Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі забароняць трымаць у кватэрах кракадзілаў, тарантулаў і пінгвінаў. А як у Беларусі?


Урад РФ удвая павялічыў пералік дзікіх жывёл, якіх мяркуецца забараніць трымаць у хатніх умовах, перадае РИА «Новости» са спасылкай на праект адпаведнай пастановы ўраду.

Прыняты летась у канцы году закон «Аб адказным стаўленьні да жывёл» прадугледжвае зацьвярджэньне пераліку жывёл, які забаронена трымаць дома. Першапачаткова ў сьпіс меркавалася ўнесьці кобраў, гадзюк, скарпіёнаў і шэраг павукоў (у тым ліку чорных удоваў), цюленяў, маржоў і кітападобных жывёлаў, мядзьведзяў, леапардаў і пантэр, гепардаў, рысяў, пум і сэрвалаў, жырафаў, бэгемотаў і амэрыканскіх дзікабразаў, страўсаў, пэліканаў, жураўлёў і дроф.

Абноўленая рэдакцыя пераліку дапоўненая пітонамі даўжынёй больш за чатыры мэтры, яшчэ шэрагам павукоў, уключаючы тарантулаў, варанамі, кракадзіламі, кайманавымі чарапахамі даўжынёй звыш 30 сантымэтраў, электрычнымі скатамі, вуграмі, акуламі, мурэнамі, ваўкамі, сабакамі дынга, гіенамі, звычайнымі лісамі, расамахамі, пандамі, антылёпамі, дзікімі быкамі, аўцабыкамі, гібонамі, макакамі, павіянамі, мартышкамі, капуцынамі, птушкамі ківі, флямінга, пінгвінамі, сокаламі, совамі, а таксама каралавымі паліпамі.

У Беларусі «чорнага сьпісу» няма

У Беларусі, як паведамляецца на партале pravo.by, няма асобнага закону, у якім быў бы пералік жывёлаў, дазволеных або забароненых для ўтрыманьня ў якасьці хатніх гадаванцаў. Зацьверджаныя толькі Правілы ўтрыманьня хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёлаў у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь (закон аб абыходжаньні з жывёламі пакуль знаходзіцца на абмеркаваньні). Тэарэтычна можна завесьці і кракадзіла, і тарантула, і пінгвіна.

Іншая справа, што ўладальнікі хатніх гадаванцаў абавязаны строга выконваць санітарна-вэтэрынарныя нормы і правілы ўтрыманьня жывёлаў, забясьпечваць бясьпеку людзей і не дапускаць забруджваньня жывёламі агульнадаступных месцаў.

Таму, магчыма, калі экзатычны зьвер ня будзе патэнцыйна небясьпечным для людзей навокал, няма законаў, якія б абмяжоўвалі яго продаж або ўвоз у Беларусь, а ўладальнік можа забясьпечыць неабходную санітарыю і вэтэрынарны кантроль — трымаць у кватэры такога зьвера можна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG