У судзе Заводзкага раёну Менску абвешчаны прысуд у справе экс-дырэктара Менскага заапарку Юрыя Рабава і ягонай жонкі Элы Рабавай, якая працавала загадчыцай заатэхнічнага аддзелу ўстановы.
Юрыя Рабава суд прызнаў вінаватым у крадзяжы вялікай сумы грошай праз службовыя злоўжываньні ў складзе злачыннай групы і прысудзіў да 7 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і штрафам у 350 базавых велічынь (8575 беларускіх рублёў).
Эла Рабава асуджаная на 4 гады зьняволеньня агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і штрафам у 300 базавых велічынь.
Абодвух апраўдалі па адным з эпізодаў і па абвінавачаньні ў перавышэньні ўлады.
Суд пастанавіў 7 шчанюкоў гіен перадаць ўласьніку, а 14 фламінга пакінуць заапарку.
Адвакат Рабава сказаў, што абодва падсудныя будуць абскарджваць прысуд.
Пракурор запрошваў для Юрыя Рабава 7,5 года зьняволеньня, для ягонай жонка Элы Рабавай — на год меней.
У справе Юрыя Рабава і ягонай жонкі было 3 эпізоды. Паводле аднаго экс-дырэктар нібыта прадаў прыватнай асобе некалькі экзатычных жывёлаў, якія знаходзіліся на балянсе заапарку. Гаворка пра дзьвюх рысяў, кацінага лемура, трох балівійскіх мірыкінаў (больш вядомых як начныя малпы) ды іншых «экзотаў» агулам на 7,7 тысячы рублёў. Рабаў віну ў гэтым эпізодзе прызнаў, але патлумачыў суду, што фактычна выратаваў жывёлаў, якія знаходзіліся ў вельмі дрэнным фізычным стане. Паводле Рабава, як дырэктар ён мусіў аддаць загад аб іх усыпленьні, але пашкадаваў і знайшоў пакупніка. Адмаўляў экс-дырэктар заапарку і тое, што дзейнічаў у змове з жонкай, як тое мяркуе сьледзтва. Паводле Юрыя Рабава, ягоная жонка Эла Рабава загадзя ня ведала пра ягоныя намеры, а дакумэнты на жывёлаў афармляла заднім днём на ягоны загад як дырэктара.
Прызнаў сваю віну Юрый Рабаў і ў эпізодзе са шчанятамі гіенападобнага сабакі, пры гэтым і тут экс-дырэктар сьцьвярджаў, што найперш кіраваўся інтарэсамі Менскага заапарку. Між тым, паводле сьледзтва, Юрый Рабаў утаіў ад расейскай фірмы «АфроЗОО» той факт, што ад арандаваных у фірмы гіен нарадзіліся шчанюкі, якіх належала аддаць уласьнікам. Замест гэтага малых сабак гадавалі за кошт Менскага заапарку. Калі фірма, даведаўшыся аб прыплодзе ад сваіх жывёл, зьвярнулася ў сьледчыя органы Беларусі, Юрый Рабаў вывез шчанятаў з заапарку і схаваў на тэрыторыі аграсядзібы ў Кобрынскім раёне. «У мяне была толькі адна мэта — захаваць гэтых шчанюкоў для Менскага заапарку», — казаў у апошнім слове Юрый Рабаў. Між тым сьледзтва падлічыла, што празь незаконнае ўтрыманьне шчанюкоў заапарку былі нанесеныя страты ў 9,5 тысячы рублёў.
Цалкам не прызнаў сваёй віны Юрый Рабаў у трэцім эпізодзе справы, дзе вядзецца пра 15 птушак флямінга. Паводле сьледзтва, 23 флямінга перадаў заапарку грамадзянін А, зь іх 8 здохлі, а для астатніх Юрый Рабаў нібыта знайшоў легальнага прадаўца, зь якім аформіў угоду на продаж флямінга за 39 тысяч рублёў. Сьледзтва падазрае, што грошы, якія заапарк пералічыў падстаўному пакупніку, былі потым прысабечаныя Юрыем Рабавым, але ён гэта адмаўляе і кажа, што яго агаварылі.
Юрый Рабаў працаваў у Менскім заапарку 27 гадоў (большасьць зь іх — дырэктарам), гэта фактычна пры ім невялікі зьвярынец, які раней знаходзіўся на балянсе Менскага аўтазаводу, стаў самай вядомай у Беларусі ўстановай утрыманьня і вывучэньні жывёлаў. Юрый Рабаў быў дэпутатам Менскага гарсавету, яго арыштавалі ў кастрычніку 2016 году.