У эксклюзіўным інтэрвію карэспандэнту Настоящего Времени ў Менску Сержу Харытонаву дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан расказаў, што ён пасьпеў абмеркаваць з кіраўніком Беларусі цягам больш чым дзьвюхгадзіннае сустрэчы, а таксама што ён думае пра стаўленьне да «апошняй дыктатуры ў Эўропе» ды інтэграцыі Беларусі з Расеяй.
Галоўнае, што сказаў Болтан
- У размове з прэзыдэнтам Лукашэнкам мы многае пасьпелі абмеркаваць, але ніякіх праблемаў мы ня вырашылі.
- Мы можам прынамсі весьці дыялёг пра тое, дзе інтарэсы Беларусі і ЗША перасякаюцца.
- Ня думаю, што ў адміністрацыі прэзыдэнта Трампа правам чалавека надаецца менш увагі.
- Унутры самой Беларусі расьце новае пакаленьне — людзі, якія ніколі не былі часткай Савецкага Саюзу.
- Мы гаварылі пра пагрозу ад такіх кампаніяў, як Huawei. Я паказаў прэзыдэнту на краму Huawei наўпрост тут, у Менску.
- Я быў у адміністрацыі Джорджа Буша-старэйшага, калі разваліўся СССР і былыя савецкія рэспублікі сталі незалежнымі. Палітыка ЗША нязьменная — мы падтрымліваем незалежнасьць гэтых краін.
- Я пачынаў размову без чаканьняў, што такое можа адбыцца, але гэта была захапляльная гутарка.
— Расейская „перазагрузка“ 2009 году была спробай палепшыць дачыненьні паміж ЗША і Расеяй. Як вы думаеце, ці ў выпадку зь Беларусьсю адбываецца зараз нешта, што можа стаць такой „перазагрузкай“?
— Я б не сказаў, што „перазагрузка“ дачыненьняў з Расеяй 2009 году была пасьпяховай. Так што я ня выкарыстаў бы гэтую мэтафару. Я казаў і прэзыдэнту Лукашэнку, і іншым, што ў нашых двухбаковых адносінах ёсьць сур’ёзныя праблемы — калі ідзецца аб правах чалавека ці нераспаўсюджваньні ядзернай зброі.
Але таксама я думаю, што геастратэгічная сытуацыя ў гэтай частцы Эўропы такая, што з увагі на ўсе пагрозы ў сьвеце мы можам прынамсі весьці дыялёг пра тое, дзе інтарэсы Беларусі і ЗША перасякаюцца. Нам давядзецца працаваць з астатнімі праблемамі.
Таму ў маёй сёньняшняй размове з прэзыдэнтам Лукашэнкам, якая, дарэчы, доўжылася нечакана доўга — 2 гадзіны 15 хвілін — мы многае пасьпелі абмеркаваць, але ніякіх праблемаў ня вырашылі. Я пачынаў гэтую размову без чаканьняў, што такое можа адбыцца, але гэта была захапляльная гутарка.
— З пачатку нулявых заходнія палітыкі называюць Беларусь «апошняй дыктатурай Эўропы». Нешта мяняецца ці проста геапалітыка важнейшая, чым сытуацыя з правамі чалавека?
— Я ня думаю, што ў адміністрацыі прэзыдэнта Трампа правам чалавека надаецца менш увагі.
Думаю, што ўнутры самой Беларусі расьце новае пакаленьне — людзі, якія ніколі не былі часткай Савецкага Саюзу. Яны бачаць, чым займаюцца на Захадзе і ўва ўсім сьвеце іхныя равесьнікі. І я думаю, што гэта натуральны працэс эвалюцыі.
Я не прымяншаю праблемаў, зь якімі нам трэба працаваць, але думаю, што ў сьвеце адбываецца мноства рэчаў, якія патрабуюць ад ЗША размоваў зь іншымі краінамі.
Прэзыдэнт Трамп прадэманстраваў, што ён гатовы размаўляць з Кім Чэн Ынам, лідэрам Паўночнай Карэі, а яна ня рай для правоў чалавека. Але трэба было гаварыць аб ядзернай праблеме — гэта дастатковая прычына.
— У Беларусі шчыльныя адносіны з Кітаем і Іранам. Ці гаварылі вы пра тое, што ЗША можа прапанаваць, каб гэтыя сувязі паміж краінамі аслаблі?
— Так, мы гаварылі пра гэта пэўны час. Прэзыдэнт Лукашэнка расказаў мне пра свае візыты ў Кітай, якія перамовы ён вёў з тамтэйшымі лідэрамі.
У нас таксама былі такія размовы — складаныя перамовы з Кітаем акурат цяпер. Але цяпер нам важна гаварыць пра пагрозы, якія ідуць ад Кітаю, у тым, што тычыцца крадзяжу інтэлектуальнай уласнасьці, прымусовага трансферу тэхналёгіяў, парушэньні правілаў міжнароднага гандлю — тых рэчаў, якія далі ім несправядлівую перавагу.
Мы казалі пра пагрозу пятага пакаленьня тэлекамунікацыяў ад такіх кампаніяў, як Huawei. Я паказаў прэзыдэнту па дарозе з аэрапорту ў Палац незалежнасьці на краму Huawei, якую мы праяжджалі — наўпрост тут, у Менску.
З Кітаем ёсьць вельмі шмат пытаньняў. Вядома ж, сёньня мы проста прайшліся па паверхні, але я задаволены, што мы з прэзыдэнтам абмеркавалі гэтыя пытаньні.
— Апошнімі гадамі было шмат размоваў пра абʼяднаньне Беларусі і Расеі ў адзіную „саюзную дзяржаву“. Якія ў ЗША думкі на гэты конт і як ЗША могуць падтрымаць беларускі сувэрэнітэт у гэтым выпадку?
— Я быў у адміністрацыі Джорджа Буша-старэйшага, калі разваліўся Савецкі Саюз і „рэспублікі“ сталі незалежнымі. З тых часоў палітыка ЗША заставалася нязьменная — мы падтрымліваем сувэрэннасьць і незалежнасьць гэтых краін.
Зразумела, кожная краіна выбірае для сябе сама. У ЗША мы ведаем, на чым грунтуецца сувэрэнітэт — на першых словах Канстытуцыі: «Мы — народ». Таму тое, чаго хоча народ Беларусі, і павінна вызначыць, якія ў яе будуць дачыненьні з Расеяй.
— У Беларусі ў бліжэйшыя два гады пройдуць прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Ці вы абмяркоўвалі гэтыя пытаньні ў сувязі са шматлікімі паведамленьнямі аб парушэньнях правоў чалавека — палітычных свабодаў і, у прыватнасьці, свабоды слова? Ці абмяркоўвалі вы гэтыя пытаньні ў сувязі з блізкімі выбарамі?
— Мы не гаварылі пра выбары, але, сапраўды, размаўлялі аб правах чалавека. Я казаў пра нядаўнія выбары прэзыдэнта Зяленскага і пра парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне. Мы гаварылі аб кааліцыйным урадзе ў Малодве, які выклікае захапленьне. Так што, я думаю, ён уяўляе, што адбываецца вакол яго, у Эўропе. Ён бачыць Польшчу зь яе дэмакратыяй, Эстонію, Латвію і Літву. Я думаю, гэта зразумела.
— І Беларусь, і ЗША падпісвалі Будапэшцкі мэмарандум. Існуе крытыка ў адрас ЗША, калі гаворка заходзіць пра сытуацыю ва Ўкраіне і анэксію Крыму. Што ЗША маглі б зрабіць, каб забясьпечыць сувэрэнітэт Беларусі ў выпадку расейскай акупацыі?
— Нагадаю, ЗША, Вялікая Брытанія і Расея — усе трое былі гарантамі сувэрэнітэту і межаў Беларусі, Украіны і Казахстану, якія перадалі ядзерную зброю Расеі. І Расея парушыла свае ўласныя гарантыі. Так што я ня думаю, што вінаватыя ЗША ці Вялікая Брытанія.
Думаю, што, уступаючы ў дамовы аб кантролі за зброяй з Расеяй, трэба быць асьцярожным, сачыць, каб яна выконвала свае абавязаньні. Парушэньнем Будапэшцкага мэмарандуму ў гэтым выпадку было выкарыстаньне Расеяй вайсковай сілы супраць Украіны.
— Ці лічыце вы, што час аслабіць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі?
— Думаю, мы будзем казаць пра шэраг санкцыяў у дачыненьні да Беларусі з прычыны занепакоенасьці сытуацыяй з правамі чалавека ці нераспаўсюджаньні зброі. І паглядзім, ці зможам мы прапрацаваць гэтыя праблемы. Мяркую, гэта будзе важная і цяжкая размова, але яе варта весьці.
Беларусь 29 жніўня наведаў дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан — самы высокапастаўлены прадстаўнік амэрыканскіх уладаў з усіх, якія пабывалі ў краіне за апошнія 20 гадоў.
Болтан сустрэўся з краўніком Беларусі і падчас сустрэчы заявіў, што Вашынгтон спадзяецца знайсьці агульную мову зь Менскам у пытаньнях выкананьня правоў чалавека і нераспаўсюджаньня зброі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь заўсёды выступала за нармалізацыю дачыненьняў з ЗША і хоча пачаць з чыстага аркуша.