Савет міністраў Беларусі новай пастановай ад 1 студзеня падкарэктаваў адразу дзьве пастановы, якія датычацца цэнаў на лекі. У новай рэдакцыі выклалі пастанову аб пераліку беларускіх лекаў, цэны на якія рэгулюе Міністэрства аховы здароўя, а ў дадатак да пастановы «Аб рэгістрацыі гранічных адпускных цэнаў вытворцаў на лекавыя сродкі» дадалі 17 пазыцый.
У сьпіс трапілі наступныя лекі: азітраміцын, амаксіцылін, дэкскетапрафен, дыклафенак, іназін пранабекс, кетаралак, ксіламетазалін, мельдоній, оксіметазалін, осельтамівір, севафлуран, фенібут, флуканазолал, халін альфасцэрат, цэтырызін, цэфтрыяксан і эаналапрыл.
Вытворцы лекаў, якія трапілі ў сьпіс, абавязаныя будуць рэгістраваць лімітавыя адпускныя цэны на сваю прадукцыю з 1 сакавіка 2025 году. Дзеяньне пастановы не распаўсюджваецца на лекі, якія на 1 сакавіка прайшлі мытную працэдуру выпуску для ўнутранага спажываньня або паступілі на склад пакупніка ці знаходзяцца ў розьнічным продажы ў аптэках.
Рэгістрацыя цэнаў на лекі зьяўляецца адной з мераў рэгуляваньня цэнаў. Яна грунтуецца на аналізе параўнаньня цэнаў прэпаратаў, якія маюць аднолькавае дзейнае рэчыва і прадстаўленыя на міжнародным рынку. Рэгістрацыю цэнаў на лекі ў Беларусі ўвялі яшчэ ў 2018 годзе. У 2020-ым яе дзеяньне прыпынялі, а ў 2023 годзе вярнулі. Цяпер у пераліку лекаў, цэны на якія рэгулюе дзяржава, 54 пункты.
У сьнежні 2024 году Мінздароўя абмежавала цэны на платны прыём у лекараў-спэцыялістаў. Да гэтага абмежаваньні былі толькі па стаматалягічныя паслугі.
Форум