Ад раніцы 19 жніўня пачалі паступаць паведамленьні пра бомбы, закладзеныя ў розных грамадзкіх месцах у Менску. Спачатку «мінавалі» аэрапорт, чыгуначны вакзал і гатэлі, затым гандлёвыя цэнтры і рэдакцыю Onliner.by.
Вядома, што, акрамя аэрапорту і вакзалу, 19 жніўня «мінавалі» і эвакуавалі гатэлі «Беларусь», «Гарні», «Вікторыя Алімп Гатэль» і «Юбілейная», гандлёвыя цэнтры «Скала», «Сталіца», Dana Mall, Galileo і Galleria (паводле адзінкавых паведамленьняў, таксама «Карона-Сіці»).
Колькі агулам было «замінаваных» аб’ектаў і колькі людзей давялося эвакуаваць, невядома. Але Міністэрства ўнутраных спраў паведамляе, што ўсе аб’екты праверылі — «падазроных і небясьпечных прадметаў ня выяўлена».
Onliner.by сьцьвярджае, што атрымаў ліст аб мінаваньні іхнага офісу ў Rubin Plaza ад імя групоўкі Orwell з шыфраванай электроннай пошты на сэрвісе ProtonMail. Ад імя той самай групоўкі раней паступалі фальшывыя паведамленьні пра бомбы ва Ўкраіне ў сувязі ў вучэньнямі NATO ў Чорным моры (украінскія праваахоўнікі заяўлялі пра «расейскі сьлед» у паведамленьнях).
За фальшывае паведамленьне пра бомбу аўтара такіх зьвестак чакае крымінальная адказнасьць, і яна наступае з 14 гадоў. Ад пачатку 2019 году праваахоўныя органы атрымалі больш за тры дзясяткі паведамленьняў пра замінаваныя аб’екты, аднак ніводзін такі факт не пацьвердзіўся.
Што важна ведаць пра «мінаваньне» будынкаў у Беларусі
Ад пачатку 2019 году за ілжывае мінаваньне будынкаў па ўсёй Беларусі завялі 35 крымінальных спраў. У ходзе іх расьсьледаваньня ўсталявалі 14 чалавек, датычных да падобных паведамленьняў, па шасьці крымінальных справах ужо прайшлі суды і вынесеныя прысуды. Расьсьледаваньні працягваюцца.
- 31 сакавіка невядомы паведаміў, нібыта замінаваны чыгуначны вакзал, а таксама гандлёвыя цэнтры Galileo і «Замак».
- 6 красавіка праз тэлефон сказалі, што ў гандлёвым цэнтры «Галерэя» закладзена выбухоўка.
- 27 красавіка абмежавалі рух менскага мэтро з прычыны «замінаваньня» станцыі «Ўручча». Пазьней увечары затрымалі чалавека, які меркавана зрабіў ілжывы званок.
- 29 красавіка паведамлялася пра «мінаваньне» аэрапорту, вакзалу і гатэля ў Менску.
У 2018 годзе ў Беларусі міліцыя зафіксавала 23 ілжывых «паведамленьня аб небясьпецы», піша МУС Беларусі.
Паводле арт. 340 Крымінальнага кодэксу заведама ілжывае паведамленьне аб небясьпецы можа карацца:
- штрафам ці арыштам;
- да 5 гадоў абмежаваньня волі;
- ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.