Апошнія паведамленьні пра ілжывыя мінаваньні ў Беларусі рабіліся з-за мяжы. Пра гэта сказаў журналістам міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, піша БелТА.
Пакуль міліцыя не затрымала зламысьнікаў.
«Зь вялікай доляй верагоднасьці магу паведаміць, што яны знаходзяцца за мяжой, — сказаў Шуневіч. — Мы ведаем, дзе знаходзяцца сэрвэры».
Шуневіч зьвярнуў увагу, што ў Беларусі ілжэмінёраў амаль заўжды затрымлівалі.
«Замежнікаў, на жаль, не змаглі ні пралічыць, ні затрымаць», — удакладніў Шуневіч.
Праваахоўнікі выпрацавалі альгарытм рэагаваньня на падобныя паведамленьні. Абʼекты ІІ Эўрапейскіх гульняў возьмуць пад кругласуткавую ахову. Іх загадзя правераць з дапамогай піратэхнічных, сапёрных групаў, службовых сабакаў і спэцыяльнай апаратуры. Шуневіч мяркуе, што новыя паведамленьні пра небясьпеку ня будуць замінаць арганізацыі спартовых мерапрыемстваў.
Ад пачатку году за ілжывае мінаваньне будынкаў па ўсёй Беларусі завялі каля 20 крымінальных спраў. Расьсьледаваньні працягваюцца.
- 31 сакавіка невядомы паведаміў, нібыта замінаваны чыгуначны вакзал, а таксама гандлёвыя цэнтры Galileo і «Замак».
- 6 красавіка праз тэлефон сказалі, што ў гандлёвым цэнтры «Галерэя» закладзена выбухоўка.
- 27 красавіка абмежавалі рух менскага мэтро з прычыны «замінаваньня» станцыі «Ўручча». Пазьней увечары затрымалі чалавека, які меркавана зрабіў ілжывы званок.
- 29 красавіка паведамлялася пра «мінаваньне» аэрапорту, вакзалу і гатэля ў Менску.