Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінпрыроды ня ведаюць, колькі ў краіне барсукоў, рысяў і мядзьведзяў, але хочуць дазволіць на іх паляваць


Рысь, ілюстрацыйнае фота
Рысь, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі разглядае пытаньне дазволу паляваньня на рысяў, якія цяпер знаходзяцца ў беларускай Чырвонай кнізе як рэдкі від, піша БелТА. Толькі ня ведае, колькі тых рысяў.

«Мы валодаем сытуацыяй па колькасьці практычна ўсіх паляўнічых жывёлаў у Беларусі, — расказаў намесьнік міністра лясной гаспадаркі Валянцін Шатраўка. — Сытуацыя ж з рысьсю, мядзьведзем, барсуком зусім іншая. Гэта прызналі на адной з нарадаў Мінпрыроды.

Аб'ектыўных зьвестак па колькасьці гэтых жывёлаў за апошнія 10 гадоў мы ня маем. Займацца маніторынгам павінна Акадэмія навук, але дзейнасьць гэтая ўскладненая праблемамі зь фінансаваньнем».

Абаронцы птушак супраць паляваньня на рысяў

Паводле арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), перадусім рысям, а таксама бурым мядзьведзям і барсукам у Міністэрстве лясной гаспадаркі хочуць надаць «паляўнічы статус» — то бок дазволіць кантралявана паляваць на іх.

Зоаабаронцы сумняюцца, што ў Беларусі налічваецца прынамсі 1500 рысяў (апошні раз зьвесткі пра колькасьць рысяў публікавалі ў 2014 годзе, было 532), і мяркуюць, што «пры такой невысокай шчыльнасьці і павольным аднаўленьні» нельга дазваляць паляваньне на рысяў, інакш іх можа чакаць лёс дзікіх катоў, якія зьніклі зь Беларусі.

2/3 рысянятаў не дажываюць да году. У сярэднім рысі ў прыродзе жывуць 4–5 гадоў, хоць пры належных умовах могуць дажываць да 15–16
2/3 рысянятаў не дажываюць да году. У сярэднім рысі ў прыродзе жывуць 4–5 гадоў, хоць пры належных умовах могуць дажываць да 15–16

АПБ стварыла пэтыцыю супраць таго, каб рысяў рабілі паляўнічай жывёлай і выключалі з Чырвонай кнігі. На момант пэтыцыю падпісалі звыш 2600 чалавек.

«Рысь — вельмі запатрабаваны від ня толькі сярод замежных паляўнічых, але і сярод экатурыстаў, — дадаюць эколягі. — Адна рысь пры паказе турыстам можа згенэраваць значна большы даход для паляўнічай гаспадаркі, чым пры адстрэле».

Мінлясгас: дазвол на адстрэл патрэбны для ўліку

Чыноўнікі сьцьвярджаюць, што перавод рысяў у «нармаваны від паляўнічых жывёлаў» патрэбны, каб весьці ўлік і «ў далейшым прымаць канкрэтныя рашэньні». Свае прапановы Мінлясгас накіраваў у Савет міністраў, там іх прынялі і даручылі распрацаваць нарматыўную базу.

Міністэрства тлумачыць, што калі жывёлы ў Чырвонай кнізе, то лічыць іх можа толькі Акадэмія навук, а калі прыбраць іх з Чырвонай кнігі, лічыць змогуць і карыстальнікі паляўнічых гаспадарак. І ўжо «зыходзячы з магчымасьцяў уліку далей можна будзе рабіць нейкія высновы», кажа намесьнік міністра.

І зуброў хочуць «рэгуляваць»

Мінлясгас таксама зьбіраецца рэгуляваць колькасьць зуброў на пэўных тэрыторыях — як то папуляцыю ў Асіповічах, якая па колькасьці (450 жывёлаў) набліжаецца да Белавескай.

У міністэрстве хочуць «праправацаць пытаньне мінімізацыі шкоды, якую чыняць гэтыя жывёлы, у тым ліку сельскай гаспадарцы». Але запэўніваюць: перадусім хочуць расьсяляць жывёлаў, а толькі потым «рэгуляваць колькасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG