Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павышэньне прэстыжу сілавікоў, шлюб у 17 гадоў, парлямэнцкая рэспубліка. Канапацкая агучыла сваю перадвыбарчую праграму


Ганна Канапацкая, архіўнае фота 2020 году
Ганна Канапацкая, архіўнае фота 2020 году

З 1 студзеня ў Беларусі пачалася перадвыбарчая агітацыя да выбараў прэзыдэнта, кандыдаты могуць знаёміць выбарнікаў са сваімі перадвыбарнымі праграмамі. Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

У першы ж дзень сваю перадвыбарчую праграму прэзэнтавала Ганна Канапацкая, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, удзельніца прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. У ёй Канапацкая сьцьвярджае, што яе праграма «Беларусь для людзей!» пабудаваная «на базавых прынцыпах дэмакратычнай, сувэрэннай, сацыяльнай дзяржавы» і называе «адной з найважнейшых задач» «замацаваньне і выкананьне дзяржавай палітычных і прававых нормаў, якія вызначаюць правы і свабоды чалавека».

У палітыцы Канапацкая абяцае абмежаваць уладу прэзыдэнта «двума 4-гадовымі тэрмінамі знаходжаньня адной асобы на пасадзе» і ініцыяваць рэфэрэндум у пытаньні пераўтварэньня Беларусі ў парлямэнцкую рэспубліку.

Яна абяцае рэфармаваць і мадэрнізаваць эканоміку, разьвіваць тэхналягічныя галіны, правесьці прыватызацыю некаторых дзяржаўных прадпрыемстваў і закрыць неэфэктыўныя вытворчасьці, разьвіваць прадпрымальніцтва і малы бізнэс, зьменшыць падатковую нагрузку, увесьці інстытут прыватнай уласнасьці на зямлю, «выканаць умовы для адмены санкцыяў» і інш.

У сацыяльнай палітыцы Канапацкая ставіць сабе задачу «росту колькасьці насельніцтва» і, сярод іншага, абяцае стымуляваць нараджэньне дзяцей, заканадаўча замацаваць інстытут сурагатнага мацярынства і зьнізіць для жанчын заканадаўча дазволены ўзрост уступленьня ў шлюб да 17 гадоў (са згоды бацькоў), падтрымліваць жанчын і дзяцей і няпоўныя сем’і зь дзецьмі і інвалідамі. Таксама яна хоча павысіць прызыўны ўзрост да 20 гадоў «з паэтапным пераходам да прафэсійнага кантрактнага войска». Пэнсіянэрам яна абяцае спыніць далейшае павышэньне пэнсійнага ўзросту.

Канапацкая абяцае забясьпечыць «умовы для вяртаньня і гарантыі» тым, хто пакінуў краіну па палітычных, эканамічных і іншых матывах, а палітвязьням — новыя амністыі ці зьмякчэньне пакараньня.

Згодна з праграмай, яна таксама плянуе «ўзьняць прэстыж» праваахоўнікаў і сілавікоў і павялічыць іх «узаемадзеяньне з грамадзянскай супольнасьцю».

Што да міжнародных адносінаў, сваёй задачай Канапацкая бачыць «аднаўляць узаемавыгадныя, дзелавыя сувязі з усімі суседзямі, кіруючыся, у першую чаргу, уласнымі, прагматычнымі інтарэсамі». Цалкам праграму Канапацкай можна пачытаць тут.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году ўсе выбарчыя кампаніі ў Беларусі праводзіліся з грубымі парушэньнямі заканадаўства, іх вынікі істотна фальсыфікаваліся. Цяперашняя выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць ва ўмовах палітычнага крызісу і шырокамаштабных рэпрэсій.

  • Ганна Канапацкая стала шырока вядомая беларусам пасьля таго, як на выбарах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 2016 году трапіла ў парлямэнт як адна з дзьвюх дэпутатак ад апазыцыі (да 2019 году яна была сябрам зьліквідаванай цяпер апазыцыйнай партыі АГП).У Палаце прадстаўнікоў Канапацкая заклікала да скасаваньня саюзу з Расеяй, крытыкавала Эўразійскі саюз, СНД і тагачаснага расейскага амбасадара ў Беларусі.
  • У 2020 годзе Канапацкая ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах.
  • Пасьля масавых пратэстаў і палітычных рэпрэсіяў у Беларусі 2020–2021 году Канапацкая засталася ў Менску. Цяпер яна крытыкуе ўсе прадэмакратычныя сілы, у тым ліку Сьвятлану Ціханоўскую і ўсіх іншых палітыкаў на эміграцыі. Яе запрашалі на прадзяржаўныя мерапрыемствы ў Палату прадстаўнікоў (2022 год) і на Ўсебеларускі народны сход (2021 год).

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG