Палітвязень Міхаіл Жамчужны марыў выйсьці на волю па амністыі, якая ладзілася сёлета, але пакараньняў зь яго так і не зьнялі. Праваабарончы цэнтар «Вясна» адзначае, што ён «амаль усё лета» правёў у штрафным ізалятары.
На Жамчужнага за лета наклалі некалькі спагнаньняў, тройчы зьмяшчалі ў штрафны ізалятар на 10 сутак: 10 і 30 чэрвеня, 10 ліпеня. Усяго за час зьняволеньня ў папраўчай калёніі №9 Жамчужны быў у ШЫЗА і «памяшканьні камэрнага тыпу» больш за 400 дзён.
«Паважны ўзрост, ізаляцыя ад людзей, немагчымасьць знаходзіцца на сьвежым паветры, кепскае харчаваньне — усё гэта выклікае трывогу за здароўе і жыцьцё палітвязьня», — піша «Вясна» пра зьняволенага, які 14 жніўня адзначыць 64-годзьдзе.
Палітычнаму вязьню заклікаюць пісаць лісты на адрас 213410, ПК-9, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласьць, Беларусь, Жамчужнаму Міхаілу Ігаравічу.
Хто такі Жамчужны
- Выкладаў у Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Кіраваў дасьледчай лябараторыяй, якая працавала над атрыманьнем вадароду для выкарыстаньня ў прамысловасьці.
- У 2008 годзе быў асуджаны за эканамічныя злоўжываньні на 4 гады. Вырак абскарджваў, але марна.
- У 2012 годзе па вызваленьні заняўся праваабарончай дзейнасьцю, стаў адным заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн».
- У 2015 годзе асуджаны Віцебскім абласным судом: быў прызнаны вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага выдаваньня зьвестак, якія складаюць службовую тайну, у незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і ў даваньні хабару.
- Быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Судовая калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду прызначыла яму 6,5 года пазбаўленьня волі. Справу разглядалі суды ў закрытым рэжыме. Сваёй віны не прызнаў.
- Адбываў пакараньне ў калёніях ў Навасядах і Івацэвічах. Апошнія два гады знаходзіцца ў Горацкай папраўчай калёніі № 19.
- Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Яны дамагаюцца, каб прысуд быў адменены і каб справу перагледзелі ў адкрытым судовым паседжаньні.
- На свабоду мае выйсьці ў лютым 2021 году.