Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве па прылёце зь Менску затрымалі міністарку часоў Януковіча. Арышт або заклад


Раіса Багатырова
Раіса Багатырова

Раісу Багатырову, якая ў час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча ачольвала Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны, арыштавалі на 60 дзён паводле адпаведнага рашэньня Пячэрскага раённага суду Кіева.

Адначасова суд прадугледзеў магчымасьць вызваленьня яе з-пад варты ў выпадку аплаты закладу 6 мільёнаў грыўняў (амаль 240 тысяч даляраў у эквіваленце).

Былая чыноўніца пяць гадоў хавалася ад украінскага правасудзьдзя ў Расеі і была затрыманая паліцыяй 27 жніўня ў аэрапорце «Кіеў» (Жуляны), куды прыляцела авіярэйсам зь Менску. Адтуль яе перавезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў Кіеве.

Праваахоўныя органы з кастрычніка 2014 году расьсьледавалі крымінальную справу супраць Раісы Багатыровай паводле падазрэньня ў раскраданьні бюджэтных сродкаў у асабліва вялікіх памерах пры арганізацыі і закупцы лекаў і мэдычнага абсталяваньня.

У сакавіку 2014 году Ўкраіна абвясьціла ў міжнародны вышук экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча і яшчэ 24 кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку і Раісу Багатырову. Праваахоўныя органы Ўкраіны неаднаразова зьвярталіся да Расеі з просьбай затрымаць і перадаць іх Украіне. Але гэтыя звароты расейскім бокам ігнараваліся. Тады ж Эўразьвяз увёў санкцыі супраць усіх гэтых асобаў, але зь цягам часу шэраг зь іх дамагліся скасаваньня эўрапейскіх санкцый.

За два тыдні да вяртаньня Раісы Багатыровай ва Ўкраіну Галасееўскі раённы суд Кіева абавязаў Генэральную пракуратуру закрыць справу, адкрытую супраць яе. Пракуратура пачала абскарджваць гэты вэрдыкт, але суд пакуль ня вызначыў дату разгляду касацыйнай скаргі.

На прэзыдэнцкіх выбарах у 2004 годзе Раіса Багатырова была даверанай асобай тагачаснага кандыдата на прэзыдэнты Віктара Януковіча. Да таго часу працавала ва ўрадзе прэзыдэнта Леаніда Кучмы — спачатку намесьніцай міністра (1994-1999), пазьней міністаркай (1999-2000) аховы здароўя.

Некалькі разоў абіралася дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны — спачатку паводле вылучэньня працоўным калектывам, а пазьней — паводле сьпісаў Партыі рэгіёнаў.

У 2007 годзе прэзыдэнт Віктар Юшчанка прызначыў Раісу Багатырову сакратаром Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. Пасьля звальненьня з гэтай пасады ў 2012 годзе яна зноў ачоліла Міністэрства аховы Ўкраіны ва ўрадзе Міколы Азарава. У 2016 годзе Інтэрпол паведаміў аб скасаваньні вышуковых захадаў у дачыненьні да Раісы Багатыровай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG