Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Недарэчна, што ён быў дырэктарам нацыянальнага парку». Што вядома пра паляваньне новага «ляснога» міністра


Міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа з паляўнічымі трафэямі. Скрыншоты фота з выдаленай старонкі «ЎКантакце»
Міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа з паляўнічымі трафэямі. Скрыншоты фота з выдаленай старонкі «ЎКантакце»

Праз суткі пасьля прызначэньня на пасаду міністра лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа выдаліў свае профілі ў сацыяльных сетках. Там былі апублікаваныя фота з забітымі на паляваньні жывёламі. Ці былі там забароненыя для паляваньня віды, высьветліла Свабода.

«УКантакце» і Facebook новага міністра ўжо не даступныя. Але іх можна пабачыць у архіве.

Нічога дзіўнага ў тым, што міністрам лясной гаспадаркі стаў заўзяты паляўнічы, няма, лічыць Аляксандар Вінчэўскі, дырэктар грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Бо менавіта Мінлясгас рэгулюе паляваньне ў краіне.

На думку Вінчэўскага, больш дзіўным зьяўляецца тое, што паляўнічы быў дырэктарам нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры». З гэтай пасады ён прыйшоў у міністэрства.

«Больш недарэчна выглядае, што гэты чалавек быў генэральным дырэктарам нацыянальнага парку, — кажа Аляксандар Вінчэўскі. — Дырэктары нацпаркаў не прыродаахоўнікі, а зацятыя паляўнічыя, якія яшчэ выкладваюць у сацсеткі фота забітых жывёлаў».

Старшыня ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандар Вінчэўскі
Старшыня ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандар Вінчэўскі

Паводле дырэктара АПБ, у беларускай уладзе ўсё яшчэ існуе паляўнічае лобі. Мода на паляваньне сярод палітыкаў захавалася тут з савецкіх часоў.

«Калі прэм’ер-міністрам быў паляўнічы Сідорскі, ён проста загадваў выкрэсьліваць некаторыя віды як чырванакніжныя і заносіць іх у паляўнічыя, як шэрых гусей», — кажа Вінчэўскі.

У Заходняй Эўропе, наадварот, палітыкі стараюцца не афішаваць сваё паляўнічае хобі. Вінчэўскі прыводзіць у прыклад Францыю — краіну, дзе жыве каля 1 мільёна паляўнічых.

«Непаляўнічых усё адно большасьць. А некаторыя людзі і арганізацыі вельмі агрэсіўна ставяцца да паляўнічых. Ніякія партыі не даруюць сваім лідэрам такія правіны. Нават калі палітык любіць паляваць, ён гэтым не ганарыцца, як правіла», — кажа Вінчэўскі.

Сярод трафеяў міністра няма забароненых

Што да трафэяў новага міністра Дрожжы, сярод іх няма забароненых відаў. Адзіны нюанс ёсьць з забітымі птушкамі. Гэта белалобая гусь, паляваньне на якую не абмежавана нават падчас вясновай міграцыі. Але празь Беларусь таксама ляціць чырванакніжны від — гусь-піскулька. Ягоная эўрапейская папуляцыя — каля 100 параў. З выгляду піскульку вельмі складана адрозьніць ад белалобай гусі.

«У Беларусі забіваюць іх кожны год, наколькі мы ведаем. Іх нават арнітолягам цяжка адрозьніць, нават калі яны недалёка ад чалавека. А тым больш гэта складана для паляўнічых, калі гусі ляцяць і тыя страляюць усіх запар».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Якой палітыкі можна чакаць ад новага міністра? Аляксандар Вінчэўскі адзначае, што міністры ў нас застаюцца несвабоднымі, каб прымаць рашэньні.

«Нацыянальныя паркі маюць большы ўплыў, бо яны зацікаўленыя і ў замежным паляваньні, і ў большай свабодзе для паляўнічых», — сказаў Вінчэўскі.

Мінпрыроды пра паляўнічыя трафеі новага «ляснога» міністра: «Міністры таксама людзі»

Прэс-сакратар Міністэрства прыродных рэсурсаў Алена Меляшкова сказала карэспандэнту Свабоды, што бачыла фотаздымкі новага міністра лясной гаспадаркі з паляўнічымі трафэямі.

Ці магло мець месца парушэньне прыродаахоўнага заканадаўства?

«Чырвонакніжнікаў на здымках не было, гэта адназначна, — адказала прадстаўніца Мінпрыроды. — Таксама не было зьвяроў, якія ахоўваюцца міжнароднай супольнасьцю. Лясная гаспадарка ажыцьцяўляе паляўнічую дзейнасьць. Наогул, у нас дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету кантралюе ў тым ліку пытаньні абыходжаньня з дзікімі жывёламі, пытаньні паляваньня. Але візуальна парушэньняў няма».

Новы «лясны» міністар Беларусі выдаліў старонку «ЎКантакце» з ФОТА паляўнічых трафэяў

Аляксандар Лукашэнка 5 красавіка прызначыў новага міністра лясной гаспадаркі Беларусі — Віталя Дрожжу. Пасьля прызначэньня міністар выдаліў сваю старонку «ЎКантакце», дзе публікаваў свае фоты са зброяй і целамі забітых жывёлаў.

Копія старонкі са здымкамі засталася на сайце archive.is. На момант публікацыі міністар мае старонку ў «Аднаклясьніках», дзе ў публічным доступе разьмешчаны ягоны здымак з забітым дзіком.

Віталь Дрожжа нарадзіўся ў Карэлічах Гарадзенскай вобласьці ў 1978 годзе, адвучыўся ў БДТУ і Акадэміі кіраваньня. Ад 2013 году працаваў генэральным дырэктарам Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры», да таго — служыў у міліцыі, кіраваў лясьніцтвам на Лагойшчыне, быў галоўным інспэктарам-рэвізорам у Мінлясгасе, кіраваў Бабруйскай лясной гаспадаркай.

Лукашэнка загадаў новаму міністру «навесьці парадак у лесе, каб за хабар лесьнікі і лясьнічыя не сплаўлялі лес», які затым нібыта «за цэнты трапляе на Захад», а таксама аднаўляць высечаныя лясы.

Колькі якіх жывёлаў у Беларусі. Адной карцінкай

«Нават у Расеі больш строга». Чым небясьпечныя новыя правілы паляваньня ў Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG