Суд Чуйскай вобласьці Кіргізстану пакінуў у сіле прысуд праваабаронцу Азімжану Аскораву, піша кіргізская служба Свабоды. 30 ліпеня справу пераглядалі, але вырак не зьмянілі: пажыцьцёвае зьняволеньне з канфіскацыяй маёмасьці.
У 2019 годзе ў Кіргізстане набылі моц новыя Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, якія прадугледжваюць больш мяккія пакараньні за шэраг злачынстваў і «гуманізацыю крымінальнага заканадаўства».
У 2010 годзе пасьля міжэтнічнага канфлікту на поўдні Кіргізстану Азімжан Аскараў, этнічны узбэк, быў асуджаны на пажыцьцёвы тэрмін за саўдзел у забойстве міліцыянта, распальваньне этнічнай варожасьці і арганізацыі масавых беспарадкаў.
Цяпер ён адбывае пакараньне ў Чуйскай вобласьці. Асуджаны лічыць сваю справу палітычнай, такога ж погляду прытрымліваюцца ААН і міжнародныя арганізацыі, у прыватнасьці Human Rights Watch: усе яны патрабавалі ад уладаў ягонага вызваленьня.
Адвакат Аскарава прасіў вызваліць 70-гадовага мужчыну, але суд пастанавіў, што справы асуджаных на пажыцьцёвае зьняволеньне не падлягаюць перагляду.
Абаронцы заяўляюць, што абвінавачаньні былі сфабрыкаваныя — ёсьць алібі, якое даказвае, што Аскараў не знаходзіўся на месцы злачынства. На думку калег асуджанага, ён стаў ахвярай помсты з боку міліцыі і пракуратуры, чые справы раней расьсьледаваў.
Камітэт правоў чалавека ААН заклікаў кіргізскія ўлады пераглядзець справу яшчэ ў 2016 годзе, бо затрыманьне палічылі незаконным, адзначалі цяжкія ўмовы ўтрыманьня зьняволенага і ўжываньне да яго катаваньняў.
Улады Кіргізстану пагражалі разарваць адносіны з ЗША, калі тыя ў 2015 годзе ўганаравалі праваабаронцу ўзнагародай Дзярждэпартамэнту ЗША ў галіне абароны правоў чалавека.