Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей расказаў пра вынікі візыту ў Беларусь 29 жніўня дарадцы прэзыдэнта Злучаных Штатаў у нацыянальнай бясьпецы.
Што сказаў Макей пра візыт Джона Болтана ў Менск. Сьцісла
- «Ня трэба шукаць кансьпіралягічных змоваў за самім фактам візыту».
- Болтан «сплянаваў турнэ па некалькіх краінах, у тым ліку Беларусі, у мэтах азнаямленьня з сытуацыяй у рэгіёне» і хацеў пачуць пазыцыю кіраўнікоў дзяржаваў пра «пэрспэктывы разьвіцьця сытуацыі з улікам таго, што, як кажуць, ня ўсё спакойна».
- На сустрэчах абмяркоўвалі «пытаньні рэгіянальнай бясьпекі, перадусім сытуацыю ва Ўкраіне».
- «Ніхто нікога не заклікаў далучыцца да чагосьці або сысьці ад кагосьці або чагосьці».
- Ці варта ЗША далучацца да менскіх перамоваў аб Данбасе? «Дзеля Бога! Галоўнае — вырашыць канфлікт». Калі далучацца і калі гэта дазволіць паскорыць працэс, то «хто будзе супраць?»
- Абмяркоўвалі таксама «пэрспэктывы разьвіцьця становішча на Блізкім Усходзе і ў іншых частках плянэты», Лукашэнка заявіў пра «непрыманьне канфліктаў», закладзенае ў беларусах «на генным узроўні».
- На перамовах закранулі гандлёва-эканамічныя спрэчкі «між асобнымі краінамі», і беларускі бок параіў «шукаць кампрамісы» (сам Болтан згадваў гандлёвыя спрэчкі ЗША і Кітаю, у тым ліку наяўнасьць у Менску крамаў кітайскай кампаніі Huawei).
- Лукашэнка закрануў «нязручныя пытаньні», якія «выклікаюць пэўную заклапочанасьць» у ЗША — аб іх дамовіліся «працягнуць дыялёг» і «спрабаваць знайсьці рашэньне» тых пытаньняў, што «ляжаць на паверхні».
- Лукашэнка «выразна сказаў, што мы не ідзем да Злучаных Штатаў з працягнутай рукой і мы ня просім нешта даць нам і пакласьці на стол, або нейкую крышку закінуць у рот».
- Болтан «адназначна падкрэсьліў»: «ёсьць разуменьне таго, што трэба працягваць дыялёг, трэба спрабаваць знаходзіць рашэньні ўсіх пытанняў, якія пакуль яшчэ застаюцца ў нашым двухбаковым парадку дня».