Канстытуцыйны суд Украіны прызнаў канстытуцыйным закон «Аб асуджэньні камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага (нацысцкага) таталітарных рэжымаў ва Ўкраіне і забароне прапаганды іх сымбаляў».
Такое рашэньне было ўхвалена сёньня, у часе закрытага пленарнага паседжаньня.
Паводле канстытуцыйных судзьдзяў, прапаганда камуністычнага рэжыму ёсьць спробай апраўдаць таталітарызм і аспрэчыць канстытуцыйныя прынцыпы і дэмакратычныя каштоўнасьці.
Найбліжэйшым часам Канстытуцыйны суд апублікуе афіцыйнае паведамленьне.
- У красавіку 2015 году Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла чатыры законы пра дэкамунізацыю, у тым ліку і закон «Аб асуджэньні камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага (нацысцкага) таталітарных рэжымаў ва Ўкраіне і забароне прапаганды іх сымбаляў», згодна зь якім за прапаганду сымбаляў рэжымаў прадугледжанае зьняволеньне да пяці гадоў.
- У 2017 годзе дэпутаты парлямэнцкай фракцыі «Апазыцыйны блёк» зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд з патрабаваньнем прааналізаваць дакумэнт на адпаведнасьць Канстытуцыі Ўкраіны.
- Ад 2015 году ў часе дэкамунізацыі ва Ўкраіне перайменавалі 987 населеных пунктаў, 25 раёнаў, больш як 52 тысячы вуліц, а таксама дэмантавалі каля 2500 помнікаў і памятных знакаў, якія зьмяшчалі прапаганду таталітарнага рэжыму.
- У межах выкананьня дэкамунізацыйных законаў ва Ўкраіне таксама былі рассакрэчаныя архівы КДБ 1917-1991 гадоў.