохі маюць больш магчымасьцяў, і яны гатовыя дапамагчы беларускім калегам:
«Ва Ўкраіне ж архівы таксама былі закрытыя да нядаўняга часу. Але мы вывучалі досьвед іншых посткамуністычных краінаў Эўропы, такіх як Чэхія, Польшча, Вугоршчына, спрабавалі падрыхтаваць да імплемэнтацыі адпаведныя рашэньні ва Ўкраіне. Пасля Эўрамайдану гэта стала магчыма. Мы падрыхтавалі адмысловы закон аб адкрыцьці архіваў КДБ і цяпер, у сутнасьці, у нас узровень адкрытасьці абсалютна адэкватны іншым эўрапейскім краінам. Мы спадзяемся, што і Беларусь падхопіць гэтыя ініцыятывы, і гатовыя працаваць з грамадзкімі актывістамі, каб ім дапамагчы рыхтаваць гэтыя дакумэнты, каб яны былі гатовыя да гэтага ў выпадку палітычных зьменаў».
Паводле яго, пераадоленьне спадчыны таталітарнага камуністычнага рэжыму ёсьць неад’емным элемэнтам дэмакратычнай трансфармацыі:
«Калі краіна хоча быць дэмакратычнай, то яна мае прайсьці праз абмеркаваньне свайго мінулага і пераадоленьне ўсіх траўмаў камуністычнага рэжыму. На жаль, Беларусь, толькі на пачатку гэтага шляху, і такая праца патрабуе большай падтрымкі, чым ва Ўкраіне».
З Курапатаў у Быкаўню
Сёньня ж беларускія дасьледнікі наведалі і мэмарыял «Быкаўнянскія магілы», што пад Кіевам. Быкаўня ёсьць украінскім аналягам беларускіх Курапатаў — у тым месцы, паводле ацэнак спэцыялістаў, могуць быць пахаваныя да 100 тысяч грамадзянаў, расстраляных НКВД, у тым ліку і беларусы.
«Нам важна паглядзець, як украінцы ўшаноўваюць памяць ахвяраў. Для нас гэта вельмі істотна ў прафэсійным пляне, каб пераняць досьвед Украіны ва ўшанаваньні ахвяраў. Тут жа ўсё гэта адбываецца на дзяржаўным узроўні, а ў нас — на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці, і нам цікава, як дзяржава дапамагае грамадзянам гэта рабіць», — кажа Марат Гаравы.