Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэмарыялы ахвяраў сталінізму ў Быкаўні і Курапатах — 6 падабенстваў і адрозьненьняў


Ніна Багінская са сьцягам у Курапатах, архіўнае фота
Ніна Багінская са сьцягам у Курапатах, архіўнае фота

Як ва Ўкраіне і Беларусі ўшаноўваюць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў?

У Беларусі, паводле дзяржаўнай прэсы, працягваецца абвешчаны ўладамі конкурс эскізных праектаў памятнага знаку ў Курапатах, на які, яе паведамляецца, пададзена каля 60 работ. На дзяржаўны дабрачынны рахунак для збору сродкаў на добраўпарадкаваньне Курапацкага мэмарыялу пералічана больш за 3000 даляраў, якія маюць пайсьці на мастацкую агароджу.

Свабода параўноўвае, як ушанаваныя ахвяры сталінізму ва Ўкраіне і Беларусі.

Рухавік ушанаваньня — грамадзкасьць. І ў Беларусі, і ва Ўкраіне

Ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, увага да месцаў магчымых масавых пахаваньняў ахвяраў НКВД 1930-х гадоў узмацнілася ў часе савецкай «перабудовы». Акцыі адраджэньня памяці і ўшанаваньня ў абедзьвюх краінах ачолілі грамадзкія актывісты і гісторыкі.

Менавіта дзякуючы грамадзкай ініцыятыве ў 1989 годзе ў Быкаўнянскім лесе пад Кіевам, дзе цяпер знаходзіцца найбуйнейшы ва Ўкраіне мэмарыял памяці ахвяраў вялікага тэрору, пачалі праводзіць раскопкі. І прыкладна ў гэтыя ж гады — у Курапатах пад Менскам.

Мэмарыял «Быкаўнянскія магілы» адкрыты ў 1995 годзе
Мэмарыял «Быкаўнянскія магілы» адкрыты ў 1995 годзе

Раней улады ставіліся да такіх месцаў аднолькава: яны старанна ўтойвалі месцы трагедыі, адводзілі іх пад будаўніцтва або выдавалі за могілкі закатаваных фашысцкімі акупантамі савецкіх грамадзян ці памерлых ад інфэкцыйных хваробаў.

На ўваходзе ў мэмарыял разьмешчаны камень, на якім выбіта: «Найкаштоўнейшае ў вас — воля. Мы аплацілі яе сваім жыцьцём»
На ўваходзе ў мэмарыял разьмешчаны камень, на якім выбіта: «Найкаштоўнейшае ў вас — воля. Мы аплацілі яе сваім жыцьцём»

Паводле ўкраінскіх гісторыкаў, ва Ўкраіне дакладна вызначана 18 месцаў, дзе праводзіліся пахаваньні ахвяраў рэпрэсіяў. Але ня ўсе яны ўшанаваныя мэмарыяламі. Напрыклад, у Хмяльніцкім на такім месцы пабудаваны цэнтральны ўнівэрмаг, у Віньніцы — парк культуры і адпачынку.

Мэмарыяльны комплекс складаецца зь сямі аб’ектаў, разьмешчаных ад уваходу ля трасы да месца пахаваньняў
Мэмарыяльны комплекс складаецца зь сямі аб’ектаў, разьмешчаных ад уваходу ля трасы да месца пахаваньняў

У Быкаўні, дзе, паводле ацэнак спэцыялістаў, могуць быць пахаваныя да 100 тысяч грамадзян, расстраляных НКВД, першыя грамадзкія ўшанаваньні памяці ахвяраў камуністычнага рэжыму адбыліся ў 1987 годзе, але ўлада праз паўгода паставіла альтэрнатыўны помнік «савецкім воінам, партызанам, падпольшчыкам і мірным грамадзянам, расстраляным нямецка-фашысцкімі захопнікамі».

У Быкаўнянскіх лясах толькі хавалі, а не расстрэльвалі, як у Курапатах

У Быкаўні ахвяраў сталінізму не расстрэльвалі, туды толькі звозілі целы рэпрэсаваных, забітых у кіеўскіх вязьніцах. Афіцыйна гэты ўчастак быў выдзелены для НКВД тагачаснымі кіеўскімі гарадзкімі ўладамі «для адмысловых патрэб». Ён існаваў як сакрэтны аб’ект і ахопліваў 5,3 гектара зямлі.

Курган з крыжамі — цэнтральны элемэнт мэмарыялу. Абапал яго — пліты, на якіх увечненыя прозьвішчы расстраляных
Курган з крыжамі — цэнтральны элемэнт мэмарыялу. Абапал яго — пліты, на якіх увечненыя прозьвішчы расстраляных

Нямецкія газэты ў 1941 годзе першымі паведамілі пра сталінскія рэпрэсіі ў Быкаўні.

У верасьні 1941 году пасьля захопу Кіева немцы зацікавіліся вайсковым аб’ектам у Быкаўні і правялі там раскопкі. «Было знойдзена месца забойстваў у выкананьні ГПУ. Мёртвыя целы проста накіданыя, адзін чалавек ляжыць у яме з прабітым чэрапам, з садранай са ступакоў скурай, а побач зь ім жанчына з грымасай болю на твары ад пакутніцкай сьмерці», — пісала тады «Бэрлінская біржавая газэта». У 1945 годзе НКВД арыштаваў мясцовага жыхара, які паказаў немцам месца пахаваньняў, яго асудзілі на 10 гадоў лягераў.

На пачатку 60-х гадоў пра Быкаўню як месца сталінскіх рэпрэсіяў загаварылі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі — вядомы рэжысэр Лэсь Танюк, мастачка Ала Горская і паэт Васіль Сіманенка. Яны зьвярнуліся з адпаведным лістом да партыйных структураў, але адказу не атрымалі. Неўзабаве Алу Горскую забілі пры нявысьветленых абставінах, а Васіля Сіманенку некалькі разоў зьбілі ў міліцэйскім пастарунку, пасьля чаго той памёр. Лэсь Танюк вымушаны быў зьехаць з Украіны.

Курапаты вядомыя як месца масавых расстрэлаў і пахаваньняў ахвяраў сталінізму. Паводле вынікаў першага ў Беларусі сьледзтва, якое праводзілася ў 1988 годзе па факце масавых расстрэлаў у Курапатах, колькасьць ахвяраў сягала 30 тысяч чалавек. У сярэдзіне 90-х, у часе паўторнага сьледзтва, маштабы зьменшылі да 7 тысяч асобаў. Плошчу ж месца расстрэлаў таксама сыстэматычна зьмяншалі, хаця, паводле беларускіх гісторыкаў і археолягаў, гэтая тэрыторыя магла дасягаць 26 гектараў і на ёй маглі быць зьнішчаныя ад 40 да 300 тысячаў бязьвінных людзей.

Сіламі грамадзкасьці ахвяры сталінізму тут ушанаваныя крыжамі, фактычна тут створаны народны мэмарыял. Грамадзкасьць бараніла Курапаты ад будаўніцтва праз іх тэрыторыю ў 2001–2002 гадах Менскай кальцавой дарогі.

Беларусь першая ў прызнаньні і аўтсайдэр ва ўшанаваньні

Беларусь апярэдзіла Ўкраіну ў прызнаньні месца пахаваньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930-1940 гадоў. У 1993 годзе ўрочышча Курапаты ўнесена ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Але дзяржаўны мэмарыял там і дагэтуль не зьявіўся. Затое гэтае месца вельмі прывабнае для забудоўнікаў.

Апошняя будоўля ў ахоўнай зоне Курапатаў выклікала пратэст актывістаў. У выніку Курапаты здолелі адстаяць ад забудовы. 2017 год
Апошняя будоўля ў ахоўнай зоне Курапатаў выклікала пратэст актывістаў. У выніку Курапаты здолелі адстаяць ад забудовы. 2017 год

Яшчэ ўрад БССР абяцаў, што тут будзе мэмарыял, але дзяржава гэтага абяцаньня дагэтуль ня выканала.

Пакуль гісторыкі высьвятляюць прозьвішчы расстраляных, сваякі ўшаноўваюць сваіх родных побач з мэмарыялам — фатаздымкі на дрэвах і камянях у Быкаўнянскім лесе
Пакуль гісторыкі высьвятляюць прозьвішчы расстраляных, сваякі ўшаноўваюць сваіх родных побач з мэмарыялам — фатаздымкі на дрэвах і камянях у Быкаўнянскім лесе

Ва Ўкраіне ў жніўні 1994 году новаабраны прэзыдэнт Леанід Кучма ініцыяваў узьвядзеньне мэмарыяльнага комплексу на тэрыторыі Быкаўні, які ўжо праз год быў адкрыты. А ў 2001 годзе ўрад Украіны пастанавіў стварыць дзяржаўны гісторыка-мэмарыяльны запаведнік «Быкаўнянскія магілы».

У Беларусі народны мэмарыял у Курапатах паўстаў выключна стараньнямі грамадзтва, часам насуперак імкненьням і крокам дзяржавы.

Актывісты прыбіраюць у Курапатах, архіўнае фота
Актывісты прыбіраюць у Курапатах, архіўнае фота

Міжнародны фактар як дапамога ў прызнаньні

Не апошнюю ролю ў афіцыйным прызнаньні Быкаўні адыграў польскі ўрад.

У 1940 годзе менавіта пад Кіеў звозілі целы расстраляных польскіх ваеннапалонных, якіх тайна вывозілі з Заходняй Украіны ды Беларусі ў вязьніцы Харкава, Кіева і Херсону пасьля падпісаньня пакту Молатава —Рыбэнтропа. Там іх расстрэльвалаі паводле «палегчанай працэдуры» — без суду і сьледзтва.

Адзін з элемэнтаў польскага мэмарыялу ў Быкаўні
Адзін з элемэнтаў польскага мэмарыялу ў Быкаўні

З 2001 да 2012 году ў Быкаўні працавала супольная ўкраінска-польская археалягічная экспэдыцыя, якая выявіла пахаваньні ня менш як 5 тысяч расстраляных палякаў. У 2012 годзе ўкраінскі мэмарыял быў дапоўнены польскаю часткаю, якая ператварыла яго ў Міжнародны мэмарыял ахвяраў таталітарызму 1937-1941 гадоў.

Польская частка мэмарыялу была адкрытая ў Быкаўні ў 2012 годзе
Польская частка мэмарыялу была адкрытая ў Быкаўні ў 2012 годзе

У Курапатах у памяць аб забітых савецкімі ўладамі грамадзянах Польшчы пастаўлены крыж. Сюды зь вянкамі прыяжджаюць амаль усе польскія дэлегацыі, якія наведваюць Менск.

Польская дэлегацыя ў Курапатах, 2016 год
Польская дэлегацыя ў Курапатах, 2016 год

У Быкаўні ідэнтыфікавалі 14 тысяч ахвяраў, у Курапатах вядомыя імёны толькі адзінак

На тэрыторыі Быкаўнянскага лесу пахаваныя ня менш за 100 ўраджэнцаў Беларусі. Дырэктар дзяржаўнага гісторыка-мэмарыяльнага запаведніка «Быкаўнянскія магілы» Багдан Біляшыўскі кажа:

«У нашай электроннай базе ёсьць больш як 100 прозьвішчаў грамадзян, месца нараджэньня якіх пазначана Беларусь, БССР, Менск ці Менская губэрня. Сярод іх ёсьць і габрэі, і палякі паводле нацыянальнасьці».

На гэты момант гісторыкі вызначылі прозьвішчы 14 191 грамадзяніна з імаверна 100 тысяч пахаваных на гэтым месцы. Сярод іх — імя Ўладзімера Брыля, брата беларускага пісьменьніка Янкі Брыля.

«Дакладна вызначыць нацыянальную прыналежнасьць даволі складана, асабліва калі гаворка ідзе пра рэпрэсіі 1941 году. Бо калі ў 1937-1938 гадах сьледзтва хаця б фармальна прытрымлівалася працэсуальных патрабаваньняў, у справах ёсьць і допыты сьведак, і анкеты рэпрэсаваных, то перад пачаткам вайны рашэньні пра расстрэл часта прымалі ня „двойкі“ ці „тройкі“, а аднаасобна камісар НКВД. І ў гэтых справах нічога няма, апроч прысуду», — распавядае кіраўнік запаведніка «Быкаўнянскія магілы».

На плітах увечненае і прозьвішча беларуса Ўладзімера Брыля, расстралянага 5 кастрычніка 1938 году як «нямецкага агента»
На плітах увечненае і прозьвішча беларуса Ўладзімера Брыля, расстралянага 5 кастрычніка 1938 году як «нямецкага агента»

Але нават хай сабе адно прозьвішча беларуса, увечненае на плітах памяці ў Быкаўні, ня выклікала зацікаўленасьці беларускай амбасады ва Ўкраіне. «За запрашэньне замежных дэлегацыяў на памятныя захады пры ўдзеле ўкраінскага прэзыдэнта адказвае пратакол адміністрацыі прэзыдэнта. Ня ведаю, ці запрашалі да ўдзелу ў іх беларускіх дыпляматаў, але на нашых падзеях я іх ніколі ня бачыў», — распавядае Багдан Біляшыўскі.

Як вынікае з афіцыйнага сайту прэзыдэнта Беларусі, Аляксандар Лукашэнка ў часе сваіх афіцыйных візытаў у Кіеў ніводнага разу не наведаў мэмарыял «Быкаўнянскія магілы». Як, дарэчы, і менскае ўрочышча Курапаты — за ўвесь час знаходжаньня на прэзыдэнцкай пасадзе.

Дакладна вядомыя толькі тры прозьвішчы ахвяраў, пахаваных у Курапатах. Архівы КДБ Беларусі дагэтуль закрытыя, у адрозьненьне ад архіваў СБУ.

Вянкі ад прэзыдэнтаў у Быкаўні, але не ў Курапатах

Ва Ўкраіне ад 2000 году штогод у лістападзе адзначаецца дзень памяці ахвяраў Галадамору і палітычных рэпрэсіяў, а з 2007 году яшчэ і ў траўні — як дзень памяці ахвяраў вялікага тэрору, масавых палітычных рэпрэсіяў 1937-1938 гадоў.

21 траўня 2017 году, Быкаўня. Афіцыйнае ўшанаваньне памяці ахвяраў рэпрэсіяў
21 траўня 2017 году, Быкаўня. Афіцыйнае ўшанаваньне памяці ахвяраў рэпрэсіяў

Штогод у трэцюю нядзелю траўня ў Быкаўні адбываюцца афіцыйныя памятныя захады, у якіх бяруць удзел кіраўнікі ўсіх органаў улады Ўкраіны, у тым ліку прэзыдэнт, а таксама прадстаўнікі дыпляматычных прадстаўніцтваў. Разам з прэзыдэнтамі Ўкраіны тут прысутнічаюць прэзыдэнты Польшчы.

Пятро Парашэнка з жонкай Марынай ускладваюць кветкі да мэмарыялу ў дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. 21 траўня 2017 году
Пятро Парашэнка з жонкай Марынай ускладваюць кветкі да мэмарыялу ў дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. 21 траўня 2017 году

У чэрвені 2001 году мэмарыял наведаў Папа Рымскі Ян Павал ІІ. Плянам візыту гэта не прадугледжвалася, але ён знарок зьмяніў свой афіцыйны маршрут, каб пакланіцца ахвярам палітычных рэпрэсіяў.

Цяпер Нацыянальны гісторыка-мэмарыяльны запаведнік «Быкаўнянскія магілы» займае 239 гектараў ды ёсьць найбольшым месцам пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ва Ўкраіне. Быкаўнянскія лясы ніколі не спрабавалі аддаць пад забудову.

У Беларусі ахоўныя зоны Курапатаў як гісторыка-культурнай каштоўнасьці і зоны рэгуляванай забудовы вакол іх за апошнія некалькі гадоў зьмяншаліся рашэньнем уладаў. У ахоўных зонах і ў непасрэднай блізкасьці ад памятнай мясьціны ішло або плянавалася будаўніцтва (напр., рэкрэацыйнага аб’екту з пачатнай назвай «Бульбаш-Хол»).

У Курапатах прэзыдэнт Беларусі, як ён сам казаў, ні разу ня быў, вянок ад ягонага імя там не ўскладаўся. У 1993 годзе тут быў прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса, у 1994-ым — прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

З інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі Радыё Свабода ў жніўні 2015 году. Лукашэнка пра Курапаты і «лінію Сталіна»:

Лукашэнка пра Курапаты і Лінію Сталіна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:40 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG