Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры загадкі пасьля візыту Джона Болтана ў Менск


Падчас сустрэчы Джона Болтана з Аляксандрам Лукашэнкам
Падчас сустрэчы Джона Болтана з Аляксандрам Лукашэнкам

Пасьля візыту дарадцы прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана ў Менск засталося некалькі загадак.

Сьцісла

  • Візыту Джона Болтана спадарожнічалі тры пратакольныя загадкі, якія адначасова зьяўляюцца і палітычнымі.
  • Адразу пасьля ад’езду Болтана Ўладзімер Макей пасьпяшаўся супакоіць Маскву.
  • Фармальна Масква нічым ня можа папракнуць Менск.
  • Візыт Болтана — пэўнае папярэджаньне Маскве, сыгнал, што Злучаныя Штаты гатовыя ўступіць у канкурэнцыю з Расеяй за ўплыў на рэгіён Усходняй Эўропы.

У эксклюзіўным інтэрвію карэспандэнту «Настоящего Времени» ў Менску Сержу Харытонаву, якое Джон Болтан даў у аэрапорце перад адлётам, ёсьць цікавая фраза: «Я паказаў прэзыдэнту па дарозе з аэрапорта ў Палац незалежнасьці на краму Huawei, якую мы праяжджалі — проста тут у Менску». З гэтай рэплікі вынікае, што Лукашэнка сустракаў Болтана ў аэрапорце? Кіраўнік Беларусі пад’яжджае да трапу самалёта з замежным госьцем вельмі рэдка. Гэта — даніна асаблівай павагі. Дзеля гэтага візытэр павінен мець вельмі вялікі статус, або ў яго прыезьдзе беларускі бок моцна зацікаўлены.

Другі момант. Праграма візыту прадугледжвала перамовы Джона Болтана зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Аднак у інфармацыйных паведамленьнях беларускага боку няма ніякіх зьвестак пра такую сустрэчу. Ні БелТА, ні сайт МЗС Беларусі пра гэта нічога ня кажуць. А Болтан у Twitter паведамляе пра такую сустрэчу і дае фатаздымак, дзе яны размаўляюць, стоячы ў Палацы незалежнасьці.

І трэцяя загадка. Уладзімер Макей прысутнічаў толькі на першай палове перамоваў Лукашэнкі з Болтанам. Дзесьці ў сярэдзіне сустрэчы Макей выйшаў. Мусіць, сакрэты былі такога ўзроўню, што іх не даверылі нават міністру замежных спраў.

Але варта некалькі словаў сказаць пра наступствы гэтага візыту для дачыненьняў Беларусі з Расеяй. Безумоўна, перамовам у Менску спадарожнічаў цень Масквы.

Думаю, не выпадкова адразу пасьля ад’езду Болтана Макей пасьпяшаўся даць камэнтар тэлеканалу «Беларусь 1». Яго галоўны сэнс — гэта супакоіць Маскву.

Найперш, Макей падкрэсьліў, што ініцыятыва прыезду Болтана ішла ад амэрыканскага боку. Маўляў, не вінаватыя мы, ён сам да нас прыехаў.

«Ня трэба шукаць ніякіх кансьпіралягічных змоў за самім фактам візыту», — заявіў Макей. А хто кажа пра змовы? Расейскія тэлеграм-каналы.

Расейскае агенцтва «Спутник» інфармацыю пра гэты камэнтар беларускага міністра дае пад даволі красамоўным загалоўкам: «Макей: на перамовах з Болтанам не было заклікаў далучыцца да нечага». Мусіць, гэтае пытаньне найбольш хвалявала Маскву.

І тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным на другі дзень пасьля адлёту Болтана таксама вельмі паказальная. Няхай сабе нагодай для тэлефанаваньня прэзыдэнта Расеі і было віншаваньне беларускага калегі з днём народзінаў.

Фармальна Маскве няма да чаго прычапіцца. Бо Пуцін, Лаўроў, іншыя расейскія чыноўнікі рэгулярна сустракаюцца з заходнімі палітыкамі, у тым ліку амэрыканскімі, Лукашэнку такі ўзровень кантактаў і ня сьніўся. Да таго ж у адносінах Беларусі і ЗША адбываецца ўсяго толькі працэс нармалізацыі, бакі нават яшчэ не абмяняліся амбасадарамі.

Але невыпадкова ляйтматывам усіх выказваньняў Болтана ў Менску была тэма незалежнасьці Беларусі. Пасьля Крыму было шмат экспэртных ацэнак, што падтрымка Захадам Украіны ў яе канфлікце з Расеяй была недастаткова рашучай. А ўжо, маўляў, за Беларусь ні ЭЗ, ні ЗША «ўпісвацца» ня будуць. Бо беларуская тэрыторыя — гэта агульнапрызнаная сфэра ўплыву Расеі, да таго ж тут дыктатура. Дык вось візыт Болтана — пэўнае папярэджаньне Маскве, сыгнал, што Злучаныя Штаты гатовыя ўступіць у канкурэнцыю з Расеяй за ўплыў на рэгіён Усходняй Эўропы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG