Палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі аналізуе, чаму кіраўнік Беларусі не паехаў у Варшаву, заяўляе, што ў сьвядомасьці Лукашэнкі існуе мэнтальны бар’ер супраць эўрапейскіх каштоўнасьцяў, і тлумачыць, чаму Лукашэнка рабіў усялякія рэвэрансы на адрас Джона Болтана.
Сьцісла
- Калі б Лукашэнка паляцеў у Варшаву — гэта, безумоўна, выглядала б як выклік Крамлю.
- Ніякі дзядзька Сэм ня стане асабліва ўпісвацца за Беларусь, бо галоўныя гарантыі незалежнасьці павінны быць створаныя тут, у самой краіне.
- Вядома, Крэмль скрывіцца. Але фармальна Менску цяжка нешта закінуць.
- Беларускі народ, пра які ў Менску з патасам казаў Болтан, фактычна адсечаны ад палітыкі і ня можа ўплываць на курс дзяржавы, яе лёс і будучыню.
Лукашэнка ня езьдзіць у Эўропу — бо ў ягонай сьвядомасьці існуе мэнтальны бар’ер
— Чаму Аляксандар Лукашэнка не паехаў у Варшаву, дзе кіраўнікі дзясяткаў дзяржаў будуць адзначаць гадавіну пачатку Другой усясьветнай вайны?
— Я мяркую, быў комплекс прычын, дзеля якіх беларускі афіцыйны лідэр чарговы раз не скарыстаў магчымасьць «на белым кані» ўехаць у адну з дэмакратыяў Старога Сьвету. Але галоўная прычына — тая, што Варшава не запрасіла расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Прычым пракамэнтавала гэта даволі рэзка. Пару месяцаў таму віцэ-прэм’ер Польшчы выказаўся ў тым духу, што на такім мерапрыемстве ня месца кіраўніку краіны, якая праводзіць агрэсіўную палітыку ў дачыненьні да суседзяў.
Таму, калі б Лукашэнка на гэтым тле паляцеў у Варшаву — гэта, безумоўна, выглядала б як выклік Крамлю. Ёсьць і іншыя матывы — гаворка можа ісьці пра тое, што сама гэтая падзея спараджае пэўную калізію. Бо ў беларускага і польскага кіраўніцтва вельмі розныя погляды на гісторыю ўвогуле і на падзеі верасьня 1939 году.
— У Беларусі існуе культ Другой усясьветнай вайны, у падручніках яна называецца найважнейшай падзеяй беларускай гісторыі, галоўныя дзяржаўныя сьвяты — гэта 9 траўня і 3 ліпеня, зьвязаныя менавіта з гэтай вайной. Але выглядае, што стаўленьне афіцыйнага Менску і сёньняшніх эўрапейскіх лідэраў да трактоўкі гэтай вайны адрозьніваецца?
— Вельмі адрозьніваецца. Беларускія ўлады, як і Крэмль, трымаюцца лякаванай вэрсіі падзей Другой усясьветнай вайны. Нават сам гэты тэрмін амаль не выкарыстоўваецца расейскімі і беларускімі палітыкамі. Ім зручней гаварыць пра Вялікую Айчынную вайну і падаваць справу так, нібыта ўсё пачалося зь «вераломнага нападу» Нямеччыны 22 чэрвеня. Хоць, як вядома, вайна пачалася 1 верасьня 1939 году, і да яе ў значнай ступені падштурхнуў пакт Молатава-Рыбэнтропа, які, дарэчы, цяпер шмат якія расейскія дзеячы вельмі актыўна спрабуюць абяліць і падаць як дыпляматычную перамогу Расеі.
Пакт Молатава-Рыбэнтропа, сумесны нацысцка-савецкі парад у Берасьці ў 1939 годзе — рэчы, якія беларускаму кіраўніку вельмі не даспадобы. Ён неаднойчы ўхвальна выказваўся пра Сталіна — і відавочна, што падзяляе ў пэўнай ступені ягоны сьветапогляд, погляды на палітыку. Лукашэнка неаднаразова казаў: «Які ж я дыктатар, у мяне для гэтага няма рэсурсаў». Сэнс у ня ў тым, што дыктатура — гэта кепска, а тое, што для яе патрэбныя вялікія рэсурсы.
Гэтыя супярэчнасьці, разыходжаньне ў поглядах на той пэрыяд вайны — усё гэта таксама магло стаць адным з момантаў, які стрымаў Лукашэнку ад паездкі ў Польшчу.
— За апошнія месяцы Лукашэнка ўжо адмовіўся ад шэрагу візытаў на Захад — не паехаў на саміт «Усходняга партнэрства», шмат разоў адкладаецца візыт у Латвію, пад пытаньнем паездка ў Літву, на пахаваньне парэшткаў Каліноўскага. Магчымасьці ёсьць — але ён ня езьдзіць. Чаму?
— Нават у разгар санкцыяў Лукашэнка імкнуўся зь любой нагоды трапіць на Захад. Можна ўзгадаць ягоны скандальны адпачынак у Альпах у Аўстрыі, здаецца, у 2002 годзе — потым рэха гэтага скандалу доўга цягнулася, былі фінансавыя расьсьледаваньні. Тады ён пішчом лез у тую Эўропу назло «праклятым буржуінам».
А цяпер, калі адчыніліся дзьверы — таму што геапалітычная сытуацыя пасьля Крыму зьмянілася і Лукашэнка падгуляў, зрабіў пэўныя касмэтычныя зьмены, — ён гэтымі магчымасьцямі не карыстаецца. Дарэчы, адлік можна весьці зь лістапада 2017 году, калі на папярэдні саміт «Усходняга партнэрства» яго запрашалі, а беларускі МЗС тлумачыў, што, маўляў, узровень дачыненьняў з Эўразьвязам яшчэ недастаткова высокі. Мала яшчэ эўрапейцы «пернікаў» далі. Але ж яны і так пайшлі на вялікія кампрамісы — лягічна было б Менску нейкія крокі насустрач рабіць.
Ёсьць такая вэрсія, што пакуль Лукашэнка ня хоча стаяць у агульным натоўпе на такіх вялікіх мерапрыемствах. Ён, дарэчы, не скарыстаўся магчымасьцю летась паляцець у Парыж на стагодзьдзе заканчэньня Першай усясьветнай вайны. Магчыма, Лукашэнка хоча быць у цэнтры ўвагі. А пакуль можна паралельна выстаўляць прэтэнзіі, што, маўляў, эўрапейцы дагэтуль не зьнялі ўсе санкцыі. Але ня ў гэтым, я думаю, галоўная прычына.
Я б тут сказаў, што, на мой погляд, у сьвядомасьці Лукашэнкі існуе мэнтальны бар’ер. Калі Масква прыціснула, ён быў змушаны пачаць гульню з Эўропай, геапалітычнае манэўраваньне. Але рэальнае стаўленьне з глыбіні душы часам прарываецца. Летась было паседжаньне Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў Менску, дык ён там так чыхвосьціў гэтых эўрапейцаў, даваў зразумець, як ён насамрэч ставіцца да іхняй «гнілой дэмакратыі».
Таму Лукашэнка па-ранейшаму не прымае эўрапейскія каштоўнасьці, разумее, што ня пойдзе на тыя пераўтварэньні, якіх ад яго патрабуюць. І таму ён разумее, што нейкага прарыву ў збліжэньні Менску з Захадам ня будзе. Таму можна яшчэ патаргавацца, стаць у позу і закідаць ім свае прэтэнзіі.
ЗША і Захад надта «ўпісвацца» за Беларусь, класьціся за яе касьцьмі ня будуць
— Тым ня менш 29 жніўня адбыўся сапраўды гістарычны візыт дарадцы прэзыдэнта ЗША Джона Болтана ў Менск (гістарычны — бо гэта самы высокі амэрыканскі чыноўнік, які наведаў Беларусь у гэтым стагодзьдзі). Калі глядзеў відэакадры сустрэчы Лукашэнкі і Болтана, то складалася ўражаньне, што кіраўнік Беларусі вельмі зацята хоча спадабацца амэрыканскаму госьцю.
— Так, сапраўды, Лукашэнка рабіў усялякія рэвэрансы, падкрэсьліваў, што карані Трампавага зяця зь Беларусі, што ён сам заўзеў за Трампа падчас выбараў у ЗША. Лукашэнка ўмее такім чынам падкаціцца. Праўда, раней нешта падобнае гучала ў дачыненьнях з Расеяй. Але Расея прыціснула, узяла за гарляк гэтай «прасунутай інтэграцыяй». Таму беларускі кіраўнік вымушаны лавіраваць.
Лукашэнка паважае сілу і разумее, што калі наладзіць адносіны з ЗША, то тады будзе прасьцей і з Эўропай. Ён нядаўна нават прасіў брытанскую амбасадарку — паспрыяйце вы, каб нам пасябраваць са Штатамі. І ўвогуле, гэта выйгрыш у піяраўскім сэнсе — бо нібыта Лукашэнка не напрошваўся, а самі ЗША праявілі такую ініцыятыву і эмісар такога высокага рангу прыляцеў у Менск.
Вядома, Крэмль скрывіцца. Але фармальна Менску цяжка нешта закінуць — бо і Пуцін сустракаецца з Трампам ды іншымі заходнімі лідэрамі, Лукашэнку ж далёка да такога ўзроўню. А разам з тым Лукашэнка недзе на перамовах з Крамлём можа гэты козыр недзе за кулісамі выкласьці — маўляў, глядзіце, Штаты занепакоеныя, мы не такія адзінокія і безабаронныя.
Хаця — і гэта асобная тэма — ЗША і Захад надта «ўпісвацца» за Беларусь, класьціся касьцьмі ня будуць. Але ў сымбалічным пляне так — гэта жэст падтрымкі беларускай незалежнасьці, пра што Болтан у Менску і гаварыў.
— Некалькі разоў гаварыў, падкрэсьліваў гэты момант, настойваў на тым, што беларускі народ хоча незалежнасьці і ЗША цэняць гэтую незалежнасьць. Гэта, магчыма, акурат той момант, калі інтарэсы Менску і Вашынгтона супадаюць?
— Тут трэба цьвяроза глядзець на сытуацыю. Шчыра кажучы, Вашынгтон навёў фокус на Беларусь менавіта ў зьвязку з украінскім крызісам. ЗША заклапочаныя тым, што там называюць «стрымліваньнем Расеі». У гэтым кантэксьце Беларусь разам зь іншымі нават была патэтычна названа бастыёнам супраць расейскага нэаімпэрыялізму — гэтак казаў летась памочнік дзяржсакратара Ўэс Мітчэл.
Гэта надта моцна сказана, але, безумоўна, NATO нявыгадна, каб танкі Пуціна стаялі на Бугу і былі нацэленыя на Сувалкаўскі калідор, які лічыцца ахілесавай пятой для NATO. Менавіта ў гэтым кантэксьце і ідзе гаворка пра падтрымку незалежнасьці Беларусі.
Ніякі дзядзька Сэм ня стане асабліва ўпісвацца за Беларусь, бо галоўныя гарантыі незалежнасьці павінны быць створаныя тут, у самой краіне. А сёньня яны вельмі хісткія, бо ўсё завязана на адну пэрсону. І той самы беларускі народ, пра які ў Менску з патасам казаў Болтан, фактычна адсечаны ад палітыкі і ня можа ўплываць на курс дзяржавы, яе лёс і будучыню.