Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе ўпершыню пры падтрымцы мэрыі горада прайшоў шматтысячны гей-парад


Гей-прайд у Празе 10 жніўня
Гей-прайд у Празе 10 жніўня

Дзясяткі тысяч чалавек у Празе выйшлі на вуліцы, каб далучыцца да «гей-прайду» і завяршыць фэстываль «Prague Pride 2019».

Да маршу далучыліся таксама прадстаўнікі мэрыі Прагі, у прыватнасьці мэр Здэнек Гржыб, які некалькі дзён таму ўрачыста ўзьняў вясёлкавы сьцяг на будынку гарадзкой адміністрацыі на знак падтрымкі руху сэксуальных меншасьцяў.

Дзявяты па колькасьці «Марш роўнасьці» суправаджаў 21 аўтамабіль з гучнагаварыцелямі, зь якіх гучала музыка. На кожным аўто праходзіла шоў з танцамі і сьпевамі прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьцяў. За парадкам на маршы сачылі дзясяткі паліцыянтаў.

Паводле ацэнак арганізатараў, у акцыі прынялі ўдзел больш за 30 000 чалавек. На «Праскі прайд» выйшлі ня толькі чэхі, але і прадстаўнікі ЛГБТ зь іншых краін.

На плошчы выйшлі таксама групы людзей, якія выступаюць катэгарычна супраць нетрадыцыйнай арыентацыі. Паміж імі і ўдзельнікамі маршу стаяў кардон паліцыянтаў. Праціўнікі «прайду» трымалі ў руках плякаты: «Спынім амаральнасьць», «Стоп генацыду Эўропы».

Сёньня Чэхія зьяўляецца адной з самых прыязных да ЛГБТ краін у Эўразьвязе. З 2009 году ў Чэхіі дзейнічае закон, які прадугледжвае абарону ад дыскрымінацыі па сэксуальнай арыентацыі, у тым ліку на працоўным месцы і ў іншых сфэрах жыцьця. Аднаполыя пары ў Чэхіі з 2006 году могуць ўступаць у зарэгістраванае партнэрства, аднак пакуль маюць абмежаваныя правы.

Найбліжэйшы да беларускай мяжы „парад роўнасьці“ сёлета прайшоў 20 ліпеня ў Беластоку. Удзел у ім узялі каля 800 прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці, а таксама актывістаў, якія выступаюць за аднолькавыя правы для людзей незалежна ад іхных сэксуальных прыхільнасьцяў. Гей-парад быў неадназначна ўспрыняты жыхарамі Беластоку — некалькі тысяч чалавек паўдзельнічалі ў акцыі супраціву. Нягледзячы на гэта, парад прайшоў заплянаваным маршрутам пад узмоцненай аховай паліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG