1 верасьня ў Польшчы пройдуць урачыстасьці, прысьвечаныя пачатку Другой Усясьветнай вайны.
На іх запрошаны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які ўжо даў згоду, і ня быў запрошаны прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Таксама Варшава запрасіла і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Аднак польскае выданьне Rzeczpospolita, спасылаючыся на добра інфармаваную крыніцу ў Менску, паведаміла, што прэзыдэнт Беларусі адмовіўся прыехаць у Польшчу, бо не запрошаны Пуцін.
Якія былі аргумэнты «за» і «супраць» таго, каб беларускі лідэр прыняў польскае запрашэньне?
Аргумэнты, пра якія ідзецца далей — гэта аргумэнты, якія значныя для самога Лукашэнкі.
За:
Паездка — гэта
- дэманстрацыя павагі да важнага суседа, прычым з нагоды, стаўленьне да якой у Менску і Варшавы блізкія
- умацаваньне канцэпту пра Беларусь — пераможцу ў Другой Сусьветнай вайне
- магчымасьць асабістага кантакту зь лідэрамі заходняга сьвету
- дэманстрацыя самастойнасьці зьнешняй палітыкі Беларусі
- дэманстрацыя беларусам, што беларускага прэзыдэнта прымаюць у «клюбе» ўсясьветных лідэраў
Супраць:
Паездка — гэта
- асабісты выклік лідэру саюзнай дзяржавы, прэзыдэнту Пуціну, якога не запрасілі на цырымонію
- нагода для расейскай прапаганды казаць, што Беларусь здраджвае Расеі
- рызыка выклікаць незадавальненьне часткі беларускага насельніцтва з жорсткімі прарасейскімі поглядамі
- ускоснае прызнаньне польскай трактоўкі пакта Молатава-Рыбэнтропа
- рызыка, што кіраўнік Беларусі апынецца на цырымоніі на другіх ролях у параўнаньні з лідэрамі буйных дзяржаваў
Гэткі балянс «за» і «супраць» для Лукашэнкі, і выглядае, што «супраць» пераважылі.
Але які балянс з пункту гледжаньня нацыянальных інтарэсаў Беларусі? Што, на ваш погляд, больш адпавядала б ім: паездка Лукашэнкі ў Польшчу на цырымонію, прысьвечаную пачатку Другой Сусьветнай вайны, ці яго адмова ад паездкі? Які ваш адказ?
1. Паездка
2. Адмова ад паездкі
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.