Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін упершыню пракамэнтаваў абмен вязьнямі паміж Расеяй і Украінай. Ён гэта зрабіў праз 20 хвілін пасьля рашэньня Кіеўскага апэляцыйнага суду, які вызваліў магчымага сьведку па справе аб зьбітым «Боінгу» Ўладзіміра Цемаха.
«Дастаткова складана было прымаць рашэньне па канкрэтных людзях, але падыходзім да фіналу», — сказаў Пуцін падчас пленарнай сэсіі Далёкаўсходняга эканамічнага форуму 5 верасьня.
«З нагоды абмену: я думаю, што ён будзе такім дастаткова буйным, маштабным, і гэта ўжо было б добрым крокам наперад, у бок нармалізацыі [адносін з Украінай]», — дадаў ён.
Уладзімір Пуцін не назваў дату меркаванага абмену. Раней гэтага не зрабіў і яго прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў. Крыніцы «Інтэрфаксу» ў дыпляматычных колах 4 верасьня назвалі верагодную дату абмену — 7 верасьня.
У канцы жніўня крыніцы ў Расеі і Ўкраіне паведамілі аб падрыхтоўцы абмену зьняволенымі паводле формулы «35 на 35». Меркаванай датай называлі 29 або 30 жніўня, але працэс нечакана спыніўся. Адной з прычын называлі нежаданьне Ўкраіны выдаваць Уладзіміра Цемаха — былога камандзіра супрацьпаветранай абароны «ДНР» у горадзе Сьнежнае. Яго лічаць важным сьведкам у справе аб зьбітым малайзійскім «Боінгу» MH17.
Спэцслужбы Ўкраіны вывезьлі Ўладзіміра Цемаха зь непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі 27 чэрвеня 2019 году. Праз двое сутак Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіеву прыняў рашэньне аб яго арышце па абвінавачваньні ў «стварэньні тэрарыстычнай групы або тэрарыстычнай арганізацыі».