Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў часе сустрэчы з дарадцам прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джонам Болтанам папрасіў яго перадаць падарункі для амэрыканскай прэзыдэнцкай пары, перадае БЕЛТА.
Дональду Трампу — кордзік, Мэланіі Трамп — абрус з сурвэткамі
Дональду Трампу кіраўнік беларускай дзяржавы перадаў кордзік. Пры гэтым ён нагадаў, што падтрымліваў на выбарах менавіта цяперашняга прэзыдэнта ЗША. «Я „ўмешваўся“ ў амэрыканскія выбары і заўзеў за Трампа», — з доляй гумару адзначыў Аляксандар Лукашэнка.
У якасьці падарунку для Мэланіі Трамп былі абраныя вырабы зь беларускага лёну — абрус з сурвэткамі. «Гэта — жаночае, яна мае дачыненьне да славянскага лёну (жонка прэзыдэнта ЗША нарадзілася ў Славеніі. — БЕЛТА)», — сказаў кіраўнік Беларусі.
У ліку падарункаў самому Джону Болтану — шакалядныя прысмакі без утрыманьня цукру, у тым ліку эксклюзіўны набор шакаляду, створаны да Другіх Эўрапейскіх гульняў. Яшчэ адзін падарунак — альбом «Спадчына Беларусi». «Гэта пра Беларусь. Вы ў самалёце пагартаеце і ўбачыце, што такое Беларусь», — растлумачыў Аляксандар Лукашэнка. «І перадайце свайму прэзыдэнту самыя цёплыя віншаваньні ад беларускага народу. Карані яго зяця Кушнера тут, у Беларусі», — дадаў кіраўнік Беларусі.
Чаму для падарунка прэзыдэнту ЗША быў абраны кордзік?
У біяграфіі 45-га прэзыдэнта Амэрыкі Дональда Трампа, напісанай Washington Post, успаміналася, што калі яму было 12 гадоў, бацька знайшоў у яго калекцыю нажоў, за што Дональда адправілі ў вайсковую акадэмію.
Праўдападобна, прэзыдэнт Трамп захаваў прыхільнасьць да халоднай зброі. Прынамсі, у інтэрнэце прадаюцца шматлікія нажы з сымболікай прэзыдэнцкай кампаніі Дональда Трампа. Магчыма, гэтым кіраваўся беларускі бок пры выбары падарунку прэзыдэнту ЗША.
Якія падарункі робяць прэзыдэнты і прэзыдэнтам?
Першы і адзіны дагэтуль візыт прэзыдэнта ЗША ў Беларусь адбыўся 25 гадоў таму. 42 прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан наведаў Беларусь 15 студзеня 1994 году. Ён сустрэўся з тагачаснымі кіраўнікамі краіны — старшынём парлямэнту Станіславам Шушкевічам і прэм'ер-міністрам Вячаславам Кебічам, наведаў Курапаты, пагаварыў са студэнтамі.
Станіслаў Шушкевіч згадвае, што Клінтан яму падарыў срэбную вазу зь імянным гравэраваньнем і гульнёвыя карты, на якіх таксама пазначана, што гэта падарунак прэзыдэнта ЗША. «Я зьбіраў карты. Меў на той момант у калекцыі каля 600 калодаў. Неяк ён даведаўся, што я цікаўлюся. Гэтыя карты я вельмі цаню. Падарунак Клінтана — вельмі асаблівы».
Падчас візыту ў ЗША ў 1992 годзе Станіслаў Шушкевіч зрабіў падарунак Білу Клінтану зь беларускага шкла: «Беларуская шкляная гута зрабіла ў бел-чырвона-белых колерах індывідуальны набор на пісьмовы стол. Гэта было выстаўлена ў Белым доме. Клінтан падышоў і сказаў — як гэта цудоўна выглядае. Я потым паведаміў аўтарам, што іх падарунак спадабаўся. Наконт падарунка Гілары. Спачатку мастак Міхаіл Савіцкі абяцаў зрабіць яе партрэт, але да яго муза не прыйшла... У выніку падарылі Гілары Клінтан нейкія вырабы з аршанскага лёну».