Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі праваабаронца абвясьціў сухую галадоўку: патрабуе, каб не звальнялі


Сяргей Вакуленка, архіўнае фота
Сяргей Вакуленка, архіўнае фота

25 ліпеня жыхар Берасьця Сяргей Вакуленка абвясьціў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць звальненьня.

Сяргей Вакуленка працуе пакавальнікам на сумесным прадпрыемстве «Дэльфа-Буг». Празь некалькі дзён яго звальняюць. Пра тое, што кантракт зь ім ня будзе працягнуты, Вакуленку паведамілі за месяц.

Сяргей вырашыў пайсьці на сухую галадоўку, каб прыцягнуць увагу да сваёй праблемы.

«Мне засталося два гады і пяць месяцаў да льготнай пэнсіі. І звальненьне адабʼецца на пэнсіі. Таксама хацелася б, каб органы ўлады зьвярнулі ўвагу на парушэньне заканадаўства аб працы», — расказаў Сяргей Вакуленка пра свае патрабаваньні.

Сяргей Вакуленка сказаў, што перадаў кіраўніцтву ліст з папярэджаньнем, што пачаў галадоўку. Кажа, што з 8 раніцы 25 ліпеня ён ня есьць і ня пʼе, але ходзіць на працу.

«11-гадзінны працоўны дзень, працуем два дні праз два. На гэтым прадпрыемстве я працую з 2012 году. За ўвесь час працы я не прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасьці. Штомесяц атрымліваю ўсе выплаты, прадугледжаныя палажэньнем аб прэміяваньні», — кажа Сяргей Вакуленка.

Спадар кажа, што кіраўніцтву не падабаецца ягоная праваабарончая дзейнасьць, у тым ліку ў галіне працоўнага заканадаўства.

«Спробы былі мяне скараціць у 2016-2017 гадах. Я даказаў, што кваліфікаваны работнік, кіраўніцтву прадпрыемства была заўвага, што немэтазгоднае скарачэньне работнікаў. І загад аб маім скарачэньні быў адменены. І ня толькі аб маім скарачэньні, але і іншых работнікаў», — успамінае галадоўнік.

Берасьцеец кажа, што спы́ніць галадоўку пасьля задавальненьня яго патрабаваньня. Нядаўна, падчас сустрэчы зь людзьмі старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандра Рагачука, ён зьвяртаў увагу кіраўніка Берасьця на сваю праблему. Аднак яго звальненьне не скасавалі, таму, кажа ён, і вырашыў галадаваць.

У адміністрацыі прадпрыемства «Дэльфа-Буг» сказалі, што ня могуць забараніць Сяргею Вакуленку галадаваць.

«Кожны чалавек мае права на свае дзеяньні. Я не магу яму забараніць нешта рабіць — мы жывем у талерантным грамадзтве. І ён можа ў свае выходныя ўвогуле рабіць што хоча. А ў цяперашні момант ён працуе, я назіраю, адчувае сябе цудоўна», — кажа начальнік галадоўніка.

У адміністрацыі тлумачаць, што ня маюць зь Сяргеем Вакуленкам нейкіх асабістых рахункаў. А кантракт ня будзе працягнуты ня толькі зь ім. Агулам 6 чалавек пакінуць тут працу ў сувязі з мадэрнізацыяй — закупляецца новае абсталяваньне, якое зьменшыць патрэбу ў працы людзей.

«На дадзены момант пакуль няма магчымасьці яго пакінуць. Калі будзе, я заўсёды магу яму прапанаваць працаваць па дамове найму, хай зарабляе грошы, калі яго гэта задавальняе», — кажа дырэктар берасьцейскага прадпрыемства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG