Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў загад аб памілаваньні 12 грамадзян Расеі. Яны дастаўлены ў пункт збору асоб, якія ўдзельнічаюць у абмене вязьнямі паміж Кіевам і Масквой. Аб гэтым на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў украінскі адвакат Валянцін Рыбін.
Паводле юрыста, адзін расеец са сьпісу на абмен ня быў дастаўлены ў пункт і ня быў памілаваны прэзыдэнтам. Рыбін паведаміў, што гэты чалавек — Руслан Гаджыеў, асуджаны на 15 гадоў зьняволеньня за ўдзел у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны на баку так званай «ЛНР».
Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што перамовы аб абмене вязьням блізкі да «фіналізацыі». Расейскі лідэр не назваў дату меркаванага абмену. Раней гэтага не зрабіў і прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў. Крыніцы «Интерфакса» у дыпляматычных колах 5 верасьня назвалі верагодную дату абмену — 7 верасьня.
Раніцай 30 жніўня пачалі паступаць супярэчлівыя паведамленьні аб пачатку абмену зьняволенымі і затрыманымі асобамі паміж Украінай і Расеяй, аднак пазьней яны былі зьняпраўджаныя.