Як найменей 500 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Бэрліну для ўдзелу ў штогадовым ЛГБТ-маршы. Ён пачаўся на вуліцы Курфюрстэндам ў заходняй частцы гораду. Удзельнікі прайшлі маршам да Брандэрбурскіх брамаў. Google у сваіх картах размаляваў маршрут руху ў колеры вясёлкавага сьцягу.
У маршы прынялі ўдзел некалькі сотняў актывістаў з Расеі, Грузіі, Беларусі і іншых пост-савецкіх краін. На чале калёны яны несьлі вясёлкавы банэр з выявамі прэзыдэнта Расеі і кіраўніка Чачні з надпісам «Нас не дагоняць!» на расейскай і нямецкіх мовах. Удзельнікі несьлі плякаты «Адзін твой сябар — гей», «Будуць забіваць — тэлефануйце», «Не падабаюцца гей-шлюбы — ня ўступай у гей-шлюбы» і «Гамафобія забівае». Калёну па маршруце руху сустракалі аплядысмэнтамі.
Як распавялі праваабаронцы і актывісты, адной з галоўных задачаў яны бачаць абмен вопытам і інфармацыяй з замежнымі ЛГБТ-актывістамі і арганізацыямі.
«У нас ва ўсіх роўныя правы, аднак дыскрымінацыя прадстаўнікоў ЛГБТ да гэтага часу існуе, ня толькі ў Расеі, але і Эўропе», — заявіў у размове з рускай Свабодай прадстаўнік грамадзкай арганізацыі расейскамоўных ЛГБТ у Нямеччыне Канстанцін Шарсьцюк. Паводле яго, размова з прадстаўнікамі з розных краінаў і абмен інфармацыяй дапамагае многім раскрыцца і расказаць пра сваю арыентацыю сваякам і сябрам.
Удзельніца маршу з Сымфэропалю з анэксаванага Расеяй Крыму падкрэсьліла, што калі не зьвяртаць увагі на праблемы ЛГБТ, то гэта будзе падставай для пазасудовых расправаў і забойстваў з прычыны сэксуальнай арыентацыі.
Сёлета гей-парад у Бэрліне праходзіць 41-ы раз. Яго дэвіз — «Stonewall 50 — кожнае паўстаньне пачынаецца з твайго голасу». Гэта напамін аб першых буйных пратэстах ЛГБТ-актывістаў у Нью-Ёрку, якія адбыліся ў 1969 годзе.