Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ў навагоднюю ноч ад піратэхнікі пацярпелі сама меней 15 чалавек


Паводле апошніх зьвестак, сама меней 15 чалавек пацярпелі ў навагоднюю ноч у Беларусі ад пэтардаў і фаервэркаў, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.

  • Учора з траўмай твару, атрыманай у выніку выбуху пэтарды вэртыкальнага дзеяньня ў двары шматкватэрнага жылога дому Нясьвіжы, шпіталізавалі 12-гадовага падлетка.
  • Бліжэй да паўночы ў Барысаве ў бальніцу з траўмамі рук і твару даставілі 6-гадовага хлопчыка. Прычынай таксама стаў запуск пэтарды ў двары.

Астатнія выпадкі адбыліся ўжо пасьля бою курантаў:

  • У вёсцы Пальмінка Гарадоцкага раёну з траўмай, атрыманай у выніку выбуху фаервэрка, шпіталізавалі 37-гадовага мужчыну.
  • У Наваполацку ў лякарню з траўмамі кісьці левай рукі зьвярнуўся 56-гадовы мужчына. Траўмы ён атрымаў у выніку выбуху пэтарды ў двары.
  • У Горадні пасьля запуску фаервэрка з траўмай кісьці левай рукі шпіталізавалі 32-гадовага мужчыну.
  • Каля вёскі Дубніца Горадзенскага раёну, узрываючы пэтарды на тэрыторыі садовага таварыства «Ласунак-Дубніца», траўму кісьці рукі атрымаў 52-гадовы мужчына, ён зьвярнуўся ў бальніцу.
  • У Пінску ў лякарню паступіў 35-гадовы мужчына, які ў выніку выбуху пэтарды на прыпынку атрымаў траўмы рукі.
  • У вёсцы Дублін Брагінскага раёна ў выніку выбуху фаервэрка на тэрыторыі прыватнага дома апёкі атрымаў 12-гадовы падлетак, яго даставілі ва ўстанову аховы здароўя.
  • З траўмамі і апёкамі, атрыманымі ў выніку выбуху піратэхнічнага вырабу на тэрыторыі прыватнага дома ў вёсцы Малое Стахава Барысаўскага раён ў бальніцу даставілі 16-гадовага падлетка.
  • У Магілёве з траўмай кісьці правай рукі шпіталізаваны 63-гадовы мужчына, які пацярпеў, узрываючы пэтарды.
  • З траўмай вока шпіталізавалі 45-гадовага мужчыну. Прычынай паслужыў запуск фаервэрка ў вёсцы Асанава Маладэчанскага раёну.
  • У Бабруйску 53-гадовы мужчына таксама атрымаў траўму вока.
  • У вёсцы Малінаўка Мінскага раён з траўмамі абедзьвюх ног шпіталізаваны 23-гадовы мужчына, прычына — выбух піратэхнічнага вырабу.
  • З апёкамі ў лякарню зьвярнуўся 39-гадовы мужчына, які атрымаў траўму ў выніку выбуху пэтарды на тэрыторыі садовага таварыства «Алеся» каля вёскі Лазовы Куст Смалявіцкага раёну.
  • У аграгарадку Язна Мёрскага раёну ў лякарню з траўмамі ад выбуху пэтарды паступіў 12-гадовы падлетак.

МНС рэкамэндуе пазьбягаць выкарыстаньня піратэхнікі ў навагоднія сьвяты, каб не азмрочыць сабе сьвяты трагічнымі здарэньнямі, а ў выпадку, калі ўсё ж нехта для сябе ўжо вырашыў, што сьвята без фаервэркаў — ня сьвята, ведамства «настойліва рэкамэндуе строга выконваць правілы бясьпекі».

  • Зводку пра здарэньні, зьвязаных зь піратэхнікай у ноч на 1 студзеня 2024 году, МНС не публікавала. Выданьне «Позірк» знайшло 8 паведамленьняў пра падобныя надзвычайныя здарэньні на сайтах іншых дзяржорганаў.
  • У 2023 і 2022 гадах МНС паведамляла пра шэсьць пацярпелых ад піратэхнікі ў навагоднюю ноч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG